вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл.Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.
Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л.металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),
паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы арыянаў — прадстаўнікоў радыкальнага рэфармацыйнага руху (гл.Арыянства). У 2-й палове 16 — пачатку 17 стагоддзя існавалі ў краінах Заходняй Еўропы. На Беларусі былі ў Іўі, Клецку, Любчы, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. Мелі 3—5 класаў. На чале школы стаяў рэктар, які выкладаў у старшым класе. Апрача багаслоўя вучні вывучалі творы старажытных філосафаў, гісторыкаў, паэтаў, польскую, беларускую, грэчаскую, лацінскую, старажытна-яўрэйскую мовы, цывільнае права і кодэкс Юсцініяна, логіку, рыторыку, этыку, медыцыну, арыфметыку, фізіку. Тут вучыліся дзеці не толькі арыянаў, але і праваслаўных і католікаў. У вучняў выхоўвалі павагу да чалавека і яго розуму, вучылі самастойна мысліць. У 1585—93 рэктарам арыянскай школы ў Іўі быў Я.Л.Намыслоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.
Літ.:
Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́КТ (ад лац. affectus душэўнае хваляванне, страсць),
моцны кароткачасовы эмацыянальны стан, звязаны з раптоўнай зменай важных для суб’екта жыццёвых абставін. Адрозніваюць фізіял. афект і паталагічны, які ўзнікае ў адказ на цяжкую раптоўную псіхалагічную траўму і праяўляецца кароткачасовым псіхічным расстройствам. Афект суправаджаецца рэзкімі рухамі і зменамі ў функцыях унутр. органаў і праяўляецца моцнымі эмоцыямі — адмоўнымі (гнеў, абурэнне, злосць, жах) або станоўчымі (радасць, захапленне). У аснове афекту — стан унутр. канфлікту чалавека ад супярэчнасці паміж яго ўласнымі схільнасцямі, імкненнямі, жаданнямі і немагчымасцю іх выканання. Крымін. адказнасць за злачынства, учыненае ў стане фізіял. афекту, не выключаецца, але пры пэўных абставінах можа быць змякчана. За злачынства, учыненае ў стане паталаг. афекту, асоба крымін. адказнасці не падлягае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́ЧКА, сапа (Abramis sapa),
рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.
Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́РЫ (Homaridae),
сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (H. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.
Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.