горад ва Узбекістане, у Харэзмскім вілаеце. Размешчаны ў Харэзмскім аазісе, на канале Палван. Каля 50 тыс.ж. (1999). Прам-сць: лёгкая (бавоўнаачышчальная, дывановая, швейная). вытв-сць керамікі і сувеніраў. Х. — горад-музей архітэктуры Харэзма (пераважна 19 — пач. 20 ст.): цытадэль Куня-арк, рабад Дышан-кала, запаведнік Ічан-кала (палац Таш-Хаўлі) і інш.
Паводле археал. звестак, засн. на рубяжы нашай эры. Назву атрымала ад стараж. калодзежа Хейвак (да 18 ст. горад наз. Хівак). дзе ў старажытнасці праходзіў гандл. шлях. што звязваў Усход і Захад. З пач. 4 ст.н.э. разам з Харэзмам у складзе перс. дзяржавы. Горад быў абнесены крапасной сцяной. У 712 заваявана арабамі, у 1221 — манголамі, у 1388 — Цімурам. З 16 ст. да 1920 — сталіца Хівінскага ханства. У 1740 Х. зруйнавана Надзір-шахам. У 1873 узята рас. войскамі і разам з усім Хівінскім ханствам стала пратэктаратам Рас. імперыі. З 1920 сталіца Харэзмскай народнай савецкай рэспублікі. З 1924 райцэнтр у складзе Узб. ССР [з 1938 у Харэзмскай вобл. (вілаеце)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІРАСІ́МА, Хіросіма,
горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хірасіма. 1109 тыс.ж. (1995). Порт у дэльце р. Ота. Важны трансп., прамысл. і культ.цэнтр. Аэрапорт. Прам-сць: судна- і станкабудаванне, аўтамаб., ваен., гумава-тэхнічная, дрэваапр., папяровая, тэкст., харч., паліграфічная. Ун-т. Парк Міру (1951—52) — арх.-паркавы сімвалічны ансамбль са шматлікімі скульптурамі, кенатафам, Вечным агнём, Фантанам малітвы, мемарыяльным музеем Міру. Каркас Прамысл. выставачнай залы (адзіны будынак, ацалелы ў час бамбардзіроўкі; вядомы як Атамны Дом). Фестываль Міру (6 жніўня).
Засн. ў 1580—1610 як прызамкавы горад і порт. Зручнае размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю, рамяства, прам-сці. У 2-ю сусв. вайну падвергнуты атамнай бамбардзіроўцы (6.8.1945) амер. авіяцыяй. Ад выбуху загінула больш за 200 тыс.чал., разбурана каля 75 тыс. будынкаў; многія жыхары памерлі пасля вайны ад хвароб, звязаных з радыяцыяй. Адбудавана, на месцы выбуху атамнай бомбы ў Х. ўзведзены мемарыяльны комплекс Міру. З 1959 у Х. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Літ.:
Искендеров А.А. Феодальный город Японии XVI столетия. М., 1961;
Брукнер К. Садако хочет жить!: Пер. с нем. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЗЯНСУ́,
правінцыя на У Кітая, па ніжнім цячэнні р. Янцзы. Абмываецца Жоўтым і Усх.-Кітайскім морамі. Пл. 102,6 тыс.км². Нас. 73,55 млн.ж. (2001); адзін з найб. шчыльна заселеных раёнаў Кітая. Адм. ц. — г.Нанкін. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч.Вял. Кітайскай раўніны. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -0,6 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. рака — Янцзы. Воз. Хунцзэху. Ц. — эканамічна развіты індустр.-агр. раён Кітая. Здабыча кам. вугалю, жал. руды, апатытаў, кааліну, солі. Прам-сць; машынабудаванне (судны, лакаматывы, трактары, станкі, горнае абсталяванне, электратэхніка, электроніка), металургія, лёгкая, хім., цэм., шкляная, керамічная, харчовая. Саматужныя промыслы і маст. рамёствы. Шматгаліновая сельская гаспадарка з перавагай земляробства. Буйныя арашальныя сістэмы. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, ячмень, боб, кукурузу, батат. Ц. — адзін з гал. раёнаў баваўнаводства і шаўкаводства. Развіта свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскі промысел. Суднаходства па р. Янцзы (даступная для марскіх суднаў на ўсёй тэр. Ц.), Вялікім канале. Гал.прамысл. і партовыя гарады: Нанкін, Усі, Сучжоў, Чанчжоў, Наньтун, Ляньюньган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫТА́,
горад, цэнтр Чыцінскай вобл. Расіі, пры ўпадзенні р. Чыта ў р. Інгада. 303,3 тыс.ж. (2001). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр Усх. Сібіры. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць станкоў, аўтазборка і інш.), дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, футравая), харч. (мясная, малочная, мукамольная); здабыча бурага вугалю. ДРЭС. Ін-т прыродных рэсурсаў Сіб.аддз.Рас.АН. 3 ВНУ. Тэатры: драм., лялек. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст., дзекабрыстаў. Арх. помнік — царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў», 1771).
Вядома з 1653 як пас. Інгадзінскае зімоўе. З 1690 слабада, у якой жылі казакі і прамыслоўцы. У 1699 пабудаваны астрог, дзе з 1827 адбывалі катаргу многія дзекабрысты. З 1821 паселішча наз. Чыцінскім, з 1851 — горад і цэнтр Забайкальскай вобл., тут размяшчалася ўпраўленне Забайкальскага казацкага войска. Эканам. значэнне яе вырасла пасля буд-ва Забайкальскай чыгункі (1900) і калі Ч. стала рэзідэнцыяй упраўлення Нерчынскай горнай акругі. Ў 1920—22 Ч. — сталіца Далёкаўсходняй рэспублікі. З 1922 — цэнтр Забайкальскай губ., з 1926 — Чыцінскай акругі Далёкаўсходняга краю, з 1937 — Чыцінскай вобл.
Чыта. Царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЯМР),
выбіральнае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення магн. ядрамі атамаў у знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. ЯМР у атамных пучках адкрыў у 1938 І.А.Рабі. у кандэнсаваных сістэмах — у 1946 Э.М.Пёрсел і Ф.Блох.
ЯМР абумоўлены зменай арыентацыі магн. момантаў ядраў адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля пад дзеяннем эл.-магн. выпрамянення. Звычайна на рэчыва адначасова дзейнічаюць 2 магн. палі з узаемна перпендыкулярнымі індукцыямі: моцнае пастаяннае і слабае пераменнае (радыёчастотнага дыяпазону). Адны і тыя ж ядры ў розным хім. акружэнні паглынаюць эл.-магн. выпрамяненне пры розных значэннях індукцыі знешняга магн. поля (хім. зрух рэзанансу), што дае магчымасць выкарыстоўваць ЯМР для даследавання структуры малекул і крышталёў. Найб. велічыню магн. моманту ў параўнанні з інш.магн. ядрамі мае ядро атама вадароду, таму на аснове пратоннага ЯМР распрацаваны спосабы вымярэння індукцыі і аднароднасці магн. поля, метады даследавання хім. рэакцый; ЯМР — фіз. аснова магнітарэзананснай тамаграфіі.
Літ.:
Дероум Э. Современные методы ЯМР для химических исследований: Пер. с англ.М., 1992;
Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985;
Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЛТА,
горад і прыморскі кліматычны курорт у Аўт. Рэспубліцы Крым, ва Украіне. Адм. цэнтр Ялцінскага курортнага раёна Паўднёвага берага Крыма. На тэр. сучаснай Я. з першых вякоў н.э. існавала грэч. паселішча Яліта (больш познія назвы Галіта, Джаліта, Каўліта, Геаліта, Эталіта; сучасная назва, прыкладна, з 16 ст.). Горад з 1837. 84 тыс.ж. (2001). Порт на Чорным моры. Вузел аўтадарог. Злучаны тралейбуснай лініяй з чыг. ст. Сімферопаль. Харчасмакавая (рыбная, вінаробная, малочная, тытунёвая) прам-сць; вытв-сць сувеніраў. 2 тэатры. Дом-музей А.П.Чэхава. Музеі: краязнаўчы, літ.-мемарыяльны К.А.Транёва і П.А.Паўленкі, М.З.Бірукова; «Паляна казак». Магіла М.Багдановіча. Каля Я. — Нікіцкі батанічны сад. Я. — буйны цэнтр турызму, адзін з асн. пунктаў і круізах па Чорным моры. У Я. праходзіла Крымская канферэнцыя 1945.
Кліматычны курорт, цэнтр курортнага раёна, які займае значную ч. Паўднёвага берага Крыма, куды ўваходзяць Алупка, Алушта, Гурзуф, Місхор і інш. курортныя пасёлкі. Лечаць хваробы органаў дыхання нетуберкулёзнага паходжання, ц. н. с., сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак. У Я. знаходзіцца НДІфіз. метадаў лячэння і мед. кліматалогіі (засн. ў 1914).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРШО́Ў Пётр Паўлавіч (6.3.1815, в. Бязрукава Ішымскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.8.1869),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1834). З 1836 настаўнік, у 1844—62 дырэктар гімназіі, дырэкцыі вучылішчаў Табольскай губ. Яшчэ студэнтам напісаў вершаваную казку «Канёк-Гарбунок» (1834, поўн. выд. 1856), высока ацэненую А.Пушкіным. Яна вызначаецца жывой нар. мовай, спалучэннем фалькл. сказу і прыёмаў літ. аповеду. Аўтар паэмы «Сузге», драм. сцэны «Фама-каваль» (абедзве 1835), п’ес «Сувораў і станцыйны наглядчык» (1836), «Каваль Базім...» (1858), апавяданняў (цыкл «Восеньскія вечары», 1857), вадэвіляў, лірычных вершаў, пед. работ. Паводле казкі «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні напісаў балет (паст. 1864; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1936, 1949), казку ставіў Бел.дзярж.т-р лялек (1946, 1953, 1960, 1963, 1974). На бел. мову ўрыўкі з казкі пераклаў В.Адважны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎПА́ЦІЙ КАЛАЎРА́Т, Яўпацій Львовіч Калаўрат,
легендарны рус. асілак, разанскі баярын, які ў 1237—38 гераічна змагаўся супраць мангола-тат. заваёўнікаў. Пра яго подзвіг расказвае стараж.-рус. «Аповесць пра спусташэнне Разані Батыем» (1-я пал. 14 ст.), якая ўвайшла ў шэраг пазнейшых рус. летапісаў. Паводле «Аповесці», Я.К. у 1237 выконваў даручэнне свайго князя ў Чарнігаўскай зямлі. Даведаўшыся пра нашэсце Батыя, ён спешна вярнуўся ў Разань, але застаў толькі папялішчы знішчанага горада. Сабраўшы 1700 воінаў («храбраў»), ён кінуўся наўздагон за Батыем, каб «выпіць смяротную чашу» разам з князямі, што загінулі ў Разані. Дагнаўшы мангола-татараў у Суздальскай зямлі, напаў на іх лагер і прычыніў ім значныя страты. Паводле «Аповесці», Я.К. і «храбры» біліся адзін з тысячай, а два з цьмою (10 тыс.чал.). Батый накіраваў супраць іх сваіх лепшых воінаў, але Я.К. рассек напапалам Хастаўрула, швагра Батыя, і забіў яшчэ многіх мангола-тат. асілкаў. Калі з дапамогай кідальных машын Я.К. усё ж быў забіты, Батый, уражаны яго мужнасцю і сілай, аддаў цела асілка «храбрам», якім загадаў захаваць жыццё і волю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́БЛІЯ СЛА́ВІКА»
(«BIBLIA SLAVICA»),
навуковая праграма па выданні слав. біблій. Засн. ў 1988 ням. славістамі Г.Ротэ і Р.Олешам. Мае 6 серый: «Чэшская біблія», «Польская біблія», «Усходнеславянская біблія», «Сербская біблія», «Харвацкая біблія», «Літоўская біблія». У серыі «Усходнеславянская біблія» ў выд-ве Ф.Шонінга ў 2002 выйшла выданне «Біблія славіка. III 1. Скарына. Каментарыі. Апостал 1525», якое складаецца з 2 частак. 1-я ч. — «Біблія руская. Выкладзена доктарам Францыскам Скарынаю. Прага 1517—1519» — гэта каментарыі да факсімільнага выдання «Бібліі» Скарыны (Мн., т. 1—3, 1990—91). У ёй пад рэд. Ротэ і Ф.Шольца змешчаны артыкулы бел. навукоўцаў А.Жураўскага, А.Конана, Г.Галенчанкі, І.Саверчанкі, В.Шматава, У.Свяжынскага. 2-я ч. — «Апостал. Вільна 1525» — факсімільны тэкст «Апостала» Скарыны з каментарыямі Ротэ. У ім даследуюцца крыніцы, якія былі падставай і тэкстамі для перакладаў твораў Скарыны на старабел. мову. Выданне ілюстраванае.
Літ.:
Сакалоўскі У. Скарынаўская біблія: Нямецкая славістыка і выданне беларускай культурнай спадчыны Адраджэння // Роднае слова. 2003. № 6;
Яго ж. Библия Скорины в Германии // Неман. 2003. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс.ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.