ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),
сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БСАН (Robeson) Поль (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),
амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер. нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл. Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.
Тв.:
Рус. пер. — На том я стою. М., 1958;
Говорит П.Робсон. М., 1981.
Я.З.Басін.
т. 13, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́МПЕР (Semper) Іаханес (22.3.1892, с. Пахуверс, Эстонія — 21.2.1970),
эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1964). Скончыў Тартускі ун-т (1928), у 1928—40 выкладаў у ім. У 1930—40 працаваў у перыяд. друку. У 1940 міністр асветы Эстоніі. Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Камень на камень» (1939), «Чырвоныя гваздзікі» (1955) пра эст. інтэлігенцыю, зб-каў грамадз. і філас. лірыкі «Не магу маўчаць» (1943), «Як бы змог ты жыць?» (1958), «Старонкі, як лісты ў вецер» (апубл. 1972), п’ес, дарожных нататак, кн. мемуараў «Падарожжа ў мінулае» (1969). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Ю.Свірка, Я.Сіпакоў.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1976.
т. 14, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІ́Я (ад грэч. synchronos адначасовы),
1) стан мовы на пэўным этапе яе гіст. развіцця як цэласнай, унутрана ўстойлівай сістэмы фанетычных, лексічных і граматычных элементаў (гл. Сістэма мовы); перыяд у развіцці мовы, вылучаны ўмоўна паводле прыкметы адсутнасці ў ім змен ці іх неістотнасці.
2) Вывучэнне мовы як сістэмы адносін, што функцыянуе ў пэўны момант яе гіст. развіцця. Паслядоўнае размежаванне С. і дыяхраніі (а таксама самі гэтыя тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам.
Літ.:
[Климов Г.А.] Проблема разграничения синхронии и диахронии // Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬНО́Е,
радовішча трэпелу ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., каля ўсх. ускраіны в. Васілеўка 1-я. Назва ад урочышча Стальное. Пластападобны паклад звязаны з адкладамі каньякскага яруса верхняга аддзела мелавой сістэмы. Трэпел шэры, вапнавы, з гнёздамі апокі, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, тонкадысперсны. Складзены з мінералаў апал-крыстабаліту, рэнтгенаморфнага апалу, цэалітаў, кальцыту і мантмарыланіту. Папярэдне разведаныя запасы 79,9 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 5,9—23,6 м, ускрышы (супескі, суглінкі, пяскі) 0,8—15,1 м. Трэпел прыдатны як гідраўлічная актыўная мінер. дабаўка пры вытв-сці цэменту, як натуральны фільтр пры ачыстцы вод, газаў і інш., пры рэкультывацыі забруджаных зямель, у жывёлагадоўлі.
А.П.Шчураў.
т. 15, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́НКАЎСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д (вядомы і як Уладзімірскі). Дзейнічаў з канца 18 ст. да 1872 у в. Старынка Чэрыкаўскага пав. (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Засн. як медзеплавільня. У 1835 пабудавана невял. домна для выплаўкі чыгуну з мясц. балотнай руды. У 1839 з-д расшыраны, выпускаў медныя абшыўкі і парахавыя скрынкі для Чарнаморскага ваен. флоту, карабельныя балты. З 1847 вырабляў павозкі, лафеты, платформы для арміі, восі для гармат, паравыя машыны для Бранскага арсенала. У 1858—62 быў адным з буйнейшых металург. прадпрыемстваў еўрап. ч. Рас. імперыі. У 1863 працавала каля 900 рабочых. Ад з-да да р. Сож (5—6 км) была пракладзена чыгунка-вузкакалейка.
т. 15, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭАРЫ́НАВАЯ КІСЛАТА́, октадэканавая кіслата,
насычаная вышэйшая тлустая кіслата, CH3(CH2)16COOH. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць ва ўсіх жывёльных тлушчах і алеях.
Бясколерныя крышталі (tпл 69,6 °C), практычна нерастваральныя ў вадзе. С.к. ўтварае солі і эфіры — стэараты. Вылучаюць са стэарыну, чыстую С.к. (99,8%-ую) атрымліваюць гідрыраваннем алеінавай кіслаты. Выкарыстоўваюць С.к. для сінтэзу октадэцылавага спірту і октадэцыламіну, у аналіт. хіміі, фармацэўтычнай і касметычнай прам-сці (кампанент мазей і крэмаў), стэарын у вытв-сці свечак (у сумесі з парафінам), мыла, у папяровай, тэкст., гумавай прам-сці, эфіры С.к. як кампаненты антыаксідантаў, эмульсій для апрацоўкі скуры і тэкстылю, як стабілізатары харч. прадуктаў і інш. Гл. таксама Мылы.
т. 15, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛАВАЕ МА́СЛА,
сумесь арган. злучэнняў, атрыманая пры перапрацоўцы сульфатнага мыла — дадатковага прадукту сульфатнай варкі цэлюлозы.
Найб. пашырана Т.м. з хвоі — цёмна-рудая вадкасць, шчыльн. 994—1001 кг/м³, Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. Асн. кампаненты — смаляныя кіслоты (40—45%) і вышэйшыя ненасычаныя тлустыя кіслоты (прыкладна 40%), пераважна алеінавая, лінолевая і ліналенавая. мае таксама нейтральныя рэчывы (да 20%). Т.м. з драўніны лісцевых парод смаляных кіслот не мае. Солі кіслот Т.м. наз. талатамі. Выкарыстоўваюць Т.м. як сыравіну для атрымання каніфолі і вышэйшых аліфатычных кіслот, Т.м. з драўніны лісцевых і сумесі хваёвых і лісцевых парод як флотарэагент, кампанент змазачна-ахаладжальных вадкасцей.
т. 15, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭТРАЭТЫЛСВІНЕ́Ц (ТЭС),
найбольш пашыранае свінецарган. злучэнне (C2H5)4Pb; антыдэтанатар маторнага паліва.
Бясколерная масленая лятучая вадкасць, шчыльн. 1650 кг/м³; кіпіць з раскладаннем tкіп 200 °C)> павольна раскладаецца пры пакаёвай т-ры. Не раствараецца ў вадзе, змешваецца з арган. растваральнікамі. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем этылхларыду C2H5CI са сплавам свінцу з натрыем, электролізам водна-спіртавога раствору этылбраміду C2H5Br і гідраксіду натрыю на катодзе з губчатага свінцу і графітавым анодзе. Выкарыстоўваюць у выглядзе этылавай вадкасці як антыдэтанацыйную прысадку да бензіну, як каталізатар у арган. сінтэзе (напр., полімерызацыі алефінаў, вінілхларыду і акрыланітрылу, алкіліравання вуглевадародаў), напаўняльнік у лічыльніку Гейгера. Высокатаксічны; лёгка пранікае праз скуру, ГДК 0,005 мг/м³.
т. 16, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́ЧКАК (Hitchcock) Алфрэд (13.8.1899, Лондан — 29.4.1980),
англа-амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў каталіцкі каледж і інж. вучылішча. З 1920 працаваў у кіно як мастак, з 1922 як сцэнарыст і рэжысёр. Вядомасць прынесла серыя дэтэктыўных фільмаў, насычаных «чорным гумарам» і адметных наватарскімі прыёмамі для стварэння напружанай злавеснай атмасферы страху і іроніі: «Шантаж» (1929), «Чалавек, які вельмі многа ведаў» (1934), «39 крокаў» (1935), «Лэдзі знікае» (1938) і інш. З 1939 у Галівудзе, стварыў фільмы «Рэбека» (1940), «Падазрэнне» (1941), «Галавакружэнне» (1958), «Псіхоз» (1960), «Марні» (1964), «Шаленства» (1971) і інш., у якіх падкрэсленасць паталагічных учынкаў, фрэйдысцкія матывы.
Літ.:
Трюффо Ф. Кинематограф по Хичкоку: Пер. с англ. М., 1996.
т. 17, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)