НА́ЧА,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Нача. Цэнтр сельсавета і племзавода «Нача». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, 232 км ад Брэста. 698 ж., 280 двароў (2000). Цэх па вытв-сці воцату. Сярэдняя школа, філіял Ляхавіцкай муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (1810—15).
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
А.І.Ерашоў.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ АСМА́НЫ»,
удзельнікі тайнай паліт. арг-цыі «Таварыства новых асманаў», засн. у 1865 тур. інтэлектуаламі Намык Кемалем, Зія-беем, Алі Суаві і інш. Выступалі за канстытуцыйны лад у Асманскай імперыі і ажыццяўленне рэформ па мадэрнізацыі краіны. Да «Н.а.» быў блізкі Мідхат-паша, які ў 1876 дамогся прыняцця першай тур. канстытуцыі. Пасля фактычнай адмены Абдул-Хамідам II канстытуцыі ў 1878 падвергліся рэпрэсіям. Пераемнікамі «Н.а.» сталі младатуркі.
т. 11, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАХЭ́,
рака на ПнУ Кітая. Даўж. (ад вытокаў р. Сіляахэ) 1430 км, пл. басейна 231 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на стыку Вял. Хінгана і Жэхэ, цячэ па раўніне Сунляо, упадае ў Ляадунскі зал. Жоўтага м. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 630 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Вадасховішчы Дахафан, Эрлуншань. Суднаходная ад г. Чжэнцзятунь. У вусці — марскі порт Інкоў.
т. 9, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ШЧА,
ручай у Мастоўскім і Ваўкавыскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Рось (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Вадазбор нізінны, пл. 62 км². Пачынаецца на Пд ад в. Калядзічы Ваўкавыскага р-на, у нізоўі цячэ па лясістай мясцовасці, праз воз. Немнішча, упадае ў р. Рось за 1,9 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Пойма ў вярхоўі забалочаная. Рэчышча часткова каналізаванае.
т. 12, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛЬВА,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Літ.:
Н.И.Горбачевский / Сост. Л.Л.Толкачева. Мн., 1991.
т. 5, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕЭКАЛАГІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 10 лабараторый, 2 аддзелы, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: радыяцыйныя праблемы навакольнага асяроддзя; стварэнне метадаў, абсталявання і прылад для вырашэння задач па зніжэнні ў рэспубліцы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС). Распрацаваны метады аналізу аварыйных працэсаў на ядзерна- і радыяцыйнабяспечных аб’ектах; рэкамендацыі па стварэнні бяспекі тэр. Беларусі пры аварыях на аб’екце «Укрыццё» разбуранага энергаблока ЧАЭС; камплект нарматыўна-метадычнай дакументацыі для дзярж. спецыялізаваных прадпрыемстваў па абследаванні і дэзактывацыі аб’ектаў, забруджаных у выніку катастрофы на ЧАЭС. Створана сістэма нагляду за міграцыяй радыенуклідаў з пунктаў пахавання на тэр. Беларусі адходаў дэзактывацыі і вызначаны іх уплыў на радыеэкалагічнае становішча; методыка комплекснай ацэнкі радыяцыйна-хім. ўздзеяння прыродных і антрапагенных забруджвальнікаў на навакольнае асяроддзе.
М.Л.Жамжураў.
т. 7, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),
бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
А.В.Белы.
т. 9, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБА (сінгальскае Каламбу),
сталіца Шры-Ланкі. 2026 тыс. ж. (1993). Марскі порт у вусці р. Келані (90% імпарту і каля 50% экспарту краіны). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў Шры-Ланкі: харч. (па перапрацоўцы чаю, алейні), гарбарна-абутковыя, суднарамонтныя, па перапрацоўцы каўчуку; мех. майстэрні, 2 нафтаперапр., шынны з-ды, сталепракатны цэх. Млынкамбінат. Рамёствы па вырабах з металаў і высакародных камянёў. АН (з 1976). Дзярж. ун-т, Будыйскі ун-т. Нац. музей, галерэя мастацтваў.
Упершыню згадваецца ў 5 ст., у сярэднія вякі вядомы пад назвай Калантота, важны гандл. цэнтр у бас. Індыйскага ак. Пры партуг. панаванні (16—17 ст.) пабудаваны ваен. форт (1520). У 1656 заваяваны галандцамі. З 1796 каланізаваны англічанамі, з 1815 адм. ц. іх калоніі Цэйлон. З 1948 сталіца дзяржавы Цэйлон, з 1972 — Рэспублікі Шры-Ланка.
т. 7, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)