ЛІ ДАЧЖА́О (6.1.1888, прав. Хэбэй, Кітай — 28.4.1927),

кітайскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Бэянскую паліт.-юрыд. школу ў г. Цяньцзінь (1913). З 1915 удзельнік руху за новую кіт. культуру, супрацоўнічаў з час. «Сінь цыннянь» («Новая моладзь»), дзе прапагандаваў ідэі марксізму. З 1918 заг. б-кі Пекінскага ун-та. Праф. У 1919 ідэйны кіраўнік, адзін з арганізатараў руху «Чацвёртага мая». У 1920 стварыў у Пекіне т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). Кіраўнік паўн.-кіт. бюро КПК. У 1924 адыграў важную ролю ў аб’яднанні КПК і гаміньдана ў адзіны рэв. фронт. 3 крас. 1926 у падполлі. Арыштаваны і пакараны смерцю паўн.-кіт. мілітарыстамі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРТЫ́ЗМ,

палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.​Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, a М. паступова згас.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛАН ((Macmillan) Гаральд) (10.2. 1894, Лондан — 29.12.1986),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це. Паліт. дзейнасць пачаў у 1924 як дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У 1940—45 займаў шэраг пасад ва ўрадзе У.Чэрчыля. З 1951 на міністэрскіх пасадах у кансерватыўных урадах Чэрчыля і Э.Ідэна, у т. л. міністр абароны (1954—55), замежных спраў (1955), фінансаў (1955—57). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1957—63. Пры ім Вялікабрытанія дала незалежнасць Гане (1957), Нігерыі, Кіпру (1960), Ямайцы (1962), інш. краінам і тэрыторыям, падпісала дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963. Саўладальнік выд-ва «Макмілан паблішэрз». Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1966—73).

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦАТА́КІС ((Mitsotakis) Канстанцінас) (н. 18.10.1918, г. Ханья, Грэцыя),

грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Афінскі ун-т. Удзельнік руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1946—67 дэп. парламента. З 1963 міністр фінансаў, з 1965 на інш. міністэрскіх пасадах. У час ваен. дыктатуры (1967—74) двойчы зняволены (1967, 1973—74). жыў у эміграцыі ў Парыжы. У 1977 заснаваў Неаліберальную партыю, якая ў 1980 злілася з партыяй Новая дэмакратыя. З 1977 зноў дэп. парламента. З 1978 міністр каардынацыі і планавання ва ўрадзе К.​Караманліса, з 1980 міністр замежных спраў, выступаў за членства Грэцыі ў Еўрап. эканам. супольніцтве. У 1984—93 старшыня партыі Новая дэмакратыя. У 1990—93 прэм’ер-міністр Грэцыі.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.​Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Герман) (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.​Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.—чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́Д»,

газета, орган Бел. сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел. нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел. вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.​Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.​Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.​А.​Любіч-Маеўскага, ліст А.​Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.​Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.​Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУА́БІ (Ngouabi, N’Gouabi) Марыян (31.12.1938, Амбеле, Рэспубліка Конга — 18.3.1977), палітычны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Конга. Скончыў ваен. школу ў Бразавілі (1958), вучыўся ў ваен. вучылішчы ў Парыжы (1961—62). У 1958—60 у франц. калан. войсках. У 1962—68 на камандных пасадах у кангалезскай арміі. Пасля ваен. перавароту 31.7.1968 абвешчаны старшынёй Нац. савета рэвалюцыі. Ініцыятар стварэння Кангалезскай партыі працы (КПП), на яе 1-м з’ездзе (1969) выбраны старшынёй ЦК, прэзідэнтам і кіраўніком Дзярж. савета Нар. Рэспублікі Конга, галоўнакамандуючым Кангалезскай нар. арміяй. Забіты тэрарыстам.

Літ.:

Ульяновский Р.А. Мариан Нгуаби // Политические портреты борцов за национальную независимость. М., 1983;

Пономаренко Л.В. Мариан Нгуаби // Деятели национально-освободительного движения: Полит. портреты. М., 1989. Вып. 1.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЭЛЬ-БЕ́ЙКЕР ((Noel-Baker) Філіп Джон) (1.11.1889, Лондан — 8.10.1982),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Барон (з 1977). Чл., з 1946 старшыня Лейбарысцкай партыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—35. З 1924 праф. у галіне міжнар. адносін Лонданскага ун-та. Удзельнік летніх Алімп. гульняў 1912, 1920, 1924 і 1928 (лёгкаатлет). У 1928—31 і 1936—70 дэп. палаты абшчын. У 1945—51 дзярж. міністр, міністр па справах Садружнасці; выступаў за міжнар. раззбраенне. Аўтар кніг «Ліга Нацый у дзеянні», «Раззбраенне» (абедзве 1926), «Гонка ўзбраенняў: праграма сусветнага раззбраення» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1959.

Ф.Ноэль-Бейкер.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)