(кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) на Кастрычніцкай пл., на перасячэнні 2 асн. дыяметраў горада — водна-зялёнай сістэмы поймы р. Свіслач і праспекта Скарыны. Размяшчэнне будынка на гал. кампазіцыйнай восі плошчы вызначыла строгую сіметрычнасць яго аб’ёмна-планіровачнай структуры. Вобразнае вырашэнне палаца засн. на прасторавай будове фасадаў. На першым плане — строй пілонаў перыптэра, які нясе ўсё пакрыццё будынка памерам 109,5 × 82,5 м. Другі план фасадаў у выглядзе рытмічнага спалучэння каменных сцен з вітражом; верхняя зона другога плана — зашклёны вітраж, які апяразвае будынак па перыметры і ступеньчата апускаецца да адзнакі подыума на гал. фасадзе, чым падкрэслівае аб’ём гал. і абыходнага фае. Арх.-планіровачная структура палаца грунтуецца на дакладным функцыянальным заніраванні асн. груп памяшканняў, зручных верт. і гарыз. сувязях. Р.п. складаецца з памяшканняў: комплексы глядзельных вял. залы (на 2700 месцаў),
малых залаў (агульная колькасць месцаў 800; канферэнц-залы, прэс-цэнтр, кавярня з барам і інш.); сцэнічны, блокі ўрадавы і прэзідыума; 3-павярховы кінакомплекс, залы кандыцыянераў, венткамер, дапаможныя і тэхн. памяшканні. У зоне подыума комплекс грамадска-культ. прызначэння: більярдны клуб з гульнявой арэнай, барам, маст. галерэя, кавярня. У гал. фае адкрытыя парадныя лесвіцы, 6 эскалатараў забяспечваюць сувязь паміж усімі ўзроўнямі фае і кулуараў. Р.п. мае падземны інж. корпус (аб’ём 25 тыс.м³; знаходзіцца паміж палацам і музеем Вял.Айч. вайны). Маст. афармленне інтэр’ераў вырашана ў бела-залацістых тонах, арыгінальнасцю і багаццем вызначаюцца сістэма дэкар.-асвятляльных элементаў (маст. В.Даўгала, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, В.Чайка), габелены (маст. Л.Бартлаў, В.Грыдзіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Н.Пілюзіна). У Р.п. праводзяцца грамадска-паліт. мерапрыемствы гар., рэсп. і міжнар. значэння, кангрэсы, сімпозіумы, выстаўкі, канцэрты, конкурсы, спектаклі, выступленні оперных і балетных калектываў. Іл.гл. таксама да арт.Плошча.
Літ.:
Шамрук А. Каб удыхнуць у архітэктуру жыццё // Мастацтва. 2001. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. receptor той, хто прымае, атрымлівае),
у жывёл і чалавека адчувальныя ўтварэнні, якія ўспрымаюць і ператвараюць раздражненні з вонкавага і ўнутр. асяроддзя ў спецыфічную актыўнасць нерв. сістэмы. Забяспечваюць арганізм неабходнай для яго існавання інфармацыяй і прыстасаваны для ўспрымання істотных для дадзенага віду жывёлы сігналаў.
Адрозніваюць Р. ў выглядзе свабодных канцоў нерв. валокнаў, дыферэнцыраваных нерв канцоў, размешчаных у глыбіні тканак, і як ч. складаных сенсорных органаў. Большасць Р. — экстэрарэцэптары (органы слыху, зроку, нюху, смаку, дотыку), якія ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Інтэрарэцэптары сігналізуюць аб стане ўнутр. органаў (сэрца, лёгкія, лімфатычныя і крывяносныя сасуды і інш.) і апорна-рухальнага апарату (пропрыярэцэптары шкілетных мышцаў, звязак, сустаўных сумак). Адны Р. атрымліваюць інфармацыю на пэўнай адлегласці ад крыніцы раздражнення (дыстантныя), другія — толькі пры непасрэдным сутыкненні з ёй (кантактныя). У залежнасці ад віду ўспрымальнага раздражнення адрозніваюць: механарэцэптары (Р. органаў слыху і гравітацыі, тактыльныя, апорна-рухальнага апарату, барарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.); хемарэцэптары (Р. смаку і нюху, сасудзістыя і тканкавыя, адчувальныя да ўздзеяння хім. злучэнняў); фотарэцэптары (Р. органа зроку); тэрмарэцэптары (Р. скуры і ўнутр. органаў, што ўспрымаюць тэмпературныя ваганні, а таксама цэнтр. тэрмаадчувальныя нейроны); электрарэцэптары (электраадчувальныя Р. бакавой лініі). Усе Р. спецыялізаваны для рэцэпцыі адэкватных ім раздражняльнікаў. Іх функцыі ўзаемазвязаны праз ц. н. с. і з дапамогай кантактаў аднаго з адным. Дзейнасць Р. рэгулюецца ц. н. с.
У біяхіміі Р.наз. малекулы ці малекулярныя комплексы на паверхні клетак, здольныя распазнаваць спецыфічныя хім. групоўкі, малекулы ці інш. клеткі, звязваць іх і рэагаваць на ўзаемадзеянне канфармацыйнымі зменамі або перадачай сігналаў унутр. клеткі. Да рэцэптарных малекул належаць Р. гармонаў, вірусаў, таксінаў і інш.
Літ.:
Сергеев П.В., Шимановский Н.Л. Рецепторы физиологически активных веществ. М., 1987;
Внутриклеточная сигнализация. М., 1988;
Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэртыі г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.
Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.
У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, Г.Канчэлі, Дз.Смольскі, Я.Глебаў), узаемасувязі частак (І.Стравінскі, А.Веберн, Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Я.Цікоцкі, А.Мдывані, Дз.Смольскі, В.Кузняцоў, Ф.Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.Месіян, М.Аладаў, Л.Абеліёвіч, Мдывані, К.Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́,
традыцыйная ворная прылада. Выкарыстоўвалася ў лясной паласе Усх. Еўропы, Урала, Сібіры. На Беларусі С. з жалезным сашніком вядома з канца 1-га тыс. Паводле канструкцыі вылучаюць С.: палескую (літоўскую, падляшскую), віцебскую (рускую, перакладку), падняпроўскую (магілёўскую або беларускую). На ПдЗ Беларусі была пашырана палеская С., якая складалася з корпуса (рагача) са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расохі, плахі). Яна рабілася найчасцей з бярозы і мела раздвоены канец, на які набівалі жалезныя сашнікі. Была асіметрычнай: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). Падобнага тыпу С. вядома і на Укр. Палессі, польскім Падляшшы, літ. Аўкштайціі. У Панямонні сустракалася С. больш лёгкая, з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі. Замест дышля яна мела кароткі градыль, да якога прыстасоўвалі аглоблі для коннай запрэжкі. У Паазер’і шырока выкарыстоўвалі С. віцебскага тыпу з перакладной паліцай для коннай запрэжкі з аглоблямі. На Падняпроўі выкарыстоўвалася С. з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Конь запрагаўся ў пастронкі, што мацаваліся да канца аглабель. Даўжынёй пастронка рэгулявалася глыбіня ворыва. На Палессі бытавала і С. без паліц. У Цэнтр. Беларусі сустракалася і С. з адной паліцай. У 19 ст. ў Барысаўскім і Ігуменскім пав. на сугліністых глебах выкарыстоўвалі С. палескага тыпу (паўзуха), на пясчаных завалуненых і лясных глебах — лёгкую С. колавага тыпу, т.зв. дрынду, з вузкімі трубчастымі сашнікамі і амаль вертыкальна пастаўленай расохай. Такія С., відаць, былі пашыраны ў эпоху сярэдневякоўя, пра што ўскосна сведчаць знаходкі трубчастых сашнікоў у стараж. слаях (11—13 ст.) Полацка, Мінска, Друцка. У 19 ст. колавая С. без паліцы выкарыстоўвалася пры першым узорванні папару, а пры ворыве пад сяўбу — С. з шырокімі сашнікамі і адвальным прыстасаваннем. С. без паліц выкарыстоўваюць пры акучванні бульбы і ў наш час у паўн. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ВАЯЎНІ́ЧЫХ БЯЗБО́ЖНІКАЎ (СВБ),
масавая атэістычная арг-цыя ў СССР у 1925—47. Створаны ў крас. 1925 на з’ездзе карэспандэнтаў газ. «Безбожник» (1922—41), да чэрв. 1929 наз. «Саюз бязбожнікаў». Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. савет (нязменны кіраўнік Е.М.Яраслаўскі). Мэта — ідэйная барацьба з рэлігіяй ва ўсіх яе праявах праз фарміраванне ў грамадзян СССРматэрыяліст. светапогляду. Інш. друкаваныя органы: час. «Безбожник» (1925—41), «Антирелигиозник» (1926—41), «Юные безбожники» (1931—33) і інш. У 1940 СВБ налічваў каля 3,5 млн.чл., 96 тыс. ячэек на прамысл. прадпрыемствах, у калгасах і навуч. установах. З ім супрацоўнічалі вядомыя камуніст. дзеячы Н.К.Крупская, А.В.Луначарскі, І.І.Скварцоў-Сцяпанаў і інш. СВБ прапагандаваў прыродазнаўчыя навук. веды, вёў індывід.атэіст. работу з вернікамі, навук. даследаванні ў галіне атэізму і крытыкі рэлігіі, выдаваў навук.-папулярную л-ру, ствараў музеі і выстаўкі. Ў практыцы мясц. ячэек СВБ (асабліва ў першы перыяд) мелі месца і гвалтоўныя метады: закрыццё з дазволу або па ініцыятыве ўлад храмаў, акты вандалізму, дэманстратыўныя абразы пачуццяў вернікаў. На Беларусі з 1926 існаваў СВБ БССР як рэсп. аддзяленне (да 1929 — Саюз бязбожнікаў Беларусі). У ім удзельнічалі бел. вучоныя С.Я.Вальфсон, І.В.Герчыкаў, М.М.Нікольскі, У.І.Пічэта і інш. З 1929 пры Белдзяржвыдавецтве існавала секцыя выданняў СВБ БССР. У 1929 2-і з’езд СВБ СССР і ЦВКСССР крытыкавалі СВБ БССР за гвалтоўныя метады дзейнасці.
З сярэдзіны 1937 у выніку рэпрэсій палітычных пацярпелі многія кіраўнікі і актывісты СВБ, дзейнасць Саюза пачала набываць фармальны характар, пачаўся адток членаў. У пач.Вял.Айч. вайны ў 1941 дзейнасць СВБ спынена, у 1947 ён фармальна распушчаны, яго сродкі і функцыі па прапагандзе атэізму перададзены зноў створанаму Усесаюзнаму т-ву па пашырэнні паліт. і навук. ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,
манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл.Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс.чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс.мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.Л.Сабалеўскі, І.Я.Гурлянд і інш.Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.Р.Бывалькевіч, Л.М.Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел.нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.
Літ.:
Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;
Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс.км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт.вобл. Сіцылія, 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн.ч.крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм.цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ.цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ.цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст.цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.