1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).
2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.
М.Ф.Раманюк.
Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,
жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш.народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́,
народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл.Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл.Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-тЕўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная рэв.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ (Леў Мікалаевіч) (1.10.1912, г. Пушкін, Расія — 16.6.1992),
рускі гісторык, географ. Сын М.С.Гумілёва і Г.А.Ахматавай. Д-ргіст.н. (1962), д-ргеагр.н. (1974), акад. Пятроўскай АН і мастацтваў (1992), акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944). З 1956 працаваў у Эрмітажы, з 1962 у Ін-це геаграфіі пры Ленінградскім ун-це. Стварыў вучэнне пра чалавецтва і этнасы як біясац. сутнасці, абгрунтаваў права на жыццё этналогіі (раней у сав. навуцы адмаўлялася як умоўная і няпэўная); аўтар ідэі аб біяэнергет. дамінанце этнагенезу — пасіянарнасці, якую тлумачыў як падсвядомую біял. здольнасць людзей да звышнапружанняў. Прыхільнік еўразійства. Працы па гісторыі цюрк., манг., слав. і інш.народаў Еўразіі. У 1930—50-я г. рэпрэсіраваны, 14 гадоў правёў у месцах зняволення. Міжнар. фонд «Свет Л.М.Гумілёва» (Gumilev’s Word Fund) — незалежнае навук., выдавецкае, асв. і культ.-філас. аб’яднанне, з 1994 ажыццяўляе выпуск твораў «Свет Гумілёва» ў 20 т.
Тв.:
География этноса в исторический период. Л., 1990;
Из истории Евразии. М., 1993;
Этносфера: История людей и история природы. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),
качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаўПаўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх.Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах.Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.
В.С.Пазднякоў.
Да арт.Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Маскве,
цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаўСССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.А.Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.С.Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.Р.Раманава і братоў Я. і К.Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.Скарыны (84 экз.), С.Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.