солі невылучаных у свабодным стане кіслародзмяшчальных кіслот марганцу.
Вядомыя М., пераважна шчолачных і шчолачназямельных металаў, адрозніваюць паводле валентнасці марганцу ў іх. М. сямівалентнага марганцу (перманганаты) — солі марганцовай к-ты HMnO4. Фіялетава-чорныя крышталі, тэрмічна няўстойлівыя, павольна раскладаюцца з вылучэннем кіслароду нават пры пакаёвай т-ры. Моцныя акісляльнікі. Практычнае значэнне мае пераважна перманганат калію KMnO4 (гл.Калію злучэнні). М. шасцівалентнага марганцу, ці проста М. — солі марганцаватай ці марганцовай (VI) к-ты H2MnO4. Крышталі зялёнага колеру. Моцнымі акісляльнікамі акісляюцца да перманганатаў. М. пяцівалентнага марганцу (гіпаманганаты) — солі марганцавацістай ці марганцовай(V) к-ты H3MnO4. Сінія ці зялёныя крышталі. М. пяці- і шасцівалентнага марганцу ўстойлівыя толькі ў сухім паветры ці моцнашчолачных растворах. Выкарыстоўваюць М. барыю BaMnO4 (марганцовая зелень) як зялёны пігмент для алейных фарбаў, гіпаманганаты Ba3(MnO4)2 як блакітны пігмент для пластмас, маст. фарбаў і эмалей, Ca3(MnO4)2 5H2O для стэрылізацыі пітной вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),
амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл.Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ІПА БУ́ДУЧЫНЯ»,
штотыднёвая газета Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 8.12.1922 да 14.1.1923 у Вільні на бел. мове. Ставіла за мэту абуджэнне ў народзе веры ва ўласныя сілы, у перспектыву вызв. руху (перадавыя арт. «Будзьма сільнымі», «Па-за пагранічнымі капцамі», «Верым у будучыню»). Паведамляла пра поспех Блока нацыянальных меншасцяў на выбарах у 1922 у польскі сейм і сенат, стварэнне ў ім парламенцкай фракцыі Бел. пасольскага клуба, надрукавала праграмнае выступленне яго старшыні Б.Тарашкевіча. Узнімала пытанні асадніцтва, няшчаднай эксплуатацыі лясных багаццяў краю, пісала пра ганенні на бел. школу і прэсу. Важнае значэнне надавала барацьбе за мясц. самакіраванне, выбарам у гмінныя рады і пав. сеймікі, арганізацыі каап. руху, сац. страхавання. Змяшчала творы М.Гарэцкага, Я.Коласа, У.Дубоўкі, У.Жылкі, М.Запольскага, Л.Родзевіча, П.Верлена ў перакладзе М.Багдановіча. Выйшла 9 нумароў, з іх 2 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст.наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для пераўтварэння мех. напружанняў у эл. сігналы (і наадварот) на аснове п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць, разнавіднасць вымяральнага пераўтваральніка.
Бываюць механаэл. і электрамех.; п’езапрыёмнікі, выпраменьвальнікі, генератары, рухальнікі (прыстасаванні перамяшчэння), трансфарматары (напружання, току, сілы, скорасці, ціску); вымяральныя. З вымяральных П.п. (датчыкаў) найб. пашыраны механаэл. і п’езарэзанансныя. У найпрасцейшых механаэл. П.п. пад дзеяннем мех. напружання (ціску, паскарэння, сілы) на паверхні п’езаэлемента (або іх групы) узнікаюць эл. зарады і адпаведная эрс, значэнне якой прапарцыянальнае мех. ўздзеянню. Імі вымяраюць у асн. хутказменныя мех. ўздзеянні. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустыцы, ультрагукавой і лазернай тэхніцы, аўтаматыцы, тэлемеханіцы і інш.
П.А.Пупкевіч.
П’езаэлектрычныя пераўтваральнікі: а — вымяральны пераўтваральнік ціску (1 — гайка з дыэлектрыка; 2 — электрычны вывад 3 — п’езаэлемент; 4 — металічны электрод; 5 — ізалятар; Р — ціск, які вымяраецца); б — п’езапераўтваральнік лінейнага паскарэння (1 — кварцавыя п’езаэлектрычныя рэзанатары; 2 — вакуумаваная поласць; 3 — інерцыйная маса; 4 — раздзяляльны сільфон; 5 — дэмпферавальная вадкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»
(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),
зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.Л.Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССРАНСССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял.значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэннеpH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.