ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,

сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр. ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁРЫШКІН Рыгор Андрэевіч (6.2.1898, г. Новачаркаск, Расія — 30.10.1990),

бел. вучоны ў галіне гідратэхн. будаўніцтва. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), праф. (1954). Скончыў Данскі (у г. Новачаркаск) політэхн. ін-т (1922). З 1922 займаўся праектаваннем і буд-вам гідратэхн. збудаванняў (Волга-Данскі канал, Цымлянскі гідравузел і інш.). У 1953—65 заг. кафедры гідратэхн. будаўніцтва Бел. політэхн. ін-та. Адначасова ў 1960—63 дырэктар Ін-та водных праблем АН Беларусі. Працы па даследаванні збудаванняў гідравузлоў, па разліку і канструяванні буйных гідратэхн. збудаванняў.

Тв.:

Гидротехническое строительство в БССР (разам з Ф.​П.​Вінакуравым, С.​П.​Міхайлавым) // Сб. науч. работ Ин-та стр-ва и архитектуры АН БССР. Мн., 1958. Вып. 2;

Определение высоты прыжка воды в русле с переменным уклоном дна (разам з В.​А.​Хавічам) // Докл. АН БССР. 1968. Т. 12, № 6.

Р.А.Пёрышкін.

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧО́К Рыгор Іванавіч (н. 4.9.1939, в. Зазерка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геалогіі і геаграфіі. Д-р геагр. н. (1989). Скончыў БДУ (1960, 1970). У 1964—67 і 1978—90 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, у 1970—78 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це. З 1990 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (заг. лабараторыі). Навук. працы па выкарыстанні колькасных і матэм. метадаў і камп’ютэрнага мадэліравання ў геал. і геагр. даследаваннях, сістэмна-структурнай метадалогіі аналізу ландшафтаў Беларусі.

Тв.:

Пространственно-временная структура гидрометеорологического режима Белоруссии и прилегающих регионов. Мн., 1980;

Математико-картографическое моделирование природных условий Белоруссии. Мн., 1984 (разам з Т.​Ф.​Цурковай);

Ацэнка ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе: Тэорыя, метадалогія, фармалізацыя. Мн., 1994 (разам з В.​В.​Калядой).

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІННАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ,

сіметрычныя парныя нервы, якія ўтвараюцца карэньчыкамі спіннога мозга. Выходзяць з міжпазваночных адтулін паміж дугамі пазванкоў, размяркоўваюцца па ўсім целе пазваночных жывёл і чалавека.

Кожны нерв мае 2 карэньчыкі — пярэдні (утрымлівае рухальныя нерв. валокны) і задні (утрымлівае адчувальныя нерв. валокны). Па выхадзе з міжпазваночных адтулін С.н. падзяляюцца на галіны: пярэднія і заднія, рэтраградныя абалонкавыя (да абалонак спіннога мозга) і белыя злучальныя (да сімпатычнага ствала). У чалавека 31 пара С.н.: 8 шыйных, 12 грудных, 5 паяснічных, 5 крыжавых, 1 пара хвастцовых. Пярэднія галіны С.н. і ўтвораныя імі шыйнае, плечавое, паяснічнае, крыжавое і хвастцовае спляценні інервуюць скуру, унутр. органы, шкілетныя мышцы цела; заднія — скуру патыліцы, спіны, мышцы задняй паверхні цела. Пашкоджанне С.н. разам з карэньчыкамі прыводзіць да радыкуліту, разам са спляценнем — да плексіту.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛМУ́Д (стараж.-яўр., літар. — вывучэнне),

збор дагматычных рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў іудаізму, складзены ў 4 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Пачатак яго стварэнню паклалі іудзейскія законавучыцелі (танаі), якія займаліся тлумачэннем Пяцікніжжа. Іх вусныя і пісьмовыя тлумачэнні Торы атрымалі назву Мішна (паўтор, другі закон). Збор тлумачэнняў Мішны пад назвай Гемара (дапаўненне) разам з самой Мішнай склалі Т. Тлумачэнні Мішны зроблены ў Палесціне і ў Вавілоніі, таму адрозніваюць 2 варыянты Т. — палесцінскі, або іерусалімскі, і вавілонскі. У Т. разам з рэліг. і грамадзянскім законамі змешчаны міфы, легенды, фальклор, а таксама звесткі па матэматыцы, геаграфіі, прыродазнаўстве, медыцыне, гісторыі і інш. навуках. Першае поўнае выданне Т. — Т. вавілонскі надрукаваны ў 1520—23 у Венецыі ў друкарні Д.​Бомберга. На Беларусі Т. вядомы з канца 14 ст., калі тут заснаваны першыя яўр. абшчыны.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ЕЎ Генрых Мікалаевіч (н. 2.11.1932, Баку),

бел. вучоны ў галіне працэсаў і апаратаў хім. тэхналогіі. Д-р хім. н. (1971), праф. (1981). Акад. Бел. інж. акадэміі (1994). Скончыў Азерб. ін-т нафты і хіміі (1954). З 1988 у Полацкім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па працэсах хім. тэхналогіі, аналізатарах у нафтахім. прам-сці. Распрацаваў працэсы акісляльнага аманолізу прапілену, сінтэзу бутылкаўчуку. Прапанаваў комплексную схему перапрацоўкі арганазмяшчальных адходаў у паліўны газ ці сыравіну для нафтахіміі, камп’ютэрную сістэму для аналізу вадкіх нафтапрадуктаў.

Тв.:

Закономерности гидродинамики и массопереноса в струйных аппаратах (разам з А.​У.​Чарняўскай) // Инженерно-физ. журн. 2000. 1. 74, № 3;

Определение молекулярной массы и плотности продуктов при помощи компьютерной системы «Полоцк» (разам з А.​В.​Дуброўскім) // Хим. и нефтегазовое машиностроение. 2003. № 9.

т. 18, кн. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМЦО́Ў Міхаіл Пятровіч (н. 29.3.1954, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1999). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе (з 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем). Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, ’лазернай фізіцы. Даследаваў фатоніку цыянінавых фарбавальнікаў, у выніку чаго даў рэкамендацыі па мэтанакіраваным сінтэзе новых злучэнняў, аптымізацыі іх выкарыстання як асновы лазерных асяроддзяў, аптычных дыскаў, фотатэрапіі і дыягностыкі раку. Распрацаваў метады і прылады для спектраскапічных даследаванняў складаных малекул і паўправадніковых структур.

Тв.:

Влияние энергии фотонов на процессы необратимых фотопревращений полиметиновых красителей (разам з Я.​С.​Варапаем) // Журн. прикладной спектроскопии. 1995. Т. 65, № 2;

Особенности флуоресценции полиметиновых красителей — фотосенсибилизаторов нового поколения (разам з Я.​С.​Варапаем) // Спектроскопия и люминесценция молекулярных систем. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБЕ́ТА (Gambetta) Леон Мішэль (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.​Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДЧЫК Яўген Паўлавіч (н. 2.1.1925, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкахірургіі. Акад. АН Беларусі (1996), д-р мед. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1965 заг. аддзела таракальнай хірургіі Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1966 у Мінскім мед. ін-це (у 1974—96 заг. кафедры анкалогіі), адначасова з 1990 дырэктар Рэсп. навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы. Навук. працы па хірургіі стрававода, страўніка, шчытападобнай залозы. Сааўтар адкрыцця з’явы блока сінаптычнай перадачы пры ўздзеянні імпульснага магнітнага поля.

Тв.:

Пособие по онкологии. Мн., 1977 (разам з І.​А.​Петуховым);

Рак щитовидной железы у детей. М., 1996 (разам з А.​Ф.​Цыбам, Я.​Ф.​Лушнікавым);

A new form of RET rearrangement in thyroid carcinomas of children alter the Chemobyl reactor accident (у сааўт.) // Oncogene. 1996. 13.

Я.П.Дзямідчык.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)