МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),

аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).

М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.​Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.​Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.​Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.​Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.

Літ.:

Микроскопы. Л., 1969.

У.​М.​Сацута.

Схема аптычнага мікраскопа: 1, 2 — акуляры; 3 — прызма; 4 — аб’ектыў; 5 — прадметны столік; 6 — кандэнсар; 7, 9 — дыяфрагмы; 8 — люстэрка; 10 — лінза; 11 — крыніца святла (лямпа).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),

нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.

Літ.:

Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.

Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг. літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б. Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел. нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Крык на хутары;

Кветкі правінцыі. Мн., 1998;

Вясёлыя, бедныя, багатыя: Камедыі. Мн., 1998.

А.​В.​Спрынчан.

Г.В.Марчук.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,

тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.​Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.​Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж. акад. т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.​М.​Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.​Лядаў, Э.​Напраўнік, М.​Малько; спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, В.​Пятроў, Б.​Штокалаў, Г.​Кавалёва; танцоўшчыкі Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская, В.​Ніжынскі, Г.​Паўлава, Г.​Уланава, М.​Барышнікаў, І.​Бельскі, Г.​Комлева, Н.​Кургапкіна, Н.​Макарава, Р.​Нурыеў; балетмайстры М.​Петыпа, М.​Фокін, Ф.​Лапухоў; мастак А.​Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.​Агнавенка, М.​Ахотнікаў, І.​Багачова, Я.​Гарахоўская, Ю.​Марусін, К.​Плужнікаў, Л.​Філатава; артысты балета А.​Асылмуратава, К.​Заклінскі, А.​Куркоў, В.​Ліхоўская, Ю.​Махаліна, Ф.​Рузіматаў і інш. Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).

Літ.:

Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.​М.​Кирова. Л., 1976;

Мариинский — вчера, сегодня, всегда... СПб., 1993.

Будынак Марыінскага тэатра.
Марыінскі тэатр. Сцэна з балета «Раймонда» А.​Глазунова.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫ́,

горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. 18,5 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. [ а думку некат. даследчыкаў (А.​С.​Себасцьян, М.​Ф.​Спірыдонаў), у дакуменце мелася на ўвазе сучасная в. Правыя Масты, а ўласна М. ўзніклі ў пач. 20 ст.]. Пасля 1589 валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. У 17 ст. мястэчка атрымала некат. прывілеі паводле магдэбургскага права; праводзіліся 2 кірмашы штогод, значнае месца ў гандлі займаў лес (аж да 20 ст.), які сплаўлялі па Нёмане. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1897—2633 ж. Да 1907 злучаны чыгункамі з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв., у 1927 засн. фанерны з-д Канапацкіх. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне 2681 чал. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1949 гар. пасёлак, з 1955 горад. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не. У 1970—11,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр. (Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат), лёгкай і харч. прам-сці. Мастоўскі музей «Лес і чалавек». Брацкія магілы: сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял Айч. вайну.

Літ.:

Мараш Я.Н., Ковкель И.И., Себастьян А.С. Мосты: Ист.-экон. очерк. Мн., 1986.

І.​І.​Коўкель.

Да арт. Масты. Забудова ў цэнтры горада.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,

архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.​Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.​С.​Амельянюка (1980, скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.​Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах рас. пісьменніка К.​Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.​Каліноўскага (скульпт. В.​Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.​Буралкін, арх. А.​Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.​С.​Амельянюка.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,

месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.

Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс. м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.

Літ.:

Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (сапр. Мяснікян, парт. і літ. псеўд. Ал.Мартуні, Бальшавік; 9.2.1886, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.3.1925),

рэвалюцыянер, сав. парт. і дзярж. дзеяч, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады ў Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У рэв. руху з 1904, чл. РСДРП з 1906. З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Мінску, чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, чл. Мінскага Савета, Мінскага к-та РСДРП(б). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газ. «Звязда» (са жн. 1917). Дэп. Устаноўчага сходу па Мінскай акрузе. З вер. 1917 старшыня Паўн.-Зах. к-та РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. ВРК, у ліст. 1917 галоўнакамандуючы Зах. фронту, у снеж. — в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З ліст. 1917 нарком ваен. аддзела, са студз. 1918 старшыня Аблвыкамзаха. Пасля акупацыі Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Паўн.-Зах. абл. к-т РКП(б) у Смаленску. У маі—ліп. 1918 камандуючы Паволжскім фронтам, У Часовым рабоча-сялянскім урадзе БССР (з 1.1.1919) быў наркомам па ваен. справах, нам. старшыні СНК, старшынёй ЦВК. Летам 1920 нач. палітупраўлення Зах. фронту. З восені 1920 ваен. арганізатар, сакратар Маскоўскага к-та РКЛ(б), з 1921 старшыня СНК і нарком па ваен. справах Арм. ССР, з 1922 старшыня Саюзнага Савета ЗСФСР, потым 1-ы сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). Чл. ЦБ КП(б)Б у 1919, чл. Прэзідыума ЦК КП(б)ЛіБ у 1919—20. Чл. РВС СССР, чл. Прэзідыума ЦВК СССР у 1923—25. Аўтар артыкулаў па пытаннях марксісцкай тэорыі, гісторыі рэв. руху, арм. л-ры. Загінуў у авіяц. катастрофе.

І.​П.​Хаўратовіч.

А.Ф.Мяснікоў.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАВУ́КА І ТЭ́ХНІКА»,

кніжна-часопіснае выдавецтва Беларусі ў 1924—96. Засн. ў Мінску пры Інбелкульце. З 1929 у складзе АН Беларусі. З 1932 наз. «Выдавецтва Акадэміі навук БССР», з 1963 — «Н. і т.». Выпускала навук., навук.-папулярную, маст., даведачную л-ру, часопісы. Выдавала кнігі і брашуры на бел., рус., польск., яўр., літ., лат. мовах. Выпусціла зборы твораў М.​Багдановіча (т. 1—2, 1968; т. 1—3, 1991—95), Я.​Купалы (т. 1—7, 1972—76), М.​Лыпькова (т. 1—8, 1981—85), манаграфіі пра жыццё і творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Крапівы і інш. У ліку фундаментальных даследаванняў: «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94), «Музычны тэатр Беларусі» (1990), шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (1970—93) і інш. Выпускала часопісы «Доклады Академии наук Беларуси», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Инженерно-физический журнал», «Дифференциальные уравнения», «Журнал прикладной спектроскопии» і інш. Мела друкарню імя Ф.​Скарыны. У 1996 на базе выд-ва «Н. і т.» створана выд-ва «Беларуская навука».

Л.​І.​Пятрова.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГІ́БІН (Юрый Маркавіч) (3.4.1920, Масква — 17.4.1994),

рускі пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1939—42). У 1943—45 ваен. карэспандэнт газ. «Труд». Друкаваўся з 1940. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Чалавек з фронту» (1943), «Зімовы дуб» (1955), «Перад святам» (1960), «Пагоня. Мяшчэрскія былі» (1963), «Завулкі майго дзяцінства» (1971), «Востраў любові» (1977), «Рака Геракліта» (1984), «Устань і ідзі» (1987) і інш. тэмы вайны і працы, успаміны дзяцінства, лёсы сучаснікаў, людзей рус. мастацтва і замежныя сустрэчы. Аўтар аповесцей «Бунташны востраў», «Цемра ў канцы тунэля», «Мая залатая цешча» (усе 1994), рамана «Дафніс і Хлоя эпохі культу асобы, валюнтарызму і застою» (апубл. 1995), артыкулаў пра л-ру і кіно (кнігі «Роздумы пра апавяданне», 1964; «Літаратурныя роздумы» 1977, і інш.), кн. «Дзённік» (апубл. 1995), кінасцэнарыяў па ўласных творах і інш. Пісаў для дзяцей. Творчасць Н. адметная драматызмам маральных пошукаў, лірычным светаўспрыманнем, дакладнасцю дэталей. Неаднаразова наведваў Беларусь, выступаў з артыкуламі пра вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, пра парад бел. партызан у Мінску ў ліп. 1944. Паводле яго аповесці «Старонкі жыцця Трубнікава» (1963) пастаўлены фільм «Старшыня» (1965; правобраз гал. героя — старшыня калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобл. К.​П.​Арлоўскі), аповесці «На ціхім возеры» (1963), прысвечанай нарачанскім рыбакам, Бел. студыя тэлебачання паставіла фільм «Запруда» (1967) і інш. Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі паставіў п’есу «Бабскае царства» (1984, паводле яго аднайм. аповесці). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі З.​Машкевіч, Ф.​Янкоўскі.

Тв.:

Соч. Т. 1—11. М., 1989—93;

Любовь вождей: Повести. Рассказы. М., 1994.

Літ.:

Богатко И. Юрий Нагибин. М., 1980;

Холопова В.Ф. Парадокс любви: Новеллистика Ю.​Нагибина. М., 1990.

Ю.М.Нагібін.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)