сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл.Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм.акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛА́МЕНЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з прэзідэнцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца абвяшчэннем прынцыпу вяршэнства парламента ў паліт. сістэме. Пры П.р. ўрад нясе адказнасць перад парламентам і фарміруецца толькі парламенцкім шляхам з лідэраў партыі (або парт. кааліцыі), што перамагла на чарговых выбарах. Заўсёды ёсць пасада кіраўніка ўрада (прэм’ер-міністра або старшыні). Роля прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы ў фарміраванні ўрада чыста намінальная, гал. яго функцыя — прадстаўнічая, а выбранне ажыццяўляецца парламентам. Прэзідэнт фармальна можа мець вял. паўнамоцтвы, але ажыццяўляе іх урад. Урад знаходзіцца пры ўладзе да таго часу, пакуль ён карыстаецца падтрымкай большасці парламента, г.зн. выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем прадстаўнічай улады; аднак прэм’ер-міністр валодае правам роспуску парламента, прызначэння новых выбараў. П.р. існуюць у Італіі, ФРГ, Аўстрыі, Фінляндыі, Ірландыі, Індыі, Ізраілі, Ліване і інш. У 1991—94 П.р. (без прэзідэнта) была Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (дзявочае Яніш) Караліна Карлаўна
(22.7.1807, г. Яраслаўль, Расія — 14.12.1893),
руская паэтэса, перакладчыца. Жонка М.П.Паўлава. Першы зб. «Паўночнае ззянне» (1833, на ням. мове). Раман у вершах і прозе «Двайное жыццё» (1848) пра выхаванне ў свецкіх колах. У паэт. цыкле «Фантасмагорыі», «уцінскім цыкле», зб. «Вершы» (1863) і інш. тэмы кахання, незразумелага грамадствам паэта, пошукі арыгінальных рыфм. Аўтар «апавяданняў у вершах» «Размова ў Трыяноне» (1848, забаронена; апубл. 1861, Лондан), «Размова ў Крамлі» (1854), паэмы «Кадрыль» (1859), апавяданняў, п’ес, успамінаў, перакладаў на ням. мову твораў В.Жукоўскага, А.Пушкіна, А.Талстога і інш.Была знаёмая з А.Міцкевічам, які 10.11.1827 прапанаваў ёй шлюб і атрымаў згоду (заручыны разладзіліся). З імем Міцкевіча звязана некалькі вершаў П. 1840-х г. («10 лістапада 1840 г.», «На 10 лістапада», і інш.). Міцкевіч таксама прысвячаў П. вершы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),
1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр.інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91).
2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].
3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).
часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле «Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,
урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял.Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач.жн. 1941 ЦККП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦККП(б)Б зацверджаны тэкст (гл.іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦККП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс.экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі з канца 18 ст. да 1914 у мяст. Ружаны
(Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 18 ст. ў маёнтку кн. Сапегі выраблялі абрусы, дываны, маст. паясы. У 18—19 ст. створана каля 30 палатняных і суконных мануфактур, на якіх працавалі 2 тыс. рабочых. Найб.была суконная мануфактура (1780—1861),
на якой у розны час працавала ад 20 да 159 рабочых; выпускала ад 4,8 да 32 тыс. аршынаў сукна. Другая суконная мануфактура ў 1785—1880 вырабляла шоўк, паясы, сукно, байку, атлас, сталовыя абрусы; у 1815 выпусціла 12,2 тыс. аршынаў сукна. Шарсцяная ф-ка ў 1837—1906 вырабляла сукно і коўдры. У 1874 працавала 150 рабочых, выпушчана 110 тыс. аршынаў сукна, у 1890—8 тыс.шт. коўдраў. У пач. 20 ст. выпуск тканін у Ружанах пачаў скарачацца ў сувязі з канкурэнцыяй Беластоцкага прамысл. раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.