КІНАЗНА́ЎСТВА,

галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.

К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.​Ланге, П.​Вегенера, Х.​Хефкера (Германія), Дж.​Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.​Кануда (Італія), В.​Ліндсея, Г.​Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.​Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.​Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.​Арнгайма, Э.​Панофскага, В.​Беньяміна (Германія), Х.​Рыда (Вялікабрытанія), Я.​Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.​Грырсан, П.​Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.​Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.​Аструк у Францыі і інш.). У італьян. К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.​Эйфр, А.​Ажэль, Р.​Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.​Базен, З.​Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.​Руш, К.​Маркер, М.​Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.​Даніёль-Валькроз, П.​Каст. Ф.​Труфо, Э.​Рамер, семіётыку кіно — Ж.​Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.​М.​Куасак, Т.​Рэлуі, Рота, М.​Бардэш, Р.​Бразіяк, Ж.​Садуль, Мітры і інш. У СССР дарэв. кіно вывучалі Б.​Ліхачоў, М.​Іезуітаў, С.​Гінзбург, М.​Лебедзеў і інш. Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.​Эйзенштэйн, Л.​Куляшоў, У.​Пудоўкін, Дз.​Вертаў, В.​Шклоўскі, Ю.​Тынянаў, А.​Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі, Вертава, Э.​Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, І.​Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.

У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».

Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял. Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АН БССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.​Красінскага, В.​Смаля, Г.​Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.​Бондарава, Л.​Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.​Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.​Нячай, Г.​Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.​Тарычу і У.​Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.​Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.​Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.​Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.​Бабковай, Л.​Саянковай, В.​Мядзведзевай, Н.​Агафонавай, І.​Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.​Зайцавай.

Е.​Л.​Бондарава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРАФІЯ

Першыя на Беларусі даследаванні па этнаграфіі, статыстыцы і рассяленні насельніцтва пачаліся ў 18 ст. Этнаграфічныя асаблівасці Беларусі ў канцы 18 ст. даследавала экспедыцыя Рас. АН пад кіраўніцтвам І.​І.​Ляпёхіна. У 19 ст. крыніцай звестак пра колькасць і дынаміку насельніцтва былі даныя рэвізій (рэвізскіх сказак), найб. дакладнымі лічаць звесткі рэвізій 1834, 1850, 1859, штогадовыя справаздачы губернатараў (зберагаюцца ў архівах, часткова апублікаваныя), даследаванні афіцэраў Генеральнага штаба. З 1857 губ. статыстычныя камітэты пачалі складаць штогадовыя ведамасці пра колькасць і склад насельніцтва па губернях, паветах, гарадах. У сярэдзіне 19 ст. складзены заўвагі да карт, апублікаваных у шматтомным выданні «Ваенна-гістарычны агляд Расійскай імперыі» (1843—52), дзе побач з інш. пытаннямі вывучалася насельніцтва ў яго сувязі з гаспадаркай. У 1860-я г. апублікаваны «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, складзеныя афіцэрамі Генеральнага штаба», у якіх грунтоўна разглядалася насельніцтва Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Смаленскай губ. У 2-й пал. 19 ст. дэмаграфічнымі даследаваннямі на тэр. Беларусі займаліся Паўночна-Заходні аддзел Рус. геаграфічнага т-ва (засн. ў 1867 у Вільні, для збору інфармацыі залучаў выкладчыкаў нар. вучылішчаў), сацыяльныя медыкі-гігіеністы А.​А.​Бекарэвіч, Л.​І.​Галынец, В.​В.​Кошалеў і інш. У 1920-я г. дэмаграфічныя даследаванні ў БССР пашырыліся, аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923, 1926. У 1923—28 праблемамі агульнай і мед. дэмаграфіі займаўся спецыяліст у галіне сац. гігіены і сан. статыстыкі Б.​Я.​Смулевіч (яго найб. вядомая манаграфія «Захворванне і смяротнасць насельніцтва гарадоў і мястэчак БССР», 1928). Асаблівасці натуральнага руху насельніцтва рэспублікі вывучаў статыстык Д.​М.​Паслаўскі, пытанні сям’і і шлюбу — С.​Я.​Вальфсон. У перыяд рэпрэсій 1930-40-х г. і Вял. Айч. вайны дэмаграфічныя даследаванні перапыніліся, адноўлены пасля перапісу 1959.

З 1963 у Вылічальным цэнтры пры Дзяржплане (пазней НДІ эканоміка-матэматычных метадаў планавання, цяпер НДІ Мін-ва эканомікі) праводзіліся дэмаграфічныя даследаванні пад кіраўніцтвам А.​А.​Ракава. У розныя гады тут працавалі А.​У.​Багдановіч, Л.​І.​Маськоў, А.​М.​Мацвеева, А.​Н.​Пешкава, С.​А.​Польскі, Я.​І.​Рубін, Л.​І.​Спіжанкоў, Л.​Я.​Ціханава, Л.​П.​Шахоцька і інш. Распрацоўвалася сістэма дэмаграфічных мадэлей і матэм. праграм для прагназіравання насельніцтва ў асобных рэгіёнах, абгрунтоўваліся асн. перадумовы і складаліся прагнозы насельніцтва рэспублікі, абласцей, гарадоў і раёнаў, вывучаліся праблемы суадносін эканам. развіцця і дэмаграфічных працэсаў, палітыкі народанасельніцтва, сацыяльна-эканам. аспекты нараджальнасці, смяротнасці і працягласці жыцця насельніцтва, яго старэнне, міграцыі. Вывучаліся праблемы вял. і малых гарадоў, сельскага насельніцтва і працэсаў урбанізацыі ў рэспубліцы. Аналізаваліся погляды розных школ сучаснай дэмаграфіі ў розных краінах. У 1969 апублікавана праца А.​А.​Ракава «Насельніцтва БССР», выдаюцца зб-кі «Праблемы народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў» (1970—76). У 1960—70-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі вывучаліся уплыў сац.-эканам. фактараў на міграцыю насельніцтва (А.​Н.​Пешкава), сістэмы гар. паселішчаў БССР метадамі матэм. статыстыкі (Г.​Ц.​Максімаў); на кафедры палітэканоміі Бел. політэхнічнага ін-та — праблемы развіцця сям’і, занятасці жанчын і нараджальнасці (І.​В.​Насонава, З.​М.​Юк); у БДУ — шлюбу і сям’і (М.​Р.​Юркевіч), тэр. даследаванні праблем народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў БССР (Б.​А.​Манак). Бел. медыкі-гігіеністы даследавалі асобныя праблемы дэмаграфіі і агульныя пытанні ўзнаўлення насельніцтва (А.​П.​Скалыжэнка), дзіцячую і перынатальную смяротнасць (М.​К.​Зубрыцкі); этнографы — праблемы міграцыі (Г.​А.​Каспяровіч). У 1980-я г. група дэмографаў на чале з А.​А.​Ракавым перайшла ў Ін-т эканомікі, пазней у Ін-т сацыялогіі АН Беларусі.

У сярэдзіне 1990-х г. створаны аддзел дэмаграфіі ў НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь (заг. аддзела Л.​П.​Шахоцька). Тут даследуюцца праблемы: дэмаграфічнае прагназіраванне, тэндэнцыі смяротнасці і працягласці жыцця, нараджальнасць і развіццё сям’і, праблемы дэмаграфічнай бяспекі, уплыў Чарнобыльскай катастрофы на дэмаграфічныя працэсы, распрацоўка дэмаграфічнай палітыкі, падрыхтоўка праграмы і аналіз вынікаў перапісу насельніцтва 1999, пытанні міграцыі, шлюбнасці, нац. і моўнай структуры насельніцтва, адукацыйны ўзровень насельніцтва, метадалагічныя пытанні пабудовы табліц шлюбнасці, смяротнасці насельніцтва і інш. (А.​У.​Бурачэўская, В.​А.​Крашэўская, Дз.​М.​Кудзелка, Л.​Ф.​Ляшковіч, А.​А.​Рубанава, В.​У.​Філіпава). Выдаюцца зб-кі прац ін-та «Актуальная статыстыка» (1999—2002). У 1990-я г. дэмаграфічнымі даследаваннямі займаліся таксама ў НДІ Мін-ва эканомікі (Г.​І.​Хмяльніцкая, Н.​М.​Прывалава), НДІ працы Мін-ва працы (Л.​М.​Анісаў, С.​С.​Ткачэнка), на геагр. ф-це БДУ (К.​А.​Анціпава, І.​В.​Загорац, Б.​А.​Манак, Л.​Дз.​Мельнікава). У Ін-це мацярынства і дзяцінства вывучаюцца мед. праблемы дзіцячай смяротнасці, уплыў вынікаў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе дзяцей (І.​А.​Ваніловіч). У Бел. дзярж. эканам. ун-це на кафедры статыстыкі вывучаюцца статыстычныя праблемы дзіцячай смяротнасці, гендэрныя праблемы (Н.​У.​Агабекава, Л.​І.​Карпенка). Этнадэмаграфічнымі даследаваннямі займаюцца: па г. Мінску Н.​Г.​Бялкоўская, па Віцебскай вобл. М.​І.​Бобрык; праблемамі гар. паселішчаў Брэсцкай вобл. — К.​К.​Красоўскі, дэмаграфічнага развіцця Гомельскай вобл. ў сувязі з вынікам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — А.​Г.​Злотнікаў.

Літ.:

Вольфсон С.Н. Социология брака и семьи. Мн., 1929;

Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;

Яго ж. Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974;

Яго ж. Демографические основы народохозяйствемного планирования Мн., 1990;

Пешкова А.Н. Миграция населения Белорусской ССР. Мн., 1970;

Юркевич Н.Г. Советская семья, функции и условия стабильности. Мн., 1970;

Юк З.М. Труд женщины и семья. Мн., 1975;

Польский С.А. Демографические проблемы развития. Мн., 1976;

Шахотько Л.П. Воспроизводство населения Белорусской ССР. Мн., 1985;

Яе ж. Население Республики Беларусь в конце XX века. Мн., 1996;

Яе ж. Экономическая демография. Перепись населения. Мн., 2002;

Демографическое развитие и трудовые ресурсы БССР. Мн., 1988;

Трудовой потенциал Белорусской ССР в условиях интенсификации. Мн., 1988;

Манак Б.А., Антипова Е.А. Экономико-географический анализ демографической ситуации и размещения населения на территории Республики Беларусь. Мн., 1999;

Тенденции заболеваемости, смертности и продолжительности жизни населения Республики Беларусь. Мн., 2003;

Трудовая миграция в СНГ: социальные и экономические эффекты. М., 2003.

Л.​П.​Шахоцька.

т. 18, кн. 2, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н (Washington),

горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс. ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн. ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.​Ф.​Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш. дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.

Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц. інж. П.​Ш.​Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.​Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.​Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.​Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.​Хобан, Б.​Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.​Ландзі), Нац. Культ. цэнтр імя Дж.​Кенэдзі (1971, арх. Э.​Д.​Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).

У Вашынгтоне асн. навук. арг-цыі ЗША: Нац. АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер. хім., Нац. геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.​Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш. Нац. Культ. цэнтр імя Дж.​Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.​Кенэдзі, сенатара Р.​Кенэдзі).

І.​В.​Загарэц (гаспадарка).

Да арт. Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІНІ́ЗМ,

від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.

Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.​Бальмы і М.​Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл. табл.).

Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.

На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.​Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.​Велянковай), В.​Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.

Літ.:

Хубер Г. Альпинизм сегодня: Пер. с нем. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Першаўзыходжанні на вышэйшыя вяршыні свету
Вяршыня, яе вышыня (м), назва горнай сістэмы Альпіністы Год узыходжання
Анапурна, 8078 (Гімалаі) М.​Эрцог, Л.​Лашэнель (Францыя) 1950
Джамалунгма (Эверэст), 8848 (Гімалаі) Э.​Хілары, Тэнцынг Наргэй (Вялікабрытанія) 1953
Нангапарбат, 8125 (Гімалаі) Г.​Буль (Аўстрыя) 1953
Чагары (К-2), 8611 (Каракарум) Л.​Лачадэлі, А.​Кампаньёні (Італія) 1954
Чо-Аю, 8153 (Гімалаі) Г.​Ціхі, С.​Іохлер (Аўстрыя) Пасанг Дава Лама 1954
Макалу, 8481 (Гімалаі) Ж.​Франко са спадарожнікамі (8 чал., Францыя) 1955
Канчэнджанга, 8597 (Гімалаі) М.​Бенд, Н.​Хардзі, Д.​Браўн, Т.​Стрэчэр (Вялікабрытанія) 1955
Манаслу, 8156 (Гімалаі) Т.​Дманісі, К.​Като, М.​Сігета (Японія), Гіяльцэн Нурбу 1956
Лхацзе, 8545 (Гімалаі) Э.​Рэйс, Ф.​Лусінгер (Швейцарыя) 1956
Гашэрбрум, 8035 (Каракарум) Ф.​Моравец, Г.​Віленпарт, С.​Ларх (Аўстрыя) 1956
Броўд-пік, 8047 (Каракарум) М.​Шмук, К.​Дзімбергер, Г.​Буль, К.​Вінтэршталер (Аўстрыя) 1957
Хідэн-пік, 8068 (Каракарум) П.​Шоенінг, А.​Каўфман (ЗША) 1958
Дхаўлагіры, 8172 (Гімалаі) А.​Шэльберт, К.​Дзімбергер і інш. (8 чал., Швейцарыя) 1960
Шыша-Пангма (Гасаінтан), 8013 (Гімалаі) Шу Чын, Ван Фучжоу і інш. (10 чал., Кітай) 1964
Да арт. Альпінізм. Удзельнікі беларускай экспедыцыі у Гімалаі. 1994.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),

навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб. вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.

З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.​Рэя, швед. К.​Лінея, франц. Ж.​Бюфона і Ж.​Б.​Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.​Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.​М.​Бэра, А.А. і У.​А.​Кавалеўскіх, І.​І.​Мечнікава, К.​Ф.​Рулье, А.​М.​Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.

На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст. Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.​У.​Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.​Ц.​Арзамасава, Г.​А.​Галкоўскай, Г.​Г.​Вінберга, М.​С.​Долбіка, П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, І.​К.​Лапаціна, В.​І.​Мержаеўскай, М.​М.​Пікуліка, Л.​М.​Сушчэні, І.​М.​Сяржаніна, Э.​І.​Хацько, Н.​М.​Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.

Літ.:

Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;

Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЕ́Р [Molière; сапр. Паклен (Poquelin) Жан Батыст; 15.1.1622, Парыж — 17.2.1673],

французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян. камедыі дэль артэ і франц. нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.​Б.​Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.​Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел. т-р імя Я.​Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.​Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.​Купалы, 1926; Гродзенскі абл. драм. т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм. т-р, 1935; т-р імя Я.​Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.​Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, 1940; рускі драм. т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел. т-р імя Я.​Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл. драм. т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.​Купалы, 1993, пер. Р.​Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).

Тв.:

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—87.

Літ.:

Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;

Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр. М., 1983;

Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;

Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

Г.​В.​Сініла, Г.​М.​Малей.

Мальер.

т. 10, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.

Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.

У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн. маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант. хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап. маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл. Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел. нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл. Адраджэнне нацыянальнае).

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова ўкраінцаў, дзярж. мова Украіны. Пашырана на Беларусі, у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Канадзе, ЗША і інш.

Вылучаюць 3 групы дыялектаў У.м.: паўд.-зах., паўд.-ўсх. і паўн.; у апошніх шмат агульных рыс з паўд.-зах. гаворкамі бел. мовы [дыфтонгі на месцы «ѣ», а таксама «е», «о» ў закрытым складзе пад націскам, цвёрдыя «р», «ц», сцягнутыя формы прыметнікаў (назоўны склон у ніякім і ж. р.), у м. р. ўжываюцца, як і ў бел. мове, скарочаныя формы — «чорни», «добри»]. У аснове літ. У.м. — паўд.-ўсх. дыялект. У фанетыцы стараж.-рус. «ѣ», а таксама «e» і «о» ў закрытых складах перайшлі ў «і», стараж. «і», «ы» супалі ў адным галосным «и»; захоўваецца рознае вымаўленне ненаціскных «a» і «о» (няма акання), спалучэнні «ръ», «лъ» перайшлі ў «ри», «ли» («кривавий», «глитати»; параўн. бел. «крывавы», «глытаці»); шыпячыя «ж», «ч», «ш» зацвярдзелі, губныя і «р» зацвярдзелі на канцы склада; спалучэнні шэрагу зычных з «j» Далі падоўжаныя мяккія зычныя «лл», «нн», «шш» і інш. («знання», «життя», «ніччю»), як і ў бел. мове; зычныя не памякчаюцца перад «е», «и», але памякчаюцца перад «і»; «ц» мяккае, апрача пазіцыі перад «е», «и», на месцы даўняга канцавога «л» ужываецца гук «ў» (графічна «в» — «ходив», «вовк»; параўн. бел. «хадзіў», «воўк»). Пры словазмяненні і словаўтварэнні захавалася чаргаванне «г», «к», «х» з «з», «ц», «с» у давальным і месным склонах; асобнае скланенне захавалі назоўнікі ніякага роду тыпу «теля — теляти»; у назоўным і вінавальным склонах прыметнікі маюць скарочаныя формы ў ніякім і ж.р. адзіночнага ліку і ў множным ліку; у спражэнні выкарыстоўваюцца будучы час незакончанага трывання («писатиму»), страчана «-т» у 3-й асобе адзіночнага ліку дзеясловаў 1-га спражэння («пише»). Асаблівасці сінтаксісу — безасабовыя сказы з гал. членам, выражаным нязменнай формаю дзеяслова на «-но», «-то» («коня купано»), іменны выказнік, выражаны формай вінавальнага склону з прыназоўнікам «за» («був у родині за старшого»), прыдзеяслоўныя канструкцыі з давальным склонам («дякувати йому»), вінавальным («зрадитикого, що») і інш. Лексіка У.м. блізкая да бел., аснову яе складаюць словы агульнаслав. паходжання. У літ. У.м. ёсць беларусізмы («дьоготь»), адпаведна ў бел. мове — украінізмы.

Разам з бел. і рус. мовамі развівалася са старажытнарускай мовы. У ранні перыяд свайго развіцця (14—15 ст.) У.м. працягвала традыцыі Кіеўскай Русі, але паступова, пад уплывам жывой мовы, пачала фарміравацца ў стараўкр. кніжную мову. Пісьмовыя помнікі У.м. вядомы з 14 ст. — граматы, Перасопніцкае евангелле 16 ст. Кнігадрукаванне пачалося з 2-й пал. 16 ст. Алфавіт створаны на аснове рус. графікі (32 літары), ужываюцца таксама літары «і», «ї», «є», апостраф. Літ. У.м. сфарміравалася ў канцы 18—19 ст. і канчаткова замацавалася ў творчасці Т.​Шаўчэнкі.

Літ.:

Сучасна українська літературна мова. Кн. 1—5. Київ, 1969—73;

Історія української мови. [Т. 1—3], Київ, 1978—83;

Курс історії української літературної мови. Т. 1—2. Київ, 1958—61;

Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік. Мн., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 16, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЛІ́ЗМ (франц. formalisme ад лац. formalis які адносіцца да формы),

1) перавага, якая аддаецца форме, а не зместу, у розных сферах чалавечай дзейнасці (гл. Змест і форма). У сферы міжасобасных адносін выяўляецца ў няўхільным прытрымліванні правіл этыкету, абрадаў, рытуалаў; у галіне сац. кіравання — у бюракратызме (гл. Бюракратыя).

2) Кірунак у асновах логікі і матэматыкі, прадстаўнікі якога сваёй гал. задачай лічылі абгрунтаванне гэтых дысцыплін шляхам іх пабудовы ў выглядзе вылучэнняў сродкамі спец. тэорыі — метаматэматыкі. Прынцыпы Ф. ў спалучэнні з ідэямі інш. кірункаў у асновах логікі і матэматыкі (напр., канструктыўнай матэматыкі) выкарыстоўваюцца для распрацоўкі праблем тэорыі доказаў.

3) Агульная назва кірункаў, плыней і тэндэнцый у маст. творчасці, эстэтыцы і крытыцы, якія абсалютызуюць маст. форму, прызнаюць яе самакаштоўнае, незалежнае ад зместу значэнне. Тэндэнцыі Ф. выяўляюцца ў крызісныя перыяды гісторыі сусв. мастацтва (напр., у познім элінізме, позняй готыцы, маньерызме, акадэмізме).

Фармалістычныя плыні і школы (футурызм, сюррэалізм, кубізм, абстракцыянізм, ташызм і інш.) аб’ядноўвае непрыняцце пазнавальнай і этычнай каштоўнасці мастацтва, культ ірацыяналізму, дэфармацыя натуральных форм, спробы стварыць замкнёны ў сабе свет рэальнасці. Ф. нярэдка вядзе да разбурэння маст. вобраза (у л-ры — ускладненасць і ломка мовы, алагізм і дэфармацыя сінтакс. структур; у т-ры — прыніжэнне ролі драматургіі, гранічная ўмоўнасць, схема; у выяўл. мастацтве — адвольнае канструяванне зрокавых форм, імкненне да дэкар. эфекту), у выніку чаго змястоўныя кампаненты фальклору, л-ры і інш. відаў маст. творчасці набываюць значэнне чыстай формы. У сав. мастацтвазнаўстве 1920-х г. пад Ф. разумелі сістэмы фармальнага метаду і аналізу, якія вывучалі маст. форму як самацэнны эстэт. фактар у мастацтве. З 2-й пал. 1920-х г. Ф. наз. мастацтва, дзе форма прэваліравала на зместам. У 1930-я г. сав. крытыка вяла барацьбу супраць Ф., які разглядаўся як антыпод сацыялістычнага рэалізму. З 1940-х г. тэрмін «Ф.» страціў навук. сэнс і стаў выкарыстоўвацца для дыскрэдытацыі маст. твораў, якія не адпавядалі сав. афіц. дактрынам.

У літ.-маст. крытыцы Беларусі ўпершыню паняцце Ф. выкарысталі публіцысты газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» і інш. выданняў для характарыстыкі маст. метаду сімвалізму, імпрэсіянізму, футурызму і інш. авангардысцкіх плыней у л-ры. Бел. крытыка і публіцыстыка пач. 20 ст. адмаўляла наяўнасць фармалістычных плыней і дэкадэнцтва ў л-ры нац. адраджэння. Пасля 1917 тэндэнцыі Ф. выявіліся ў пралеткультаўскіх устаноўках і авангардысцкіх плынях паэзіі, жывапісу, тэатральнага і інш. відаў мастацтва (гл. Пралеткульт, «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Сцвярджальнікі новага мастацтва»). Вульгарна-сацыялагічная крытыка канца 1920 — пач. 1950-х г. абвінавачвала ў Ф. пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў, якія імкнуліся да наватарства, вобразнай складанасці і пошуку новых выяўл. сродкаў. У сучаснай эстэтыцы крытыка Ф. страціла ранейшую актуальнасць, а гэтая плынь набыла пазітыўнае значэнне ў кантэксце мадэрнізму і постмадэрнізму.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;

Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 16, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)