падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.
Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІВО́ЛЬТ (італьян. archivolto),
архітэктурна-дэкаратыўная дэталь абрамлення арачнага праёма; вылучае дугу аркі з плоскасці сцяны. Архівольты з’явіліся з развіццём арачных канструкцый у Стараж. Рыме і Візантыі; на Беларусі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Выконваюць архівольты з клінавых камянёў, тынку, стука. Мае прафіляваную паверхню з выкарыстаннем розных па малюнку абломаў архітэктурных або арнаментаваную разьбой, рустам, лепкай. Архівольт, які самастойна выступае на плоскасці сцяны і не звязаны з праёмам, называецца «сляпой» аркай.
Архівольт аркі галоўнага партала Мінскага паштамта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),
бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.
Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб.пашыраны ў архітэктуры класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВІЯ́Л (Gavialis),
адзіны род паўзуноў сям. гавіялавых атр. кракадзілаў. 1 від. — гавіял гангскі (Gavialis gangeticus). Пашыраны ў рэках Індастана і Індакітая. Пераважна жыве ў вадзе. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 7 м. Спіна цёмная, бура-зялёная, бруха жоўта-зялёнае. Характэрныя доўгая і вузкая морда з расшырэннем на канцы і доўгія тонкія зубы з вяршынямі ўперад і ўбок Корміцца пераважна рыбай, зрэдку птушкамі і дробнымі млекакормячымі (у т. л. іх трупамі). Яйцы адкладае ў пясок на водмелях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́Т (ад назвы гары Дун у Новай Зеландыі),
інтрузіўная ультраасноўная поўнакрышт. горная парода, якая складаецца амаль цалкам (на 85—100%) з алівіну; мае таксама акцэсарны хромшпінелід; у рознай ступені серпентызаваная. Колер светла-зялёны, цёмна-зялёны да чорнага. Шчыльн. 3280 кг/м³. Д. вельмі пашыраны, звычайна ўтварае паралельныя лінзы, сілы, сякучыя трубкі (напр., паясы Д. на Урале). З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы хромавых руд і плаціноідаў. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, дунітавыя пяскі — у ліцейнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУЗІ́ЙНЫ АПАРА́Т, дыфузар, экстрактар,
апарат для здабывання растваральных рэчываў з цвёрдай здробненай сыравіны метадам дыфузіі. Бываюць бесперапыннага (вертыкальныя, нахіленыя і гарызантальныя; ратацыйныя, стужачныя і шнэкавыя) і перыядычнага (складаюцца з герметычна закрытых пасудзін) дзеяння. У больш дасканалых Д.а. бесперапыннага дзеяння растваральнік (вада) абагачаецца карыснымі рэчывамі, якія вылучаюцца пры сустрэчным руху (супрацьцёку) растваральніку і здробненай сыравіны. Пашыраны пераважна ў цукр. вытв-сці, дзе выкарыстоўваюцца для атрымання цукр. соку з бурачнай стружкі, а таксама ў кансервавай, вітаміннай і інш. вытв-сцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс.літар. бядняк, жабрак),
член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл.Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРАНА́ТАР,
машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб.пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).
Да арт.Гудранатар. Аўтагудранатар з цыстэрнай на 3500 л і шырынёй размеркавання 4 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧА́ (Selinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца гірча кменалістая (S. carvifolia). Расце на ўзлесках, лугах, у хмызняках.
Голыя шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, выш. Да 1 м, глыбокабаразнаватым сцяблом з вузкімі крылатымі рэбрамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце чаранковае, шматразоваперыстарассечанае, верхняе амаль сядзячае, больш дробнае, менш рассечанае. Кветкі дробныя, белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — шырокаэліпсоідны віслаплоднік. Лек. расліны.