рэчывы, якія паступаюць з ежай і з’яўляюцца крыніцай утварэння ў арганізме чалавека і жывёл вітамінаў. З карацінаў (ёсць у моркве, шыпшыне, парэчках, памідорах і інш.) утвараецца вітамін A (гл.Рэцінол). Некат. стэрыны з’яўляюцца П. вітаміну D. Біясінтэз вітамінаў з П адбываецца ў арганізме чалавека (жывёлы) у выніку абмену рэчываў, пад уздзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя, напр., УФ-апраменьвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ЗІНЕР ((Prusiner) Стэнлі Бен) (н. 28.5.1942),
амерыканскі неўролаг, біяхімік і вірусолаг. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Адкрыў прыёны — інфекц. агенты бялковай прыроды, якія выклікаюць пашкоджанні галаўнога мозга (энцэфалапатыі) чалавека і жывёл, у т. л. скрэйпі (сверб) авечак і губчатую энцэфалапатыю («шаленства») буйн. раг. жывёлы. Вызначыў амінакіслотную паслядоўнасць прыёнавага бялку і ідэнтыфікаваў яго ген. Нобелеўская прэмія 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),
працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОЙ,
1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.
Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.
2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА СПАКО́Ю,
месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с., каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксама наз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),
атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.
Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.
Да арт.Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г.жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г.жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТКА (лац. uterus, metria),
палавы орган самак жывёл і жанчын. Уяўляе сабой расшыраную ч.яйцавода (полы мешка- ці каналападобны мышачны орган). У час цяжарнасці служыць для развіцця аплодненай яйцаклеткі, выношвання плода і плодавыгнання (родаў). Ёсць у некат. чарвей, членістаногіх, малюскаў, з пазваночных — у храстковых рыб, земнаводных, большасці паўзуноў і ў млекакормячых. У яйцародных жывёл (птушкі, паўзуны) у М. часова размяшчаюцца спелыя яйцы. Бывае парная (напр., у клаачных і сумчатых), двайная (у некат. грызуноў, сланоў і інш.), двухраздзельная (у некат. грызуноў, драпежнікаў, жвачных, свіней), двухрогая (у млекакормячых, многіх драпежнікаў, насякомаедных, кітападобных, парна- і няпарнакапытных), простая (у большасці рукакрылых, прыматаў і чалавека). У чалавека М. — дзетародны орган, размешчаны ў поласці малога таза жанчыны паміж прамой кішкай і мачавым пузыром. Мае дно, цела, шыйку, якая ахоплена похвай. Сценкі М. ўтвараюцца трыма абалонкамі: слізістай, мышачнай і серознай. Слізістая абалонка М. цыклічна зменьваецца (менструальны цыкл). М. забяспечваецца крывёю матачнымі артэрыямі, інервуецца галінамі матачнага нерв. спляцення.