АРДЫ́НШЧЫНА,
дзярж. падатак у ВКЛ у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. Накладвалася на воласць, горад ці мястэчка, спаганялася з мяшчан і сялян. У гады спагнання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў, як правіла, не збіраўся дзярж. падатак на патрэбы войска — сярэбшчына. У адрозненне ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай.
П.А.Лойка.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Арцём Іванавіч) (28.6.1891, с. Сернікі Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 2.11.1969),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра батальёна маёр Барычэўскі вызначыўся летам 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова, у баі пад Ваўкавыскам.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСФО́Р (тур. Karadeniz Bogazi, грэч. Bosporos),
праліў паміж Еўропай і Азіяй (п-аў Малая Азія). Злучае Чорнае і Мармуровае моры. Даўж. каля 30 км, шыр. ад 0,7 км да 3,7 км. Найменшая глыб. на фарватэры 33 км. У Басфоры — бухта Залаты Рог. Порт Стамбул (Турцыя). Праз Басфор пабудаваны аўтамаб. мост (даўж. каля 2,8 км).
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЯ́ЛЬ (ад грэч. bathys глыбокі),
батыяльная зона, зона марскога дна, якая ахоплівае глыб. 200—3000 м на мацерыковым схіле. Знаходзіцца паміж абісаллю і сублітараллю (гл. ў арт. Літараль). Характарызуецца слабай асветленасцю, нязначнымі ваганнямі т-ры і салёнасці вады. Сярод жывёл пераважаюць прадстаўнікі бентасу, шмат рыб. Расліннасць бедная. У батыялі намнажаюцца батыяльныя адклады.
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.
т. 3, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФІЯ,
харчаванне адных арганізмаў (біятрофаў) біямасай інш. арганізмаў; адна з формаў біятычных узаемаадносін у біяцэнозе. Забяспечвае перанос рэчыва і энергіі ад прадуцэнтаў (утваральнікаў першаснай прадукцыі) да кансументаў (біясінтэз другаснай прадукцыі) і рэдуцэнтаў. Біятрофія можа быць унутрыпапуляцыйнай (унутрывідавой) і міжпапуляцыйнай (у т. л. міжвідавой), мець характар драпежніцтва, паразітызму ці сімбіёзу. Гл. таксама Сапратрофы.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),
1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.
2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РКІ,
вадасховішча ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл., за 13 км на У ад г. Слуцк, каля в. Боркі. Створана ў 1984. Пл. 0,72 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 4 м. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з р. Слівянка па напорным вадаводзе. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎНІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага М.Браўна),
мінерал класа аксідаў, аксід марганцу, Mn2 + Mg63 + Si12. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі біпірамідальныя і інш. Агрэгаты зярністыя. Колер чорны ці сталёва-шэры. Цв, 6—6,5. Крохкі. Шчыльн. 4,7—4,9 г/см³. Паводле паходжання метамарфічны, радзей гідратэрмальны, іншы раз трапляецца ў скарнах. Важная марганцавая руда.
т. 3, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА (Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),
каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)