БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],

правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІ́ЛЬ АБ ПРАВА́Х»

(Bill of Rights),

1) у Вялікабрытаніі канстытуцыйны акт, прыняты парламентам у 1689. Юрыдычна аформіў дасягненні «Слаўнай рэвалюцыі», абмежаваў уладу караля на карысць парламента.

2) У ЗША першыя 10 паправак да Канстытуцыі 1787. Набылі сілу ў 1791. Гарантавалі бурж.-дэмакр. свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і петыцый, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

археалагічныя помнікі каля в. Горы Горацкага р-на. Гарадзішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя. Пляцоўка авальная, памерам 180×70 м. Культурны пласт 0,8—1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, касцяныя арнаментаваныя пласціны, медныя скроневыя кольцы, медны і каменны абразкі. Замчышча на ПдУ ад гарадзішча (гл. Горскі замак).

А.​А.​Мяцельскі.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),

рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н,

у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЗЕНКА, Вызнянка,

рака ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., левы прыток Морачы (бас. Прыпяці). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 109 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Пятніцы, цячэ на паўд.-зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. На рацэ каля г.п. Чырвоная Слабада створаны плаціна і сажалка.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧЭ́ННЕ ў матэматыцы,

асобны выпадак руху, пры якім нерухомым застаецца не менш як адзін пункт прасторы. Пры вярчэнні на плоскасці нерухомы толькі 1 пункт (цэнтр вярчэння), у прасторы — 1 прамая (вось вярчэння). Адрозны ад зруху і люстранага адбіцця рух у прасторы атрымліваецца шляхам вярчэння вакол некаторай восі і зруху ўздоўж гэтай жа восі (вінтавы рух).

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ХАВА,

возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 12 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,42 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 750 м. Пл. вадазбору 85,3 км². Мелкаводнае. Схілы катлавіны спадзістыя. Берагі забалочаныя, пад хмызняком. Дно на 70% плошчы выслана сапрапелем. Злучана з воз. Плывун.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)