БУ,

1) грашовая адзінка Японіі з золата ці серабра ў 1573—1860.

2) Назва японскай вагавой адзінкі да ўвядзення дзесятковай сістэмы. У выглядзе сярэбраных зліткаў рознай пробы бу мог выконваць функцыі грошай.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКІ́,

назва горных хрыбтоў і вяршынь у Паўд. Сібіры (Алтай, Саяны), якія паднімаюцца вышэй за мяжу лесу і ўкрыты снегам амаль усё лета. Уваходзяць у склад многіх геагр. назваў (напр., Агульскія бялкі).

т. 3, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ МАТЭМА́ТЫКА,

назва сукупнасці матэм. дысцыплін, якія вывучаюцца ў тэхнічных і некаторых інш. навуч. установах і звычайна ўключаюць аналітычную геаметрыю, лінейную алгебру, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне і некаторыя інш. спец. матэм. дысцыпліны.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНІНГ-СТРЫТ (Downing Street),

вуліца ў цэнтры Лондана, на якой размешчаны рэзідэнцыя прэм’ер-міністра, міністэрства замежных спраў і па справах Супольнасці. Назва «Д.-с.» часта ўжываецца ў прэсе як сімвал урада Вялікабрытаніі.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́ЙСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва княстваў Малдова і Валахія, якія існавалі ў 14 — сярэдзіне 19 ст. Пасля іх аб’яднання (1859) узнікла новая дзяржава пад назвай Румынія (з 1861).

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПІСНО́Е, грашовае,

феадальная грашовая павіннасць сялян ВКЛ у 16—18 ст. Спаганялася пры ўнясенні чыншу. Звычайна складала 1 грош з кожнага злотага чыншу (адсюль другая назва). Была пашырана на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАРВА́СЫ,

тэхнічная назва крышталегідратаў сульфатаў некаторых цяжкіх металаў. Найб. пашыраны жалезны К. — FeSO4∙7H2O (гл. Жалеза злучэнні), медны К. — CuSO4∙5H2O (гл. Медзі злучэнні), нікелевы К. — NiSO4∙7H2O, цынкавы К. — ZnSO4∙7H2O.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСБІЯ́НСТВА, лесбійская любоў, сапфізм, трыбадыя,

жаночы гомасексуалізм. Назва ад в-ва Лесбас, дзе ў 7—6 ст. да н.э. жыла стараж.грэч. паэтэса Сапфо, якая ў сваіх вершах апявала каханне і прыгажосць.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАРУ́СЫ, велікаросы,

назва рускіх, якая мела пашырэнне ў л-ры з сярэдзіны 19 ст. У сучаснай навук. л-ры захоўваецца ў тэрмінах «паўночнавелікарускі», «паўднёвавелікарускі» і «сярэдневелікарускі» для абазначэння трох асн. дыялектаў рус. мовы.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЦЫ́,

пашыраная ў Сібіры назва горных вяршынь, якія паднімаюцца вышэй мяжы лесу і найчасцей пазбаўлены расліннасці. Звычайна маюць сплошчаную (платопадобную) форму. Гальцы, у адрозненне ад бялкоў, у цёплы перыяд года вызваляюцца ад снегу.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)