МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.

Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.

В.​В.​Бараноўскі.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,

прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,

рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАЗААЛО́ГІЯ (ад прота... + заалогія),

раздзел заалогіі, у якім вывучаюцца аднаклетачныя жывёльныя арганізмы, або прасцейшыя.

Вылучаюць агульную, мед., вет. і палеанталагічную П Агульная П. вывучае марфалогію прасцейшых, іх хім. састаў, спосабы размнажэння і цыклы развіцця, сістэматыку і філагенію, экалогію, ролю ў біяцэнозах, паразітацэнозах і інш. Медыцынская П. вывучае прасцейшых як узбуджальнікаў захворванняў чалавека, іх уздзеянне на арганізм, шляхі пераносу ўзбуджальнікаў, магчымасці іх існавання ў навакольным асяроддзі, пытанні эпідэміялогіі, прыроднай ачаговасці, зменлівасці ўзбуджальнікаў, іх генет. і інш. асаблівасці, што спалучае мед. П. з паразіталогіяй. Ветэрынарная П. вывучае прасцейшых пераважна з мэтай задавальнення патрэб прамысл. жывёлагадоўлі і аховы навакольнага асяроддзя. Па задачах і метадах блізкая да мед. П. Палеанталагічная П. вывучае рэшткі стараж. прасцейшых з геал. адкладаў і выкарыстоўвае іх у якасці індыкатараў пры вызначэнні геал. ўзросту зямных парод. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваюць як сінонім пратысталогіі.

Літ.:

Догель В.А., Полянский Ю.И., Хейсин Е.М. Общая протозоология М.; Л., 1962;

Фауна и систематика одноклеточных животных. Л., 1978.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЗАЧА́ТКАВЫЯ СРО́ДКІ, кантрацэптывы,

сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць мех. і хім. П.с., якія выконваюць бар’ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя П.с., якія парушаюць фізіял. механізмы ўзнаўлення патомства. Да мех. П.с. адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі (прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы, каўпачкі, унутрыматачныя сродкі). Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найб. эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя П.с. ўводзяць у поласць маткі (могуць мець і лек. сродкі). Да хім. П.с. мясц. дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву (напр., слабыя арган. к-ты, экстракты некат. раслін). Хім. П.с. часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спец. паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лек. П.с., якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш. У якасці пераральных гарманальных П.с. выкарыстоўваюць сінт. аналагі жан. палавых гармонаў або іх камбінацыі.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),

філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш. Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.

Літ.:

Энгельс Ф.​Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);

Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,

форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.

А.​П.​Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКІРАВА́ННЕ,

спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш. Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.

Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.

М.​П.​Савік.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАЎ (Юрый Васілевіч) (н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял. Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1984—86.

Літ.:

Коробов В.И. Юрий Бондарев. М., 1984.

Ю.В.Бондараў.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),

бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.

Літ.:

Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.

М.​С.​Лобач.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)