АТРЭ́МБСКІ ((Otrębski) Ян Шчэпан) (8.12.1889, г. Піліца Катавіцкага ваяв., Польшча — 25.4.1971),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (1934). Д-р філасофіі. Скончыў Варшаўскі ун-т. У 1921—45 праф. Віленскага, у 1945—60 Пазнанскага ун-таў. Даследаваў пытанні індаеўрап. мовазнаўства. Сярод прац «Славяна-літоўскія паралелі» (1930—35), «Індаеўрапейскія даследаванні» (1939), «Славяне» (1947), «Славянабалтыйская моўная роднасць» (1954). Аўтар арт. «Этнічная праблема Палесся», «Славізацыя літоўскіх водных і мясцовых назваў», «Нарыс (народных беларускіх) гаворак Віленскай губерні», пра геагр. назвы («Гродна», «Вільня», «Вілія», «Русь»), па этымалогіі паасобных бел. слоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.1.1942, в. Малы Узень Піцерскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў Саратаўскі дзярж.ун-т (1967). З 1967 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю самаабарачэння хвалевага фронту на падставе чатыроххвалевага змяшэння і нестацыянарную тэорыю лазера з дынамічнай размеркаванай адваротнай сувяззю.
Тв.:
Резонансное четырёхволновое взаимодействие в поле волн накачки произвольной интенсивности (разам з С.П.Жвавым) // Квантовая электроника. 1985. Т. 12, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,
часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Bielski; сапр.Вольскі) Марцін
(1495 в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 18.12.1575),
польскі пісьменнік і гісторык. Склаў «Жыццяпісы філосафаў» (1535), напісаў п’есу «Камедыя пра Юстына і Канстанцыю» (1557), шэраг сатыр. вершаў. Першы з храністаў пачаў пісаць на польск. мове. Найб. вядомы як складальнік «Хронікі ўсяго свету» (Кракаў, 1551, 1554, 1564) — гіст.-літ. кампіляцыі, багатай разнастайнымі звесткамі з гісторыі многіх народаў свету, у т. л. славянскіх. Адзін з аўтараў «Хронікі Польшчы», якую дапоўніў матэрыяламі бел.-літоўскіх летапісаў і выдаў у 1597 яго сын (гл.Бельскі Іахім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЯЖЭ́НКА (Беліжэнка) Барыс Паўлавіч
(н. 5.6.1937, в. Промыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, журналіст. Скончыў БДУ (1965) і Мінскую ВПШ (1970). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце. Друкуецца з 1958. Выдаў зб-кі вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). Асн. тэмы твораў — любоў да роднага краю, праблемы грамадскага жыцця сучаснікаў, мужнасць нар. мсціўцаў у Вял.Айч. вайну. Аўтар аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі» (1988), вянка санетаў «Вышыня» (1974), паэмы «Свята пумы» (1977), гумарэсак, песень, тэксту кантаты «Памяць роднага горада» (1974, муз. Я.Касалапава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЯНІ́ЦКІ (Мацвей Захаравіч) (26.1.1909, г. Магілёў — 17.3.1990),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1942). Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і пейзажа. Асн. работы: «Фашысцкая грабармія на Беларусі» (1942), «Пасля вызвалення ад акупантаў» (1950), «Першы арышт Я.Коласа» (1960), «Пасля вайны. Размініраванне» (1961), «Паўстанне сялян. 1905 год» (1968); лірычныя пейзажы «Вясна прыйшла» (1943), «Мосцік» (1946), «Мінск. Бульвар Шаўчэнкі» (1974), «Сенакос» (1975), «Восень» (1977), «Вясёлка» (1982), серыя «Белавежская пушча» (1958—63). Пісаў таксама нацюрморты, партрэты сучаснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам
(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБІ́ЛА (Пётр Мікалаевіч) (н. 7.7.1953, в. Нацавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-ртэхн.н. (1992). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1974). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па метадах, алгарытмах і праграмных комплексах для сінтэзу лічбавых прыстасаванняў і сістэм, аўтаматызацыі праектавання рэгулярных структур для звышвялікіх інтэгральных схем.
Тв.:
Синтез комбинационных схем методами функциональной декомпозиции. Мн., 1987 (разам з С.В.Еніным);
Синтез комбинационных ПЛМ-структур для СБИС. Мн., 1992.