вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп.значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБІ́СКУС (Hibiscus),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп.значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).
Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,
раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.
Літ.:
Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,
клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л.біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл.Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Расціслаў Уладзіміравіч) (7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),
рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1969).
Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр.ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял.т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял.значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.Грывіцкас, А.Лапауры, Н.Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.
Літ.:
Ивашнев В.И., Ильина К. В.Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Конрад («Карсар» А.Адана). Вял.значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),
хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст.значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.А.Моцарта, А.Скарлаці, Дж.Расіні, Л.Дэліба, Дж.Вердзі, М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.Аляксеевай, Н.Гайды, М.Гулегінай, Н.Гусельнікавай, Л.Златавай, Л.Колас, Д.Кроз, Т.Кучынскай, Г.Лукомскай, Л.Лют, Т.Ніжнікавай, Т.Пастунінай, А.Шведавай, К.Ясінскай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШ,
старажытны горад (цяпер гарадзішча Ахеймір) у Іраку, на ПнУ ад Вавілона. Узнік у канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. на месцы стараж. пасяленняў. У 28 ст. да н. э. цэнтр 1-га аб’яднання плямён шумераў, у 27 ст. да н. э. ў барацьбе з г.Урук страціў сваё вяршэнства. У 27—25 ст. да н. э. правіцелі К. імкнуліся ўтрымаць гегемонію ў Паўн. Шумеры. У 24 ст. да н. э. зруйнаваны шумерскім царом Лугальзагісі, адноўлены акадскім царом Сарганам. Пазней страціў сваё значэнне, быў правінцыяльным цэнтрам Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў, Парфянскага царства і дзяржавы Сасанідаў. У выніку археал. даследаванняў (1912 і 1923—32) выяўлены руіны палаца (28—25 ст. да н. э.), некропаль (2-я чвэрць 3-га тыс. да н. э.) з вял. колькасцю керамікі і бронзавай зброі, будынкі акадскай эпохі, архіў клінапісных дакументаў (пач. 3—1-га тыс. да н. э.).
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат В.С.Курачкіна. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію (1854). З 1860 супрацоўнік час.«Искра». У 1861 прыцягнуты да тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1847 (пераклады). Рэдагаваў час. «Иллюстрация» (1861—62), «Книжный вестник» (1865—67), альманах «Неўскі зборнік» (1867), вёў бібліягр. аддзел «Отечественных записок» (1868—74) і інш., у якіх змяшчаў артыкулы на грамадска-паліт. тэмы, крытычныя агляды, рэцэнзіі, фельетоны, гумарыстычныя вершы, драм. сцэны. Аўтар аповесці «Непаразуменне» (1850). Пераклаў працу П.Прудона «Мастацтва, яго асновы і грамадскае значэнне» (1865, у сааўт.), вершы Т.Шаўчэнкі, В.Альф’еры, Дж.Джусці, Дж.Леапардзі, А.Барб’е, Ш.Бадлера і інш., камедыю Р.Кастэльвекіо «Вясковая школа» (1868), драму Л.Камалеці «За манастырскай сцяной» (1874) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГА́Ш,
старажытная дзяржава ў Шумеры, на тэр. сучаснага Ірака. Паселішчы на месцы Л. існавалі з канца 5-га тыс. да н.э., пісьмовыя ўпамінанні адносяцца да 26—2 ст. да н.э. У 26—24 ст. да н.э. Л. кіравала дынастыя, заснаваная Ур-Наншэ, якая дасягнула найб. магутнасці пры царах Эанатуме і Энтэмене. Узмацненне ролі жрацоў, закабаленне імі свабодных абшчыннікаў прывяло да росту нар. незадаволенасці і захопу ўлады Уруінімгінам (24 ст. да н.э.), які абвясціў шэраг сац. рэформ. У 24 ст. да н.э. Л. заваяваны царом Акада Сарганам Старажытным. Новы ўздым Л. адбыўся пры цару Гудэа (22 ст. да н.э.). З пач. 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне. З 1877 раскопкі Л. вялі франц. археолагі Э. дэ Сарзек, Г.Крос, А. дэ Жэнуяк і А.Паро. Імі знойдзены такія помнікі, як «Стэла каршуноў», надпісы Уруінімгіны, статуі і надпісы Гудэа, архіў храма багіні Бабы (Бау).