Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 903. З 10 ст. горад, уваходзіў у Кіеўскую Русь, у 12—13 ст. — у Наўгародскую феадальную рэспубліку. У 1240 захоплены Лівонскім ордэнам. У 1242 вызвалены войскам кн.Аляксандра Неўскага. У 1266—99 тут княжыў кн.Даўмонт. У 14—15 ст. цэнтр Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. У 14—17 ст. П. — буйны гандл., рамесніцкі і культ.цэнтр. З 1510 у складзе Рус. дзяржавы. У час Лівонскай вайны 1558—83 вытрымаў паўгадавую аблогу войск караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя (гл.Пскова абарона 1581—82). У Паўн. вайну 1700—21 у П. знаходзілася штаб-кватэра Б.Л.Шарамецева. З пач. 18 ст. страціў б. значэнне. У 1708 увайшоў у склад Інгерманландскай, у 1717 — Пецярбургскай, у 1727 — Наўгародскай губ. З 1777 цэнтр Пскоўскага намесніцтва (потым губ.). У 1-ю сусв. вайну ў П. размяшчаўся штаб Паўн. фронту. Тут вясной 1917 адрокся ад прастола апошні рас. імператар Мікалай II. У Вял.Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням. фашыстамі. З 1944 цэнтр Пскоўскай вобл.
П. падзелены рэкамі Вялікая і Пскава на 3 часткі: цэнтр (на правым беразе Вялікай), Завялічча (левабярэжжа Вялікай) і Запскоўе (правабярэжжа Пскавы). З 13 ст. пачала складвацца Пскоўская школа дойлідства. Узведзены Пскоўскі крэмль. Крапасныя сцены ахоўвалі раёны горада: з Пд невял. тэрыторыя т.зв. Даўмонтава горада (паводле археалагічных дадзеных, існаваў з 12 ст., умацаваны ў 1266; княжацкая рэзідэнцыя і адм. цэнтр горада), у міжрэччы Псковы і Вялікай — прылеглы да Крома з ПдУ Сярэдні горад (склаўся ў 10 ст., умацаваны ў 1309—75), на яго ўскраінах — Вакольны горад (пачаў фарміравацца ў 11 ст.), за р. Пскова — Запскоўе. Плошча Даўмонтава горада ў 14 ст. шчыльна забудавана палатамі і цэрквамі (у выніку археалагічных раскопак адкрыты фундаменты 18 каменных пабудоў), з паўд. боку абмежавана манум. будынкам 2-павярховых Прыказных палат (1693—95). У 16 ст. сцены даўж. 9 км умацаваны і расшыраны, пабудаваны манум. вежы, у т. л. Грамячая (1524). Найб.стараж. пабудовы П. блізкія даНаўгародскай школы дойлідства: саборы Міражскага манастыра, Іванаўскага (да 1243), Снетагорскага (1310, фрэскі 1313) манастыроў. У 14—16 ст. будавалі невял. прыходскія цэрквы з вапняку: Васіля на Горцы (1413), Успення на Пароменні (1444, перабудавана ў 1521), Касьмы і Даміяна на Прымосці (1463), Георгія на Узвозе (1494), Міколы на Усосе (1536). Сярод каменных жылых дамоў 16—17 ст. — 3-павярховыя палаты Паганкіных (да 1645), дамы Лапіна («Саладзёжня»), Трубінскага (1670—80-я г.), палаты Ямскога (1680-я г.). Паводле рэгулярнага плана 1778 у П. пабудаваны на гал. вуліцах каменныя і драўляныя 2-павярховыя дамы паводле «ўзорных» праектаў у стылі класіцызму. Горад моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. Непадалёк ад П. размяшчаюцца комплексы манастыроў Спаса-Елізараўскага (засн. ў 15 ст.) з 1-купальным 3-апсідным саборам 16 ст., Крыпяцкога (засн. ў 15 ст.) на беразе Святога воз. (захаваўся 1-купальны сабор, 1557). Музеі: мастака-рэстаўратара Ю.П. Спягальскага, гіст.-маст. і арх. музей-запаведнік.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАЛОГІЯ
На Беларусі этналагічная навука развіваецца з пач. 19 ст. Першую праграму для збірання этналагічных матэрыялаў склаў Г.Калантай (1810). Распрацоўку методыкі збірання такіх матэрыялаў у 19 ст. вёў Віленскі ун-т. Збіралі і друкавалі этналагічныя матэрыялы М.Чарноўская, А.Рыпінскі, Я.Чачот, З.Даленга-Хадакоўскі. Яны належалі да міфалагічнага кірунку ў бел. этналогіі і найб. ўвагу звярталі на духоўную культуру — песні, паданні, абрады, разглядалі іх як рэшткі стараж. светапогляду, ідэалізавалі міфалогію. Міфалагічны кірунак быў характэрны і для бел. этналогіі 1850—70-х г., калі значную ролю ў этналагічным вывучэнні Беларусі адыгрывала Рускае геаграфічнае таварыства, у прыватнасці яго аддзяленне этнаграфіі. У яго выданнях «Этнографический сборник» і «Записки Русского географического общества по отделению этнографии» надрукаваны працы М.Анімеле «Побыт беларускіх сялян» (1854), А.Г.Кіркора «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1858), П.В.Шэйна «Беларускія песні» (1873). У 1860—70-я г.Рус.геагр.т-ва арганізавала этналагічныя экспедыцыі С.В.Максімава і П.П.Чубінскага, якія сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйнай культуры бел. народа. У гэты час актыўна працаваў Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (1867—75).
Значных поспехаў дасягнулі энтузіясты бел. этналогіі, якія працавалі асобна. Навук. значэнне ў гэтай галіне маюць працы П.М.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—1855) і інш. і У.Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.
У 1880—90-я г. ў этналагічным вывучэнні Беларусі актыўна ўдзельнічала Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. На сродкі т-ва ажыццёўлены этналагічныя экспедыцыі па Беларусі М.Я.Янчука (1886) і М.В.Доўнар-Запольскага (1890—1891). У выданнях т-ва «Этнографическое обозрение» і «Труды этнографического отдела Общества любителей природоведения, антропологии и этнографии» апублікавана шмат прац бел. даследчыкаў.
У 1910—15 працаваў адноўлены Паўн.-зах. аддзел Рус.геагр.т-ва. Ён арганізаваў этналагічныя экспедыцыі Е.Р.Раманава і І.А.Сербава. Сабраныя матэрыялы Раманаў апублікаваў у працы «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), а Сербаў у кн. «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914). На сродкі гэтага т-ва выдадзены «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.М.Дабравольскага (вып. 1—4, 1891—1903). У этналагічным вывучэнні Беларусі ўдзельнічаў этнаграфічны аддзел Рус. музея ў С.-Пецярбургу, супрацоўнік якога А.К.Сержпутоўскі напісаў этналагічныя працы «Нарысы Беларусі» (1907—09), «Бортніцтва на Беларусі» (1910), «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся» (1910). Велізарны матэрыял пра бел. этнас надрукаваны ў працах П.В.Шэйна, Раманава, М.Я.Нікіфароўскага, А.Я.Багдановіча.
У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. з’явіліся абагульняльныя працы пра бел. этнас М.В.Доўнар-Запольскага «Беларусы» (1905), Янчука «Этнаграфічны нарыс Беларусі» (1918—1920), Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22).
Духоўную, матэрыяльную і сац. культуру бел. народа вывучалі Дабравольскі, Доўнар-Запольскі, Карскі, Нікіфароўскі, Раманаў, Сербаў, Сержпутоўскі, якія належалі да эвалюцыйнага кірунку і паказвалі яе развіццё ад простых форм да больш складаных. Многія з іх усебакова абгрунтоўвалі погляд на беларусаў як асобную і самастойную этнічную супольнасць. Карскі заклаў фундамент навук. вывучэння этнагенезу беларусаў.
У 1920-я г. значную ролю ў этналагічным вывучэнні беларусаў адыграў Інстытут беларускай культуры. Ён арганізаваў шмат этналагічных экспедыцый па Беларусі, удзельнікі якіх сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйных відах гасп. дзейнасці і духоўнай культуры беларусаў.
У 1930—1-й пал. 1950-х г. этналагічныя даследаванні ажыццяўляў Ін-т гісторыі АН Беларусі, яго сектар этнаграфіі і фальклору. Ён арганізаваў шэраг этналагічных экспедыцый па Беларусі, зроблены крокі па ўдасканаленні эвалюцыйнага метаду. У ліку найб. значных этналагічных прац, выдадзеных ін-там, былі манаграфіі М.М.Нікольскага. «Міфалогія і абраднасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства» (1933), «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» (1956).
З 1957 этналагічныя даследаванні ў сістэме АН Беларусі ажыццяўляе Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы, яго аддзел этнаграфіі (з 1995 аддзел этналогіі). У выніку сістэматычнай экспедыцыйнай работы абследаваны ўсе рэгіёны Беларусі. Ім удасканалены метады аналізу этналагічных матэрыялаў. Этналагічныя даследаванні набылі сістэмны характар. Ін-т распрацаваў шэраг важных этналагічных праблем. В.К.Бандарчык паслядоўна даследаваў гістарыяграфічную спадчыну бел. этналогіі («Беларусы», т. 3, 1999). Апублікаваны шэраг фундаментальных прац пра паходжанне і этнічную гісторыю бел. народа, у іх ліку «Беларусы» М.Я.Грынблата (1968), «Этнаграфія беларусаў» І.У.Чаквіна, Бандарчыка, П.У.Церашковіча, Г.І.Каспяровіч (1985), «Узнікненне Беларусі» М.Ф.Піліпенкі (1991), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» Піліпенкі, Чаквіна, Каспяровіч і інш. (2001). Матэрыялы пра асобныя прамысл. і рамесныя заняткі абагульнены ў навук. працах В.С.Цітова «Дрэваапрацоўчыя промыслы Беларусі» (1976), І.М.Браіма «Рыбалоўства ў Беларусі» (1976), Г.М.Курыловіч «Беларускае народнае ткацтва» (1981), С.А.Мілючэнкава «Беларускае народнае ганчарства» (1984), У.С.Гуркова, С.Ф.Цярохіна «Занятак спрадвеку высакародны» (пра пчалярства, 1987), В.Я.Фадзеевай «Беларуская народная вышыўка» (1991). Калектыў аўтараў (Н.І.Буракоўская, Я.М.Сахута, Цітоў і інш.) апублікаваў абагульняльную працу аб промыслах і рамёствах беларусаў («Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі», 1995). А.І.Лакотка падрыхтаваў працы «Беларусы. Т. 2. «Дойлідства» (1997), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999). Л.І.Маленка прасачыла эвалюцыю бел. народнага строю ў працы «Беларускі народны касцюм» (2001). Рэгіянальныя асаблівасці земляробчай тэхнікі, жылых і гасп. пабудоў, прадметаў адзення беларусаў разгледжаны ў працах: «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968) Л.А.Малчанавай, «Беларускае народнае жыллё» (1973) У.С.Гуркова, Э.Р.Сабаленка і інш., «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974) І.П.Корзуна, Л.І.Мінько і інш., «Беларускае народнае адзенне» (1975) Бялявінай, Курыловіч і інш., «Гістарычна-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў» (1983) Цітова. Высновы пра рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай культуры беларусаў, гіст.-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі сталі навук. базай для стварэння Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Супрацоўнікі ін-та даследавалі сац. культуру бел. этнасу: Т.І.Кухаронак «Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў» (2001) і «Радзінныя звычаі і абрады беларусаў» (1993), Л.В.Ракавай «Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы» (2000). Абагульняльную працу пра грамадскія традыцыі выдалі В.Ф.Бацяеў, В.М.Бялявіна, А.В.Гурко, Чаквін і інш. («Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі», 2002), пра сям’ю — Курыловіч, Кухаронак, Ракава і інш. («Беларусы. Т. 5. Сям’я», 2001).
Найб. грунтоўна вывучана паэтычная творчасць беларусаў — выдадзена 45 тамоў серыі «Беларуская народная творчасць» (1970—2003), «Беларускі фальклор: Жанры. Віды. Паэтыка» (кн. 1—6, 2001—04). Нар. музычнаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву беларусаў прысвечаны працы З.Я.Мажэйка «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), Сахуты «Народнае мастацтва Беларусі» (1997). Абагульняльная этналагічная праца пра бел. народ «Беларусы», выдадзеная ў 1998 у Маскве ў міжнар. серыі «Народы і культуры».
У наш час этналагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (Церашковіч, Т.А.Навагродскі, А.А.Кілбас, І.С.Махоўская, У.І.Мядзянік), у Рэспубліканскім ін-це вышэйшай школы пры БДУ (І.І.Калачова), Бел.пед. ун-це імя М.Танка (І.Б.Канапацкі, У.В.Тугай, Цітоў), у Гомельскім дзярж. ун-це імя Ф.Скарыны (А.Р.Яшчанка), у Полацкім дзярж. ун-це (У.А.Лобач), у Бел. ун-це культуры (Т.М.Мікуліч).
Літ.:
Бандарчык В.К. Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999;
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. Мн., 1997;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Піліпенка М.Ф., Цягака Л.І. Этнаграфія і антрапалогія ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1998. №4. Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш.). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А.Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш.). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн. значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш.). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЬЕ́РА-ЛЕО́НЕ (Sierra Leone), Рэспубліка Сьера-Леоне (Republic of Sierra Leone),
дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Мяжуе на ПнЗ, Пн і ПнУ з Гвінеяй, на ПдУ з Ліберыяй, на ПдЗ і Пд абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 72,3 тыс.км². Насельніцтва 5,4 млн.чал. (2001). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Фрытаўн. Падзяляецца на 3 правінцыі і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978 (мадыфікаваная ў 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Парламент — аднапалатны Нац. сход (68 дэпутатаў).
Прырода. Зах. і паўд. частка С.-Л. — нізінная алювіяльная раўніна; на У — унутр. раўніны (выш.да 200 м), плато (да 1000 м), адгор’і масіву Фута-Джалон і Леона-Ліберыйскіх гор (да 1948 м, г. Бінтымані). Карысныя выкапні: алмазы, жал., тытанавыя і хромавыя руды, золата, плаціна, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. На ўзбярэжжы сярэднямесячныя т-ры самага халоднага месяца (жн.) 24 °C, самага цёплага (крас.) 27 °C. Ападкаў ад 4000 мм за год у гарах на ПдУ, да 2500—2000 мм на ПнЗ. Дажджлівы сезон май—верасень. Шмат паўнаводных рэк. Большая ч.тэр. занята высакатраўнай саваннай з баабабамі, месцамі на У вечназялёныя і лістападна-вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У складзе жывёльнага свету малпы, антылопы, зебры, леапарды, карлікавыя сланы, буйвалы, бегемоты; шмат птушак, насякомых. Лясныя заказнікі: Лома-Маўнтынс, Мамунта-Маёза.
Насельніцтва. С.-Л. — шматнацыянальная краіна. Амаль усё насельніцтва належыць да моўных падгруп мандэ (у т. л. народ мендэ — 34%, а таксама кона, д’ялонке, малінке, сусу) і зах.-атлантычнай (у т. л. народ тэмне — 31%, а таксама лімба, булом, фульбе, кісі, гола). У г. Фрытаўн і наваколлі жывуць крыёлы, або крэолы С.-Л. (каля 100 тыс.чал., нашчадкі вызваленых рабоў-неграў, якія ў 18—19 ст. прыехалі з англ. калоній Амерыкі). Мусульмане складаюць 60% вернікаў, прыхільнікі мясц.традыц. культаў — 30%, хрысціяне — 10%. Сярэднегадавы прырост 3,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 74,7 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы і на З — да 700 чал. на 1 км², на ПнУ — каля 10 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 35% насельніцтва. У г. Фрытаўн з прыгарадамі каля 700 тыс.ж. (2001). Астатнія гарады невялікія (да 10—20 тыс.ж.). У сельскай гаспадарцы занята каля 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 8%, у горназдабыўной — 7%, на буд-ве і транспарце — 5%, у гандлі і сферы паслуг — 14%. У краіне і за яе межамі каля 2 млн. бежанцаў.
Гісторыя. Найб.стараж. насельнікі С.-Л. — прадстаўнікі народа булом. З 15 ст. тут пасяліліся народы тэмне і мэндэ, пазней — фульбе. У 1462 на ўзбярэжжы з’явіліся партугальцы, якія назвалі краіну С.-Л. (партуг. «Ільвіныя горы»), З сярэдзіны 16 ст. сюды пранікалі гандляры рабамі. У 1787 англічане заснавалі пасяленне б. неграў-рабоў Фрытаўн (англ. «Горад свабодных»), З 1808 Фрытаўн і прылеглыя тэрыторыі — калонія Вялікабрытаніі; асн. яе насельніцтва складалі вызваленыя афрыканцы-рабы — т. зв. крэолы. Да сярэдзіны 19 ст. крэолы мелі ўласнае выбарнае самакіраванне; калонія лічылася культ. і паліт. цэнтрам брыт.калан. уладанняў у Зах. Афрыцы. Да канца 19 ст. англічане падпарадкоўвалі ўнутр. раёны, якія ў 1896 абвешчаны брыт. пратэктаратам. Пасля 2-й сусв. вайны ў С.-Л. створаны першыя паліт. партыі. У 1957 прынята канстытуцыя, створаны ўласныя Парламент і ўрад, які сфарміравала Нар. партыя С.-Л. (НПСЛ). 21.4.1961 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці, прэм’ер-міністрам стаў лідэр НПСЛ М.Маргаі (пасля яго смерці ў 1964 — А.Маргаі). Пасля перамогі апазіцыйнага Усенар. кангрэса (УК) уладу захапілі ваенныя. Пасля новага перавароту ў крас. 1968 улада перайшла да УК на чале з С.П.Стывенсам.
19.4.1971 краіна абвешчана рэспублікай, яе прэзідэнтам абраны Стывенс, якога ў 1985 змяніў Дж.С.Мома. У краіне ўсталяваўся аднапартыйны рэжым УК, урад якога праводзіў палітыку частковай нацыяналізацыі гарнарудных прадпрыемстваў, што належалі замежнаму капіталу. У крас. 1992 ваенныя на чале з капітанам В.Страсерам скінулі ўрад УК; у С.-Л. адноўлена шматпартыйнасць, на першых свабодных выбарах у лют. 1996 прэзідэнтам абраны кандыдат Нар. партыі А.Т.Каба. Унутр. становішча С.-Л. застаецца вельмі складаным. З пач. 1990-х г. барацьбу супраць цэнтр. ўрада вядзе Аб’яднаны рэв. фронт, у выніку чаго загінулі і сталі бежанцамі дзесяткі тыс. чалавек. У 1997 і 1999 былі спробы скінуць прэзідэнта Каба (задушаны пры дапамозе нігерыйскіх войск). С.-Л. — чл.ААН (1961), Арг-цыі афр. адзінства, Зах.-Афр.эканам. супольнасці.
Гаспадарка. С.-Л. — адсталая агр. краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Па эканам. узроўні адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. — 510 дол. за год (2000). Каля 43% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 26% — у прам-сці, каля 31% — у абслуговых галінах. Унутр.ўзбр. канфлікты разбуральна ўздзейнічаюць на эканоміку. Аснова яе — сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,82 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 500 тыс.га (каля 29 тыс.га арашаецца), пад шматгадовымі насаджэннямі каля 70 тыс.га, пад пашай каля 2250 тыс.га. Пераважае раслінаводства. У раёнах вырошчвання экспартных культур і каля гарадоў ёсць зоны таварнай гаспадаркі; у астатніх раёнах пераважае дробнатаварная і натуральная гаспадарка. У краіне каля 300 тыс.сял. гаспадарак, ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. культуры (штогадовы збор на пач. 1990-х г., тыс.т): рыс (каля 60% пасяўных плошчаў) — каля 600, кукуруза — 15, проса і сорга — 37, маніёк, какава, ямс, тара, батат — разам каля 130, бабовыя — 30; тэхн. і экспартныя культуры: алейная пальма — штогадовы збор 20—50 тыс.т ядраў, кава — 15 тыс.т, какава — 16 тыс.т, пальма рафія (дае тэхн. валакно), імбір, сізаль, кунжут, тытунь, гевея, арэхі кола, цукр. трыснёг. Агародніцтва і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае прасторы саваннаў, развіта пераважна на Пн, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 340, авечак — 330, коз — 180, свіней — 50. Птушкагадоўля (у 1997—6 млн. курэй). Развіваецца марское рыбалоўства (штогод каля 150 тыс.т рыбы і 1 тыс.т крэветак). На У краіны лесанарыхтоўкі, у т. л. каштоўнай драўніны. Прам-сць пераважна горназдабыўная і апрацоўчая. У сувязі з ваен. дзеяннямі, а таксама выпрацоўкай радовішчаў здабыча карысных выкапняў змяншаецца. Здабываюць алмазы (164 тыс. каратаў, 1994), золата (каля 1000 кг штогод), рутыл (1,4 млн.т), ільменіт, жал. руду, баксіты, буд. матэрыялы. У 1999 атрымана 240 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Невял. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці па вытв-сці харч. прадуктаў, прахаладжальных напіткаў, абутку, мэблі, цыгарэт, гароднінных і садавінных кансерваў, цэменту, паперы, мыла, касметыкі і інш. Ёсць прадпрыемствы металаапр., нафтаперапр., па агранцы і шліфоўцы алмазаў, мукамольныя, тытунёвыя, кандытарскія, аўтазборачныя і цэм. з-ды, дрэваапр., хім. і інш. Развіты саматужныя промыслы. Транспарт аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (тыс.км, 1997): аўтадарог 11,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 0,9, унутр. водных шляхоў 0,8, у т. л. прыдатных для эксплуатацыі круглы год 0,6. У краіне 20,9 тыс. легкавых, 21,1 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). З 600 км чыгункі эксплуатуецца 84 км. Гал. марскі порт Фрытаўн, паблізу міжнар. аэрапорт. У 2000 экспарт склаў 65 млн.дол., імпарт — 145 млн.дол. У экспарце пераважаюць алмазы, рутыл, бабы, кава, рыба; у імпарце — харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Бельгія, ЗША, Італія, Нігерыя. С.-Л. атрымлівае эканам. дапамогу (203,7 млн.дол., 1995) ад міжнар. арг-цый і развітых краін. Грашовая адзінка — леоне.
Літ.:
Зотова Ю.Н., Смирнов Е.Г., Френкель М.Ю. История Сьерра-Леоне в новое и новейшее время. М., 1994.
К.А.Аінціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сьера-Леоне.Даарт.Сьера-Леоне. Горад Фрытаўн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАС,
форма існавання матэрыі, якая выражае паслядоўнасць змены станаў аб’ектаў, з’яў і працэсаў рэчаіснасці, працягласць іх існавання. Непарыўна звязаны з рухам матэрыі. Універсальныя ўласцівасці Ч. — працягласць, непаўтаральнасць, неабарачальнасць; фіз. тэорыя прасторы і Ч. — адноснасці тэорыя (гл. таксама Прастора і час у фізіцы).
Вымярэнне Ч. заснавана на назіранні перыядычна паўтаральных астр. і фіз. з’яў. Для злічэння вял. інтэрвалаў Ч. здаўна карыстаюцца працягласцю перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца (сідэрычны, або зорны год; трапічны, або сонечны год і інш.), Месяца вакол Зямлі (сінадычны месяц, сідэрычны месяц, трапічны і каляндарны месяц), Зямлі вакол уласнай восі (зорныя і сонечныя суткі). Гэтыя з’явы пакладзены ў аснову розных сістэм злічэння Ч. — календароў. Асн. адзінкі Ч. ў астраноміі — трапічны год (роўны 365,2422 сут) і зорныя суткі. Сутачнае вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі адносна нерухомых зорак вызначае зорны час (24 зорныя гадзіны, роўныя 23 гадз 56 мін 4,091 с сярэдняга сонечнага Ч.). На практыцы карыстаюцца сонечным Ч., які вызначаецца па змене гадзіннага вугла Сонца. Ён бывае сапраўдны і сярэдні (у залежнасці ад таго, па сапраўдным ці сярэднім Сонцы робіцца адлік Ч.). Рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным Ч. наз.ўраўненнем часу. У 1950 уведзены раўнамерны эфемерыдны час, звязаны з трапічным годам. Кульмінацыі Сонца і пункта веснавога раўнадзенства, па якіх вызначаюцца сонечныя і зорныя суткі, на розных мерыдыянах адбываюцца неадначасова. Так вызначаны для зададзенай даўгаты Ч. наз.мясцовым часам. Мясцовы сярэдні сонечны Ч. Грынвіцкага мерыдыянаназ.сусветным часам. Для зручнасці ў большасці краін прынята сістэма паяснога часу. Ч. нулявога пояса наз. заходнееўрапейскім або сусветным, 1-га пояса — сярэднееўрапейскім, 2-га — усходнееўрапейскім. У Расіі Ч. 2-га гадзіннага пояса наз.маскоўскім. З улікам дэкрэтнага часу (у СССР уведзены ў чэрвені 1930, адменены ў лютым 1991, адноўлены ў Расіі ў кастр. 1991) маскоўскі Ч. апераджае сусветны на 3 гадз. Тэр. Беларусі ўваходзіць у 2-і пояс, таму беларускі Ч. ідзе на 2 гадз раней за сусветны і на 1 гадз пазней за маскоўскі. У шэрагу краін, у т. л. на Беларусі, на летні перыяд уводзяць летні час, які апераджае паясны на 1 гадз. Для гэтага ў апошнюю нядзелю сакавіка паказанні гадзіннікаў пераводзяць на 1 гадз уперад, у кастрычніку — на 1 гадз назад.
Для адліку больш дробных інтэрвалаў Ч. суткі здаўна дзялілі на гадзіны (светлую іх частку — на 12 дзённых гадзін, цёмную — на 12 начных, розных па працягласці). Пазней уведзены падзел сутак на 24 роўныя гадзіны, гадзін — на мінуты. Асн. адзінка Ч. ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ) — секунда. Перыяд Ч. тыдзень — адвольны, роўны 7 сут (прыблізна адпавядае чвэрці сінадычнага месяца), штучна ўтвораны ў краінах Стараж. Усходу на рэлігійна-астралаг. аснове.
У глыбокай старажытнасці не існавала ні храналагічнай эры як пэўнай сістэмы адліку гадоў, ні эпохі як яе пачатковага пункта. Адлік гадоў вялі па датах значных падзей ці праўленняў цароў, для чаго вялі іх спісы. У некат. выпадках падзеі прывязвалі даастр. з’яў (напр., сонечных зацьменняў), што дазваляе больш дакладна датаваць падзеі стараж. гісторыі. Падлік Ч. (летазлічэнне) пачаўся з развіццём жывёлагадоўлі, земляробства, мараплаўства. Качавыя народы, якія займаліся жывёлагадоўляй, карысталіся месяцавымі календарамі, у якіх працягласць абарачэння Месяца вакол Зямлі звязвалася са зменай фаз Месяца. З пераходам да земляробства часцей карысталіся сонечнымі календарамі, у якіх прыблізна ўзгадняліся суткі і год, а таксама месяцава-сонечнымі, у якіх рух Сонца ўзгадняўся са зменай фаз Месяца. Месяцавым календаром пачалі карыстацца ў цывілізацыях Месапатаміі, Стараж. Егіпце, Кітаі. У 3-м тыс.дан.э. ў Стараж. Егіпце ён заменены на сонечны, у 6 ст.дан.э. ў Кітаі — на месяцава-сонечны. Іудзейскі месяцавы каляндар набыў пашырэнне з 9 ст.дан.э., у 4 ст.дан.э. ён заменены на месяцава-сонечны. У 593 дан.э. ў Афінах Салон увёў каляндар вавілонскага тыпу, у якім было 5 звычайных гадоў па 12 мес і 3 падоўжаныя гады па 13 мес. У 432 дан.э. астраном Метон устанавіў, што ў 19 сонечных гадах змяшчаецца 235 сінадычных месяцаў і што праз гэты перыяд розныя фазы Месяца зноў адбываюцца ў тыя ж дні сонечнага года. У выніку месяцава-сонечны каляндар грэкаў быў удакладнены. Летазлічэнне ў Стараж. Грэцыі вялі па гадах праўлення архонтаў-эпонімаў і па алімпіядах, што рэгулярна праводзіліся 1 раз у 4 гады (1-я алімпіяда адбылася ў 776 дан.э.); у Стараж. Рыме — ад даты заснавання Рыма (753 дан.э.). У пач. 6 ст.дан.э. рымляне перайшлі ад месяцавага да месяцава-сонечнага календара, у 46 г.дан.э. ўвялі сонечны юліянскі каляндар (стары стыль, распрацаваны александрыйскімі астраномамі на чале з Сазігенам, адлік па ім пачаўся з 1 студзеня 45 г.дан.э.). У 2 ст.н.э. К.Пталамей увязаў грэка-рымскую храналогію з вавілонскай. У 525 італьян. манах Дыянісій Малы распрацаваў новае летазлічэнне — ад дня нараджэння Хрыста (25 снеж. 753 г. ад заснавання Рыма), якое з 532 пачало выкарыстоўвацца ў Рыме, з 8 ст. ў Францыі і інш. краінах. У сярэдневякоўі гэтае злічэнне суіснавала з раней прынятымі ў розных краінах злічэннямі «ад стварэння свету». На аснове біблейскіх паданняў правасл. царква ў 7 ст. прыняла за дату адліку 5508 г.дан.э. (візантыйская эра), англіканская — 4004 г.дан.э., іудзейская — 3761 г.дан.э. Пераход на злічэнне «ад нараджэння Хрыстова» (на юліянскі каляндар) у Расіі ажыццявіў Пётр I (замест 1 студз. 7208 г. візантыйскай эры ўведзена 1 студз. 1700 г.). Больш дакладны грыгарыянскі каляндар (новы стыль), прыняты ў 1582 (выдадзена спец. була рымскага папы Грыгорыя XIII). На яго перайшла большасць каталіцкіх краін, з пач. 18 ст. — пратэстанцкія, у 1752 Вялікабрытанія, у 1918 Расія (пасля 31 студзеня лічылася не 1, а 14 лютага). Да сярэдзіны 20 ст. грыгарыянскім календаром пачала карыстацца большасць краін свету. Для пераводу юліянскіх дат на новы стыль дадаюцца папраўкі (у сутках): з 5 кастрычніка 1582 па 29 лютага 1700—10, з 1 сакавіка 1700 па 29 лютага 1800—11, з 1 сакавіка 1800 па 29 лютага 1900—12, з 1 сакавіка 1900 па 29 лютага 2100—13. У краінах ісламу выкарыстоўваецца месяцавы мусульманскі каляндар, за пачатак якога прыняты 622 г. — год хіджры (перасялення Мухамеда з Меккі ў Медыну) Існуюць таксама будыйская эра (яе пачатак ад 950 г.дан.э.), кітайская цыклавая эра (ад 2637 г.дан.э.), індыйская каліюга — «жалезнага веку» (ад 3102 г.дан.э.) і інш.
На бел. землях сістэма злічэння Ч. па юліянскім календары выкарыстоўвалася з 13 ст. У 1582 ВКЛ перайшло на зах.-еўрап. грыгарыянскі каляндар. Пасля далучэння Беларусі даРас. імперыі зноў уведзены (з 1800) юліянскі каляндар (больш падрабязна гл. ў арт.Храналогія).
Першай прыладай вымярэння Ч. (з 3500 г.дан.э.) быў сонечны гадзіннік. Па гноманах вызначалі Ч. дня і пары года. Прамежкі Ч. вымяралі вадзянымі, агнявымі і пясочнымі гадзіннікамі. З 14 ст. ў Еўропе пашырыліся мех.гадзіннікі з гірамі, з 16 ст. — спружынныя, з 17 ст. — маятнікавыя, з 1840 — з эл. батарэямі (удасканалены ў 1906). У 1929 з’явіліся першыя кварцавыя гадзіннікі, у 1948 — квантавыя гадзіннікі. Прыладамі-лічыльнікамі Ч. з’яўляюцца таксама хранометры, секундамеры, таймеры, рэле часу і камбінаваныя прылады. Вызначэннем і захоўваннем дакладнага Ч. займаецца служба часу.
Літ.:
Константинов А.И., Флеер А.Г. Время. М., 1971;
Селешников С.И. История календаря и хронология. 3 изд. М., 1977;
Время и частота: Пер. с англ.М., 1973;
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Буткевич А.В., Зеликсон М.С. Вечные календари. 2 изд. М., 1984;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 дан.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 дан.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э.рым. імператарам Феадосіем I.
2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар.спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл.табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).
Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж. сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш. атрыбутыка.
Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.
Літ.:
Олимпийская энциклопедия. М., 1980.
Г.К.Кісялёў.
Алімпійскія гульні
Алімпіяды
Год правядзення
Месца правядзення
Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I
1896
Афіны
13
II
1900
Парыж
21
III
1904
Сент-Луіс
12
IV
1908
Лондан
22
V
1912
Стакгольм
28
VI
1916
Берлін*
VII
1920
Антверпен
29
VIII
1924
Парыж
44
IX
1928
Амстэрдам
46
X
1932
Лос-Анджэлес
38
XI
1936
Берлін
49
XII
1940
Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII
1944
Лондан*
XIV
1948
Лондан
58
XV
1952
Хельсінкі
69
XVI
1956
Мельбурн
67
XVII
1960
Рым
84
XVIII
1964
Токіо
94
XIX
1968
Мехіко
113
XX
1972
Мюнхен
122
XXI
1976
Манрэаль
88
XXII
1980
Масква**
81
XXIII
1984
Лос-Анджэлес
140
XXIV
1988
Сеул
160
XXV
1992
Барселона
172
XXVI
1996
Атланта
* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.
Даарт.Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.Даарт.Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.Даарт.Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).Даарт.Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).Даарт.Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАЗНА́ЎСТВА,
галіна літаратуразнаўчай навукі, якая вывучае структуру вершаванай мовы. Сучаснае вершазнаўства даследуе таксама рытм, інтанацыю ў празаічных творах.
Узнікненне вершазнаўства як навукі звязана з развіццём у розных л-рах пісьмовай паэзіі, якая аддзялілася ад музыкі. Першапачаткова вершазнаўства было проста сістэмай пэўных нормаў і правіл, па якіх павінны былі пісацца вершы. У 19 ст. яно становіцца даследчыцкай навукай. Адным з асн. метадаў яе з’яўляецца статыстыка: выдзяленне гукавых з’яў верша, якія могуць быць абавязковымі, пануючымі або толькі пераважаючымі. Асн. раздзелы: метрыка (даследуе асаблівасці рытміка-інтанац. будовы вершаванага радка), строфіка (вывучае прынцыпы і прыёмы аб’яднання рытмараду ў адно завершанае цэлае) і фоніка (устанаўлівае заканамернасці гукавой арганізацыі паэт. мовы).
На Беларусі першыя тлумачэнні асн. формаў і тэрмінаў ант. метрыкі далі Л.Зізаній (1596) і М.Сматрыцкі (1619). Пазней Сімяон Полацкі (1629—80) распрацаваў асн. прынцыпы сілабічнага верша, увёў паняцце «стихи краесогласнии» ў значэнні вершаванай мовы. Зараджэнне новай бел. л-ры, збіральніцкая дзейнасць фалькларыстаў і этнографаў у 19 ст. ўзмацнілі цікавасць да формаў нар. верша (працы І.Насовіча, Я.Карскага). Вял. ўвагу вершаванай структуры аддаваў М.Багдановіч, які ўпершыню ў бел. вершазнаўстве вылучыў прынцып адзінства формы і зместу, а ў літ. аглядах паказаў непасрэдную сувязь рытму са змястоўнасцю і эстэт. дзейснасцю паэт. твораў. Багдановіч развіваў разнастайныя страфічныя і метрычныя формы дзеля павышэння культуры творчасці, узмацнення ідэйна-эстэт. ўплыву л-ры на чытача. У пасляваен. перыяд з’явіліся навуч. дапаможнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, манаграфіі і артыкулы па асобных праблемах вершазнаўства, сярод якіх працы І.Ралько «Беларускі верш» (1969) і «Вершаскладанне» (1977), М.Грынчыка «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973).
Літ.:
Грынчык М.М. Беларускае вершазнаўства і перспектывы яго развіцця // Бел. літаратура. 1979. Вып. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Даарт.Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.
Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш.Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш.Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-рда 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш.Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.
Г.Г.Паніч.
Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,
цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.
Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.
На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.
Літ.:
Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;
Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;
Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
В.І.Анікін.
Даарт.Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.