АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),

спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=​1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.

Да арт. Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.
Да арт. Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.​Лангбарп. 1931.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ (Міхал Казімір) (1730 — 31.5.1800),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл. Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл. Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.​Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.

Літ.:

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.

Міхал Казімір Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУВА́ННЕ,

псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.

У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.

Літ.:

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Ананьев Б.Г. Теория ощущений. Л., 1961.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАГАЧЭ́ННЕ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пач. перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца мех. раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напр., сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хім. і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95% карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1% Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асн. метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і эл. сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напр., жал. руду). Эл. метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць эл. зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металург. і хім. працэсаў.

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕ́РЫКА,

частка свету, утвораная 2 мацерыкамі — Паўн. Амерыкай і Паўд. Амерыкай. У склад Амерыкі ўваходзіць самы вял. ў свеце в-аў Грэнландыя і шэраг інш. сумежных а-воў. Размешчана ў Зах. паўшар’і паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. Мяжу паміж мацерыкамі праводзяць па Дар’енскім (часцей па Панамскім) перашыйку. На Пд Паўн. Амерыкі часта вылучаюць Цэнтральную Амерыку (паміж Тэўантэпекскім і Панамскім перашыйкамі), Вест-Індыю (а-вы Атлантычнага ак. і яго Карыбскага м. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі), Лацінскую Амерыку. Агульная пл. 42,5 млн. км². Нас. 740,3 млн. чал. (1992).

Грэнландыю і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі адкрылі нарманы ў 10—11 ст. Афіцыйна адкрыццё Амерыкі датуецца 12.10.1492, калі экспедыцыя мараплаўца Х.Калумба дасягнула Багамскіх а-воў. Названа латарынгскім картографам М.​Вальдземюлерам у яго «Уводзінах у касмаграфію» (1507) у гонар фларэнційца Веспучы Амерыга, які ўпершыню выказаў думку, што адкрытая ў Зах. паўшар’і зямля з’яўляецца новай часткай свету. Існуе таксама меркаванне, што назва Амерыка паходзіць ад мясц. племя туземцаў, якое жыло каля воз. Нікарагуа і звалася «амерыкас». Аб прыродзе, гісторыі, эканоміцы і дзяржавах гл. ў арг. Паўночная Амерыка і Паўднёвая Амерыка./p>

Г.​Я.​Рылюк.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.

Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.

Літ.:

Бычков В.Н., Назаров Г.А., Прищепа В.Н. Космические жидкостноракетные двигатели. М., 1976.

Схема вадкаснага ракетнага рухавіка з помпавай падачай паліва: 1 — бак са сціснутым газам; 2 — бак паліва; 3 — бак акісляльніку; 4 — помпа падачы акісляльніку; 5 — камера згарання; 6 — сапло; 7 — турбіна; 8 — помпа падачы паліва; 9 — сапло турбіны.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),

будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).

На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),

эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна ​2/3 ад узроўню 1990.

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)