ДЫЯТЭРМАКААГУЛЯ́ЦЫЯ (ад дыятэрмія + каагуляцыя),
электракаагуляцыя, лячэбны метад уздзеяння на жывыя тканкі з мэтай іх разбурэння, рассячэння ці выдалення пераменным эл. токам высокай частаты і вялікай сілы, што выклікае павышэнне т-ры тканкі. Крыніца эл. току — іскравыя і электралямпавыя генератары. Выкарыстоўваюць для спынення крывацёку пры аперацыях, пры новаўтварэннях, эрозіях, папіломах, запаленчых працэсах, язвах і інш.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),
прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГЕЛЬМІНТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + гельмінты),
комплекс лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў па знішчэнні гельмінтаў (паразітычных чарвей) на ўсіх стадыях іх развіцця ў арганізме чалавека ці жывёлы і ў навакольным асяроддзі (глеба, гной). Праводзіцца з лячэбнай, прафілакт. і дыягнастычнай мэтамі з выкарыстаннем проціглісных (антыгельмінтных) сродкаў (гексахлорэтан, піперазін, насенне гарбузоў, філіксан і інш.), высокай т-ры і хірург. аперацый.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),
прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.
т. 6, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне),
сістэмы каляровага тэлебачання, разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мабілізацыя),
1) перавод узбр. сіл і эканомікі краіны з ваен. становішча на мірнае.
2) Скарачэнне пасля заканчэння вайны ўзбр. сіл да штатаў мірнага часу шляхам расфарміравання асабістага складу вайсковых часцей, злучэнняў і ўстаноў.
3) Звальненне з узбр. сіл ваеннаслужачых пасля сканчэння тэрміну ваен. службы.
4) Пераносна — аслабленне гатоўнасці, актыўнасці, пільнасці, насцярожанасці.
т. 6, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІЛЕ́ТЫКА (ад грэч. homilētike уменне гаварыць з людзьмі, мастацтва весці гутарку),
раздзел багаслоўя, у якім разглядаюцца тэарэт. і практычныя пытанні царк. пропаведзі. Адзін з кірункаў у гамілетыцы — т.зв. рытарычны. Поспехам пропаведзі, ступенню яе ўздзеяння на веруючых лічаць красамоўства прапаведніка, асваенне ім практычных метадаў пераканання. 2-і кірунак робіць упор на веданне прапаведнікам сваёй паствы.
т. 5, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДА (Garda),
кліматычны курорт у Італіі на ПнЗ ад г. Верона каля адгор’яў Паўд. Альпаў. У складзе зоны адпачынку і турызму вакол буйнейшага ў Італіі аднайм. возера. Мяжуе з размешчанымі ў яго наваколлі інш. шматлікімі курортамі. Мяккі міжземнаморскі клімат з рысамі горнага, выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння шырокага спектра захворванняў, пры якіх эфектыўнае кліматалячэнне.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЫШЧА,
возера ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 14 км на ПдУ ад г. Калінкавічы. Пл. 0,11 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 120 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Схілы катлавіны невыразныя, пераважна разараныя. Берагі выш. да 1 м, пясчаныя. Злучана пратокай з воз. Цімошышчы, ручаём з воз. Малое.
т. 6, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Трэмля (левы прыток Прыпяці), за 35 км на ПнУ ад г. Петрыкаў. Пл. 0,78 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 800 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Схілы катлавіны выш. да 1 м, спадзістыя, парослыя хмызняком. Берагі забалочаныя, пад хмызняком, месцамі сплавінныя.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)