пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБІЦЫ́ДЫ [ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.
Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.
Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.
Літ.:
Химические средства защиты. М., 1987;
Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАСКАПІ́Я (ад дэфект + ...скапія),
комплекс фізічных метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю якасці матэрыялаў і вырабаў (парушэння суцэльнасці, адхілення ад зададзеных фіз.-мех. уласцівасцей, хім. саставу, структуры, геам. памераў і інш.).
Да метадаў Д. адносяцца: аптычныя (візуальныя), акустычныя (ультрагукавыя), магнітныя, радыяцыйныя (у т. л. гама-метады і рэнтгенаўскія), радыёхвалевыя, цеплавыя (інфрачырвоныя), віхратокавыя (электраіндуктыўныя), электрычныя (у т. л. тэрма- і трыбаэлектрычныя, электрастатычныя), капілярныя (люмінесцэнтныя, каляровыя) і інш.Большасць метадаў Д. заснавана на ўзаемадзеянні акустычных або электрамагнітных ваганняў, фіз. палёў (магнітных, электрамагнітных, радыёхвалевых і інш.) з выпрабавальнымі вырабамі на лакальных іх участках або па ўсім аб’ёме. Д. рашае задачы з выкарыстаннем гэтых метадаў па выяўленні ў вырабах розных тыпаў паверхневых і ўнутраных дэфектаў — трэшчын, валасавін, ракавін, шлакавых уключэнняў, адслаенняў і інш.
На Беларусі навук. работы па Д. вядуцца з 1964 у Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН. Развіваецца капілярны метад (у прыватнасці, для кантролю керамічных, кампазітных і інш. вырабаў), ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці; распрацоўваюцца асновы магн., эл.-магн. і радыёхвалевага метадаў; створаны прылады магн., магнітаграфічнага, віхратокавага і радыёхвалевага кантролю.
Літ.:
Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981;
Прохоренко П.П., Мигун Н.П. Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЕЦ,
калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.
Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст.большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.
На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЛАСКУ́РЫЯ (Echinodermata),
тып беспазваночных жывёл. 3 падтыпы: сцябліністыя (Crinozoa, або Pelmatozoa) з 1 сучасным кл.марскіх лілей; эхіназоі (Echinozoa) з 2 кл. — марскія вожыкі і галатурыі; астэразоі (Asterozoa) з 2 кл. — марскія зоркі і афіуры. Стараж. І. ўзніклі ў дакембрыі, у раннім палеазоі, мяркуюць, існавала 23 кл. І., большасць з якіх вымерла ў палеазоі, у т. л.бластаідэі, крынаідэі, цыстаідэі і інш. Каля тыс. сучасных і 16 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах ад літаралі да глыб. 11 км. На Беларусі шматлікія рэшткі І. трапляюцца ў адкладах ардовіку, радзей — у сілурыйскіх, дэвонскіх, кам.-вуг. і зрэдку ў юрскіх адкладах.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 1 м 20 м у некат. выкапнёвых). Форма цела нагадвае агурок, бочачку, дыск, зорку, кветку або бутон на сцябле, сэрца, чарвяка, шар. У будове цела характэрна прамянёвая (радыяльная) сіметрыя і вапнавы ўнутр. шкілет з іголкамі, шыпамі і інш. на паверхні. Свабоднарухомыя або прымацаваныя. Ёсць унікальная для І. воднасасудзістая (амбулакральная) сістэма для перамяшчэння або дыхання. Пераважна раздзельнаполыя. Развіццё з утварэннем пелагічнай лічынкі і са складаным метамарфозам. Кормяцца жывёльнай ежай, радзей водарасцямі і рэшткамі расліннасці. І. — корм для прыдонных рыб. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Некат. знішчаюць прамысл. малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАБО́РСТВА,
рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.
Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.
І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
над звычайнае аб’яднанне партыйных, грамадскіх арг-цый Мінска, салдацкіх камітэтаў 2, 3, 10-й армій, 2-й Каўказскай кав. дывізіі на чале з франтавым к-там Зах. фронту, створанае 7—9.11.1917 з мэтай захавання ўлады Часовага ўрада ў час Кастр.ўзбр. паўстання 1917. Паводле парт. прыналежнасці большасць членаў к-та складалі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Функцыі друкаванага органа выконвала газ. заходнефрантавога выканкома «Фронт». К-ты выратавання рэвалюцыі былі створаны ў Бабруйску, Оршы, Полацку. 9 ліст.к-т запатрабаваў ад Мінскага Савета перадачы яму ўсёй улады ў горадзе. У выніку кампрамісу з Саветам ён абавязаўся не пасылаць узбр. часці на Петраград і Маскву і не прапускаць іх праз Мінск; Савет згадзіўся перадаць к-ту ўладу ў раёне Зах. фронту і дэлегаваў у яго склад двух прадстаўнікоў (І.Я.Алібегава і Я.Ф.Пярно). К-т абвясціў сябе часовай уладай на ўсім Зах. фронце і ў прыфрантавой паласе да склікання Устаноўчага сходу і 10 ліст. выдаў загад № 1. Бальшавікі Мінска прынялі захады па ўмацаванні сваіх сіл, дзейнасць Савета падтрымалі прафсаюзы і інш. арг-цыі. 13 ліст. на пасяджэнні Мінскага Савета фракцыі бальшавікоў і левых эсэраў вынеслі пастанову аб выхадзе з К-та выратавання. 14 ліст. адбылося апошняе пасяджэнне гэтага аб’яднання з удзелам бальшавікоў. Загадам ВРК ад 17 ліст.к-т распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),
каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб.стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.
Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.