ЛІВО́НІЯ (лац. Livonia, ням. Livland краіна ліваў), Інфлянты,
гістарычная назва зямель Усх. Прыбалтыкі, якая першапачаткова адносілася да вобласці рассялення ліваў на ўзбярэжжы Рыжскага заліва. З 2-й чвэрці 13 ст. яна пашырана на ўсю тэр. Латвіі і Эстоніі, заваяваную ням. крыжакамі. Л. называлі канфедэрацыю 5 духоўна-феад. дзяржаў (Лівонскі ордэн, Рыжскае арцыбіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае, Курляндскае біскупствы), якія намінальна былі пад уладай рым. папы і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ і пазней у Рэчы Паспалітай у дачыненні да Л. ўжывалася назва Інфлянты. Пасля распаду Лівонскага ордэна (1561) у час Лівонскай вайны 1558—83, далучэння Паўн. Эстоніі да Швецыі (1561) і ўтварэння Курляндскага герцагства (1561) назва Л. (Інфлянты) ужывалася толькі ў адносінах да Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі, якія ў 1561 перайшлі пад уладу ВКЛ. Тут было ўтворана Задзвінскае герцагства (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29Паўд. Эстонія і Паўн.-Зах. Латвія захоплены Швецыяй і ператвораны ў яе правінцыю. З 17 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася ням. назва Ліфляндыя. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 яна далучана да Расіі як Ліфляндская губ. Частка Л., што пасля 1629 засталася ў Рэчы Паспалітай, у 1667 ператворана ў Інфлянцкае ваяв. з цэнтрам у г. Дынабург (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэта тэрыторыя далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁН (Lyon),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Рона і гал. горад гіст. вобласці Ліянэ. 415 тыс.ж., з прыгарадамі 1,2 млн.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Сона ў р. Рона. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Старадаўні еўрап. цэнтр вытв-сці вырабаў з натуральнага шоўку (з 15 ст.), тканін з штучнага шоўку і сінт. валакна, трыкатажу, фарбавальнікаў. У Л. і прыгарадах буйное станкабудаванне, эл.-тэхн., аўтамаб., хім. (серная кіслата, угнаенні, сінт. каўчук), нафтаперапр., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Метрапалітэн. АН, 4 ун-ты. Музеі: тканін, дэкарацыйнага мастацтва, Ліянэ, выяўл. мастацтваў, архітэктуры. Арх. помнікі: 2 стараж.-рым. т-ры, раманска-гатычныя і гатычныя цэрквы. Штогадовыя еўрап.гандл.-фін. кірмашы (з 15 ст.).
Узнік на месцы паселішчаў галаў. З 43 да н.э.рым. калонія Лугдунум, з 16 да н.э.адм. цэнтр прав. Лугдунская Галія. З 476 сталіца Бургундскага каралеўства. У 534 заваяваны франкамі. У 11—13 ст. у складзе «Свяшчэннай Рымскай імперыі», цэнтр графства Ліянэ, з 1173 — архіепіскапства; у 1245 і 1274 тут праходзілі ўсяленскія саборы. У 1312 горад далучаны да дамена франц. караля. У 16 ст. буйны цэнтр еўрап. гандлю і крэдыту, шаўкаткацтва і кнігадрукавання. У 19 ст. цэнтр рабочага руху, у т. л.Ліёнскіх паўстанняў 1831 і 1834. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1942—44), цэнтр Руху Супраціўлення на Пд Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫгістарычныя,
у сярэднія вякі вобласць на ПнЗ Еўропы паміж Паўночным м. і Ардэнамі, у бас. рэк Рэйн, Маас і Шэльда (тэр. сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга і часткі паўн. Францыі). Да 14—15 ст.тут існавалі асобныя феад. ўладанні: герцагствы Брабант, Лімбург, Гелдэрн, графствы Фландрыя, Артуа, Галандыя, епіскапства Утрэхт і інш., што залежалі ад «Свяшчэннай Рым. імперыі» або ад Францыі. З 14—15 ст.б.ч. іх у складзе Бургундскай дзяржавы, а пасля яе распаду (канец 15 ст.) — уладанне Габсбургаў, Якія ў 1540-я г. аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Н. У 1548 Н. (17 правінцый, якія захавалі назвы феад. уладанняў) абвешчаны непадзельным уладаннем на чале з гасударом з дому Габсбургаў і яго намеснікам (ген. штатгальтарам). Пасля распаду імперыі Карла V (1556) Н. пад уладай Іспаніі. У выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. на Пн Н. утварылася незалежная Галандская рэспубліка. Паўд. Н. заставаліся ісп. уладаннем. Пасля войнаў 17 ст. Артуа і ч. Фландрыі адышлі да Францыі. У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1700—14 Паўд. Н. перайшлі да Аўстрыі. Венскі кангрэс 1814—15 шляхам далучэння да б. Галандскай рэспублікі Паўд. Н. утварыў на тэр.гіст. Н. Нідэрландскае каралеўства. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 на тэр.Паўд. Н. утварылася незалежнае Бельгійскае каралеўства. Назва «Каралеўства Нідэрландаў» замацавалася як афіц. за Паўн. Н. (сучасныя Нідэрланды). Больш падрабязна гл. ў раздзелах Гісторыя артыкулаў Нідэрланды і Бельгія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЦА (Nice),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморскія Альпы і гал. горад гіст. вобласці Ніца. Каля 450 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м.Міжнар. аэрапорт. Кліматычны курорт на Блакітным беразе Міжземнага м.; адзін з найб. вядомых сусветных курортаў. Клімат субтрапічны. Лечаць хваробы лёгкіх, верхніх дыхальных шляхоў, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, малакроўе і інш. Мае шмат пансіянатаў, санаторыяў, адзін з найбуйнейшых пляжаў на Міжземнамор’і. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, парфумерная, мэблевая, эл.-тэхн.; выраб сувеніраў. Кветкаводства і гандаль кветкамі. Кінастудыя. Ун-т. Музеі: археал., натуральнай гісторыі, выяўл. мастацтваў, А.Матыса і інш. Сабор, цэрквы і палацы 17—18 ст.
Засн. ў 300 да н.э. факейцамі з Масаліі (цяпер г. Марсель) як грэч. калонія Нікая. З 3 ст.н.э. сядзіба епіскапа. З 5 ст. падвяргалася нападам германцаў, пазней — сарацынаў. У сярэднявеччы ў саюзе з Пізай абаранялася ад дамаганняў Генуі. У 13—14 ст. пад уладай графаў Праванса. У 1388 падпарадкавана графамі Савоі, якія пабудавалі тут крэпасць і ператварылі горад у гандл.цэнтр. У 1543 пасля аблогі абрабавана аб’яднанымі франка-тур. войскамі ў час вайны Францыска I з Карлам V.
У 1626 атрымала значныя прывілеі. Пры Людовіку XIV неаднаразова акупіравана французамі, канчаткова занята імі ў 1792. У 1814 вернута Сардзініі. У 1860 далучана да Францыі. У Н. нарадзіўся Дж.Гарыбальдзі, пахаваны А.І.Герцэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕШЧАНІ́ЦЫ,
гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 км ад Лагойска, 67 км ад Мінска, 8,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.І.Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),
горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц.Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.
Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац. культуры (у 1648 тутзасн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,
малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз.камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс.км². Нас. каля 2,9 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав.акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЕ́СТ (Trieste),
горад на ПнУ Італіі. Адм. ц. вобласці Фрыулі-Венецыя-Джулія і прав. Трыест. Каля 300 тыс.ж. (2001). Порт на беразе Трыесцкага зал. Адрыятычнага мора. Паромная сувязь з Дурэсам (Албанія). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода Т. — Інгальштат (Германія). Прам-сць: суднабуд., вытв-сць суднавых рухавікоў, нафтаперапр., хім., цэм., харчовая. Ун-т. Музеі: гіст., марскі, натуральнай гісторыі. Міжнар. цэнтр тэарэт. фізікі. Рэшткі стараж.-рым. пабудоў; касцёлы Сан-Джуста і св. Міхаіла, венецыянская крэпасць (усе 14 ст.).
У старажытнасці Т. — рым. калонія. У 5—9 ст. горад захоплівалі остготы. Візантыя. лангабарды, франкі. З сярэдзіны 10 ст. сіньёрамі Т. сталі біскупы. З 11 ст.тут існавала камуна, з 13 ст. самакіравальная. У пач. 13 ст. Т. авалодала Венецыя. у 1382 — аўстр. Габсбургі. У 1719—1891 горад меў статус свабоднага порта. У 1797 і 1805 акупіраваны. у 1809 анексіраваны Францыяй і да 1813 уваходзіў у Ілірыйскія правінцыі. Пасля 1-й сусв. вайны ў складзе Італіі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1943 фаш. Германіяй. Вызвалены ў 1945 югаслаўскай нац.-вызв. арміяй. Паводле мірнага дагавора з Італіяй 1947 Т. з невял. акругай вылучаны ў «Свабодную тэр. Т.» і атрымаў статус свабоднага порта. Паводле італа-югасл. пагаднення 1954 Т. і прылеглыя да яго на З тэрыторыі адышлі Італіі, тэрыторыя на У ад Т. — Югаславіі (цяпер тэр. Славеніі).