дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пдз Балгарыяй, на Зз Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і Уз Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м.Пл. 237,5 тыс.км². Нас. 22 411,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г.Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст.адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.
Прырода. Каля 2/3тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд.Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУНіжнедунайская раўніназ далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн.р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. 89,5% румыны; зінш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў зПаўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э.асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн.Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст.н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх.ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час.Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах.ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс.н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх.ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст.венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст.Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст.Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст.самаст.феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн.Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт.Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.
Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст.тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛпад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам зцэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр.Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.Дз.Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на 2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.І.Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.К.Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.
У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч.тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн.чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс.чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны зСССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль II [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці зПактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс.сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн.га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі зпаліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум.Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл.Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л.з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум.камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд.дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл.ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл.Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.М.Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш.Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац.прафс. канфедэрацыя «Альфа».
Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс.дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн.чал. сталі ўласнікамі 2/3с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн.т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд.м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн.т кам., 4,3 млн.т каксавальнага, 23,4 млн.т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн.кВт∙гадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн.т чыгуну і 6,3 млн.т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс.т), цынку (25,6 тыс.т), медзі (19,1 тыс.т), алюмінію (164 тыс.т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн.т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс.т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн.м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс.м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс.т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн.т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс.т мяса, 36,1 тыс.т маргарыну, 7 тыс.т масла, 37 тыс.т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн.га зямель, у т. л. 9,7 млн.гапад ворывам, 5 млн.гапад пашай. Арашаецца каля 3 млн.га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн.с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс.т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс.т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс.км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л.з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд.дол., імпарт 9,6 млрд.дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд.дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн.дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс.чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс.чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс.чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс.чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж.мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч.г. ў Р. каля 14 тыс.пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж.ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж.ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум.АН, Цэнтр.дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр.паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум.АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.М.Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.
Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л.слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг зцарк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.Урэке, М.Касціна, І.Некулчэ, К.Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.К.Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.Міку-Клейн, Г.Шынкай, П.Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум.л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.Будай-Дэляну. У пач. 19 ст.з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады ззах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.Асакі і І.Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.Александры, М.Эмінеску, Дз.Балінтыняну, В.Кырлава, К.Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс.сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.Кагэлнічану, А.Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.Філімона, творы І.Л.Караджале, Дж.Кошбука, І.Крангэ, І.Славіча, Б.Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.Л.Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.Садавяну, І.Агырбічану, Л.Рэбрану, К.Петрэску, Ч.Петрэску, Г.Пападат-Бенджэску, Дж.Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.Мачэдонскі), пантэізм (Л.Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет.л-ра (проза А.Сахіі, Дж.Богзы, паэзія М.Бенюка, Э.Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.Петрэску, Ч.Петрэску, З.Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.Паповіча, М.Прэды, Э.Барбу, паэзія М.Бануш, Р.Баўрану, драматургія А.Барангі, Х.Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.Р.Папеску, Ф.Нягу, Н.Веля, паэты Н.Стэнеску, М.Сарэску, А.Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.Бэнулеску, Нягу, А.Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.
На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, М.Танка, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Г.Далідовіча, В.Іпатавай і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.Ткачоў, Г.Шаранговіч, У.Лапцёнак, Я.Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.Дынеску, Крангэ, Д.Крэснару, Кэлінеску, Г.Маярэску, І.Мірчы, Паповіча, М.Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.Стайчэску і перакладчык Т.Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.Бачыла, Т.Бондар, А.Бутэвіч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Законнікаў, У.Казбярук, М.Мятліцкі, В.Нікіфаровіч, П.Прыходзька, Я.Семяжон і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры звенг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння зпач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). Зпач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г.арх. І.Мінку звярнуўся да традыцый рум.нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.Чэркез, І.Д.Берындзей, А.Сэвулеску, Н.Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.Крангэ, Д.Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац.т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар.арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст.пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст.пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.Маўльберч, І.Н.Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.М.Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.Палкоўнікула, Г.Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.Негуліч, Б.Іскавеску, Т.Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.Д.Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.Грыгарэску, І.Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету здэмакр.нац. ідэаламі (Ш.Лук’ян, Г.Петрашку, Т.Паладзі, К.Рэсу, Ш.Дымітрэску, Н.Таніца, Ф.Шырата, Дз.Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.Пачура), неакласіцызму (І.Жаля, О.Хан, К.Медра), сімвалізму (К.Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.Жыкідзі, І.Рос, Н.Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.Баба, М.Бунеску, Х.Катарджы, А.Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.Піліуцэ, Б.Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.Геаргіў, В.Алмэшану), сюррэалізму (С.Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.Шару, В.Мэрджынян, І.Сэлішцяну, І.Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.Ангела, Р.Ладзі, Б.Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.Віды, Ю.Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.Ірымеску, З.Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.Раду, Г.Іліеску, І.Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш.Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.Лэўтару, Н.Піку, Г.Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.Парумбеску, В.Хірка, Л.Віст. Вызначальнай стала опера Э.Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.Музічэску, Г.Дыма, Д.Кірыяк-Джарджэску, Г.Куку, Я.Мурэшыяну, І.Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.Кіпрыяка, Т.Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр.т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.Дымітрэску, Х.Даркле, М.Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.Жора, жанру інстр. канцэрта — П.Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.Драгой, Дз.Куклін, А.Мендэльсон, І.Думітрэску, А.Зіра, М.Андрыку, пазней С.Тадуцэ, П.Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар.муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.Бугіч, А.Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.Сільвестры, А.Рацыў, М.Марбе, Ш.Нікулеску, Т.Олах, А.Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.Александрэску, М.Басараб, Дж.Джарджэску, Т.Рагальскі, Сільвестры, Э.Эленеску, піяніст Дз.Ліпаты, скрыпачы І.Войку, Ш.Руха, спевакі Г.Зобіян, Т.Лукачу, Э.Петрэску, М.Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.Балан, З.Ванча, Р.Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.
Тэатр. Вытокі рум.т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес.т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял.т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум.т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.Негруцы, В.Александры, М.Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.Міла) і рамант. (К.Караджале, М.Паскалі) кірунках. У 1877 засн.Драм.т-вапрафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст.рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.Маналеску, А.Раманеску, К.Натара, А.Пруцяну, пазней — іх вучні А.Дэметрыядэ, Т.Буландра і Л.Стурдза-Буландра, Г.Сторын і інш. На нац.тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.Л.Караджале, які ўзняў рум.сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.П.Хашдэў, А.Давілы, Б.Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац.т-ра П.Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац.т-ра) паўплывала творчасць А.Антуана і К.Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац.т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.Петрэску, Дж.Замфірэску, В.Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.Вентура, З.Саарэ, М.Філоці, М.Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.І.Попа, А.Майкан і інш. У 1920—30-я г.рум.т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.Давідоглу, Х.Лавінеску, А.Баранга, А.Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум.нац.т-р імя І.Л.Караджале, Рум.т-р імя Л.Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.Беліган, Х.Папеску, Л.Чулей, Л.Джуржэску, Р.Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.Рыняну, В.Сілвестру, М.Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-ттэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя І.Л.Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг.тэатр.ін-т імя С.Іштвана.
Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.Міхаілам і Ж.Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.Строе, В.Васілаке), экранізаваная камедыя І.Л.Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.Брату («Тудор», 1963), А.Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна зСССР), М.Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.Піца («Філіп добры», 1975), Л.Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.Агырбічану (рэж. М.Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна зСССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.Труйка, С.Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.Іліешу, Ц.Месараш, Дж.Сегал; лепшыя акцёры — М.Албулеску, Д.Алцяну, М.Барбу, І.Бесою, Ю.Дарые, Г.Дынікэ, Д.Канстанцін, М.Паганат, С.Паповіч, А.Пеля, І.Петрэску, Ф.П’ерсік, В.Рэбенджук, С.Стэнкулеску, І.Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.Грыгарэску, Д.Папеску, Паповіч, П.Сэлкудзяну, М.Геаргіў, В.Іліў, І.Кантакузіна, Е.Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-ттэатр. і кінамастацтва імя І.Л.Караджале.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;
Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;
Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр.М., 1960;
Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;
Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;
Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;
Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.А.Левашэвіч А.А.Ляўшэвіч (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Н.І.Марозава (асвета), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.У.Валадковіч (музыка).
Герб і сцяг Румыніі.Да арт.Румынія. Горад Брашоў.Да арт.Румынія. Пасёлак у Карпатах.Да арт.Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.Да арт.Румынія. У Паўднёвых Карпатах.Да арт.Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.Да арт.Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.Да арт.Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.Да арт.Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.Да арт.Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.Да арт.Румынія. Т.Паладзі. Ваза са сланечнікамі.Да арт.Румынія. К.Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БА (Cuba), Рэспубліка Куба (República de Cuba),
дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс.км²), Хувентуд (2,2 тыс.км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс.км². Нас. 11 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.—кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб. — р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.
Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб.шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс.ж. (1994). Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.
Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. Зпач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас.З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. стала вытв-сцьцукр. трыснягу, якая ў 1850 давала 1/3сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс.чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп.калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл.Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанамападваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.М.Гомесе (1909—13), М.Менакалі (1913—21), А.Саясе (1921—25), Х.Мачада (1925—33), Ф.Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.
У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі зСССР і інш.сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (зкастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г.СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр.прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл.вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-г. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн.га, у т. л. арашальных зямель 1 млн.га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн.га, у т. л.падцукр. трыснягом 1,5 млн.га, пад тытунём 70 тыс.га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс.га, пад рысам 200 тыс.га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс.га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн.тцукр. трыснягу, каля 0,5 млн.т рысу, каля 1 млн.т цытрусавых, каля 50 тыс.т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс.т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр.з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн.т цукру-сырцу, потым вытв-сць стала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн.т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс.т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс.т, хромавай руды — 14 тыс.т, меднай — 2 тыс.т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн.т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд.кВт∙гадз (у 1990—14,7 млрд.кВт∙гадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр.з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс.т. (1995, асн.з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс.чал., даход склаў 1 млрд.дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс.км, у т. л. каля 15 тыс.кмз цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс.км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн.дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд.дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б.СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс.чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс.чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс.чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс.чал. у пагран. войсках.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн.навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр.ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-тг. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн.ін-т імя Хасэ А.Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш.Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш.Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.
Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп.паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.Варэла-і-Маралес, Х.А.Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.М.Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.Гомес дэ Авельянеды, А.Суарэса-і-Рамера, С.Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв.кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт.зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.Бальягаса, Х.С.Тальета і інш., проза Л.Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.Піта Радрыгес, А.Х.Кардоса і інш.).
У 1959 створана грамадска-літ.арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.Салера Пуіга, Л.Атэра Гансалеса, М.Кафіньё і інш., паэтаў М.Навара Луны, Э.Дыега, С.Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.Фернандэс Рэтамар, Ф.Хаміс, Л.Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Х.Жычкі і інш.
Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, зунутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. Зпач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г.арх. А.Кінтана, А.Радрыгес Пічарда, А.Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар.буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.Рэбельён, Р.М.Франка, Ф.Салінас, Р.Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.
Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст.пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.Х.Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.Б.Вермая). У 1818 у Гаване засн.АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.Сіснерас, В.Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.Раманьяч, Р.Лой) і скульптура (Х.Х.Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап.маст. кірункаў (жывапісцы Э.Авела, А.Гаторна, К.Бермудэс, М.Карэньё, скульптар Д.Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.Гансалес, Р.Кінтана, Р.Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.Кабрэра Марэна, О.Янес, А.Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.
Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы змуз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сесілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.Саўмель Рабрэда, І.Сервантэс Каванаг, Н.Р.Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.Ардэваль, А.Граматхес, Э.Марцін, А.Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж.муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.Бланка, К.Фарыньяс, Л.Браўэр і інш. Сучасная прафес.муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.Уайт, К.Х.Д.Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.Гансалес Манцічы, М.Дучэсне Кусан, Р.Санчэс Ферэр, піяніст С.Цьелес, гітарысты Л.Браўэр, Х.Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.Банегас, Х.Парэс, Л.Араўха. Працуюць: Нац.сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац.т-ра, Квартэт імя А.Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз.ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.
Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана зісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважна ісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.Каваруўяса. Фарміраванне нац.т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л.т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар.т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.Марці, Ф.Гарсіі Лоркі, А.Чэхава, Ж.П.Сартра, Х.Брэне, Э.Кінтэра, Х.Трыяны, Р.Ферэра, А.Эстарына.
Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г.рэж. Э.Д.Кеседа і Р.Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.Івенс (Нідэрланды), Р.Кармэн, М.Калатозаў, С.Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв.дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.Солас) фільмаў.
Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.Ф.Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.Альварэс, О.Вальдэс, П.Вега, Х.Дыяс, Ф.Перэс, М.Флейтас, Б.Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.А.Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.Андрэус, М.Бальмаседа, А.Віньяс, С.Вуд, Д.Гранадас, С.Клакстан, А.Легра, Р.Міравальес, Э.Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».
Літ.:
Очерки истории Кубы. М., 1978;
Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;
Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;
Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;
Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;
Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Герб і сцяг Кубы.Да арт.Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.Да арт.Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.Да арт.Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.Да арт.Куба. Будынак Дома-музея Э.Хемінгуэя ў Гаване.Да арт.Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.Да арт.Куба. Ганчар за работай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ 1941—45
Напярэдадні вайны. З канца 1940 пагроза нападу фаш. Германіі на СССР усё больш нарастала. Міжнар. адносіны, а таксама сітуацыя на сав.-герм. мяжы былі напружанымі і нават пагражальнымі. Вясной 1941 Ген. штабам Чырв. Арміі сумесна са штабамі ваен. акруг і флатоў быў распрацаваны план абароны дзярж. граніцы. Асаблівая ўвага аддавалася ўмацаванню новай граніцы ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне. Вырашана пабудаваць там новыя ўмацаваныя раёны; на працягу 470 км пагранічнай паласы Беларусі прадугледжвалася буд-ва 550 дотаў і 990 умацаванняў палявога тыпу, новых і мадэрнізацыя старых аэрадромаў. На Брэсцкім напрамку пачалося буд-ва 15, на Беластоцкім — 12 аэрадромаў. Пашыраліся і мадэрнізаваліся стратэг. важныя чыг. вузлы і лініі. Дапамогу ваен. будаўнікам аказвалі дзярж. органы БССР, мясц. ўлады. Для буд-ва Брэсцкага ўмацаванага раёна ў сак.—крас. 1941 было накіравана 10 тыс.чал. цывільнага насельніцтва і 4 тыс. падвод, на буд-ве ваен. аэрадромаў, якое вялося сіламі Беларусі пад кіраўніцтвам ваен. інжынераў, працавалі 160 тыс. рабочых. Насельніцтва прыгранічных раёнаў рэспублікі сабрала і даставіла на буд. пляцоўкі ваен. аб’ектаў 707 тыс.м³ камянёў. 14.5.1941 ЦККП(б)Б заслухаў і абмеркаваў даклад каманд. войскамі Зах. асобай (Беларускай) ваен. акругі ген. арміі Дз.Р.Паўлава «Аб абставінах на граніцы і стане войск акругі» і прыняў рашэнне аб найхутчэйшым завяршэнні буд-ва 100 аэрадромаў, умацаваных раёнаў, устараненні недахопаў у справе прывядзення ў стан мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, калгасаў, МТС і насельніцтва, павышэнні ўвагі да патрэб войск.
Пачатак вайны. Вайна, якую развязала фаш. Германія супраць Сав. Саюза, працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 ням. паветраныя флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі. Усё гэта разам складала 5,5 млн.чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4300 танкаў і штурмавых гармат, 4980 баявых самалётаў і інш.СССР у 5 зах.ваен. акругах меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн.чал.), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1457 новых танкаў КВ і Т-34, 1570 баявых самалётаў новых тыпаў.
Вял. шкоду абараназдольнасці краіны нанеслі рэпрэсіі 1937—38, калі загінула ці была зняволена значная колькасць вопытных камандзіраў Чырв. Арміі, выдатныя канструктары ваен. тэхнікі, кіраўнікі ваен. прам-сці, інж.-тэхн. работнікі. Замест рэпрэсіраваных на высокія ваен. пасады прызначаліся маладыя камандзіры, у якіх не было неабходных ведаў і вопыту. Былі дапушчаны і стратэг. пралікі: найб. небяспечным напрамкам лічыўся паўд.-зах. — Украіна, а не зах. — Беларусь, на якім гітлераўскае камандаванне ў чэрв. 1941 увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і ваен.-паветр. сілы. Напярэдадні і ў пачатку вайны на тэр. Беларусі былі размешчаны 44 сав. дывізіі (з іх 18 танк. і матарызаваных), а на Украіне 80 дывізій (з іх 30 танк. і матарызаваных). Пры гэтым у кожнай ням. дывізіі налічвалася па 14—16 тыс.чал., а ў сав. дывізіях — па 8 і менш тыс. чалавек.
На досвітку 22.6.1941 фаш. Германія без абвяшчэння вайны напала на Сав. Саюз. Камандаванне яе ўзбр. сіл (вермахта) разлічвала магутнымі рассякальнымі ўдарамі буйных танкавых і матарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі і выйсці на лінію Архангельск—Волга, каб такім чынам за 1,5—2 мес закончыць вайну.
На тэр. Беларусі наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск — група армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок) у складзе 4-й і 9-й палявых (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус), 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот) і 2 матарызаваных брыгад. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот — 1600 самалётаў. Разам з пагранічнікамі ўдар гэтых сіл прынялі на сябе размешчаныя каля граніцы сав. арміі: 3-я (каманд.ген.-лейт. В.І.Кузняцоў) каля г. Гродна, 10-я (ген.-маёр К.Дз.Голубеў) у Беластоцкім выступе, 4-я (ген.-маёр А.А.Карабкоў) каля Брэста. На напрамках гал. удараў (Гродна і Брэст) праціўнік меў перавагу ў сілах і сродках у 3—5 разоў. Авіяцыя Германіі 22.6.1941 нанесла раптоўныя масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах, гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш., гэтым прычыніла цяжкія страты сав. войскам. ВПСЗах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не здолелі даць належны адпор ворагу, адбіць яго паветраныя налёты. У выніку масіраваных удараў па 26 аэрадромах на тэр. Беларусі ням. авіяцыі ўдалося знішчыць у першыя гадзіны вайны на зямлі 528 самалётаў. Яшчэ 210 сав. самалётаў былі за той жа дзень збіты ў паветр. баях над Беларуссю. Т.ч. 22.6.1941 сав.ВПС, размешчаныя на тэр. Беларусі, страцілі 41% сваіх самалётаў, у т. л. 408 з 500 самалётаў навейшых канструкцый, якія не саступалі нямецкім. Войскі Зах. фронту (утвораны 22.6.1941 на базе Зах. асобай ваен. акругі) з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту на чале зген. арміі Дз.Р.Паўлавым страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе, ліквідаваць яго глыбокія прарывы.
Танкавыя злучэнні ворага 22—23 чэрв. прарвалі абарону сав. войск на абодвух флангах Зах. фронту (каля Гродна і Брэста) і да канца дня 25 чэрв. прасунуліся ў напрамку Вільнюс—Мінск на 180 км, у напрамку Баранавічы—Мінск — да 250 км. У выніку больш як 60 акруговых (франтавых) складоў і баз забеспячэння і ўзбраення былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час гаручага, боепрыпасаў, аўтабранятанкавай маёмасці, харчавання.
З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар прынялі дывізіі, якія размяшчаліся паблізу граніцы, і пагранічнікі. Бессмяротны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Мужна змагаліся з ворагам сав. лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лейтэнант Рабцаў тараніў варожы самалёт над Брэстам, малодшы лейтэнант Дз.В.Кокараў — у раёне г. Замбраў Беластоцкай вобл., старшы палітрук А.С.Данілаў — каля Гродна. 22 чэрв. маёр Б.М.Сурын збіў 4 самалёты праціўніка, старшы палітрук Сіроцін — 5, капітан М.Ф.Саўчанка — 9 самалётаў. За першы дзень вайны 235-ы артыл. полк 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі каля г.п. Дамачава Брэсцкай вобл. знішчыў 21 танк і бронетранспарцёр ворага, каля 600 гітлераўцаў. У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёнах Гродна і Беластока войскі 10-й і 3-й армій. Каля г. Ліда артылерысты 8-й асобнай артыл. процітанк. брыгады пад камандаваннем палк. І.С.Стральбіцкага на некалькі дзён затрымалі рух 12-й ням.танк. дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў. З 25 чэрв. цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе трымалі абарону 2-і і 44-ы стралк. карпусы 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Сілы былі няроўныя, і 28 чэрв.танк. групы ням.-фаш. генералаў Гота і Гудэрыяна захапілі Мінск (гл.Мінска абарона 1941). У выніку ў раёнах на З ад сталіцы Беларусі трапілі ў варожае акружэнне войскі 3-й, 10-й і часткова 13-й сав. армій (гл.Навагрудскі «кацёл»).
Мабілізацыя сіл на адпор ворагу. У складаных умовах, калі Чырв. Армія вымушана была адступаць, на Беларусі разгарнулася вял. работа па мабілізацыі сіл на адпор агрэсару. Усё жыццё ў рэспубліцы перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваен. часу. У чэрв.—ліп. 1941 у Чырв. Армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс.чал.Чырв. Арміі было перададзена каля 30 тыс. аўтамашын і трактароў, 18 тыс.т мяса, шмат жывёлы, 10 350 т збожжапрадуктаў, 10 тыс.т сена. На працягу першага тыдня вайны для арміі на Беларусі былі разгорнуты эвакашпіталі на 12 800 ложкаў, тысячы месцаў у бальніцах, арганізоўваліся медсанатрады. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліп. сфарміравана 78 (больш за 13 тыс.чал.) знішчальных батальёнаў. Ва ўсх. абласцях рэспублікі ў ліп.—жн. 1941 створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш як 33 тыс.чал.). На патрэбы фронту пачалі працаваць прамысл. прадпрыемствы. Гомельскія з-ды «Рухавік рэвалюцыі» і с.-г. машынабудавання наладзілі рамонт баявой тэхнікі і вытв-сць мінамётаў, з-д імя Кірава, Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты асвоілі вытв-сць процітанк. мін, Гомельская запалкавая фабрыка «Везувій» — выраб гранат. Чыгуначнікі Гомеля стварылі 30 перасовачных майстэрань для рамонту танкаў і трактароў, бабруйская прамысл. арцель «Чырвоны металіст», мазырская арцель «Молат», віцебскія арцелі «Молат» і «Металіст» асвоілі вытв-сць карпусоў ручных гранат. Неабходную фронту прадукцыю выпускалі таксама мех. майстэрня ў Магілёве, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, многія абутковыя і швейныя прадпрыемствы. Вял. дапамогу Чырв. Арміі аказвалі бел. сяляне.
Адной з найважнейшых задач з’яўлялася эвакуацыя людзей і матэрыяльна-вытв. каштоўнасцей ва ўсх. раёны СССР. Да канца жн. 1941 з Беларусі было вывезена больш за 1,5 млн.чал., звыш 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тыс. дзяцей), 124 буйныя прадпрыемствы саюзна-рэсп. падпарадкавання, больш як 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнал. абсталявання, а таксама шмат с.-г. тэхнікі, жывёлы, збожжа. Былі эвакуіраваны ўстановы навукі і культуры, у т. л.АН Беларусі, БДУ, тэатры і інш. (гл.Эвакуацыя).
Насельніцтва прыфрантавых раёнаў паўсюдна ўдзельнічала ў буд-ве абарончых умацаванняў. Толькі на рубяжы р. Дняпро на гэтых работах было занята больш як 500 тыс.чал., а ўсяго на абарончых збудаваннях на тэр. Беларусі — каля 2 млн. чал.
Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941. У пач.ліп. 1941 сав. камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Зах. Дзвіна і Дняпро. Каб спыніць ворага і не даць магчымасці яго арміям прарвацца на Маскоўскім напрамку, сюды былі кінуты з рэзерву 19-я, 20-я, 21-я і 22-я арміі. На р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў цяжкія баі з гітлераўцамі вялі часці 1-й Маскоўскай мотастралк. дывізіі (палк. Я.Р.Крэйзер), курсанты Барысаўскага танк. вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з-пад Мінска. У трохдзённых баях за Барысаў (захоплены ворагам 2 ліп.) і наваколле з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. Абаронцы Барысава знішчылі каля 70 варожых танкаў, больш за 2000 гітлераўцаў. Адыходзячы ўздоўж Маскоўскай шашы, 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія ўпарта змагалася з ворагам на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і ў інш. месцах. Раённы цэнтр Талачын 8—9 ліп. двойчы пераходзіў з рук у рукі. Воіны Маскоўскай дывізіі захапілі тут каля 800 палонных і сцяг 47-га Берлінскага танк. корпуса. 14.7.1941 пад Оршай свой першы ўдар па ворагу нанёс дывізіён рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава. Так упершыню ў баі былі выкарыстаны легендарныя «Кацюшы». Упартыя баі адбываліся за пераправу цераз Бярэзіну ў раёне г. Бабруйск (канец чэрв. — пач.ліп. 1941).
У пач. ліпеня 1941 баі разгарнуліся на Віцебскім напрамку. 20-я армія сіламі 2 механізаваных карпусоў 6—10 ліп. нанесла контрудар па 3-й танк. групе праціўніка і адкінула яго на 30—40 км у напрамку г. Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). Прыкрываючы Віцебск, 153-я стралк. дывізія палк. М.А.Гагена падбіла каля 50 варожых танкаў і знішчыла каля 500 гітлераўцаў (гл.Віцебска абарона 1941). Разам зЧырв. Арміяй Віцебск да 11 ліп. мужна абаранялі батальёны нар. апалчэння (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941).
Выключна напружаныя баі адбываліся на р. Дняпро, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні і часці 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі. Непасрэдна Магілёў да 26 ліп. (апошнія 10 дзён у акружэнні) абаранялі 172-я стралк. дывізія (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і атрады нар. апалчэння (гл.Магілёва абарона 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, Буйніцкае поле).
Гомельскі напрамак прыкрывала 21-я армія (каманд. ў чэрв.—жн. 1941: ген.-лейт. В.П.Герасіменка, ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-маёр В.М.Гардоў). У ліпені ў яе размяшчэнне выйшлі з акружэння часці 3-й арміі, якая потым да канца жніўня абараняла Палессе. 24.7.1941 для прыкрыцця Гомельскага напрамку ўтвораны асобны Цэнтральны фронт (каманд.ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, потым ген.-лейт. Яфрэмаў), у склад якога ўвайшлі 21-я і 13-я, а з 1 жніўня і 3-я арміі. 13 ліп. 63-і стралк. корпус (камкор, потым ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) нанёс контрудар на Бабруйскім напрамку, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў (гл.Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). Цяжкія баі адбываліся 12—19.8.1941 пад Гомелем, праз які 2-я ням.-фаш.танк. група прарывалася на Украіну (гл.Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 5 разоў пераходзіў з рук у рукі ў ліп.—жн. 1941 палескі раённы цэнтр Тураў.
Баявыя дзеянні на Беларусі з 10.7.1941 з’яўляліся часткай Смаленскай бітвы 1941, у ходзе якой сав. войскі на 3 мес затрымалі прасоўванне ням.-фаш. армій на Маскоўскім напрамку, але да пач.вер. 1941 былі вымушаны пакінуць усю тэр. Беларусі. 19 жніўня гітлераўскія войскі захапілі Гомель, 22 жн. — апошні абл. цэнтр рэспублікі г. Мазыр, 4 вер. (канчаткова 23 вер.) — апошні раённы цэнтр г.п. Лельчыцы. Беларусь на 3 гады апынулася пад ярмом ням.-фаш. акупацыі.
Падзеі на франтах вайны. Летам і восенню 1941 войскі ням. фашыстаў акупіравалі значную частку тэр.СССР, блакіравалі г. Ленінград, выйшлі на подступы да Масквы, захапілі Растоўна-Доне. Але ім не ўдалося ажыццявіць асн.стратэг. план — разбіць Чырв. Армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях сав.ўзбр. сілы нанеслі ням. арміі і ВПСвял. страты і захавалі сваю баяздольнасць. 5—6.12.1941 пад Масквой яны перайшлі ў контрнаступленне (гл.Маскоўская бітва 1941—42), якое перарасло ў агульнае наступленне Чырв. Арміі на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку вораг быў адкінуты на 150—400 км. У пач.лют. 1942 у ходзе наступлення 4-й ударнай арміі на Віцебскім напрамку 249-я стралк. дывізія ген.-маёра Г.Ф.Тарасава здзейсніла баявы рэйд па тэр. Суражскага і Віцебскага р-наў Беларусі, вызваліла шэраг населеных пунктаў. У выніку гэтых дзеянняў паміж ням.-фаш. групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач» утварыўся разрыў (Чырв. Армія замацавалася непадалёк ад паўн.-ўсх. граніцы Беларусі), праз які было наладжана ўзаемадзеянне паміж бел. партызанамі і сав. камандаваннем (гл.Віцебскія «вароты»).
У бітве пад Масквой сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі (разграмілі 38 яе дывізій) і развеялі міф аб непераможнасці вермахта. Фаш. план «Барбароса», у аснову якога была пакладзена ідэя «бліцкрыгу» («маланкавай вайны»), праваліўся. Але і сав. Стаўка Вярх. галоўнакамандавання пераацаніла свае сілы і магчымасці, паставіўшы перад сав. войскамі задачу за зіму—вясну 1942 акружыць і знішчыць асн. сілы ням.-фаш. груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942». Спробы здзейсніць гэты план (пад Вязьмай і на р. Волхаў) скончыліся няўдачай і суправаджаліся вял. стратамі. Былі заўчасна выкарыстаны сабраныя Стаўкай звял. цяжкасцямі стратэг. рэзервы. У той жа час не спраўдзілася надзея сав. камандавання і парт.-дзярж. кіраўніцтва, што Германія вычарпае свае рэзервы да вясны 1942.
У маі 1942 становішча на сав.-герм. фронце зноў пачало змяняцца на карысць Германіі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у канцы чэрв.—пач.ліп. — Севастопаль. Катастрофай скончылася наступленне сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. У канцы чэрв.—пач.ліп. 1942 разгарнулася агульнае наступленне вермахта на Варонежскім, Сталінградскім і Каўказскім напрамках, якое ўдалося спыніць толькі позняй восенню. Гітлераўскія войскі выйшлі да Волгі і Дона, перавалаў Гал.Каўк. хрыбта, уварваліся ў Варонеж і Сталінград, але з-за ўпартага супраціўлення сав. войск не здолелі іх захапіць цалкам. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада наркома абароны СССР №227 ад 28.7.1942, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі без загаду. Пасля шматтыднёвай гераічнай абароны 19.11.1942 сав. войскі пад Сталінградам перайшлі ў магутнае контрнаступленне, акружылі і да 2.2.1943 цалкам разграмілі 330-тысячную групоўку ням.-фаш. войск (гл.Сталінградская бітва 1942—43). Гэта перамога стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе вайны. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць страчаную стратэг. ініцыятыву, выратаваць ад развалу фаш. блок, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл.Курская бітва 1943). Але і тут вораг быў разгромлены, страціў 30 дывізій, каля 500 тыс. чалавек.
Пачатак вызвалення Беларусі. Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырв. Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 на фронце шырынёй у 2 тыс.км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.9.1943 войскі 13-й арміі (ген.-лейт. М.П.Пухаў) Цэнтр фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) у час Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі г.п. Камарын. У жн.—вер. 1943 Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю, у выніку якой вызвалілі Смаленскую вобл., некаторыя раёны Віцебскай і Магілёўскай абл., выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту пасля вызвалення Бранска (17 вер.) таксама ўступілі на бел. зямлю і выйшлі да р. Сож. У ходзе наступнай асенне-зімовай кампаніі 1943—44 Чырв. Армія вызваліла яшчэ шэраг мясцовасцей і буйных населеных пунктаў Беларусі, у т. л.абл. цэнтры Гомель і Мазыр, гарады Гарадок, Рагачоў, Калінкавічы і інш. (гл.Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). Са снеж. 1943 у вызваленым Гомелі працавалі ЦККП(б)Б і СНКБССР. Усяго да вясны 1944 Чырв. Армія поўнасцю ці часткова вызваліла ад ням.-фаш. захопнікаў 36 раёнаў Беларусі са 188.
Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У складзе ўзбр. сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі інш.сав. народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л.М.Даватар, А.І.Лізюкоў, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка і інш.; у Сталінградскай бітве — А.Я.Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф.Я.Макавецкі, А.І.Пастрэвіч, М.П.Сыдзько, І.Я.Сяржантаў і інш.Пад Ленінградам снайпер Ф.А.Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. У час Курскай бітвы 1943 лётчык-знішчальнік А.К.Гаравец у адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр.-адм. В.Е.Ананьіч, ген. арміі А.З.Антонаў, ген.-лейт. Е.У.Дабравольскі, віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-палк. І.П.Камера, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, Маршал Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскі, ген.-лейт. А.Дз.Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайск. злучэннямі сухап. войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вял.Айч. вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 66 чал. сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П.Я.Галавачову, камандзірам танк. злучэнняў І.І.Гусакоўскаму, С.Ф.Шутаву, І.І.Якубоўскаму званне Героя Сав. Саюза прысвоена двойчы.
Гітлераўскі акупацыйны рэжым. З першых дзён фаш. акупацыі на тэр. Беларусі быў устаноўлены крывавы акупац. рэжым, які ажыццяўляўся войскамі вермахта, ням.-фаш.акупац. адміністрацыяй, службамі СД і СС, ваен.-палявымі і мясц. камендатурамі, паліцыяй і жандармерыяй. Маючы на мэце ліквідацыю нац. дзяржаўнасці Беларусі і ператварэнне яе ў калонію Германіі, фашысты расчлянілі тэр. Беларускай ССР: паўн.-зах. раёны Брэсцкай вобл. і Беластоцкую вобл.з гарадамі Гродна і Ваўкавыск далучылі да Усх. Прусіі (бецырк Беласток); паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл. — да рэйхскамісарыята «Украіна»; паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл. ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, б.ч. Гомельскай і ўсх. раёны Мінскай абласцей — у зону армейскага тылу. У склад генеральнай акругі Беларусі («Генеральбецырк Беларутэнія») увайшлі Баранавіцкая, Вілейская, Мінская (без усх. раёнаў), паўн. раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала 1/3тэр. Беларускай ССР. Гэтая тэр. была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» (цэнтр — г. Рыга) і падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Каб узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі з асобных яго прадстаўнікоў і эмігрантаў дапаможныя адм. ўстановы — раённыя, гар., валасныя ўправы, а пазней — шэраг беларускіх па назве, але калабарацыянісцкіх па сутнасці ваен.-паліцэйскіх фарміраванняў (гл.Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона), «грамадскіх арг-цый» (гл.Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі), «дзярж. устаноў» (гл.Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада).
Мэтай акупац. палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне бел. народа. Паводле плана «Ост» на Беларусі планавалася знішчыць ці выселіць у Сібір 75% насельніцтва, 25% беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці с.-г. рабоў. Каб скараціць 30-гадовы тэрмін выканання гэтага плана, фашысты імкнуліся знішчыць як мага болей людзей яшчэ ў час вайны. На тэр. Беларусі гітлераўцы стварылі 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных экспедыцый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі, ператвараючы цэлыя раёны ў «зоны пустыні» (гл.Карныя аперацыі). За час акупацыі захопнікі знішчылі на тэр. Беларусі каля 3 млн.чал., 380 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак.
Народная барацьба ў тыле ворага. Злачынны акупац. рэжым не зламаў волі бел. народа. Ён узняўся на сапраўдную вайну супраць захопнікаў. У ліку першых супраць акупантаў разгарнула барацьбу Мінскае падполле (гл.Мінскае патрыятычнае падполле). Актыўна дзейнічала патрыят. падполле ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і інш. гарадах і пасёлках. Вял. ролю ў барацьбе супраць акупантаў адыгрывалі антыфаш. арг-цыі ў зах. абласцях Беларусі (гл.Антыфашысцкія арганізацыі): у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Міёрскім, Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і інш. раёнах. Шырокая сетка падп. арг-цый і груп ахапіла практычна ўсю Беларусь. Падп.парт., камсамольскія, антыфаш. органы і арг-цыі адыгралі гал. ролю ў разгортванні масавага партыз. руху. У ліку першых на Беларусі пачалі дзейнічаць партыз. атрады пад камандаваннем В.З.Каржа, Ц.П.Бумажкова і Ф.Л.Паўлоўскага, М.П.Шмырова, А.І.Далідовіча, В.Ц.Меркуля, А.Дз.Сяргеева і інш. Бумажкову і Паўлоўскаму 6.8.1941 першым зсав. партызан прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Вял. ўплыў на развіццё партыз. руху зрабіла гіст. перамога Чырв. Арміі пад Масквой. Адразу пасля яе была наладжана пастаянная сувязь паміж бел. партызанамі і сав. тылам праз Віцебскія «вароты» і з дапамогай авіяцыі. З вясны 1942 партыз. рух станавіўся ўсё больш масавым. У маі 1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1-м сакратаром ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнкам, у вер. 1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з 2-м сакратаром ЦККП(б)Б П.З.Калініным. Цэнтралізацыя кіраўніцтва партыз. рухам дала магчымасць накіроўваць барацьбу партызан на максімальнае аказанне дапамогі Чырв. Арміі (гл.Дрысенская аперацыя 1942, Пціцкая аперацыя 1942, Слаўненская аперацыя 1942). Вял. размах набыла барацьба партызан Беларусі ў 1943. Яна вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела наступальны характар. Асн. ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» — адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый ворага ў час наступлення Чырв. Арміі 1943—44 (гл.«Рэйкавая вайна»), У іх выніку ў час Курскай бітвы (ліп.—жн. 1943) перавозкі праціўніка па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваен. перавозак суднаходныя рэкі, паралізавалі рух параходаў і баржаў па Зах. Дзвіне, Сажы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Дняпроўска-Бугскім канале. Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў. Да канца 1943 партызаны ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. Беларусі. Тут існавала больш за 20 партыз. зон — апорных плацдармаў, з якіх нар. мсціўцы наносілі ўдары па ворагу, дзе яны рыхтавалі свае рэзервы, прымалі самалёты зсав. тылу (гл.Партызанская зона, Партызанскі гарнізон). Вял. значэнне мелі партыз. рэйды, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення антыфаш. барацьбы ва ўсіх раёнах рэспублікі.
Партыз. рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні. Гітлераўцы рабілі ўсё, каб знішчыць партызан. Толькі ў 1943 яны правялі дзесяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын і дзяцей, рабавалі і палілі вёскі.
Партыз. барацьба з новай сілай разгарнулася восенню 1943, калі Чырв. Армія ўступіла на тэр. Беларусі. Многія партыз. брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі сав. войск пры вызваленні гарадоў і вёсак рэспублікі. Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, гітлераўцы зімой і вясной 1944 правялі супраць бел. партызан буйныя карныя экспедыцыі (гл.Полацка-Лепельская бітва 1944, Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 і інш.). Загінула шмат партызан і мірнага насельніцтва, але вораг не дасягнуў сваёй стратэг. мэты: партызаны захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўна дзейнічаць.
Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай бел. народа. Мясц. жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90%). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала ім зброю, якую знаходзіла на месцах баёў 1941, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала разам з партызанамі ў баявых аперацыях. Барацьба насельніцтва супраць паліт., эканам. і ваен. мерапрыемстваў акупантаў насіла масавы характар. Разам з беларусамі (71,1%) у радах бел. партызан і падпольшчыкаў змагаліся рускія (19,29%), украінцы (3,89%), літоўцы, латышы, грузіны, армяне, казахі, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі інш. народаў СССР, а таксама каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх інш.еўрап. народаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі змагаліся ў радах партызан Расіі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Бельгіі, Грэцыі і інш.еўрап. краін.
За 3 гады барацьбы ў тыле ворага зчэрв. 1941 да ліп. 1944 нар. мсціўцы Беларусі (больш за 374 тыс.чал., аб’яднаных у 213 партыз. брыгад і 258 асобных атрадаў; больш за 400 тыс.чал. скрытага партыз. рэзерву) знішчылі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 вайск. эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі і разбурылі 819 чыг. і 4710 інш. мастоў, перабілі больш за 300 тыс.чыг. рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлегр. ліній, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 варожых складоў. Захапілі вял. трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў больш за 140 тыс.бел. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
Працоўныя Беларусі ў савецкім тыле. Значны ўклад у перамогу над ворагам зрабілі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя ва ўсх. раёны СССР. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размясціліся гал. чынам у Паволжы (40 з-даў і фабрык), на Урале (24), у сярэдняй паласе Расіі (18), Зах. Сібіры (8). Яны ў сваёй масе зліваліся змясц. прадпрыемствамі, аднароднымі па спецыялізацыі. Каля 20 бел. прадпрыемстваў захавалі ў эвакуацыі поўную самастойнасць. Сярод іх «Гомсельмаш», гомельская ф-ка «8 Сакавіка», віцебская аптычная фабрыка і інш. Рабочыя, інж.-тэхн. работнікі манціравалі абсталяванне прадпрыемстваў на новых месцах у самыя сціслыя тэрміны. У жн.—вер. 1941 уведзены ў дзеянне 15 бел.з-даў і фабрык, у кастр.—ліст. — яшчэ 20. Да лета 1942 абаронную прадукцыю ўжо давалі калектывы больш як 60 эвакуіраваных бел. прадпрыемстваў. Іх аднаўленне і ўвод у дзеянне станоўча паўплывалі на стан эканомікі СССР.
Вял. ролю ў гады вайны адыграў транспарт, у першую чаргу чыгуначны. Эвакуіраваныя чыгуначнікі Беларусі працавалі больш як на 40 Магістралях СССР. Званне Героя Сац. Працы ў ваен. гады прысвоена бел. чыгуначнікам А.В.Глебаву, М.А.Макараву, І.П.Петрушкевічу, А.М.Чухнюк, А.А.Янкоўскаму; многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гады вайны ў сав. тыле працавалі тысячы дзеячаў бел. навукі і культуры. На ўсход СССР эвакуіраваны калектывы 60 н.-д. ін-таў і лабараторый, больш як 20 бел.ВНУ і сярэдніх навуч. устаноў, 6 буйнейшых тэатраў Беларусі. У розных раёнах сав. тылу працавала каля 100 акадэмікаў і чл.-карэспандэнтаў АН Беларусі, дактароў і кандыдатаў навук, больш як 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары з Беларусі. Вучоныя АНБССР удасканальвалі тэхналогію вытв. працэсаў, вялі пошукі рэсурсаў сыравіны, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых, важнейшыя праблемы, звязаныя і з патрэбамі фронту, і з далейшым развіццём нар. гаспадаркі.
Супраць фашызму з першых дзён вайны сваім словам змагаліся бел. паэты, празаікі, драматургі. Баявым гімнам прагучаў верш нар. паэта Беларусі Я.Купалы «Беларускім партызанам». У газетах і часопісах «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Чырвоная звязда», «Звязда», «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка» актыўна супрацоўнічалі К.Крапіва, М.Лынькоў, К.Чорны, І.Гурскі, М.Танк, П.Панчанка і інш. Кампазітары Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, М.Аладаў, Р.Пукст і інш. стварылі шэраг муз. твораў. Творы бел. майстроў выяўл. мастацтва, створаныя ў ваен. час, экспанаваліся на выстаўках. «Мастакі Куйбышава ў дні Вялікай Айчыннай вайны» (1941), «Мастакі Сібіры» (1942), «Мастакі Свярдлоўска» (1942), «Тыл і фронт» (1942—44, у залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве). Перад воінамі Чырв. Арміі на франтах і параненымі ў шпіталях выступалі брыгады бел. артыстаў. Працоўныя Беларусі збіралі грошы і каштоўнасці на патрэбы абароны.
Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да лета 1944 большая частка Беларусі была яшчэ акупіравана гітлераўцамі, якія надавалі вял. значэнне ўтрыманню гэтай тэр., бо праз яе пралягаў прамы шлях да Усх. Прусіі і Берліна. Разумеючы гэта, сав. камандаванне рыхтавала тут магутнае наступленне. Менавіта гэтай задачы было ў значнай ступені падначалена аднаўленне гаспадаркі, якое пачалося ў вызваленых раёнах рэспублікі ў канцы 1943 — пач. 1944. Найперш аднаўляліся пры ўдзеле мясц. насельніцтва неабходныя для Чырв. Арміі шляхі зносін. Да 1.6.1944 былі адноўлены 1247 кмчыг. пуцей, 239 чыг. мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, на шашэйных і грунтавых дарогах пабудаваны 554 масты, у т. л. цераз р. Сож у Гомелі і р. Дняпро ў Рэчыцы.
Стварыўшы вял. колькасную і тэхн. перавагу над ворагам, Чырв. Армія 23—24.6.1944 пачала ў Беларусі найбуйнейшую наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Баграціён» (гл.Беларуская аперацыя 1944). Для яе правядзення Вярх. Галоўнакамандаванне выдзеліла больш за 2 млн.чал., больш за 31 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб’яднаны ў 4 франты: 1-ы Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), 3-і, 2-і і 1-ы Беларускія (ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі, ген.-палк. Г.Ф.Захараў, ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франты. У складзе 1-га Бел. фронту дзейнічала Дняпроўская ваен. флатылія (каманд. контр-адм. В.В.Грыгор’еў). Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў.
У першыя дні аперацыі войскі 1-га Прыбалт. і 3-га Бел. франтоў акружылі і знішчылі варожую групоўку ў раёне Віцебска, 26 чэрв. вызвалілі Віцебск, 27 — Оршу (гл.Віцебска-Аршанская аперацыя 1944). Войскі 2-га Бел. фронту 28 чэрв. штурмам авалодалі Магілёвам. Адначасова правае крыло 1-га Бел. фронту акружыла і разграміла бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрв. вызваліла Бабруйск (гл.Бабруйская аперацыя 1944). Развіваючы наступленне ў сустрэчных напрамках, войскі 1-га і 3-га Бел. франтоў пры ўдзеле 2-га Бел. фронту 3 ліп. вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск (3 ліп. святкуецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень Незалежнасці), 4—11 ліп. на ўсход ад Мінска акружылі і знішчылі 105-тысячную групоўку праціўніка (гл.Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»). Войскі 1-га Прыбалт. фронту разграмілі полацкую групоўку гітлераўцаў і 4 ліп. вызвалілі Полацк (гл.Полацкая аперацыя 1944), надзейна забяспечылі зПн наступленне гал.стратэг. групоўкі сав. войск на Беларусі. 5 ліп. вызвалены гарады Маладзечна і Смаргонь, 8 ліп. — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 — Гродна. 28 ліп.сав. войскі штурмам авалодалі Брэстам і на гэтым закончылі выгнанне ням.-фаш. захопнікаў зтэр. Беларусі.
Пры правядзенні Бел. аперацыі Чырв. Арміі вял. дапамогу аказвалі партызаны і насельніцтва Беларусі. Да лета 1944 на акупіраванай тэр. рэспублікі дзейнічала 149 партыз. брыгад і больш за 80 асобных атрадаў. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па чыг. камунікацыях ворага, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыг. мастоў. У выніку гітлераўцы не змаглі выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніка, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы і плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў, вёсак, у ліквідацыі акружаных груповак ворага. Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу часцей Чырв. Арміі дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра. Ва ўмовах адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу Чырв. Арміі многія раённыя цэнтры — Узду, Старобін, Куранец, Астравец і інш. Разам з часцямі Чырв. Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў і гар. пасёлкаў Мінск, Вілейка, Барысаў, Докшыцы, Дунілавічы, Івацэвічы, Клічаў, Слуцк, Ліда, Лагойск, Любань, Маладзечна, Нясвіж, Навагрудак, Смалявічы, Асіповічы, Пінск, Плешчаніцы, Стоўбцы і інш. Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння зЧырв. Арміяй партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўцаў. Падпольшчыкі і інш.мясц. жыхары перадавалі сав. воінам звесткі пра варожую абарону, паказвалі замініраваныя будынкі, масты, мінныя палі, папярэджвалі пра варожыя засады, праводзілі праз водныя перашкоды і балоты, вылоўлівалі варожых салдат і дыверсантаў. Насельніцтва вызваленых раёнаў клапацілася аб параненых сав. воінах, збірала сродкі ў фонд Чырв. Арміі, у фонд дапамогі шпіталям інвалідаў вайны, сем’ям франтавікоў і партызан. З вызваленай тэр. Беларусі ў Чырв. Армію мабілізавана больш за 600 тыс.чал., у т. л. каля 180 тыс.б. партызан. Паўсюдна ў гарадах і вёсках Беларусі адбываліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню, гал.з іх адбыўся 16.7.1944 у Мінску з удзелам вышэйшага кіраўніцтва БССР і завяршыўся вял.партыз. парадам (гл.Партызанскі парад 1944).
У выніку Бел. аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь, б.ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёны Польшчы. Чырв. Армія падышла да граніц Усх. Прусіі. У ходзе аперацыі сав. войскі разграмілі ням.-фаш. групу армій «Цэнтр»: 17 дывізій і 3 брыгады знішчаны поўнасцю, 50 дывізій страцілі больш за палову асабістага складу. За вызваленне Беларусі больш як 1600 сав. генералаў, афіцэраў і салдат удастоены звання Героя Сав. Саюза, больш за 402 тыс. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 747 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі бел. гарадоў.
У Бел. аперацыі (23.6—29.8.1944) вял. страты панеслі і сав. войскі. 3 Беларускія і 1 Прыбалт. франты страцілі 765 815 салдат і афіцэраў, з іх незваротныя страты склалі 178 507 чал. Непасрэдна пры вызваленні бел. зямлі з 23 чэрв. і да канца ліп. 1944 усе 4 франты страцілі 440 879 чал., з іх 97 232 чал. забітымі.
Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Разгром ням.-фаш. войск на тэр. Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для інш. наступальных аперацый, у выніку якіх Чырв. Армія ў 2-й пал. 1944 выгнала ворага зтэр.СССР (акрамя ч. Латвіі, вызваленай у маі 1945) і пачала вызваленне народаў Еўропы ад фаш. няволі. У студз. 1945 сав. войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат, каб канчаткова разграміць ням.-фаш. армію і разам з саюзнікамі прымусіць фаш. Германію да капітуляцыі. 16.4.1945 яны пачалі Берлінскую аперацыю — адну з найбуйнейшых у Вял.Айч. вайне, якая мела вырашальнае значэнне для перамогі над Германіяй і вызвалення самога ням. народа ад гітлераўскай тыраніі. 26.4.1945 сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна, 30 крас. авалодалі будынкам рэйхстага, над якім быў узняты чырв. Сцяг Перамогі (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у берлінскім прадмесці Карлсхорст прадстаўнікі вышэйшага ням.-фаш. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
Ва ўсіх бітвах завяршальнага перыяду Вял.Айч. вайны актыўны ўдзел прымалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да падзей жн. 1945 на Д. Усходзе. Чырв. Арміяз удзелам войск Манголіі разграміла тут яп. Квантунскую армію ў паўн.-ўсх. Кітаі і Паўн. Карэі (гл.Савецка-японская вайна 1945).
Вынікі вайны. Вял. Айч. вайна была для сав. народа і яго ўзбр. сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але сав. народ і яго ўзбр. сілы на сваіх плячах вынеслі асн. цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной — 27 млн. чалавечых жыццяў — заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам — гэта нац. і ваен. гордасць бел. народа, як і ўсіх народаў былога СССР.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—45: Энцыкл.Мн., 1990;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) Мн., 1987;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;
История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—44). Мн., 1995;
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;
Памяти павших: Великая Отечественная война, 1941—1945. М., 1995;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 г.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2]. Мн., 1980—90.
У.І.Лемяшонак.
Вызначэнне савецка-польскай мяжы ў 1944—45. З пачаткам вайны пытанне «вольных ад Сталіна рэспублік» было знята з парадку дня берлінскай палітыкі. Дэкрэт Гітлера ад 17.7.1941 прадугледжваў стварэнне рэйсхкамісарыятаў, што азначала адмову фюрэра ад ідэі пераўтварэння гэтых абшараў у васальныя тэрыторыі і пераход на пазіцыі поўнай іх каланізацыі. 27.6.1944 Бел.цэнтр. рада з дазволу фаш. улад склікала ў Мінску 2-і Усебел. з’езд. Дэлегаты заявілі аб непрызнанні бел. дзяржаўнасці ў форме БССР, абвясцілі аб канчатковым разрыве з Расіяй, падкрэсліўшы, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы». З’езд аб’явіў несапраўднымі дагаворы і аднабаковыя рашэнні СССР і Польшчы адносна тэр. Беларусі.
Польскі эміграцыйны ўрад, створаны ў кастр. 1939 у Францыі, не прызнаваў законнасць дагавораў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, у т. л. ўключэння тэр.Зах. Украіны і Зах. Беларусі (разам з Віленшчынай) у склад СССР. Вялікабрытанія і ЗША, хоць і не прызнавалі законнасць уключэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны ў склад СССР і новай граніцы паміж СССР і Польшчай, але схіляліся да прызнання «лініі Керзана» ў якасці сав.-польскай граніцы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прызналі «лінію Керзана» ў якасці будучай сав.-польскай граніцы. У заяве сав. ўрада ад 11.1.1944 выказвалася гатоўнасць унесці змены ў граніцы 1939 на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. У сак. 1944 на 6-й сесіі Вярх. Савета БССР Старшыня яго Прэзідыума Н.Я.Наталевіч папрасіў сав. ўрад пры вызначэнні граніцы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне бел. народа аб’яднаць усе спрадвечныя бел. землі ў адзіную Бел.сав. дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаны сав. кіраўніцтвам. 27.7.1944 у Маскве падпісана сакрэтнае пагадненне паміж СССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) аб сав.-польскай граніцы. У яго аснову была пакладзена «лінія Керзана» з адступленнямі на карысць Польшчы на бел. участку граніцы Беластоцкай вобл. і часткі Белавежскай пушчы. Польскі эмігранцкі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць «лінію Керзана» і заключанае ПКНВ зСССР пагадненне аб граніцы. Аб гэтым сведчылі перагаворы ў Маскве прадстаўнікоў СССРз дэлегацыяй польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм’ер-міністрам С.Мікалайчыкам, якія адбыліся ў жн. і кастр. 1944. У мемарандуме польскага ўрада ад 29.8.1944 гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-сав. граніцы павінен зацвердзіць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесці добраахвотны абмен насельніцтвам (польскім, беларускім і ўкраінскім). Лонданскі польскі ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельніцтвам, заключаных Украінай, Беларуссю і Літвой з ПКНВ, падкрэсліваючы, што ўрады сав. рэспублік робяць спробы змяніць на сваю карысць этнічны склад тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Канчаткова пытанне аб сав.-польскай граніцы было вырашана ў 1945.
Літ.:
Ленхард Х. «Жизненное прострачство на Востоке»: Немцы в Беларуси, 1941—1944 // Нёман. 1993. №5;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй Мн., 1993;
Яго ж. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) // Спадчына. 1997. №3;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Яго ж. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2000. №1;
Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусі зБССР: Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі. Зб. дакументаў і матэрыялаў Т. 3—4. Мн., 2000—01.
У.Е.Снапкоўскі.
Гараць фашысцкія танкі, падбітыя савецкімі воінамі каля в. Паперня Мінскага раёна Чэрвень 1941.Савецкія артылерысты адбіваюць атаку фашысцкіх танкаў. Наваколле Мінска. Чэрвень 1941Аб’явы нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад.Вёска Хорастаў Ленінскага раёна Пінскай вобл., спаленая гітлераўцамі.Нямецка-фашысцкія карнікі паляць вёску ў партызанскай зоне.Разбураны гітлераўскімі захопнікамі раён Мінска. 1944.Партызаны брыгады імя С.М.Кірава Пінскай вобл. на баявой аперацыі. 1943.Партызаны брыгады імя С.М.Будзённага Пінскай вобл. ідуць на баявое заданне. 1943.Прарыў. Карціна П.С.Крахалёва. 1975.Наступленне савецкіх танкаў і пяхоты на Мінск. 1944.Партызанская сям’я: селянін Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. Н.Ц.Рыдлеўскі з дочкамі.Фарсіраванне войскамі 3-га Беларускага фронту р. Лучоса каля Віцебска. Чэрвень 1944.Салют савецкіх воінаў—вызваліцеляў Віцебска. 26.6.1944.Узняцце чырвонага сцяга над Домам урада ў вызваленым Мінску. 3.7.1944.Мінск. 3 ліпеня 1944 года. Карціна В.Волкава. 1954—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ), Маскоўскі патрыярхат,
найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл.Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл.Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк.расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.І.Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт.Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус.правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял.Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.М.Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг.л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл.Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б.сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац.правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр.правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст.правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс.чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».
Літ.:
Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;
История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;
Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ СТРУКТУ́РА,
размеркаванне самаадвольнай намагнічанасці ўнутры ферамагнетыкаў пры т-рах, ніжэйшых за Кюры пункт Адрозніваюць М.с. атамную (характарызуецца упарадкаваным размеркаваннем атамных магнітных момантаў па вузлах крышталічнай рашоткі) і даменную (размеркаваннем даменаўз рознай арыентацыяй магн. момантаў па аб’ёме ўзору).
Атамная М.с. апісваецца сярэднім значэннем мікраскапічнай шчыльнасці магн. моманту M(x, y, z) у кожным пункце крышталя. Крышталі зM(x, y, z) = 0 не маюць атамнай М.с. (дыямагнетыкі і парамагнетыкі). Крышталі зM(x, y, z) ≠ 0 бываюць з адрозным ад нуля (ферамагнетыкі) і роўным нулю (антыферамагнетыкі) сумарным магн. момантам элементарнай ячэйкі. Даменная М.с. можа назірацца эксперыментальна з дапамогай магн. парашку, які асядае на межах даменаў. У ферамагнетыках пры зададзенай т-ры форма даменаў, іх памеры і арыентацыя магн. момантаў залежаць ад памераў і формы ўзору, арыентацыі паверхні крышталя, дэфектаў крышталічнай рашоткі, унутр. напружанняў, а ў полікрышталічных узорах — і ад віду магн. структуры суседніх крышталёў. Пад уплывам знешніх уздзеянняў (пруткіх напружанняў, знешніх магн. палёў, змен т-ры) адбываецца перабудова даменнай структуры. На сувязі паміж асн.магн. характарыстыкамі ферамагн. матэрыялу і яго структурай заснаваны магнітаструктурны аналіз, які найчасцей выкарыстоўваюць для вызначэння мех. уласцівасцей сталі і чыгуну пасля тэрмічнай апрацоўкі. На аснове залежнасці магн. характарыстык пэўнай маркі сталі ад т-ры загартоўкі, адпалу і да т.п., робяць неразбуральны кантроль якасці тэрмічнай апрацоўкі вырабаў. Найб. пашыраны магн. метады (з выкарыстаннем пастаянных магн. палёў для намагнічвання вырабаў), эл.-магн. (з выкарыстаннем пераменных эл.-магн. палёў), імпульсныя (імпульсных магн. палёў). Даследуецца таксама тэкстура металаў (на аснове выкарыстання сувязі тэкстуры з анізатрапіяй магн. уласцівасцей), спосабы кантролю ферамагн. складальнай у аўстэнітных сталях, каляровых металах і горных пародах.
На Беларусі праблемы М.с. і магнітаструктурнага аналізу даследуюцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Ивановский В.И., Черникова Л.А. Физика магнитных явлений. М., 1981;
Михеев М.Н., Горкунов Э.С. Магнитные методы структурного анализа и неразрушающего контроля. М., 1993: Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ», «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі»,
сярэдневяковае дзярж. аб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Германія (займала пануючае становішча), шэраг каралеўстваў, герцагстваў і зямель (Чэхія, Паўн. і Сярэдняя Італія з Рымам, Бургундыя, Нідэрланды, Швейцарыя, польскія землі і інш.). Гэтыя тэр. ў розны час і ў рознай ступені падпарадкоўваліся герм. імператару. Засн. ў 962 герм. каралём Атонам I. Вяла агрэсіўную палітыку, гал. чынам на У (землі палабскіх славян) і Пд (Італія), куды герм. каралі рэгулярна рабілі паходы для атрымання імператарскай кароны з рук рым. папаў і з мэтай падпарадкавання Італіі (фактычна кожны раз яе трэба было заваёўваць нанава). Барацьба імператараў зрым. папамі ў 11—13 ст. (за інвестытуру і інш.) аслабіла ўладу імператара над Італіяй і ўзмацніла асобныя герм. княствы. У сярэдзіне 13 ст. «С.Р.і.» страціла Італію, а Германія распалася на шэраг княстваў. Найб. моцныя князі — курфюрсты выбіралі імператара. Гэты парадак быў юрыдычна замацаваны Залатой булай Карла IV 1356. У 15 ст. фактычнай самастойнасці дамаглася Чэхія, аддаліўся Швейцарскі саюз; у 16 ст. да Іспаніі адышлі Нідэрланды. Паступова ўлада імператара стала намінальнай (не мела ні фін. сродкаў, ні арміі), а саслоўна-прадстаўнічая ўстанова — рэйхстаг быў паслухмяны герм. князям. З развіццём феад. адносін асобныя герм. княствы ўзмацніліся. Пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 у выніку Вестфальскага міру 1648 за герм. княствамі прызнана паліт. самастойнасць, што канчаткова ліквідавала імператарскую ўладу на тэр. Германіі. У час напалеонаўскіх войнаў з большасці ням. княстваў утвораны т. зв. Рэйнскі саюз 1806—13пад пратэктаратам Напалеона I. Апошні імператар «С.Р.і.» Франц II Габсбург у 1806 адрокся ад рымска-герм. кароны, і імперыя перастала існаваць. Правячыя дынастыі «С.Р.і.»: Саксонская дынастыя (962—1024), Франконская дынастыя (1024—1125), Гогенштаўфены (1138—1254), Габсбургі (1273—1806 з перапынкамі), Люксембургі (1308—1437 з перапынкамі).
Літ.:
Неусыхин А.И. Очерки по истории Германии в средние века // Неусыхин А.И. Проблемы европейского феодализма. М., 1974;
Колесницкий Н.Ф. «Священная Римская империя» в освещении современной западногерманской историографии // Средние века. М., 1959. Вып. 14;
Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУНЬ ЯТСЕ́Н, Сунь Ісянь,
Сунь Вэнь (12.11.1866, павет Чжуншань, Кітай — 12.3.1925),
кітайскі рэвалюцыянер і дзярж. дзеяч. Скончыў мед. каледж у Ганконгу (1892). У 1894 заснаваў рэв. арг-цыю Сінчжунхой, якая ставіла за мэту скінуць маньчжурскую дынастыю Цын. Пасля правалу падрыхтаванага ёй паўстання ў 1895 у эміграцыі. У 1905 на базе Сінчжунхоя С.Я. стварыў больш шырокую рэв. арг-цыю Тунмэнхой і сфармуляваў «тры народныя прынцыпы»: нацыяналізм (скіданне маньчжурскай дынастыі і ўсталяванне нац. кіравання), народаўладдзе (рэспубліканскі лад) і нар. дабрабыт (ураўняльнае землекарыстанне). Зпач.Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 С.Я. вярнуўся ў Кітай, 29.12.1911 абраны часовым прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі. У абмен на адрачэнне Цынаў ад улады падаў 13.2.1912 у адстаўку. У канцы 1912 стварыў Нац. партыю (Гаміньдан, ГМД). Пасля задушэння летам 1913 паўстання, скіраванага супраць аўтарытарнай палітыкі прэзідэнта Юань Шыкая, С.Я. уцёк у Японію, а ГМД распушчаны. У 1914 С.Я. стварыў у Японіі Кіт.рэв. партыю. Зпач. паўстання Паўд. правінцый Кітая супраць пекінскага ўрада (1916) С.Я. вярнуўся ў Кітай. У 1917—18 узначальваў урад у Гуанчжоў, але з-за спрэчак змясц. ваеннымі выехаў у Шанхай. Распрацаваў там канцэпцыю «паліт. апекі», якая прадугледжвала аб’яднанне Кітая пад кіраўніцтвам рэв. партыі. З гэтай мэтай у 1919 адноўлены ГМД. У 1921 частка дэпутатаў кіт. парламента, распушчанага ваеннымі, абрала С.Я. прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі. Аднак яго спробы дамагчыся прызнання з боку сусв. супольніцтва і атрымаць дапамогу ад краін Захаду ў справе аб’яднання Кітая не мелі поспеху. У 1922 ён пагадзіўся на дапамогу СССР у абмен на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй. У 1923—24 з дапамогай сав.паліт. і ваен. саветнікаў (М.М.Барадзін, В.К.Блюхер і інш.) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б) і створана Нац.-рэв. армія, што забяспечыла перамогу Рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. 2 изд. М., 1985.
Літ.:
Матвеева Г.С. Отец республики: Повесть о Сунь Ятсене. М., 1975;
Ефимов Г.В. Сунь Ятсен: Поиск пути, 1914—1922. М., 1981;
Тихвинский С.Л. Завещание китайского революционера: Сунь Ятсен: жизнь, борьба и эволюция политич. взглядов. М., 1986;
Wilbur C.M. Sun Yat-sen: Frustrated Patriot. New York, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ТРЭХТ (Utrecht),
горад у Нідэрландах. Адм. ц.прав. Утрэхт. 234 тыс.ж. (2000), з прыгарадамі каля 500 тыс.ж. Буйны трансп. вузел. Порт у дэльце р. Рэйн. Стараж.гандл.-фін., прамысл., культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., хім., харч., тытунёвая, тэкст. (з 11 ст.). Ун-т (з 1636). Міжнар. кірмашы (з 1917).
Першапачаткова паселішча батаваў, на месцы якога каля 47 рымляне заснавалі крэпасць Альбіабола. З 1-й пал. 8 ст. — рэзідэнцыя біскупа; з пашырэннем тэр. Утрэхцкага біскупства — цэнтр буйнога царк. княства. У 11—12 ст. У. — найб. значны гандл.-рамесны горад Паўн. Нідэрландаў (шарсцяное і льнаткацкае рамяство). У 2-й пал. 15 ст. У. пад уладай герцагаў Бургундыі, пры Карле V секулярызаваны і ўключаны ў нідэрландскую Бургундскую акругу (1528). У 1559 біскупства У. ператворана ў архібіскупства. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У. увайшоў у Рэспубліку Злучаных правінцый, аб’яднаных падпісанай тут Утрэхцкай уніяй 1579. Тут падпісаны Утрэхцкі мір 1713. У 1795 заняты франц. войскамі, у 1807—10 рэзідэнцыя караля Галандыі Луі Банапарта, у 1810—13 цэнтр франц. дэпартамента Зейдэрзэ. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940—45) ням.-фаш. войскамі.
Забудова У. высока ўзнята над узроўнем вада (набярэжныя 2-ярусныя). Старую ч. горада пераразаюць каналы, пабудаваныя ў 16 ст. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў 13 і 16 ст.Арх. помнікі: раманскія касцёлы св. Яна (11, 16, 17 ст.), св. Пятра (11 ст., перабудаваны), св. Мікалая (з крыптай 12 ст.), св. Якава (13, 15—16 ст.) і св. Катарыны (каля 1470—1550, вежа і фасад каля 1900); гатычны сабор (1254—1520, вежа 1321—82, унутр. галерэя 14—15 ст.), прытулак св. Барталамея з капліцай 15 ст., дом папы рым. Адрыяна VI (1517), камяніцы 14—15 ст., ратуша пач. 19 ст. Вылучаюцца пабудовы ў стылі функцыяналізму: асабняк Шродэра (1924), комплексы жылых дамоў у рабочых раёнах на Эразмуслан (1930-я г.) і Хоггравен (1950-я г.) і інш. Музеі: кляштара св. Катарыны (нац. збор царк. мастацтва), Цэнтральны (галерэя жывапісу), чыгункі, фанаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Асцяка-Вагульская нац. акруга, з 1940 Ханты-Мансійская нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Пл. 523,1 тыс.км². Нас. 1401,9 тыс.чал. (2001), гарадскога 91%. Цэнтр — г.Ханты-Мансійск. Найб. гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Нягань, Кагалым (гл. карту да арт.Цюменская вобласць).
Займае цэнтр.ч.Зах.-Сібірскай раўніны, у межах якой вылучаюцца Сярэдняобская і Кондзінская нізіны, Сосьвінскае ўзв. і Сібірскія Увалы. На З — усх. схілы Паўн. і Прыпалярнага Урала (выш. да 1646 м). Радовішчы нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). Клімат кантынентальны з працяглай зімой (каля 9 месяцаў). Сярэдняя т-растудз. ад -18 да -23 °C, ліп. 16—19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рака — Об з прытокамі Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах, Пім, Лямін, Назым, Казым. Шмат азёр (больш за 1500) і балот. Глебы тарфяна-балотныя і падзолістыя. Больш за 30% тэр.пад хвойнымі лясамі (елка, хвоя, кедр), на Пн — тундра. З жывёл пашыраны вавёрка, собаль, каланок, ліс, гарнастай; каля 200 відаў птушак. Рэкі і азёры багатыя рыбай (ласасёвыя, сігавыя, асятровыя). Запаведнікі Малая Сосьва і Юганскі.
Буйны раён здабычы нафты (181 млн.т разам з газавым кандэнсатам, 2000) і прыроднага газу (20,1 млрд.м³). Асн. радовішчы: нафты — Саматлорскае, Мамантаўскае, Фёдараўскае; газу — Ігрымскае, Пунгімскае і інш. Першасная апрацоўка нафты і газу ў гарадах Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Сургут, Нягань, Лянтор, Лангепас. Вытв-сць электраэнергіі 53,5 млрд.кВт∙гадз (2000) на ДРЭС (2 Сургуцкія і Ніжнявартаўская). Прам-сць: лясная, дрэваапр., харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), маш.-буд., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 10,8 тыс.га (2000). Бульбаводства. Прыгараднае агародніцтва. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, аленегадоўля. Пушны промысел. Зверагадоўля (серабрыстыя і чорныя лісы, пясец, норка). Улоў рыбы 6,6 тыс.т (2000). Даўж. чыгункі 1073 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1698 км. Гал. чыгунка Екацярынбург—Цюмень—Сургут—Новы Урэнгой. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах. Рачныя парты: Сургут, Ніжнявартаўск. 8 аэрапортаў. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды Усць-Балык—Омск, Саматлор—Альмецьеўск, Саматлор—Самара, Саматлор—Аляксандраўскае і інш.; газаправод Надым—Пунга і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКЕ́ВІЧ Вандалін Аляксандравіч (10.12.1852, в. Нача Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 1.12.1919),
бел. археолаг, антраполаг, краязнавец і этнограф. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Адукацыю атрымаў у Вільні. З 1872 жыў у в. Нача. З 1883 даследаваў курганныя і бескурганныя могільнікі каля вёсак Нача, Нузелі (Пузельская гара), Апонаўцы, Гаворскія, Тоўцішкі, Сабакінцы (Першамайская), Клябанія (Папяржыня), Нарбутова. Дварчаны, Вензаўшчына, Сырні, Чарнішкі. Толькі на тэр. Лідскага пав. даследаваў 120 каменных магіл (да 1915 абследаваў 170). Першы збел. археолагаў раскапаў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў 13—14 ст. Вёў раскопкі каля Віцебска, Лепеля, Радашковіч, воз. Дрысвяты. Апублікаваў працы, прысвечаныя археал. знаходкам і раскопам, гісторыі і прыродзе Беларусі і Літвы: «Музей Федаровіча» (1900), «З мінулага Літвы» (1906), «Успаміны з года 1863» (1907), «Даўнія каралеўскія лясы ў Літве» і «Замак у Лідзе» (1911), «Раскопкі ў Начы (Лідскі пав.)» і «Мерач» (1912), «Возера Дрысвяты» і «Адміністрацыйныя і эканамічныя адносіны ў каралеўшчынах на Літве» (1913), «Трэпанаваныя чарапы з могільніка пад Начай» (1914) і інш.Традыц.нар. культуры беларусаў і інш. народаў (пераважна Віленшчыны) прысвяціў артыкулы: «Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, варожбы і г.д.), сабраныя ў Віленскай губерні» (выкарыстаў фалькл. запісы ўраджэнца Трокскага пав. У.Абакановіча) і «Упрыгожаныя крыжы ў Віленскай губерні» (1903), «Нарысы з Белай Русі» і «Звычаі пры выпечцы хлеба ў Лідскім пав.» (1912), «Спосабы фарбавання пісанак у Лідскім пав.» (1913) і інш. Першы збел. археолагаў (у садружнасці са спецыялістамі-хімікамі) пачаў рабіць аналізы стараж. знаходак. Запісаў шмат легенд і паданняў пра помнікі даўніны. Імкнуўся прасачыць эвалюцыю абраду пахавання ад эпохі латэну да часоў ВКЛ. Першы ўзняў праблемы даследавання Чорнай Русі як гіст. з’явы, надаваў асаблівае значэнне геагр. фактару яе засялення, спрабаваў даць прыкладную храналогію змены культур гэтага рэгіёна. Удзельнік 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Быў чл. Віленскага т-ва сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага т-ва. Частку матэрыялаў са сваёй археал. калекцыі перадаў у музеі Кракава, Пецярбурга, Масквы, Вільні.