скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́НЕЎ-СЛАВЯ́НСКІ (сапр.Агрэнеў) Дзмітрый Аляксандравіч
(19.12.1836, або 1834, Масква — 23.7.1908),
рускі спявак (тэнар), харавы дырыжор. Арганізатар і кіраўнік хору «Славянская капэла» (1868), з якім канцэртаваў па Расіі і за мяжой. У праграмах былі і бел.нар. песні («Чаму ж мне не пець», «Ці не дудка мая» і інш.). Адыграў значную ролю ў прапагандзе слав.муз. фальклору, хоць маст. якасці некат. яго запісаў і апрацовак, адбор нар. песень крытыкаваліся знаўцамі музыкі.
Літ.:
Локшин Д.Л. Замечательные русские хоры и их дирижёры. 2 изд. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАХО́ЎСКІ (Хрыстафор) (? — 1661),
ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,
1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз.дазвол.
2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛО́Ў,
1) здабыча жывымі пэўнай колькасці дзікіх жывёл для навук. даследаванняў, заапаркаў і заасадоў, утрымання ці развядзення ў няволі, рассялення за межамі дадзенага рэгіёна (у мэтах акліматызацыі ці рэакліматызацыі).
2) Здабыча жывёл (пераважна млекакормячых і птушак) у прамысл. мэтах з дапамогай спец. прыстасаванняў і прылад: цянётаў, гонаў і інш. сетак, самалоўных пастак, садкоў, лоўчых ям і інш. Для многіх відаў жывёл адлоў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. заканадаўстваў, магчымы толькі ў межах вылучаных квот або на падставе выдадзеных прыродаахоўнымі органамі ліцэнзій; адступленне ад іх лічыцца браканьерствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.
Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРО́Д,
1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.
2) Бел.нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 35 км на Пн ад Лагойска, 74 км ад Мінска, 60 км ад чыг. ст. Смалявічы, на шашы Мінск—Віцебск. 103 ж., 51 двор (1994). Лясніцтва, сярэдняя школа.
У 1770 мястэчка ў Барысаўскім пав. У 1798 пісар ВКЛ М.Валовіч заснаваў драўляны касцёл. У 1880 мястэчка Прусавіцкай вол., 268 ж., касцёл, 3 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага р-на, у 1926—35 цэнтр нац. польскага сельсавета. З 1962 у Лагойскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАПЯ́Н (Акоп) (29.5.1866, г. Гянджа — 13.11.1937),
армянскі паэт.Нар. паэт Арменіі і нар. паэт Грузіі (1923). З гімназіі выключаны за вальнадумства. Удзельнік рэв. руху ў Закаўказзі, неаднойчы быў арыштаваны. Заснавальнік армянскай пралетарскай паэзіі. Першы зб. «Вершы» (1899). Паэмы «Новы ранак» (1909), «Чырвоныя хвалі» (1911) прысвечаны рэв. руху ў Закаўказзі. Асн. матыў паэзіі 1920—30-х г. — рамантыка сацыяліст.буд-ва (паэмы «Багі загаварылі», 1922; «Шыр-канал», 1924; «Волхаўбуд», 1925; «Горад», 1931).
Літ.:
Манукян С. Акоп Акопян: Критико-биогр. очерк: Пер. с арм.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл.Комплексныя злучэнні).