МАРО́ЗАЎСКАЯ СТА́ЧКА 1885,

забастоўка рабочых на прадзільнай ф-цы Ц.​Марозава ў мяст. Нікольскае (цяпер у межах г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл., Расія) 19—29.1.1885. Выклікана зніжэннем зарплаты і вял. штрафамі (да 50 % заробку). Удзельнічала каля 8 тыс. чал. Стачка задушана ўзбр. сілай.

Больш за 600 чал. арыштавана. Следства выявіла карціну злоўжыванняў фабрыканта. У маі 1886 суд прысяжных у г. Уладзімір апраўдаў 33 удзельнікаў стачкі, у т. л. кіраўнікоў. М.с. паўплывала на выданне ўрадам 15.6.1886 закона аб штрафах, які абмяжоўваў іх памер і накіроўваў штрафныя сумы на агульныя патрэбы саміх рабочых, змяшчаў і інш. ўступкі рабочым.

Літ.:

Пробуждение: К 100-летию Морозовской стачки. М., 1984.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Аўраам) (Абрам) Іванавіч (10.8.1784, г. Ламаносаў, Расія — 13.1.1854),

расійскі архітэктар; прадстаўнік позняга ампіру. Акад. Пецярбургскай АМ (1812). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1795—1807), з 1811 у ёй выкладаў (з 1818 праф., з 1843 рэктар). Пенсіянер у Італіі (1808—11). Асн. работы: Нікольская царква ў Пецярбургу (цяпер Музей Арктыкі), ансамбль Паўкруглай пл. ў г. Адэса (1826—29), кафедральны сабор у Кішынёве (1830—35) і інш. Работы на Беларусі: цэрквы ў в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай (1827—32), у г. Рэчыца Гомельскай (1840-я г., не захавалася) абл.; праект духоўнай семінарыі ў Мінску (1839, пасля перабудовы ў 1950—53 Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЯРА́НЦАЎ (Аляксандр Ніканоравіч) (11.1.1849, Масква — 27.10.1918),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1874), вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1874—78), з 1888 выкладаў у ёй (з 1892 праф., у 1899—1900 рэктар). У пабудовах П. новыя для 2-й пал. 19 ст. прасторавыя вырашэнні гандл., выставачных і грамадскіх будынкаў і вялікапралётныя метал. канструкцыі перакрыццяў спалучаюцца з арх. формамі і дэкорам у неарускім стылі: Верхнія гандл. рады на Краснай плошчы ў Маскве (цяпер ГУМ, 1889—93, інж. У.​Шухаў). Аўтар храма-помніка Аляксандра Неўскага ў Сафіі (1904—12).

А.Памяранцаў. Верхнія гандлёвыя рады (ГУМ) на Краснай плошчы ў Маскве. 1890—93.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд. Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),

амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш. найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1836—1916. Выпускала трыко, тонкую шарсцяную тканіну, двайное сукно. У 1879 працавала 420 рабочых. У 1895 былі 3 (у 1900—4) паравыя машыны і паравыя катлы, 3400 ткацкіх верацён і інш. У некаторыя гады ф-ка выпускала да 230 тыс. аршынаў сукна і трыко. Прадукцыю збывалі ў Маскву, Пецярбург, Варшаву, Вільню, Кіеў, Адэсу, Беласток, Мінск. На выстаўках вырабы ф-кі былі адзначаны сярэбраным (Парыж, 1878) і залатым (Масква, 1882) медалямі. Пры фабрыцы было вучылішча, 4 казармы для сямейных, 4 інтэрнаты, бальніца, прадуктовая крама.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТЭРС (Георгій Барысавіч) (27.7.1897, г. Масква — 18.5.1978),

удзельнік баёў у Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік вызвалення Беларусі ад герм. і польскіх інтэрвентаў у 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам П. вызначылася ў чэрв.—ліп. ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пры вызваленні г. Орша і фарсіраванні Нёмана, у крас. 1945 у час штурму крэпасці Пілаў (цяпер г. Балтыйск, Расія). Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТО́СІН (Іосіф Сцяпанавіч) (9.9.1882, Бабруйскі павет, цяпер Магілёўская вобл. — 1938),

бел. матэматык. Праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). З 1906 выкладаў у сярэдніх і вышэйшых навуч. установах Літвы і Расіі. З 1921 у БДУ (з 1922 нам. дэкана, у 1924—31 заг. фіз.-матэм. аддзялення пед. ф-та), адначасова у 1931—38 у Бел. энергет. ін-це, у 1933 у БПІ. Навук. працы па аперацыйным злічэнні і дыферэнцыяльных ураўненнях. Чл. матэм. секцыі Гал. тэрміналагічнай камісіі Ін-та бел. культуры. Рэпрэсіраваны ў 1938, рэабілітаваны пасмяротна.

Літ.:

Гусак Г.М., Гусак А.А. И.​С.​Пятосин // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1982. №1.

А.​А.​Гусак.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НДВІЙР ((Randviir) Ційу Аляксандраўна) (н. 10.3.1938, г. Тарту, Эстонія),

эстонская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Талінскія харэаграфічнае вучылішча (1955, з 1970 выкладае ў ім) і кансерваторыю (1968). З 1955 у т-ры «Эстонія» (цяпер Нац. опера «Эстонія»). Дасканала валодае майстэрствам акад. класічнага танца і лексікай сучаснай харэаграфіі. Сярод партый: Меэліке («Золатапапрадухі» Э.​Капа), Дзяўчына, Іаана («Балет-сімфонія», «Іаана тэнтата» Э.​Тамберга), Адэта—Адылія, Аўрора, фея Дражэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Гаспадыня Меднай гары, Папялушка, Джульета, Прыгажуня («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета», «Блудны сын» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЯМАНТА́Н [новалац. Regiomontanus; сапр. Мюлер

(Müller) Іаган] (6.6.1436, г. Кёнігсберг, Германія, цяпер г. Калінінград, Расія — 6.7.1476),

нямецкі астраном і матэматык. У 1461—68 жыў у Італіі, дзе вывучаў творы грэч. матэматыкаў і астраномаў. У 1468—71 праф. Венскага ун-та. Заснаваў адну з першых у Еўропе астр. абсерваторый (г. Нюрнберг, 1471), пры якой існавалі майстэрня па вырабе астр. інструментаў і друкарня. У 1475 па запрашэнні папы пераехаў у Рым для ўдзелу ў работах па ўдасканаленні календара. Аўтар першых друкаваных астр. табліц, якімі карысталіся В. да Гама, Х.​Калумб і інш. мараплаўцы.

Літ.:

Белый Ю.А. Йоганн Мюллер (Региомонтан), 1436—1476. М., 1985.

А.​І.​Балсун.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)