НОЧ,

цёмная частка сутак ад заходу Сонца вечарам да яго ўсходу раніцай. Разам з днём складае суткі. Працягласць (даўжыня) Н. залежыць ад геагр. шыраты мясцовасці і схілення Сонца адносна гарызонту. На зямным экватары даўжыня Н. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і — больш за 12 гадз пры адмоўным схіленні Сонца (у халодны перыяд) і менш за 12 гадз пры дадатным. Найб. даўжыня Н. ў Паўн. паўшар’і бывае ў дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.), найменшая — у дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.). За палярным кругам даўж. Н. зімой можа перавышаць 24 гадз (палярная Н.), на полюсах Н. і дзень доўжацца па паўгода. Самая доўгая Н. у Мінску складае 16 гадз 29 мін, самая кароткая — 6 гадз 49 мін.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)