ТАРПЕ́ЙСКАЯ СКАЛА́ (Saxum Tarpeium),
у Старажытным Рыме стромкі ўцёс з зах. боку Капіталійскага ўзгорка, з якога скідвалі асуджаных на смерць дзярж. злачынцаў. Паводле аднаго з паданняў, назва паходзіць ад імя Луцыя Тарпея, якога скінулі адтуль за апазіцыю цару Ромулу. Паводле другой версіі, Тарпеяй звалі дачку военачальніка Капіталійскай крэпасці Спурыя Тарпея, якая ў час вайны з сабінамі паказала ворагам патайны ход, за што паплацілася жыццём.
т. 15, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РТАР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бездань, прастора, што знаходзіцца ніжэй за аід, як неба вышэй за зямлю. Лічылася, што ў Т. залягаюць карані зямлі і мора, усе канцы і пачаткі. Тут жыве Нікта — багіня ночы. Нават багі баяцца трапіць у Т., дзе зняволены пераможаныя Зеўсам тытаны. Паводле пазнейшых міфаў, Т. — самае аддаленае месца аіда, дзе нясуць пакаранне дзёрзкія героі: Тантал, Сізіф, Пірыфой і інш.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́Р’Я,
рака ў Рэчыцкім, Хойніцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 46 км. Пачынаецца за 6 км на ПнУ ад в. Шаўлоў Калінкавіцкага р-на. Цячэ праз азёры на пойме р. Прыпяць і ўпадае ў раку за 4 км на ПнЗ ад в. Ломыш Хойніцкага р-на. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 37 км. Прыток — Вужынецкі канал (справа).
т. 16, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗУРПА́ЦЫЯ (ад лац. usurpatio авалоданне),
скарочаная назва гвалтоўнага захопу ўлады або гвалтоўнага яе ўтрымання. Ва ўсіх дэмакр. краінах з’яўляецца цяжкім дзярж. злачынствам. КК Рэспублікі Беларусь (арт. 357 ч. 2) устанаўлівае крымін. адказнасць за захоп або ўтрыманне дзярж. улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама за публічныя заклікі да гэтых дзеянняў, у т. л. ўчыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі. У. наогул разглядаецца як прысваенне чужых правоў, паўнамоцтваў.
т. 16, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. phaneros яўны, адкрыты + ...фіт),
расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над паверхняй зямлі і працягваюць рост пасля неспрыяльнага перыяду года; адна з жыццёвых форм раслін. Растуць пераважна ў зонах з мяккім кліматам. Да Ф. належаць дрэвы, кусты, ліяны. Паводле вышыні іх падзяляюць на мега(больш за 30 м), меза- (8—30 м), мікра(2—8 м) і нанафанерафіты (ніжэй за 2 м).
т. 16, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПЯ́ЦІЦА, Чарапеціца,
рака ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Нішча (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 359 км². Выцякае з воз. Межава (у вярхоўі рака называецца Межава) за 500 м на У ад в. Межава. Цячэ ў межах Нешчардаўскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мыленскае, Чарапецкае і Валькоўскае. Вусце за 3 км на ПнУ ад в. Юхавічы.
т. 17, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРМІ́СЦА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 3 км на Пн ад в. Дрэтунь, сярод забалочанага лесу, за 36 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,22 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 180 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 25,2 км². Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, яе схілы невыразныя, берагі забалочаныя. Выцякае ручай у воз. Дрэтунь.
т. 17, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́РЫЦА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 70 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Карпавічы, вусце за 500 м на Пн ад в. Галбея. Цячэ праз Старадворскае воз., пасля выхаду з яго рэчышча на працягу 7,8 км да вусця каналізаванае. У сярэднім і ніжнім цячэнні праходзіць па лясістай мясцовасці.
т. 17, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРНА́Т,
сістэма здачы экзаменаў за курс навуч. установы экстэрнам з мэтай атрымання афіц. дакумента аб яе сканчэнні. Паводле Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікам, дапушчаным да экзаменаў у парадку Э. за няпоўную сярэднюю школу, прадастаўляецца дадатковы водпуск не менш як на 17 каляндарных дзён, а да экзаменаў на атэстат сталасці — не менш як на 20 каляндарных дзён з захаваннем сярэдняй зарплаты па асн. месцы работы.
т. 18, кн. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.
т. 5, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)