ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКАМІЦЭ́ТЫ (Discomicetes),
група парадкаў сумчатых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. Вядома каля 6 тыс. відаў з 6 парадкаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 44 віды з парадкаў гелацыяльныя, пецыцыяльныя, труфелевыя, фацыдыяльныя. Сапратрофы, актыўныя разбуральнікі раслінных рэшткаў. Мікарызаўтваральнікі. Ёсць паразіты раслін (напр., склератынія). Ядомыя смаржок, страчок, труфелі.
Пладовыя целы (апатэцыі) з раскрытым адразу або ў стадыі спеласці гіменіем, які знаходзіцца пераважна на ўвагнутай паверхні (дыску); сядзячыя ці на ножках, часта ярка афарбаваныя (чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя і інш.), ад амаль непрыкметных да буйных (да 26 см). Марфал. асаблівасці апатэцыяў — важная таксанамічная прыкмета Сумкі большасці Д. выцягнута-авальныя, перамяжоўваюцца з простымі ці разгалінаванымі парафізамі (стэрыльныя ніткі). Сумкаспоры пераважна аднаклетачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),
адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэміківоз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.
Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЦЫ (Cecidomyiidae),
сямейства насякомых падатр. даўгавусых двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на раслінах у галах (адсюль назва), гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі найб. вядомыя галіцы парэчкавыя (3 віды), галіца малінавая сцябловая (Lasioptera rubi), гесенская муха і інш.
Даўж. 1—5 мм. Падобныя да камароў. Ногі доўгія, тонкія. Жылкаванне крылаў спрошчанае. Дарослыя звычайна не кормяцца, жывуць да 20 сутак. Лічынкі верацёнападобныя, зрэдку ярка афарбаваныя; у прымітыўных відаў галіцы развіваюцца ў рэштках раслін, якія гніюць, у вышэйшых — у тканках раслін і выклікаюць галы. Лічынкі зімуюць у глебе. Шкодзяць сельскай і лясной гаспадарцы, некаторыя карысныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЮ́ХА, гарчак жоўты (Picris),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Міжземнамор’і і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку ў лясах, хмызняках, на лугах, як пустазелле на палях трапляецца гарлюха ястрабковая (P. hieracioides) і як рэдкая занесеная расліна каля дарог — гарлюха цвёрдая (P. rigita).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. Да 1 м. Лісце цэльнае, чаргаванае, падоўжана- або эліпсоідна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных на канцы сцябла ў парасона- ці шчыткападобныя мяцёлкі Плод — сямянка з чубком. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, крыху слабіцельны і болепатольны сродак) і меданосныя расліны; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,
травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.
У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭРЭ́НЫ (Procapra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (P. gutturosa), Дз.Пржавальскага (P. przewalskii), Дз. тыбецкі (P. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.
Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),
кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.
Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д. называюць таксама некаторыя інш.віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д., кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́НТАВЫЯ (Raphidae),
сямейства птушак атр. голубападобных. 2 роды, 3 віды: дронт звычайны, або дода (Raphus cucullatus), белы (R. apterornis) і пустэльнік (Pezophaps solitaria). Вынішчаны паляваннем, завезенымі свойскімі жывёламі і макакамі. Былі пашыраны на Маскарэнскіх а-вах (Індыйскі ак.), дода на в-ве Маўрыкій (апошнія звесткі ў 1681), белы на в-ве Рэюньён (вымер каля 1750), пустэльнік на в-ве Радрыгес (канец 18 ст.). У некат. музеях (Оксфард, Капенгаген, Масква і інш.) зберагліся шкілеты і асобныя часткі цела пераважна доды.
Маса да 20 кт (дода). Галава вял., дзюба кручкаватая. Крылы маленькія, пер’е кароткае. 4 пальцы. Неслі 1 яйцо. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,
прадпрыемства гатунковага шклянога посуду і высокамастацкіх вырабаў. Засн. ў 1756 А.Мальцовым у г. Гусь-Хрустальны (Расія, б.з-д А.Мальцова); тут упершыню ў Расіі пачалі вырабляць хрусталь. Асн. прадукцыя канца 19 — пач. 20 ст. — вырабы з бясколернага і каляровага шкла (з размалёўкай і залачэннем), хрусталю (з алмазнай гранню і гравіроўкай), вазы з 2—3-слойнага хрусталю) з траўленнем, 1950-х г. — выдзіманыя шклянкі для гарбаты і віна, 1960-х г. — свінцовы хрусталь. На з-дзе ствараюць розныя віды хрусталёвых вырабаў — сувеніры, дэкар. кампазіцыі і інш.
Да арт.Гусеўскі хрусталёвы завод. Я.Рогаў. Дэкаратыўны набор. 1968.