ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы органЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.​Радзівіл, І.​Вайніловіч, памешчык К.​Навамейскі, граф А.​Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.​Кжыжаноўскі, А.​Пліхта, В.​Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.​Гружэўскі, І.​Завіша, Я.​Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.​Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.

Літ.:

Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;

Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНУА́ТУ (Vanuatu),

Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах. ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс. км². Нас. 165,9 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).

Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс. км²), Малекула (2 тыс. км²), Эраманга (1 тыс. км²), Эфатэ (0,9 тыс. км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн. нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс. чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.

Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.

Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.​Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.​Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.​К.​Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.​М.​Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш. Гал. гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.

Літ.:

Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Вануату.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),

Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс. км². Нас. 1072 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. органНац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.

Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.

Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г. тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар. рэв. сілы). У 1972 Спец. к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.​Кабрал (брат забітага А.​Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац. нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.

У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.

Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал. харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс. т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На У гал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс. т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВтгадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс. км, у т. л. 2,7 тыс. км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс. км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн. дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн. дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гвінеі-Бісау.
Да арт. Гвінея-Бісау. Гай какосавых пальмаў на захадзе краіны.
Да арт. Гвінея-Бісау. Порт Бісау.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.​Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР,

падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы органПаліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.​С.​Конеў (1955—60), А.​А.​Грэчка (1960—67), І.​І.​Якубоўскі (1967—76), В.​Г.​Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.

Літ.:

Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;

Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.​Д.​Камкоў, М.​А.​Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. органгаз. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.

Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.​Салаўёва, В.​Перахода, М.​Збіткоўскага, С.​Мельніка, В.​Палянскай, І.​Сяржаніна, А.​Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.​Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.​Азбукін, Дз.​Даўтяла, Я.​Крукоўскі, Д.​Васілеўскі, Я.​Сяргеенка, В.​Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.​Уладзіміраў, Я.​Троська, Ю.​Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.​Каспяровіч, А.​Немцаў, М.​Мялешка і інш., звычаёвае права — І.​Бонч-Асмалоўскі, Р.​Парэчын, нар. медыцыны — К.​Гурвіч, А.​Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.​Шашалевіч (А.​Мрый), Т.​Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.​Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.​Сосіса, Г.​Аляксандрава, В.​Скардзіса, К.​Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),

1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.​І.​Леніна і ЦК РСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл. парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.

2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.​К.​Уладзіміраў. У вер. 1905 парт. арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр. к-т РСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп. к-т РКП(б).

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)