дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне І). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр. М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.; М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′ паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′ паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′ зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′ усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2° паўд. і 8° паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7° паўн. і 5° паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у тым ліку вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд.Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,
1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.
Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.Мерымэ, А.Дзюма), ням. (Т.Ман, Л.Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.Пушкін, Л.Талстой, А.М.Талстой), польскай (Г.Сянкевіч, Б.Прус), укр. (Т.Шаўчэнка, П.Заграбельны, І.Лэ) і інш. літаратур.
У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» М.Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Максім і Магдалена» М.Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.Гарэцкага).
У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.Хурсік («Францішак Скарына»), М.Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).
Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.Лобана, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац.гіст. паэмы «Хамуціус» А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча, «Прымак» І.Чыгрынава, «Купала» А.Дударава, «Татры» А.Бажко, «Настасся Мякота» Я.Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.Чаропка («Храм без бога»), К.Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.Сяднёва, «Споведзь» Л.Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.
2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.
Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.Учэла, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.Веранезе, Тыцыян, Я.Тынтарэта). З 16 ст.гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.Пусэна (Францыя), Д.Веласкеса (Іспанія), П.П.Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.Лебрэна (Францыя), Дж.Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.Зубава і І.Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.Л.Давіда, А.Гро і Ж.Гудона (Францыя), А.Ласенкі, Р.Угрумава, І.Мартаса (Расія), Дж.Рэйналдса (Англія), Дж.Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.Гоі (Іспанія), Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.Дам’е (Францыя), А.Рэтэля, К.Лесінга (Германія), К.Брулова, А.Іванава (Расія), Я.Матэйкі (Польшча), М.Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.Радэна, П.Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.Ходлера (Швейцарыя), С.Выспянскага, К.Дунікоўскага (Польшча), І.Мештравіча (Харватыя), М.Несцерава, М.Урубеля, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава, В.Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.Апсіта, В.Васняцова, В.Верашчагіна, М.Ге, М.Неўрава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, скульптура М.Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.Дзікса, Г.Грундыга, Ф.Крэмера, О.Нагеля (Германія), П.Пікасо, А.Фужэрона (Францыя), Р.Гутуза (Італія), Ф.Ходлера (Швейцарыя), А.Забранскага, К.Покарні (Чэхія), Н.Тоніцы, Б.Караджы (Румынія), С.Русева, Э.Баяджыева (Балгарыя), Дж.Андраевіч-Куна (Сербія), Г.Коса (Славенія), А.Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.Каварскага (Польша), Э.Даманоўскага (Венгрыя), К.Пятрова-Водкіна, К.Юона, Б.Кустодзіева, А.Дайнекі, Б.Іагансона, М.Грэкава, Я.Вучэціча, У.Фаворскага (Расія), Д.Рыверы, Х.К.Ароска, Д.Сікейраса (Мексіка), У.Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).
У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.Скарыны і інш. У 17—18 ст.гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).
У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, К.Альхімовіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, К.Бароўскі, Я.Траяноўскі, Я.Манюшка, І.Трутнеў, А.Ромер), графіцы (М.Падалінскі, Т.Кіслінг, М.Андрыёлі, М.Кулеша, Ф.Дмахоўскі, А.Гротгер), скульптуры (Г.Дмахоўскі, Я.Астроўскі).
У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.Філіповіч, В.Волкаў, І.Ахрэмчык, Я.Кругер, М.Эндэ, У.Хрусталёў, К.Касмачоў, С.Андруховіч, М.Гусеў, Я.Красоўскі, І.Давідовіч, З.Мірынгоф, П.Сергіевіч, А.Шаўчэнка, Х.Ліўшыц, М.Манасзон, А.Мазалёў — у жывапісе; А.Грубэ, А.Бразер, М.Манізер, А.Бембель, М.Керзін, З.Азгур, А.Глебаў, А.Жораў — у скульптуры; І.Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.Зайцава, Г.Бржазоўскага, Я.Ціхановіча, З.Паўлоўскага, А.Шыбнёва, У.Сухаверхава, І.Стасевіча, Н.Воранава, Ф.Бараноўскага, А.Гугеля, П.Явіча, М.Савіцкага, П.Крахалёва, Л.Рана, В.Цвіркі, Л.Асядоўскага, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, Б.Аракчэева, Ф.Дарашэвіча, І.Белановіча, М.Аўчыннікава, В.Сахненкі, У.Гоманава, М.Данцыга, М.Залознага (станковы жывапіс), Б.Няпомняшчага, В.Мігаль, І.Рэя, У.Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, Азгура, А.Анікейчыка, Г.Мурамцава, У.Слабодчыкава, М.Канцавога, А.Курачкіна, М.Палякова (скульптура), А.Кашкурэвіча, П.Дурчына, С.Геруса, А.Дзямарына, Э.Агуновіч, В.Волкава, П.Драчова, Р.Маліноўскага, Л.Асецкага, І.Раманоўскага, Г.Паплаўскага, С.Раманава, Ю.Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).
У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.Кудрэвіч, П.Сергіевіча, Л.Дударанкі, А.Марачкіна, Ф.Янушкевіча, Г.Вашчанкі, У.Пасюкевіча, Л.Шчамялёва, У.Ткачэнкі, У.Тоўсціка, А.Цыркунова, У.Мінейкі, І.Бархаткова, Я.Ждана, В.Маркаўца, В.Барабанцава, В.Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.Вакара, Л.Гумілеўскага, Анікейчык, Э.Астаф’ева, І.Міско, М.Рыжанкова, А.Глебава, У.Церабуна, В.Янушкевіча, А.Фінскага, А.Шатэрніка (у скульптуры); Я.Куліка, М.Купавы, У. і М.Басалыгаў, М.Селешчука (у графіцы) і інш.
Л.І.Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.І.ЦыбульскіМ.Л.Цыбульскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД,
буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс.чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.
У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.
Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст.тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс.н.э.Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс.чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл.Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз.гар. абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл.Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац. праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш.Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.
На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б.гарадзішчаўжал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл.Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс.чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г.гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс.ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн.чал.
Літ.:
Развитие античного и средневекового города. М., 1987;
Становление европейского средневекового города: Сб. ст. М., 1989;
Тимощук Б.А. Восточные славяне: от общины к городам. М., 1995;
Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989;
Позднефеодальный город Средней Азии: Сб. ст. Ташкент, 1990;
Город как социокультурное явление исторического процесса. М., 1995;
Штыхов Г.В. Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-эконом. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГЕСТА́Н, Рэспубліка Дагестан,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх.ч.Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м.Пл. 50,9 тыс.км². Нас. 2067 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г.Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-ра студз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.
Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст.н.э.Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст.паўн.ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл.Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л.Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. СаветДаг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн.прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.
Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц.нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.Асманаў, З.Гаджыеў, Н.Батырмурзаеў, З.Батырмурзаеў, А.Гафураў, Э.Капіеў, Р.Нураў, А.Аткай, А.Магамедаў, А.Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.Салаватаў (гераічная драма), М.Бахшыеў (раман), С.Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял. Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.Хапалаева, Гафурава, Б.Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасных сац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.Рашыдаў, М.Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, Э.Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.Колас, Я.Купала, А.Астрэйка, А.Бачыла, У.Караткевіч, Р.Няхай, А.Лойка і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц.арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц.арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.
Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш.Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.А.Абдулаеў, А.Абдурахманаў, Р.Аліханаў, П.Амірханава, Г.Магамедаў, Х.Мамаева, З.Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.Джэмал, Ю.Малаеў, М.Юнусілаў, скульпт. Х.Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.Аўгустовіч, В.Гаркоў, Х.М.Курбанаў, манументалісты Г.Камбулатаў, Ш.Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.Мурзабекаў, С.Салаватаў, А.Шарыпаў, скульпт. Г.Гейбатаў, А.Ягудаеў і інш.
Літ.:
Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;
Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.
Г.С.Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.У.Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ
(Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд.Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у тым ліку абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у тым ліку кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у тым ліку апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт·гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх.Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у тым ліку каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у тым ліку каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у тым ліку Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у тым ліку балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́М
(Viêt Nam),
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх.Азіі. Займае ўсх.ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і ПдПаўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс.км². Нас. 71,8 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).
Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс.км²) і Хангха (каля 15 тыс.км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд.т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд.кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн.чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн.чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж.традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.
Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст.н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст.Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст.Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц.калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз.Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц.калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл.В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл.Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пд — брыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл.Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн.нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн.нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер.ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс.чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл.Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер.паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер.ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс.чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам. — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.
Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн.т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт·гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім.прам-сць (вытв-сцьмінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як 1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн.га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн.т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс.т.; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс.км, у т. л.гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс.км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс.км, аўтадарог больш за 300 тыс.км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд.дол., імпарт 2,3 млрд.дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал.гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн.нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс.чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс.чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс.чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс.чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс.чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс.чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец.навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц.дзярж.інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).
Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст.гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст.л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв.л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж.арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл.буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.
Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб.стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст.н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх.Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец.навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л.Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.
Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.
Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.
Літ.:
История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;
Новейшая история Вьетнама. М., 1984;
Вьетнам: Справ. М., 1993;
Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;
Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;
Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,
узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.
Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш.Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.М.Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст.Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн.узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.
Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.
16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.Р.Доўбар-Мусніцкага (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял.бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют.СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач.сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за 2/3тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр.ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л.партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».
1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-тваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.
У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр.БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у тым ліку з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.
Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.
Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв.«Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.
У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач.чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс.чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн.кав. корпус К.М.Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.
Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.Ф.Шубін, Я.Ф.Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл.Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал.нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс.чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.С.Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах.ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах.ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр.БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс.чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл.Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст.Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс.км² з насельніцтвам за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.
Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.Ф.Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.
У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн.чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн.чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд.руб. золатам, прамысл.вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг.Мн., 1980;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на 3 — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс.км2 (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн.чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.
Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.
Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.
Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На 3 ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд.т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м3 (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд.т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш.Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд.ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-растудз. ад -16 °C да -18 °C на ПнЦэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш.т-раЗах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб.р.Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб.р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На 3 ад Місісіпі да 100° зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб.нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.
Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17·—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км2; на 3 паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Поўдні — 38 чал. на 1 км2. На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т.л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс.ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн.ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).
Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата
Плошча, тыс.км²
Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт
24,9
589
Канектыкут
12,9
3274
Масачусетс
21,5
6092
Мэн
86,0
1243
Нью-Гэмпшыр
24,1
1162
Род-Айленд
3,2
990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі
20,3
7988
Нью-Йорк
128,4
18 185
Пенсільванія
117,4
12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо
106,7
11 173
Вісконсін
145,4
5160
Ілінойс
146,1
11 847
Індыяна
94,1
5841
Мічыган
150,8
9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява
145,8
2852
Канзас
213,1
2572
Мінесота
217,8
4658
Місуры
180,4
5359
Небраска
200,0
1652
Паўд. Дакота
199,5
732
Паўн. Дакота
183,1
644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія
105,7
6675
Джорджыя
152,6
7353
Дэлавэр
5,3
723
Зах. Віргінія
62,6
1826
Калумбія (акруга)
0,2
543
Мэрыленд
27,4
5072
Паўд. Караліна
80,4
3699
Паўн. Караліна
136,6
7323
Фларыда
151,7
14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама
133,7
4273
Кентукі
104,6
3884
Місісіпі
123,6
2716
Тэнесі
109,4
5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома
181,1
3301
Арканзас
137,5
2510
Луізіяна
125,7
4351
Тэхас
692,1
19 128
Горныя штаты
Айдаха
216,4
1189
Арызона
295,0
4428
Ваёмінг
253,6
481
Каларада
269,9
3823
Мантана
381,1
879
Невада
286,3
1603
Нью-Мексіка
315,1
1713
Юта
219,9
2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон
251,2
3204
Аляска
1519,0
607
Вашынгтон
176,6
5533
Гаваі
16,7
1184
Каліфорнія
411,0
31 878
Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст.рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн.чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю не· залежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2 паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл.Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн.дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).
З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах.ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл.Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т.л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г. — панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.Х.Тафт, Т.В.Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.
У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2 млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.Гардынг і К.Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн.чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв.эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (1/4 з іх пазбавілася зямлі).
Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.
7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен.вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл.Маршала план), але СССР і інш.сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.С.Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.
Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн.амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл.Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т.л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.С.Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар.узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб.прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).
Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн.ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн.т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн.т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд.м3 (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд.м3 (1995). Асн.ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн.т (1993), у т.л. каменнага вугалю 791,1 млн. т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн.т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн.кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд.кВт·гадз (1993).
ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн.кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм.прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, НьюЙорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн.шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн.т, у 1995—104,9 млн. т. Асн. раён здабычы жал. руды на 3 ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн.т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс.т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн.т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн.чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс.дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сцьс.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т.л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн.т, у т.л. кукурузы 177 млн.т, пшаніцы 65,9 млн. т. Збор соевых зярнят 63 млн.т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн.т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн.т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн.т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал.фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, мае вял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.
Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс.км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн.км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн. т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс.км) і газаправодаў (440 тыс.км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд.дол., імпарту 4323,3 млрд.дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал.гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.
Узброеныя сілы. Складаюцца зсухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн.чал., у т.л. нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн.чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс.ядз. боегаловак, у т.л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс.артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс.чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс.чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац.ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс.чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.
Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс.пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).
Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац.навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук 3LUA (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы мае Нац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т.л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т.л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш.Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс.экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн.экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн.экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн.экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).
Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).
Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-БіЭс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.
Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн.літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.Фрэно, Б.Франклін, Т.Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац.амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац.амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц.рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.У.Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац.амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.Гінзберг, У.Стывенс, У.К.Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г.рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.Дз.Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер.рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.Крэйн, Ф.Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац.амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.Стайн, Т.С.Эліят, Э.Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.П.Уорэна, К.А.Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.Крэйн, Р.Фрост) паэзія.
У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер.л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер.паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Р.Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г.асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.Чывера, Дж.Хелера, У.Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.Л.Доктараў, Г.Відала, Дж.К.Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.Барт, Т.Пінчан, Д.Бартэльм, П.Донліві, М.Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.Морысан, Дж.Смайлі, Дж.Гамільтан, Р.Бэнкс, П.Остэр і інш.
Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.Гарта, «Пракляты агітатар» М.Голда, «Трое парасятак» У.Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.Ф.Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.Сіпакоў). Асобныя вершы К.Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.Шчасны), Бірса (пер. А.Кудраўцаў), У.Сараяна (пер. І.Сляповіч), Брэдберы (пер. М.Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.Баноскі ў перакладах А.Асташонка, С.Дорскага, Л.Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.
Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап.буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.Булфінча, Т.Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.Х.Бёрнем, Дж.У.Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.Л.Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.К.Харысан, М.Абрамовіц, Ф.Джонсан, Э.Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г.найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.Л.Райта (Музей Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.Б.Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.
Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст.н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж.маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап.маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.Хеселіус, Дж.Смайберт, Р.Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.Коўл, Дж.Ф.Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.Нігл, С.Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст.рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.С.Маўнта, Дж.Бінгема, І.Джонсана, Дж.Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.Кэсет — імпрэсіянізму, А.Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.Грынаў, Х.Паўэрс, Э.Д.Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж. Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.Рэй), футурызму (Дж.Стэла), абстракцыянізму (А.Доў, С.Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.Тангі); сюррэалізм разві́ваецца ў творчасці Дж.О’Кіфа, О.Пікенса, А.Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.Горкі, В. дэ Кунінг, М.Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.Сміт, Р.Ліпалд, Ф.Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Р.Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.Сміт, Э.Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.Клоўз, Р.Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.
Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер.прафес.муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес.муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг.хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац.муз. жанры, у т.л. спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.Хэндзі, Б.Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз.навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р«Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.Паркер, Дж.Пейн, Дж.Чэдвік, А.Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер.прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер.муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.Харыса, А.Копленда, Дж.Антэйла, Э.Сігмейстэра, Г.Каўэла, К Раглса, Р.Сешнса, У.Г.Сгыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі. Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.Левін і Р.Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т.л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер.тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.Роджэрс. Р.Эйкаф) і т.зв.гар. блюз (Х.Ледбелі, Б.Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.Шумен, Дж.Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.Персікеці, Э.Картэр, Л.Бернстайн, П.Крэстан, М.Бэбіт, Л.Фос, А.Хованес, П.Менін, Л.Кёрчнер, Дж.Крам, Дж.Ітан, Ф.Глас, С.Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.Шолці, Л.Маазель; піяністы Дж.Браўнінг, Р.Серкін, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.Мільштэйн, І.Стэрн; спевакі М.Ланца, М.Хорн, Б.Сілс, Г.Мофа, М.Андэрсан, М.Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.Сланімскі, Г.Чэйз, П.Г.Ланг, У.Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер.муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т.л. камп’ютэрная музыка (Дж.Кейдж, Бэбіт, О.Люнінг, Э.Браўн і інш.), з другога — розныя віды non-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень мае муз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т.л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз.ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес.сімф. аркестраў, у т.л. Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Першыя звесткі пра т-рПаўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.Халема, які паклаў пачатак прафес.тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец.тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.Бутс, Э.Форэст, Ш.Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.Бутс, Дж.Джэферсан, М.Фіск, М.Адамс, Дж.Марла, Р.Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер.т-ра.
На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.Ібсена, Л.Талстога, М.Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).
У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял.сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.Шоу, А.Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.Хоўардл. П.Грына, Э.Райса, А.Мальца, Дж.Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.Мамуляна; акцёраў А.Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.Барымара, Л.Адлера; тэатр. мастакоў Р.Джонса, Л.Саймансана, С.Х’юма, М.Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).
Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.Хоўтан, Х.Кінтэра, Дж.Маліна, С.Холм, З.Фічэндлер, Д.Рос, Э.Бенкрафт, З.Мостэль, Р.Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.Папа, «Брэд энд папет» П.Шумана, «Мімічная трупа» Р.Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).
Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.Арбэкль, Б.Кітан, Г.Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г. — М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.Валентына, Г.Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.Майлстаўна) і інш.Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.Уэст, браты Маркс, К.Гейбл, Г.Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.Купер, дзеці-«зоркі» Ш.Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.Дасэн, Дж.Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.Хепбёрн і інш.
У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.Біты, Ф.Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.Ланг, К.Тэрнер, М.Пфайфер, Ш.Стоўн, Дж.Фостэр, К.Бейсінгер, Дж.Робертс, Р. Дэ Ніра, А.Пачына, М.Гібсан, М.Дуглас, М.Шын, Э.Хопкінс, Т.Круз, Т.Хэнкс, С.Уівер, Р.Гір, Э.Мэрфі, М.Рурк, С.Сталоне, А.Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.Формана, «Эні Хол», 1977, В.Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.Нікалс, Р.Олтмен, А.Пакула, С.Полак, У.Фрыдкін, Х.Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.Земекіс, Д.Лінч, Дж.Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.Паланскі, Дж.Шлезінгер, А.Канчалоўскі, Б.Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.
Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.Дзеружынскі, Б.Крукоўскі, Н.Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюз амер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш.нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.Сянкевіча. У 1912 засн.бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел.нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.Чарапук, П.Чопка, В.Трафімовіч заснавалі Бел.нац.к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т.л. ў Нью-Йорку Бел.нац.к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац. саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел.нар.т-ва), Індыяна, Мічыган.
У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел.культ.-адукац.т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн.паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс.чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел.нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел.к-тпаліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюз бел.-амер. моладзі, Арг-цыябел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад.т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел.культ.-асв.к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлевдзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюз амер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук. — Бел.літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел.бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш.Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел.культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт.Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.Селех-Качанскага, М.Прускага, І.Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел.выд-ва М.Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Быаруская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.Куляша (1952—53, Дэтройт), М.Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт.Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т.л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн.Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.
Літ.: История США. Т. 1—4. М., 1983—87; Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986; Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ.М., 1993; Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991; Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995; Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962; Писатели США. M., 1990; Комаровская T.E. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993; Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994; Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976; Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979; Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981; Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966; Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977; Яеж. Рождение джаза. М., 1984; Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ.М., 1984; Enge1 L. The American musical theater. New York, 1975; History of American music. New York, 1976; Folk music and moden sound. Jackson, 1982; The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986; Skowrοn Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995; Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976; Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972; Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг.М., 1982; Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963; Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975; Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987; Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991; Кіпель В Беларусы ў ЗША. Мн., 1993; Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.
Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.Міс ван дэр Роэ. 1956—58.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.Л.Райт. 1956—59.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.Коўл. Аркадская ідылія. 1838.Да арг.Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.Хікс. Царства міру. 1840—45.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.Бінгем. На варце грузу. 1849.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. А.Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. С.Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.Цюдар. 1987.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.Т.Джонс і А.Зан. 1988.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.Чаплін у фільме «Малыш». 1921.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.Лукас 1977.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.Дысней. 1938.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.Костпер. 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -8°C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз. т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес. т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес. т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж. т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х, Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст. М., 1985.