ВІ́СМУТАВЫЯ РУ́ДЫ,
мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.
т. 4, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІЦЕБСКДРЭ́Ў»,
акцыянернае таварыства па апрацоўцы драўніны. Створана ў 1928 у Віцебску як фанерны з-д, з 1963 домабуд., з 1973 дрэваапр. камбінат, галаўное прадпрыемства Віцебскага вытв. дрэваапр. аб’яднання, з 1988 ВА «Віцебскдрэў», з 1994 акц, т-ва. Працуюць цэхі: дрэваапр., драўнінна-стружкавых і драўнінна-валакністых пліт, штучнага паркету, сталярных вырабаў, карбамідных смол. Асн. прадукцыя (1996): драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты, скрынкі (камплекты), блокі для дзвярэй і вокнаў.
т. 4, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,
шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТРУБ’Е,
адходы мукамольна-крупяной вытв-сці — абалонкі зерня і рэшткі неадсартаванай мукі; канцэнтраваны корм для с.-г. жывёл, адзін з кампанентаў камбікорму. У залежнасці ад віду зерня адрозніваюць вотруб’е пшанічнае, жытняе, ячменнае, рысавае і інш., паводле ступені драбнення — грубае і тонкае. Часцей выкарыстоўваюць пры кармленні буйн. раг. жывёлы. У 100 кг вотруб’я 70—78 кармавых адзінак і 12,5—13,2 кг засваяльнага пратэіну. Вотруб’е багата фосфарам, каліем, марганцам, вітамінамі групы B, E.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВАЗНЫ́Я ПРЭ́МІІ, экспартныя прэміі, экспартныя субсідыі,
фінансавыя льготы экспарцёрам пэўных тавараў; адзін са спосабаў стымулявання экспарту. Выкарыстоўваюцца дзяржавамі, манаполіямі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі для заахвочвання вывазу пэўных відаў прадукцыі з мэтаю пашырэння экспарту, завалодання знешнімі рынкамі, стварэння спрыяльных цэнавых умоў на замежных рынках. Вывазныя прэміі выступаюць у форме поўнага або частковага вызвалення экспарцёраў ад падаткаў, мытных і акцызных збораў, а таксама ў выглядзе прамога субсідзіравання экспарту.
У.М.Рудзянкоў.
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,
падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,
узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 106; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.
т. 4, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,
біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)