О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),
піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана змаст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва«Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.Вітвіцкага і А.Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.Голубеў). Іл.гл. таксама да арт.Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Літ.:
Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;
Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.
Л.Н.Дробаў.
Н.Орда.Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,
войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе зКрымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс.укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч.Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна заўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЯна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна зПн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1953). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац.АН ЗША (1973), Франц.АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АНСССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па магн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.Я.Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац.За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г. Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз. малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.
Тв.:
Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;
Тревога и надежда. М., 1990;
Науч. труды. М., 1995;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.
Літ.:
Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;
Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;
Гражданин мира (А.Д.Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;
Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пнз Кітаем, на З, Пд і Уз Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб.з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная зпаліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал.за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.кмз цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін засн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам.пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам.вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.
Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.Ц.Калашнікава, кулямёт В.А.Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-ммавіяц. пушка «Вулкан»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў зПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі зісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.