ТАМА́САЎСКІ ПРАЦЭ́С,

сталеплавільны працэс, разнавіднасць канвертарнага працэсу. Вынайдзены С.​Дж.Томасам у 1878. Выкарыстоўваўся для перадзелу высокафосфарыстага (1,6—2% фосфару) вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем праз яго акісляльных газавых сумесей (сціснутага паветра, кіслароду, сумесі кіслароду з вуглякіслым газам і вадзяною параю і інш.). Прамысл. выкарыстанне пачалося з 1879 у Вялікабрытаніі, Германіі. Да сярэдзіны 1970-х г. у большасці краін выцеснены кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРБІДЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. turbidus мутны + ...метрыя),

метад колькаснага аналізу, заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці святла, аслабленага пры яго праходжанні праз суспензію аналізуемага рэчыва. Вымярэнні праводзяць з дапамогай колераметраў ці спектрафатометраў. Разнавіднасць Т. — турбідыметрычнае цітраванне, пры якім даследаванае рэчыва цітруюць растворам асаджальніку. Пункт эквівалентнасці знаходзяць па максімуму памутнення. Т. выкарыстоўваюць для аналітычнага вызначэння іонаў сульфітаў, фасфатаў, хларыдаў, сульфідаў і інш. Гл. таксама Нефеламетрыя.

т. 16, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ВУС, парша,

грыбковае захворванне скуры, валасоў і пазногцяў. Заражэнне адбываецца пераважна пры непасрэдным кантакце з хворым на Ф., праз прадметы, якімі ён карыстаўся. Прыкметы: на валасістай ч. галавы з’яўляюцца чырв. запаленчыя ачагі і круглыя жоўтыя корачкі, якія лушчацца; пазней утвараецца суцэльная сухая корка. Пад коркай скура галавы атрафіруецца, робіцца тонкай, бліскучай, гінуць валасяныя цыбуліны. Ф. прыводзіць да аблысення. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІ́ЛІЯ (лац. familia сям’я),

у Старажытным Рыме сямейная гаспадарча-юрыд. адзінка, якая аб’ядноўвала ўсіх членаў сям’і, што паходзілі па мужчынскай лініі ад аднаго родапачынальніка або ўвайшлі праз шлюб ці ўсынаўленне. Улада галавы сям’і распаўсюджвалася на ўсю Ф., у т. л. на маёмасць і рабоў. Члены Ф. аб’ядноўваліся дамашнім культам. Ф. наз. таксама род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́РЫХСКАЕ ВО́ЗЕРА (Zürichsee). У Швейцарыі, каля паўн. падножжаў Гларнскіх Альпаў. Размешчана ў стараж.-ледавіковай катлавіне на выш. 406 м. Пл. 88,5 км³, даўж. 40 км, шыр. 1—4 км, глыб. да 143 м. Падзелена на 2 ч. касой і чыг. дамбай. Сцёк праз р. Лімат у р. Аарэ (прыток Рэйна). Суднаходства. Рыбалоўства. Курорты. На паўн. зах. беразе — г. Цюрых.

Цюрыхскае возера.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАМЯЛЫ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Чамялы. Створана ў 1954 у пойме р. Шчара. Пл. 1,26 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 1,25 км, найб. глыб. 1,8 м, аб’ём вады 1,83 млн. м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 375 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 5,1 км. Наліўное: напаўняецца вадой праз шлюзы з Даманаўскага вадасховішча пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЕ́Ц, Копань,

рака ў Беларусі і Расіі, на мяжы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 132 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Ключагорская Гарадоцкага р-на, цячэ праз воз. Існа, упадае ў воз. Вялікае Свіно з Пн, каля в. Чухіліна Гарадоцкага р-на. Цячэ па лясістай мясцовасці.

т. 17, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРУ́ЗІЯ (ад позналац. extrusio выштурхванне), шпрыцаванне палімераў,

спосаб атрымання вырабаў або паўфабрыкатаў з пластычных мас і гум выцісканнем матэрыялу праз канал прафілюючага інструменту (экструзійнай галоўкі). Гэтым метадам перапрацоўваюць да 50% усіх тэрмапластаў, а таксама гумавыя сумесі. Найб. пашырана ў экструдэрах (шпрыц-машынах). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плёнак, труб, шлангаў, аўтамаб. камер, пры накладанні эл. ізаляцыі на правады, кабелі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎКЛІ́ДАВА ПРАСТО́РА,

прастора, уласцівасці якой вызначаюцца аксіёмамі эўклідавай геаметрыі. У больш агульным сэнсе — л-мерная вектарная прастора, у якой для кожнай пары вектараў x і y ставіцца ў адпаведнасць сапраўдны лік — скалярны здабытак (х, у) гэтых вектараў, праз які вызначаюцца модулі (даўжыні) вектараў, вугал паміж вектарамі, а таксама ўводзіцца паняцце артаганальнасці (вектары лічацца артаганальнымі, калі іх скалярны здабытак роўны нулю).

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРЫ ГОДА, феналагічныя змены ў прыродзе.

Вясна. Пачаткам ранняй вясны і цёплага перыяду (з 15 сак. на ПдЗ і з 30 сак. на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння. У асобныя гады (1 раз у 10 гадоў) вясна можа наступаць на 15—17 дзён раней ці пазней сярэдніх дат. За апошняе дзесяцігоддзе 20 ст. ў выніку пацяплення клімату сярэдняя дата пераходу т-ры праз 0 °C адзначаецца на 25—28 дзён раней за шматгадовыя даты. У перыяд ранняй вясны днём сонечна, растае снег (адліга), адтайвае глеба, з’яўляюцца першыя праталіны. Назіраецца набраканне кветкавых пупышак у асобных відаў хмызнякоў (ваўчаягада, брэднік), адрастанне шматгадовых ягаднікаў і зацвітанне першацветаў (падбелу). Прылятаюць шпакі, жаваранкі, прачынаюцца мурашкі, асобныя віды мух, дробныя матылі. У паніжэннях рэльефу і на цяжкіх сугліністых глебах, асабліва ў паўн.-зах. раёнах, узнікаюць ачагі пашкоджання азімых ад вымакання. Пачаткам ажыўлення вясны (з 5 на ПдЗ і з 20 красавіка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра вышэй за 5 °C; супадае з поўным раставаннем снегу і адтаваннем глебы. Пачынаецца рух сокаў у лісцевых дрэў. Памяншаецца воблачнасць, больш становіцца ясных дзён. Пачынаюць пыліць ляшчына звычайная, вольха, зацвітае ваўчаягада, прарастае трава, адрастаюць парасткі ў хмызняку. Прылятаюць дразды, заранкі, пеначкі. Павышаецца актыўнасць пчол, чмялёў, матылёў. Настае мяккапластычны стан глебы, які вызначае пачатак веснавых палявых работ і апрацоўкі глебы; верхні пласт глебы (10 см) праграецца да 5 °C, складваюцца аптымальныя запасы вільгаці ў глебе, што вызначае пачатак сяўбы ранніх яравых культур. Пачаткам разгару вясны або актыўнай вегетацыі с.-г. раслін (з 25 крас. на ПдЗ і з 5 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C у бок павышэння. Супадае з разгортваннем лісця ў большасці дрэў, хмызнякоў. Заканчваецца цвіценне першацветаў, аднаўляецца актыўная жыццядзейнасць раслін і жывёл. Пачынаюць пыліць таполі, цвітуць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У лесе інтэнсіўны спеў птушак. Павелічэнне сонечнай радыяцыі спрыяе с.-г. работам, ідзе пасадка бульбы, гародніны, дэкар. раслін.

Лета. Пачаткам лета (з 10 мая на Пд і з 18 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок павышэння. Супадае з зацвітаннем хвоі і рабіны звычайнай, дрэвы поўнасцю ўкрыты лісцем. У лесе заканчваецца цвіценне елкі еўрапейскай і дуба звычайнага. Выспявае і рассейваецца насенне кісліцы, квітнеюць травяністыя расліны ў дубровах, хвойніках, цвіце большасць збожжавых, шыпшына, маліна. Пара расплоджвання жывёл, актыўнасці камароў, выкормлівання птушанят. Поўным летам (з 23 мая па 1 верасня на Пд і з 7 чэрвеня па 24 жніўня на Пн) лічаць перыяд з устойлівай сярэднясутачнай т-рай паветра вышэй за 15 °C (самы цёплы перыяд года). Пачатак супадае з выспяваннем пладоў лясных суніц. Перыяд вегетацыі, плоданашэння. Пара сенакосу, нарыхтоўкі кармоў, збору ягад і грыбоў, уборкі збожжавых. Насякомыя вельмі актыўныя. У канцы паяўляюцца першыя пажоўклыя лісты. Пачаткам спаду лета (з 2 верасня на Пд і з 25 жніўня на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры ніжэй за 15 °C. Супадае з выспяваннем брусніц, пажаўценнем бярозы павіслай. Выспявае насенне елкі, дуба звычайнага. ляшчыны, другасна цвітуць лугавыя травы. Ночы больш доўгія і халодныя, раніцы халаднаватыя. Паяўляюцца першыя замаразкі на глебе. Птушкі збіраюцца ў вырай, вядуцца ўборачныя работы, высяваюцца азімыя, збор брусніц і грыбоў.

Восень. Пачаткам восені (з 20 вер. на Пд і з 11 вер. на Пн — залатая восень) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок паніжэння. Супадае з выспяваннем журавін. Канец вегетацыі ў большасці раслін, акрамя шматгадовых. У паветры замаразкі. Масавая ўборка бульбы. Птушкі адлятаюць у вырай. Разгар грыбнога сезона. У ласёў шлюбны перыяд. Амаль штогод «бабіна лета». Пачаткам глыбокай восені (з 3 кастрычніка на ПдЗ і з 21 верасня на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра ніжэй за 10 °C. Супадае з лістападам лісцевых дрэў, з поўным пажаўценнем лістоўніцы і лісця ў клёна. Ападае і рассейваецца насенне ў дрэў і хмызнякоў, заканчваецца цвіценне восеньскіх кветак, узыходзіць рунь. Адлятаюць вадаплаўныя птушкі. З Пн прылятаюць снегіры. Жывёльны і расл. свет рыхтуецца да зімы. Часцей замаразкі, імжыць дождж, выпадае першы снег. Пачаткам зазімку (з 30 на ПдЗ і з 20 кастрычніка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачных т-р паветра праз 5 °C у бок паніжэння. Супадае з канцом лістападу ў вольхі, лістоўніцы, клёна, рабіны лясной. Дрэвы амаль поўнасцю агаляюцца. Частыя і інтэнсіўныя замаразкі.

Зіма. Пачаткам зімы (з 30 на ПдЗ і з 15 лістапада на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу праз 0 °C да адмоўных сярэднясутачных т-р. Супадае з масавым ападаннем пладоў ліпы і глогу. Частыя адлігі. Паяўляюцца першыя льдзінкі на вадаёмах. Падсезон глыбокай зімы (перыяд з 25 снежня па 20 лютага на ПдЗ і з 13 снежня па 4 сакавіка на ПнУ) лічаць перыяд з сярэднясутачнай т-рай паветра ніжэй за -5 °C. Самы халодны і доўгі з падсезонаў. Супадае з глыбокім прамярзаннем глебы, макс. намнажэннем снегу. У цёплыя зімы, калі бываюць частыя і інтэнсіўныя адлігі, устойлівае снегавое покрыва на Пд Беларусі не ўстанаўліваецца. У перыяды рэзкай змены т-ра паветра (ад адліг да моцных маразоў) церпяць азімыя і пладова-ягадныя культуры. У маласнежныя зімы і ў спалучэнні з нізкімі адмоўнымі т-рамі (-15 °C і ніжэй) зрэджваюцца азімыя культуры і шматгадовыя травы. Пры вельмі нізкіх т-рах (ніжэй за -30 °C) магчыма іх вымярзанне. Пачаткам прадвесня — канец зімы (з 20 лютага на ПдЗ і з 5 сакавіка на ПнУ) лічаць устойлівы пераход сярэднясутачных т-р праз -5 °C у бок павышэння. Расце сонечная радыяцыя. часцей адлігі, днём капеж. Зрэдку ствараюцца ўмовы для выправання азімых культур.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)