вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,
помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.
Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬФІ́НЫ,
млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).
Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял.кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:
Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш.Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікіВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н IIIВасілевіч
(22.1.1440, Масква — 27.10.1505),
вялікі князь уладзімірскі і маскоўскі [1462—1505], Сын Васіля II Цёмнага. Імкнуўся да ўмацавання і цэнтралізацыі Маскоўскай дзяржавы. У час яго праўлення выйшаў Судзебнік 1497, пачаў складвацца цэнтралізаваны апарат улады, павялічылася значэнне памеснага землеўладання і дваранства, аслаблены пазіцыі ўдзельных князёў. Праводзіў палітыку «збірання рускіх зямель» вакол Масквы: да Маскоўскага княства далучыў Яраслаўскае (1463) і Растоўскае (1474) княствы, Цвярское вял. княства (1485), Вяцкія (1489) і ч. Разанскіх зямель, Наўгародскую феад. рэспубліку. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 да Маскоўскага княства адышлі гарады Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Гомель, Старадуб, Мцэнск і інш. Пры І. III канчаткова скасавана залежнасць Масквы ад Залатой Арды (1480), але ён падтрымліваў добрыя адносіны з Крымскім ханствам для барацьбы з ВКЛ. У гады яго праўлення вырас міжнар. аўтарытэт Рус. дзяржавы, пачалося афармленне поўнага тытула вял. князя «ўсяе Русі».
Літ.:
Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М. 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст.Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.П.Саварэнскі, І.В.Папоў, М.М.Маслаў, В.А.Прыклонскі, Я.М.Сяргееў, В.Д.Ламтадзе, В.Ц.Трафімаў і інш., амер. К.Тэрцагі, Р.Пек, Дж.Тэйлар, англ. А.Скемптан, чэш. К.Заруба і М.Матула, югасл. Б.Куюнджыч і М.Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка, В.Ф.Вішнеўскі, І.А.Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел.н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел.дзярж.політэхн. акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧЭ́ЎСКІ (Васіль Восіпавіч) (28.1.1841, с. Васкрасенскае, Мардовія — 25.5.1911),
расійскі гісторык.
Акад. (1900, чл.-кар. 1889), ганаровы акад. (1908) Пецярбургскай АН, д-ргіст.н. (1882). Скончыў Маскоўскі ун-т (1865), з 1882 праф. у ім. У пач. 20 ст. член Канстытуцыйна-дэмакр. партыі. З пазіцый пазітывізму даследаваў рас. гісторыю ад старажытнасці да 19 ст., падзяляў яе на 4 перыяды: «Русь Дняпроўская, гарадская, гандлёвая»; «Русь Верхняволжская, удзельна-княжацкая, вольназемляробская»; «Русь Вялікая, Маскоўская, царска-баярская, ваенна-землеўладальніцкая»; «Усерасійскі, імператарска-дваранскі перыяд прыгонніцкай гаспадаркі, земляробскай і фабрычна-заводскай». Аўтар прац «Баярская дума Старажытнай Русі» (1882), «Паходжанне прыгоннага права ў Расіі» (1885), «Гісторыя саслоўяў у Расіі» (1887), «Пётр Вялікі сярод сваіх супрацоўнікаў» (1901) і інш. Лекцыі К. па рас. гісторыі, гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, прачытаныя ім з 1871 у шэрагу ВНУ Масквы, ляглі ў аснову «Курса рускай гісторыі» (ч. 1—5, 1904—21). Увёў у навук. ўжытак каштоўныя дакумент. крыніцы, у т. л.стараж.-рус. жыціі святых. Сярод вучняў К. А.А.Кізеветэр, П.М.Мілюкоў, М.М.Пакроўскі.
Тв.:
Соч.Т. 1—9. М., 1987—90;
Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993.
Літ.:
Нечкина М.В. В.О.Ключевский: История жизни и творчества. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ВА (Мікалай Мікалаевіч) (н. 31.1.1946, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1976—78 выкладчык, у 1990—96 нам. дырэктара Мінскага маст. вучылішча. У 1982—84 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе ў тэхніках лінарыта, акварэлі, літаграфіі. У творах, якія вызначаюцца эмацыянальнай узнёсласцю, імкненнем да манументальнасці і эпічнасці вобразаў, лаканізмам графічнай мовы, распрацоўвае тэму гіст. і маст. спадчыны бел. народа. Аўтар партрэтаў К.Каліноўскага (1976, 1977, 1978), Ф.Багушэвіча, Цёткі, К.Каганца, В.Дуніна-Марцінкевіча (усе 1979), кампазіцыйнага партрэта «Вялікі князь Вітаўт» (1990); серый «Шляхамі Янкі Купалы», «За радкамі паэта» («Прысвячэнне Міколу Гусоўскаму», трыпціх; абедзве 1980), «Якуб Колас. Маладыя гады», «Родны кут Якуба Коласа» (абедзве 1982), «Крокі ў неўміручасць. Подзвіг Т.Лук’яновіча» (1985), «З вандровак па Беларусі» (1977—96); акварэляў «Успаміны пра Гальшаны» (1972), «За волю, роўнасць, незалежнасць» (1994—96), «Купалавы Ляўкі», «На радзіме А.Т.Касцюшкі» (абедзве 1997), «Шляхамі Язэпа Драздовіча» (1996—98) і інш, Аформіў альбом «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1985), творы К.Каганца, В.Каратынскага, Я.Купалы, Цёткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Мельнікаў-Пячэрскі) Павел Іванавіч
(6.11.1818, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 13.2.1883),
рускі пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Настаўнічаў, служыў чыноўнікам, у 1850—66 у Мін-ве ўнутр. спраў. Маст. творы друкаваў пад псеўданімам Андрэй Пячэрскі. Першая публікацыя — «Дарожныя нататкі на шляху з Тамбоўскай губерні ў Сібір» (1839—42). У апавяданнях і аповесцях «Старыя гады» (1857), «Грыша» (1861) і інш. тэма рэліг. шуканняў народа, негатыўныя з’явы дарэформеннага жыцця, цікавасць да супярэчнасцей нар. характараў, блізкасць да натуральнай школы. Дылогія «У лясах» (1871—75) і «На гарах» (1875—81) пра стараверскае Заволжа сярэдзіны 19 ст. Проза М. адметная багаццем фалькл. матэрыялу, гістарызмам, этнагр. асновай, майстэрствам у апісанні побыту. Аўтар гіст. работ і гіст.-этнагр. нарысаў «Гістарычныя нарысы папоўшчыны» (1864—67), «Князёўна Тараканава і прынцэса Уладзімірская», «Тайныя секты» (абедзве 1868), кн. «Пісьмы пра раскол» (1862), брашуры «Пра Рускую Праўду і польскую няпраўду» (1863), рэцэнзій і інш. На рус. мову пераклаў верш А.Міцкевіча «Вялікі мастак» (1840).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1976.
Літ.:
Соколова В.Ф. П.И.Мельников-Печерский: Очерк жизни и творчества. Горький, 1981;
Старикова М.Н. М.Е.Салтыков-Щедрин и Мельников. Алма-Ата, 1984.