РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),
цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САК,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,
хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.
т. 14, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ШЧ, фістула,
паталагічны канал (адтуліна), які злучае ачаг захворвання (гнайнік, пухліну) з паверхняй або з якой-н. поласцю цела. Высланы эпітэліяльнай або грануляцыйнай тканкай.
Адрозніваюць вонкавы С. (адкрываецца на паверхні цела) і ўнутраны (злучае полыя органы). Бывае прыроджаны — ад заган унутрывантробнага развіцця (напр., пупковы), часцей у выніку разбурэння тканак і органаў пры траўме, паталаг. працэсах (набыты). З лек. ці эксперым. мэтамі робяць штучныя С., напр., для назірання за функцыянаваннем органаў.
т. 14, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЧА́,
вадасховішча ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мальцы. Створана ў пойме р. Гразіва ў 1981. Пл. 0,8 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3 м, аб’ём вады 1,77 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,6 км. Наліўное; напаўняецца вадой з р. Гразіва па водападвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і адпачынку.
т. 14, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́КТАРНАЯ СУ́ВЯЗЬ, выбіральная тэлефонная сувязь,
сістэма аператыўнай тэлеф. сувязі пунктаў (абанентаў) з цэнтр. пунктам і паміж сабой пры паралельным уключэнні вял. колькасці тэлеф. апаратаў у агульную лінію сувязі. Кожны апарат сістэмы С.с. мае прыладу выкліку (селектар) для перагавораў з 1 абанентам, іх групай ці ўсімі абанентамі адначасова. Выкарыстоўваецца на чыг. і рачным транспарце, у энергасістэмах, на шахтах, а таксама, калі абаненцкія пункты магчыма размясціць уздоўж адной тэлеф. лініі вял. працягласці.
т. 14, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕНАВАДАРО́Д,
селеністы вадарод, гідрыд селену, бясколерны газ з непрыемным пахам, H2Se. Шчыльн. вадкага 2120 кг/м³, tпл -65,72 °C, tкіп -41,35 °C. На сухім паветры пры хатняй т-ры ўстойлівы; на вільготным паступова акісляецца да селену, пры награванні гарыць з утварэннем дыаксіду. селену SeO2. Мала растваральны ў вадзе, раствор мае слабакіслую рэакцыю. Моцны аднаўляльнік. Ядавіты, пашкоджвае слізістыя абалонкі (ГДК 0,2 мг/м³). Выкарыстоўваецца для атрымання селену высокай чысціні, селенідаў, селенарганічных злучэнняў.
т. 14, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЫ́Н,
палярная амінакіслата, OHCH2CH(NH2)COOH. Сінтэзуецца ў жывёльных і расл. арганізмах. Уваходзіць у састаў актыўнага цэнтра многіх ферментаў, фосфаліпідаў і інш.
Белае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе, т-ра плаўлення 223—228 °C. Удзельнічае ва ўтварэнні сувязей паміж вугляводнай і бялковай ч. глікапратэідаў. С. неабходны для сінтэзу амінаспірту сфінгазіну, які ўваходзіць у састаў сфінгаліпідаў (разам з фосфаліпідамі складаюць асн. масу ліпідаў мозга). Можа ўтварацца з гліцыну.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́Л ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,
наземная частка геадэзічнага знака — вышка. Робіцца ў выглядзе двайной піраміды на пунктах трыянгуляцыі, радзей — паліганаметрыі. Прызначаны для ўстаноўкі геадэз. інструментаў на пунктах дзярж. геадэз. сеткі высокай дакладнасці на вышыні, якая забяспечвае прамую бачнасць на сумежныя знакі. У залежнасці ад класа трыянгуляцыі знакі размяшчаюцца на адлегласці ад 5—10 км да 30—50 км. С.г. падзяляюцца на простыя (выш. 6—15 м) і складаныя (выш. 16—55 м).
т. 14, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЁН,
1) узгорак у Іерусаліме, дзе, паводле біблейскіх паданняў, знаходзіліся рэзідэнцыя цара Давіда і храм бога Яхве. У іудаізме сімвалізуе царства божае на зямлі і на небе.
2) У праваслаўным кульце — сярэбраная пасудзіна ў выглядзе хрысц. царквы для захоўвання просвір.
3) Назва шэрагу груз. сярэдневяковых цэркваў.
4) Чэш. сярэдневяковая крэпасць у г. Кутна-Гора, апошняя апорная база табарытаў. З падзеннем С. ў 1437 звязана канчатковае паражэнне гусіцкага руху.
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)