нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЧЫК (Антон Міхайлавіч) (18.7.1896, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1985),
бел. харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. культ.Беларусі (1964). Скончыў Вышэйшыя муз. курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім муз. ліцэі (1935). Да 1939 выкладаў спевы ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, ствараў самадз. хары. З 1947 хормайстар Маладзечанскага абл. ансамбля песні і танца і Гродзенскага нар. ансамбля песні і танца «Нёман», у 1965—71 кіраўнік Гродзенскай нар. харавой капэлы настаўнікаў. У 1961—76 заг. кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага пед. ін-та. Аўтар хароў і песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Буйло і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр.Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс.г. назад (гл.Палеамагнетызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДАМА́ЦКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 14.1.1956, пас. Джар-Курган Сурхандар’інскай вобл., Узбекістан),
бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыёлаг. н. (1992), канд.філас.н. (1983). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у БДУ, ін-тах філасофіі і права, сацыялогіі АНБеларусі, Бел. ін-це праблем культуры. З 1993 кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НОВАК» (новая аксіялогія). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы аксіялогіі і паліт. сацыялогіі. Распрацаваў міждысцыплінарную канцэпцыю каштоўнасных арыентацый асобы і сац. групы (філас., культуралагічны, сацыялагічны і сац.-псіхал. аспекты). Аўтар манаграфіі «Аксіяметрыя — навука пра вымярэнне каштоўнасцей» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ, Варонеч,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРФАЛАМЕ́ЕВА (Тамара Барысаўна) (н. 24.6.1944, в. Малое Сцяпанава Касалапаўскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),
бел. этнамузыколаг. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі. Даследуе гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел.муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію і арэальныя стылявыя характарыстыкі, палеагеаграфію і этнамуз. дыялекталогію. У сферы практычнай фалькларыстыкі выступае па пытаннях экалогіі традыц. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Леанард Леанідавіч) (н. 3.1.1937, г. Сімферопаль, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1978). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1959). З 1960 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Навук. працы па цеплафізічных уласцівасцях матэрыялаў, пытаннях энергазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Распрацаваў новыя віды цеплаабменнікаў, халадзільных установак, цеплавых помпаў на цвёрдых сарбентах. Дзярж. прэмія Беларусі 1981.
Тв.:
Теплообменники на тепловых трубах. Мн., 1981;
Гидродинамика и теплообмен в пористых элементах конструкций летательных аппаратов. М., 1988 (разам з У.М.Паляевым, В.А.Маёравым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),
князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗБеларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн.Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦЫ (Enterobius),
род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.
Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙГЕ́ЛА (Weigela),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.