РЭ́ЙНУО́ТЭР (Rainwater) Леа Джэймс (9.12.1917, г. Каўнсіл, штат Айдаха, ЗША — 31.5.1986),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1968). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1939). З 1939 у Калумбійскім ун-це (з 1952 праф., у 1951—53 і 1956—61 дырэктар Невіскай цыклатроннай лабараторыі). Навук. працы па нейтроннай спектраскапіі, ядз., нейтроннай і мезоннай фізіцы. Выказаў гіпотэзу аб несферычнасці ядзер з прычыны дэфармавання нейтронных абалонак цэнтрабежнымі сіламі (сфераідальная мадэль ядра Р.; 1950), якую ў 1953 пацвердзілі О.​Н.​Бор і Б.​Р.​Мотэльсан. Вызначыў масу µ​+-мезона (разам з В.​Л.​Фітчам), вымераў радыусы ядзер з атамнымі нумарамі ад 13 да 83 і ўдакладніў значэнне радыуса пратона (1953). Удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам і Мотэльсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Как возникла модель сфероидальных ядер // Успехи физ. наук. 1976 Т. 120, вып. 4.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Рэйнуотэр.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТГЕ́Н (Röntgen) Вільгельм Конрад (27.3.1845, г. Рэмшайд, Германія — 10.2.1923),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1896). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (1865—68), атрымаў ступень доктара ў Цюрыхскім ун-це (1868). Працаваў у розных ун-тах Германіі. У 1900—20 праф. Мюнхенскага ун-та і дырэктар Фіз. ін-та. Навук. працы па электрамагнетызме, фізіцы крышталёў, оптыцы і малекулярнай фізіцы. Выявіў магн. поле дыэлектрыка (1885), які рухаецца ў эл. полі (т.зв. рэнтгенаўскі ток), што мела важнае значэнне для стварэння электроннай тэорыі. Адкрыў рэнтгенаўскія прамяні і даследаваў іх уласцівасці (гл. Рэнтгенаўскае выпрамяненне), прапанаваў канструкцыю трубкі для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў і зрабіў першыя рэнтгенаўскія фотаздымкі. Нобелеўская прэмія 1901 (першая сярод фізікаў).

Тв.:

Рус. пер. — О новом виде лучей. М.; Л., 1933.

Літ.:

Бобров Л.В. Тени невидимого света. М., 1964;

Гернек Ф. Пионеры атомного века: Пер. с нем. М., 1974.

В.К.Рэнген.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЛІ́-ПРУДО́М [Sully-Prudhomme; сапр. Прудом (Prudhomme) Рэнэ Франсуа Арман; 16.3.1839, Парыж — 6.9.1907],

французскі паэт; прадстаўнік групы «Парнас». Чл. Франц. акадэміі (з 1881). Вывучаў права і дакладныя навукі ў Парыжскім ун-це. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантыкаў. Вядомасць прынёс першы зб. «Стансы і вершы» (1865). Зб-кі «Адзінота» (1869), «Дарэмная пяшчота» (1875), паэма «Лёсы» (1872) адметныя пластычнасцю вобразаў, жывапіснасцю, філас. праблематыкай. У працяг ант. традыцыі (пераклаў 1-ю ч. паэмы Лукрэцыя «Аб прыродзе рэчаў», 1869) напісаў філас.-алегарычныя паэмы «Справядлівасць» (1878) і «Шчасце» (1888), у рэчышчы філасофіі пазітывізму — трактаты «Прадмова» (1869), «Псіхалогія свабоднага выбару» (1906) і інш. Аўтар шматлікіх нарысаў, сацыялагічных і мастацтвазнаўчых прац. Нобелеўская прэмія 1901.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихотворения. М., 1924;

у кн.: Французские стихи в переводе русских поэтов XIX—XX вв. М., 1969.

Е.​А.​Лявонава.

Сюлі-Прудом.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МСАН (Thomson) Джордж Паджэт (3.5.1892, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 10.9.1975),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930). Сын Дж.​Дж.Томсана. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1914), дзе працаваў з 1919. З 1922 праф. Абердзінскага ун-та (Шатландыя), з 1930 — Імперскага каледжа навукі і тэхналогіі (Лондан), у 1952—62 узначальваў адзін з каледжаў у Кембрыджы. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі рассеяння мікрачасціц, эл. разрадах у газах. Незалежна ад амер. фізікаў К.​Дж.Дэвісана і Л.​Джэрмера адкрыў дыфракцыю электронаў, што эксперыментальна пацвердзіла хвалевыя ўласцівасці мікрааб’ектаў. Распрацаваў апаратуру і метады вывучэння электронаграм, што дало пачатак электронаграфіі. Нобелеўская прэмія 1937 (разам з Дэвісанам).

Тв.:

Рус. пер. — Атом. М.; Л., 1932;

Предвидимое будущее. М., 1958;

Дух науки. М., 1970.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 404—405.

А.​І.​Болсун.

Дж.П.Томсан.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫНГ (Ting) Сэмюэл Чжао Чжун (н. 27.1.1936, г. Ан-Арбар, штат Мічыган, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац. АН ЗША (1977). Замежны чл. АН СССР (1988) і АН інш. краін. Скончыў Мічыганскі ун-т (1960). З 1967 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1969 праф.). Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц, квантавай электрадынаміцы, пошуку антырэчыва ў Сусвеце і інш. Разам з Л.Ледэрманам упершыню сінтэзаваў антыдэйтрон (1965). Незалежна ад Б.Рыхтэра адкрыў (1974) першую «зачараваную» часціцу — j/Ψ-мезон. Разам з інш. эксперыментальна пацвердзіў існаванне глюонных струменяў (1979). Нобелеўская прэмія 1976 (з Рыхтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие j-частицы: (Личные впечатления) // Успехи физ. наук. 1978. Т. 125. вып. 2;

Поиски антивещества в космосе: эксперимент АМС (разам з Ю.​В.​Галакціёнавым, М.​А.​Чарнаплекавым) // Природа. 1999. № 12.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Тынг.

т. 16, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК (Franck) Джэймс (26.8.1882, г. Гамбург, Германія — 21.5.1964),

нямецкі і амерыканскі фізік і біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1944), Лонданскага каралеўскага т-ва (1964). Замежны чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Гайдэльбергскі (1902) і Берлінскі (1906) ун-ты, дзе і працаваў. З 1918 у Ін-це фіз. хіміі ў Берліне, з 1920 у Гётынгенскім ун-це (праф., дырэктар Фіз. ін-та). З 1935 у ЗША, з 1938 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай спектраскапіі і фотасінтэзе. Сумесна з Г.Л.Герцам ажыццявіў эксперыменты па ўзбуджэнні і іанізацыі атамаў пары ртуці пры сутыкненні з электронамі (гл. Франка—Герца дослед). Развіў спектральны метад даследавання хім. сувязей, даследаваў фотахім. працэсы ў малекуле хларафілу. Аўтар прац «Фотасінтэз у раслінах» (1949). Удзельнік распрацоўкі атамнай бомбы, у 1945 выступіў супраць яе ваен. выкарыстання. Нобелеўская прэмія 1925 (з Герцам).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Франк.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),

дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл. Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.​Я.​Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ГЕР (Heeger) Алан Джэй (н. 22.1.1936, г. Сіу-Сіці, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (2001), Нац. інж. акадэміі ЗША (2002). Бацька нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў ун-т штата Небраска ў г. Омаха (1957) і Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1961). З 1962 у Пенсільванскім ун-це (з 1967 праф.), з 1982 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. Адначасова з 1990 у карпарацыі «Юнякс» (прэзідэнт, з 1994 навук. кіраўнік і старшыня савета дырэктараў). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, фізіцы металаў, фізіцы і хіміі палімераў. Разам з А.Мак-Дыярмідам (гл. Дадатак) і Х.Шыракавай адкрыў новы тып матэрыялаў — электраправодныя палімеры з высокай удзельнай праводнасцю (1977), што прывяло да стварэння і практычнага выкарыстання палімераў з эл. і аптычнымі ўласцівасцямі паўправаднікоў і металаў. Нобелеўская прэмія 2000 (з Мак-Дыярмідам і Шыракавай).

М.​М.​Касцюковіч.

А.​Дж.Хігер.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ (Chu) Стывен (н. 28.2.1948, г. Сент-Луіс, штат Місуры, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1993), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992). Скончыў Рочэстэрскі (1970) і Каліфарнійскі (1976, г. Берклі) ун-ты. З 1978 у фірме «Бел лаборатарыс», з 1987 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па эксперым. атамнай фізіцы, лазернай фізіцы, квантавай электроніцы, фізіцы палімераў, біяфізіцы. Эксперыментальна даказаў парушэнне цотнасці ў атамных пераходах, чым пацвердзіў адзіную тэорыю электраслабага ўзаемадзеяння (1978). Распрацаваў метады адначасовай візуалізацыі і маніпуліравання адзінкавымі біямалекуламі (1991). Прапанаваў механізм лазернага ахаладжэння атамаў ніжэй за тэарэтычны доплераўскі ліміт (1998, незалежна ад К.Н.Каэна-Тануджы). Нобелеўская прэмія па фізіцы 1997 (з У.Д.Філіпсам і Каэнам-Тануджы).

Тв.:

Рус. пер. — Лазерный захват нейтральных частиц // В мире науки. 1992. № 4;

Управление нейтральными частицами // Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, № 3.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Чу.

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Kohn) Вальтэр (н. 9.3.1923, Вена),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1963), Нац. АН ЗША (1969). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў ун-т Таронта (1946) і Гарвардскі ун-т (1948). З 1950 праф. Тэхнал. ін-та Карнегі (г. Пітсбург), з 1960 Каліфарнійскага ун-та (г. Сан-Дыега), з 1979 Каліфарнійскага ун-та (г. Санта-Барбара; у 1979—84 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі). Навук. працы па электроннай структуры рэчыва. Прапанаваў метад функцыянала шчыльнасці, які шырока выкарыстоўваецца для разлікаў электроннай зоннай структуры цвёрдых цел і вадкасцей (1964). Нобелеўская прэмія 1998 (з Дж.Э.Поплам; гл. Дадатак). Нац. навук. медаль ЗША (1988). Залаты медаль Н.​Бора ЮНЕСКА (1998).

Тв.:

Рус. пер. — Электронная структура вещества — волновые функции и функционалы плотности // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №3.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Кон.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)