МІ́КА (Mikko),

Мік Лепа (7.12.1911, Арукюла Вільяндзіскага пав., Эстонія — 6.12.1978), эстонскі жывапісец. Вучыўся ў Маст.-прамысл. вучылішчы (1927—30) у Таліне, у Вышэйшай маст. школе «Палас» (1931—32, 1936—39) у Тарту. У 1941 выкладаў у Вышэйшай маст. школе імя К.​Мягі ў Тарту, з 1944 у Талінскім ін-це прыкладнога мастацтва, з 1951 у Маст. ін-це Эстоніі ў Таліне (з 1965 праф.). Творам уласцівы абагульнена-сімвалічныя вобразы, тэатр. сцэнічнасць, спалучэнні буйных, часам блізкіх да манахромных дэкар. паводле колеру плоскасцей: «Смалільшчыцы лодак» (1939), «Мыццё авечак», «Вячэрні пейзаж» (абодва 1959); «Дзяўчаты шыюць» (1965), «Песні часоў» (1970), «Чалавек і космас» і «Кола часу» (абодва 1971). Дзярж. прэмія Эстоніі 1972.

Міка. Вячэрні пейзаж. 1959.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),

1) камедыйны жанр у ант. нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.

2) Акцёр ці актрыса, выканаўцы М.

3) У сучасным т-ры — акцёр пантамімы.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦУЛЬ (Эдуард Леанардавіч) (н. 9.5. 1924, ст. Добрык Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. эстрадны спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1970). Вучыўся у Бел. кансерваторыі (1952—55). З 1952 артыст хору Бел. тэлебачання і радыё, з 1953 — Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У 1955—81 саліст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1990-я г. выступаў у складзе мужчынскага вак. ансамбля «Памяць сэрца» Рэсп. Палаца ветэранаў; пастаянны ўдзельнік міжнар. муз. фестывалю «Залаты шлягер» (Магілёў). Валодае голасам шырокага дыяпазону, яго выканальніцкай манеры ўласцівы глыбіня і эмацыянальнасць. У рэпертуары эстр. песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў, апрацоўкі нар. песень. Шэраг песень запісаны ім для бел., кінафільмаў («Каханнем трэба даражыць», «Я родам з дзяцінства» і інш.).

Г.​М.​Загародні.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.​Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.5.1948, в. Убалаць Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас М.Зюванава). З 1975 саліст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.​Шырмы, з 1976 — Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыемнага тэмбру вял. дыяпазону. Першы выканаўца песень бел. кампазітараў У.​Будніка («Абаронцы»), Л.​Захлеўнага («Радзіма мая», «Уручча»), І.​Лучанка («Без весткі прапаўшы»), А.​Чыркуна («Перамога»). У рэпертуары таксама творы інш. бел., рас. кампазітараў, арыі з класічных опер і аперэт, апрацоўкі бел., рус., цыганскіх і інш. нар. песень. Стварыў шэраг запісаў на Бел. радыё. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГМАТЫ́ (сапр. Нігматулін) Рашыт Нігматулавіч

(9.2.1909, в. Дзінгізбай Вялікачарнігаўскага р-на Самарскай вобл., Расія — 13.10.1959),

башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастана (1959). Друкаваўся з 1926. Зб-кі вершаў і паэм «Уступ» (1933), «Жыццё, народжанае бурай» (1938), «Цудоўныя даліны Агідэлі» (1940), «У маім садзе» (1941) і інш. пра жыццё башкірскага народа ў 1920—30-я г. Тэма подзвігу народа ў Вял. Айч. вайне ў кн. вершаў «Песні кахання і нянавісці» (1942), паэмах «Забі, мой сын, фашыста!» (1942), «Лісты тваёй нявесты» (1943), «Слова Башкортастана» (1944) і інш. Аўтар зб-каў публіцыстычных вершаў і паэм «Дзяўчына з Сакмара» (1952), «Прывітальнае слова» (1955). Пісаў п’есы, творы для дзяцей.

Тв.:

Рус. пер. — Искра: Поэма и стихи. М., 1964.

Г.​Б.​Хусаінаў.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУМБЕ́СКУ ((Porumbescu) Чыпрыян) (14.10.1853, Шыпатэле-Сучэвей, Румынія — 25.5.1883),

румынскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў рум. прафес. музыкі. У 1879—81 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў А.Брукнера і інш. З 1870-х г. кіраваў хар. калектывамі, выкладаў музыку ў г. Брашоў, Чарнаўцы. Яго музыка арганічна звязана з рум. муз. фальклорам. Найб. вядомы хар. песні, у т. л. «Тры колеры» (з 1977 Дзярж. гімн Румыніі). З інш. твораў: быт. сатырычная камедыя «Кандыдат Лінтэ» (1877, на ўласнае лібрэта), аперэта «Маладзік» (паст. 1882), «Балада» для скрыпкі і фп. (1880), «Румынская рапсодыя» для фп., рамансы, хары, музыка для драм. т-ра.

Літ.:

Ванча З. Ч.​Порумбеску // Страницы истории румынской музыки: Пер. с рум. М., 1979.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВЕЧАРЫ́НКА ў Вільні.

Адбылася 12.2.1910 у клубе чыгуначнікаў. Арганізавана А.Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газ. «Наша ніва». Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю бел. прафес. і аматарскага тэатр. мастацтва. У П.б.в. ўдзельнічала каля 100 чал., прысутнічала каля 1000 гледачоў. У праграме спектакль «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага (пастаноўка Бурбіса, сярод удзельнікаў Я.​Арлоўскі, Ф.​Мурашка, Ч.​Родзевіч і інш.); харавыя творы «А хто там ідзе?» (муз. Л.​Рагоўскага на словы Я.​Купалы), «Чаму ж мне не пець» і інш. бел. нар. песні (дырыжор Рагоўскі); нар. танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Верабей» (пад кіраўніцтвам І.​Буйніцкага).

Літ.:

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.

А.​В.​Сабалеускі.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)