МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia), Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс. км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс. км², на Калімантане 198,2 тыс. км². Нас. 20,9 млн. чал. (1998), у т. л. каля 17 млн. чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).

Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б. ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш. Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.

Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб. г. Куала-Лумпур — 1236 тыс. ж. (1997); больш за 200 тыс. ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.

Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс. н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач. 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 у Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.

У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч. нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.​Оне (1976—81) і М.​Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл. ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.

Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.

Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс. дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб. прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн. т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн. т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс. т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс. т, баксітаў — каля 70 тыс. т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс. т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах. ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд. кВт гадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн. шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс. шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш. Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн. т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн. т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн. шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн. га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал. харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс. т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн. т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс. км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс. км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд. дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн. чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).

Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст. л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.​Нававі, А.​Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.​Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.​Самада Ахмада, Ш.​Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.​Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.​Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.​Н.​Масуры, Крыс Мас, У.​Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.​Амінуррашыд, А.​Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.​Самада Саіда, А.​Ваці, А.​Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.​Самада Ісмаіла, А.​Хусейна, Ш.​Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.​Ахмед, Р.​Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.​Сетхураман), англ. (Т.​Вігнесан) мовах. У 1958 засн. Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.​Палупанаў.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб. стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд. выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц. кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц. інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР (ад грэч. theatron месца для відовішчаў),

1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэн. дзеянне, якое ўзнікае ў працэсе ігры акцёра перад публікай. Адна з форм грамадскай свядомасці, мае вял. значэнне ў грамадскім і эстэт. выхаванні. Развіццё Т. залежыць ад развіцця грамадства, ад стану агульнай культуры народа. Т. — мастацтва сінт., спалучае дзейсны і відовішчны пачаткі, магчымасці часавых і прасторавых мастацтваў, сродкі выразнасці л-ры, музыкі, жывапісу, танца, архітэктуры. Асн. твор тэатр. мастацтва — спектакль. У залежнасці ад перавагі пэўных сродкаў сцэн. выразнасці склаліся асн. тыпы Т.: драм., оперны (гл. Опера) і балетны (гл. Балет) з некат. прамежкавымі формамі (аперэта, пантаміма, тэатр мініяцюр). Аснова дзеяння ў Т. — драма як род л-ры. Як мастацтва грамадскае Т. патрабуе калект. ўспрымання гледачоў. Непасрэдны выразнік драм. дзеяння ў Т. — акцёр, які стварае характар персанажа (гл. Акцёрскае мастацтва). Сінтэтычнасць тэатр. вобразнасці абумовіла паяўленне рэжысёра як вытлумачальніка п’есы, творчага кіраўніка тэатр. калектыву (гл. Рэжысёрскае мастацтва). Актыўныя ўдзельнікі стварэння спектакля — тэатр. мастак (гл. Сцэнаграфія), кампазітар і балетмайстар, якія ствараюць зрокавы, муз. і пластычны вобразы тэатр. паказу, узмацняюць яго эмац. ўздзеянне на гледача. Гісторыю і тэорыю Т. вывучае тэатразнаўства.

Вытокі Т. ў стараж. прац. і быт. абрадах і гульнях, дзе элементы драм. дзеяння аб’ядноўваліся з песняй і танцам, Паступова элемент відовішчнасці ўзмацняўся, паявіўся сюжэт, падзел на выканаўцаў і гледачоў, узнік дыялог, выкарыстоўваліся розныя культавыя маскі. Найб. стараж. формы Т. ўзніклі ў Егіпце (4 тыс. да н.э.), дзе ў аснове тэатр. дзеяння былі танец, пантаміма, рэлігійна-абрадавыя і свецкія, ваен. відовішчы, містэрыяльныя паказы паводле міфал. сюжэтаў. Своеасаблівыя і багатыя формы відовішчаў ствараліся ў краінах Стараж. Усходу, у Індыі, Кітаі, Японіі, М’янме, Інданезіі і інш., дзе яны звязаны з нар. эпічнай творчасцю. У Стараж. Грэцыі канчаткова сфарміраваўся тэатр. паказ, заснаваны на тэксце (4 ст. да н.э.; гл. ў арт. Грэцыя Старажытная). Міфал. сюжэты і вобразы атрымлівалі тагачаснае асэнсаванне, узбагачаліся дэмакр. і гуманіст. ідэямі (трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыі Арыстафана). Традыцыі грэч. тэатр. культуры атрымалі развіццё ў Стараж. Рыме (драматургі Плаўт, Тэрэнцый, Сенека і інш.), дзе вял. ўвага аддавалася пастановачнаму боку спектакляў, развіццю тэатр. тэхнікі (гл. ў арт. Рым Старажытны). Для сярэдневяковага Т. характэрна суіснаванне форм нар. т-ра (творчасць гістрыёнаў, жанглёраў, скамарохаў) і рэліг. тэатр. жанраў (літургічная драма, міракль, містэрыя). У 14—16 ст. ў шэрагу краін Еўропы дасягнуў росквіту дэмакр. жанр сярэдневяковага Т. — фарс. Імклівы росквіт тэатр. культуры адбываўся ў эпоху Адраджэння: з’яўленне новай тэатр. формы — камедыі дэль артэ, адасабленне розных відаў Т., якія атрымалі самаст. развіццё (опера, балет, аперэта); фарміраванне асаблівасцей сцэн. культуры (з’яўленне аўтарскай рэжысуры, стабільных т-раў, прыватных і прыдворных). Ідэйная накіраванасць Т. Адраджэння, яго гуманізм, народнасць вызначылі творчасць Н.​Макіявелі (Італія), К.​Марла, У.​Шэкспіра (Вялікабрытанія), М.​Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія) і інш. З развіццём класіцызму ў Т. яго гал. прадстаўнікі (П.​Карнель, Ж.​Расін, Францыя), імкнуліся стварыць вобраз ідэальнага чалавека тагачаснага грамадства, акцёрскае мастацтва падпарадкоўвалася пэўным канонам (падкрэсленая пластычная і вакальна-дэкламацыйная выразнасць). У выніку дзейнасці Мальера (стварыў жанр высокай камедыі) была ажыццёўлена рэформа класіцысцкай камедыі, пад уплывам якой адбыліся змены і ў акцёрскім мастацтве (М.​Барон, А.​Лекуўрор). У 2-й пал. 18 ст. Т. выражаў ідэі Асветніцтва, якія атрымалі развіццё ў драматургаў Г.​Лесінга, Ф.​Шылера (Германія), Д.​Дзідро, П.​Бамаршэ, Л.​Мерсье (Францыя), Г.​Філдынга, Р.​Шэрыдана (Англія), К.​Гальдоні (Італія), В.​Багуслаўскага (Польшча), А.​Сумарокава, Я.​Княжніна, І.​Дзмітрэўскага (Расія). Ідэю адзінства абавязку і пачуцця прапаведаваў у сваіх трагедыях Вальтэр. Узніклі жанры мяшчанскай драмы, слёзнай камедыі, развіваліся пантаміма, баладная опера, сатыр. драматургія. Рэфарматарская дзейнасць, імкненне да прастаты і натуральнасці выканання характэрна для акцёраў Д.​Гарыка, С.​Сіданс (Вялікабрытанія), К.​Экгафа і Ф.​Л.​Шродэра (Германія), Ф.​Ж.​Тальма (Францыя). Рамантызм Т. 19 ст. парушыў законы класіцызму, абвясціўшы сваімі прынцыпамі жыццёвую праўду і свабоду творчасці, зварот да нац. гісторыі, нар. эпасу. Сярод драматургаў-рамантыкаў: Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі (Вялікабрытанія), В.​Гюго (Францыя), Э.Т.​А.​Гофман, Л.​Цік (Германія), Ю.​Славацкі, А.​Міцкевіч (Польшча), Ш.​Пецёфі, М.​Вёрэшмарці (Венгрыя) і інш.; акцёраў: Э.​Кін (Вялікабрытанія), Л.​Дэўрыент (Германія), М.​Дарваль, Фрэдэрык-Леметр (Францыя), Г.​Модэна (Італія), Г.​Эгрэшы (Венгрыя), П.​Мачалаў (Расія) і інш. З сярэдзіны 19 ст. фарміруецца рэаліст. кірунак у Т., развіццю якога садзейнічала драматургія П.​Мерымэ, А.​Бальзака (Францыя), Г.​Ібсена (Нарвегія), Б.​Шоу (Вялікабрытанія), Г.​Гаўптмана (Германія), А.​Стрындберга (Швецыя), А.​Пушкіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева, А.​Сухаво-Кабыліна, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Горкага (Расія) і інш. Тонкай індывідуалізацыяй вобраза, паўнатой унутр. пераўвасаблення вызначалася мастацтва акцёраў-рэалістаў: Э.​Росі, Т.​Сальвіні, Э.​Дузе (Італія), Ж.​Каклена, Э.​Го (Францыя), К.​Зайдэльмана (Германія), Г.​Ірвінга, Э.​Вестрыс, Э.​Тэры (Вялікабрытанія), М.​Шчэпкіна, І.​Сасніцкага, А.​Мартынава, П.​Стрэпетавай, М.​Ярмолавай, А.​Ленскага (Расія) і інш. На мяжы 19—20 ст. абазначыўся новы этап тэатр. рэформ, які закрануў рэжысуру, акцёрскае мастацтва і ўсю сістэму выразных сродкаў Т., пачаліся актыўныя пошукі вобразнага вырашэння спектакля. Рэжысура сімвалізму прапанавала сцвердзіць прынцып стылізацыі, муз.-рытмічнае, пластычнае і зрокава-прасторавае вырашэнне сцэн. вобраза (П.​Фор, А.​Люнье-По, Францыя; Г.​Крэг, Вялікабрытанія; А.​Апія, Швейцарыя; Г.​Фукс, Германія і інш.). У Расіі ў гэты перыяд развіваліся рэаліст. традыцыі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) — пачала складвацца Станіслаўскага сістэма (рэж. К.​Станіслаўскі, У.​Неміровіч-Данчанка). Эксперыментальны характар мела рэжысёрская дзейнасць У.​Меерхольда, А.​Таірава. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі наватарскія пошукі ў Т. характэрны для рэжысёраў Ш.​Дзюлена, Л.​Жувэ, Г.​Баці, Ф.​Жэм’е (Францыя), Б.​Брэхта (Германія), Ю.​Астэрвы, С.​Ярача, Л.​Шылера (Польшча) і інш. У 2-ю сусв. вайну і пазней развіваюцца «інтэлектуальная драма» і «эпічны Т.» (Брэхт, Германія; Ж.​П.​Сартр, Ж.​Ануй, Францыя) з характэрнай для яго ўвагай да філас.-маральных праблем. Кірунак «паэтычнага натуралізму» прадстаўлялі драматургі Дж.​Осбарн, Б.​Біэн, А.​Уэскер (Вялікабрытанія), часткова Т.​Уільямс (ЗША). Філас. і паліт. скептыцызмам адзначана творчасць прадстаўнікоў тэатра абсурду (С.​Бекет, Э.​Іанеска, Францыя; у пэўнай ступені М.​Фрыш, Ф.​Дзюрэнмат, Швейцарыя; С.​Мрожак, Польшча; В.​Гавел, Чэхія, і інш.). У 1960-я г. пашыраны жанр дакумент. драмы (П.​Вайс, Германія; Дж.​Кілці, Вялікабрытанія; часткова А.​Мілер, ЗША). Важнае значэнне ў Т. 1960—70-х г. у СССР мела дзейнасць рэжысёраў Ю.​Завадскага, Р.​Сіманава, Г.​Таўстаногава, А.​Яфрэмава, А.​Эфраса, Ю.​Любімава, Р.​Капланяна, А.​Мамбетава, Р.​Стуруа і інш. У практыку сучаснага Т. шырока ўвайшла мова сцэн. метафары, характэрна імкненне да павышанай вобразнай актыўнасці, эканоміі маст. сродкаў. Вял. функцыю нясуць рэжысура, сцэнаграфія. Асаблівасць Т. 20 ст. — разнастайнасць школ і кірункаў, рэжысёрскіх сістэм, тэорый сцэн. мастацтва, акцёрскай ігры.

Бел. народны тэатр узнік на аснове стараж. абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З 16 ст. бытаваў нар. лялечны Т. батлейка. У 17 ст. ўзнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра (16—17 ст.) была сатыр. накіраванасць яго інтэрмедый; драматургі Сімяон Полацкі і К.​Марашэўскі. У 2-й пал. 18 ст. ствараюцца прыватнаўласніцкія Нясвіжскі тэатр Радзівіла, Слуцкі тэатр Радзівіла, Шклоўскі тэатр Зорыча, Слонімскі тэатр Агінскага, Тышкевічавы тэатры. З 2-й пал. 19 ст. развіваецца прафес. бел. драматургія. Пад кіраўніцтвам В.​Дуніна-Марцінкевіча створаны Дуніна-Марцінкевіча тэатр.

Значную ролю ў развіцці тэатр. мастацтва адыграла Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў у Мінску (1898—1906). У гэты ж час зроблены спробы стварыць нац. Т. ў Радашковічах, Пятроўшчыне пад Мінскам. У пач. 20 ст. пашыраны т.зв. беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі стварэнню аматарскіх труп у Вільні, Гродне, Слуцку, Капылі, Мінску, Полацку і інш. Важнае значэнне для развіцця прафес. бел. Т. мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Развіваецца бел. драматургія, шырока ставяцца п’есы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Каганца, К.​Буйло, У.​Галубка, Л.​Родзевіча і інш. У 1917 у Мінску ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, працавалі тэатры рэвалюцыйнай сатыры. У 1920-я г. арганізоўваюцца вядучыя Т. Беларусі: БДТ-1 (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-3 (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і БДТ-2 (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, цяпер Нац. акад. драм. т-р імя Я.​Коласа), якія перш за ўсё вызначалі тэатр. жыццё краіны. У 1920—30-я г. ўзніклі Т. новага тыпу, якія займаліся агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю: паказальныя тэатры, т-ры рэв. сатыры, тэатры рабочай моладзі (трамы), калгасна-саўгасныя тэатры і інш. Значная ўвага аддавалася тэатр. адукацыі (сістэма курсаў, студый, арганізацыя ў 1938 тэатр. вучылішча). З 1920-х г. у рэпертуары Т. п’есы Н.​Бываеўскага (Я.​Дылы), Е.​Міровіча, Галубка, В.​Гарбацэвіча, Ц.​Гартнага, Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы, Л.​Родзевіча, М.​Чарота, М.​Грамыкі, Дз.​Курдзіна і інш., творы сав. драматургаў. У 1930-я г. ў драматургію прыйшлі новыя аўтары: Р.​Кобец, К.​Крапіва, Э.​Самуйлёнак, К.​Чорны і інш. Узніклі новыя калектывы: Дзяржаўны т-р оперы і балета (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь), Тэатр юнага гледача БССР, Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нац. акад. драм. т-р імя М.​Горкага), Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, абласныя т-ры ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Пінску. К 1941 працаваў 21 Т. З пач. Вял. Айч. вайны большасць Т. спыніла сваё існаванне, у вядучых эвакуіраваных Т. арганізоўваліся франтавыя брыгады. У пасляваен. перыяд У рэпертуары Т. асн. месца займалі творы гераічнай тэматыкі. У 1950—70-я г. была пашырана дзейнасць аматарскіх Т. У рэпертуарах пераважалі пастаноўкі маральна-этычнай праблематыкі, інсцэніроўкі твораў Я.​Коласа, І.​Мележа, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Чыгрынава і інш. У 1970—80-я г. шырока ставіліся п’есы А.​Макаёнка, М.​Матукоўскага, А.​Петрашкевіча, У.​Караткевіча, А.​Дударава, А.​Дзялендзіка і інш. У рэпертуары бел. Т. 1990-х г. — нац., рус. і замежная класіка і сучасная драматургія. Тэатр. мастацтва гэтага перыяду вызначаюць рэжысёры В.​Баркоўскі, Ал.Ляляўскі, Б.​Луцэнка, В.​Мазынскі, М.​Пінігін, В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў і інш., сцэнографы Б.​Герлаван, Я.​Ждан, З.​Марголін, У.​Матросаў, Дз.​Мохаў, Л.​Рулёва і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. Т. зрабілі рэжысёры У.​Галубок, Ф.​Ждановіч, Міровіч, К.​Саннікаў, балетмайстры К.​Алексютовіч, В.​Елізар’еў, акцёры Г.​Аўсяннікаў, З.​Браварская, В.​Галіна, Г.​Глебаў, Л.​Давідовіч, У.​Дзядзюшка, М.​Захарэвіч, А.​Ільінскі, А.​Кістаў, А.​Клімава, У.​Крыловіч, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, З.​Стома, В.​Тарасаў, У.​Уладамірскі, Ф.​Шмакаў, Р.​Янкоўскі, М.​Яроменка, спевакі Л.​Александроўская, З.​Бабій, І.​Балоцін, Н.​Гайда, М.​Ворвулеў, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, Р.​Млодак, Т.​Ніжнікава, В.​Чарнабаеў, артысты балета Л.​Бржазоўская, З.​Васільева, С.​Дрэчын, І.​Душкевіч, У.​Камкоў, А.​Карзянкова, Н.​Младзінская, А.​Нікалаева, Л.​Сінельнікава, Ю.​Траян і інш. Лепшыя дасягненні тэатр. мастацтва прадстаўляюцца на фестывалях тэатральных.

На Беларусі дзейнічае (2002) 27 Т., у т. л. 17 драм., сярод іх нац. т-ры імя Я.​Купалы, імя М.​Горкага ў Мінску, імя Я.​Коласа ў Віцебску, Бел. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Беларусі), Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, абл. т-ры ў Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. адпаведныя арт.), таксама Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа, 3 муз.: нац. т-ры оперы, балета, Бел. дзярж. муз. т-р (гл. Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь), 7 лялечных: Бел. дзярж. т-р лялек (гл. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі) у Мінску і абл. ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, а таксама Мінскі абл. ў Маладзечне (гл. адпаведныя артыкулы), таксама 10 прыватных, ведамасных, антрэпрыз (Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», Мінскі малы тэатр, Нікола-т-р і інш.). Акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў, тэатр. мастакоў рыхтуе Беларуская акадэмія мастацтваў. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.

2) Паказ, спектакль.

3) Будынак, дзе адбываецца тэатр. паказ (гл. Тэатральныя будынкі).

Літ.:

Станиславский К.С. Собр. соч. Т. 1—8. М., 1954—61;

Немирович-Данченко В.И. Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;

Авдеев А.Д. Происхождение театра: Элементы театра в первобытно-общинном строе. Л.;

М., 1959;

Данилов С.С. Очерки по истории русского драматического театра. М.; Л., 1948;

История западноевропейского театра. Т. 1—5. М., 1956—70;

Пави П. Словарь театра: Пер. с фр. М., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн 1983—87.

А.​А.​Лабовіч.

Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.​Горкага. Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. 1997.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Беларусі. Сцэна з балета «Раймон да» А.​Глазунова. 1997.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.​Коласа. Сцэна са спектакля «Несцерка» В.​Вольскага. 1941.
Да арт. Тэатр. Сцэна са спектакля «На дне» М.​Горкага ў пастаноўцы К.​Станіслаўскага.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Сцэна са спектакля «Вечар» А.​Дударава 1984.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Беларусі. Сцэна з оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага 1998.
Да арт. Тэатр. Пікала-тэатр у Мілане. Сцэна са спектакля «Бура» У.​Шэкспіра. 1978.

т. 16, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНАЯ, ДРЭВААПРАЦОЎЧАЯ І ЦЭЛЮЛОЗНА-ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Уключае дрэванарыхтоўчую, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую і лесахімічную прам-сць.

Лясная прамысловасць. У Беларусі бярэ пачатак з часоў узнікнення Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). У 13—15 ст. на тэр. княства развівалася рамесная вытв-сць, у т. л. дрэваапрацоўка (27 прафесій). З драўніны рабілі асн. часткі плугоў, сох, рыдлёвак і матык, хатнія рэчы, вёслы, граблі, выпальвалі вугаль і паташ. Драўніна шырока выкарыстоўвалася пры будаўніцтве вёсак і гарадоў, трансп. сродкаў. гандл. і ваен. караблёў, мастоў, грэбляў, абарончых збудаванняў. Водныя шляхі Транспарту выкарыстоўваліся для лесасплаву. Лес і яго прадукты станавіліся ўсё больш грунтоўным фактарам эканам. развіцця краіны. Драўніна і прадукты яе перапрацоўкі (вугаль, смала, дзёгаць, паташ), а таксама драўляныя вырабы сталі важнымі экспартнымі таварамі, якія водным шляхам дастаўляліся ў еўрап. краіны. Гандлем лесатаварамі разам з купцамі часта займаліся і феадалы, якія валодалі буйнымі ляснымі масівамі. Развіццю дрэваапрацоўкі спрыяла фальварковая гаспадарка, арыентаваная на рынак. Значную ролю ў развіцці лясной прам-сці адыгралі мануфактуры. У канцы 17 ст. ў ВКЛ былі 53 мануфактуры, у т. л. 9 дрэваапрацоўчых. На кожнай з іх працавала каля 20—25 рабочых. Адначасова хутка развівалася лесанарыхтоўчая вытв-сць і лесасплаў, пастаўка драўніны на замежныя рынкі. Драўніну дастаўлялі пераважна плытамі, на якіх будавалі буданы для складавання тавараў, прадуктаў харчавання, адзення Нягледзячы на цяжкую і працяглую транспарціроўку, гандаль ляснымі таварамі быў прыбытковым заняткам. Паводле звестак з архіваў Радзівілаў, у 1654 у г. Кралявец (цяпер Калінінград) прададзена лясных тавараў на 53 тыс. злотых. Сумарныя затраты на нарыхтоўку, апрацоўку і транспарт драўніны склалі 29 114 злотых (55%), прыбытак — 23 887 злотых (45%). У 1652—53 рэалізацыя піловачніку давала 38,6% чыстага прыбытку, ванчосаў і сліпераў — 23%, клёпкі французскай — 32,5%, смалы і паташу — 38,8%.

Развіццю лесанарыхтовак спрыялі паляпшэнне шляхоў зносін і рэгуляванне рэк, якія выкарыстоўваліся для суднаходства і лесасплаву, будаўніцтва дарог і мастоў. У 1784 завершана буд-ва канала, які праз рэкі Шчара, Ясельда і Прыпяць злучыў рэкі Нёман і Дняпро. У 1781—84 пабудаваны другі канал, які праклаў шлях з р. Прыпяць у Заходні Буг, што пашырыла магчымасці асваення лясных багаццяў. У канцы 18 — пач. 19 ст. лесанарыхтоўкі з промыслу аформіліся ў капіталіст. прам-сць. Значная колькасць лесу высякалася на дровы для абагрэву гарадоў і вёсак, спальвалася ў топках паравозаў (заменены каменным вугалем толькі ў 1890-я г.). Шмат драўніны спажывалі лесапільна-дрэваапр. прам-сць, цывільнае і ваен. будаўніцтва.

У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё лесанарыхтоўчай прам-сці паўплывала буд-ва Пецярбургска-Варшаўскай, Лібава-Роменскай, Пецярбургска-Адэскай магістралей і Палескіх чыгунак. З драўніны рабілі шпалы, пераводныя брусы, тэлегр. слупы і інш. Чыг. транспарт спрыяў пастаўкам лясных грузаў за мяжу. У пач. 1-й сусв. вайны пачалі ўтварацца саюзы мясц. лесапрамыслоўцаў. Узніклі манапал. аб’яднанні «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», «Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю» і інш. З удзелам капіталу агульнарас. банкаў утвараліся акц. т-вы ў лесанарыхтоўчай, лесапільна-дрэваапрацоўчай, запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці. У 1913 на Беларусі функцыянавала 158 дрэваапр. прадпрыемстваў, 10 запалкавых, 17 кардонна-папяровых фабрык, значна павысілася роля прадуктаў перапрацоўкі драўніны. Пераважалі буйныя прадпрыемствы, аснашчаныя тагачаснай тэхнікай: запалкавыя ф-кі «Прагрэс-Вулкан» (424 чал.), «Вікторыя» ў Барысаве (496 чал.), «Бярэзіна» ў Нова-Барысаве (399 чал.), «Везувій» у мяст. Нова-Беліца Гомельскага пав. (346 чал.), «Маланка» ў Мазыры (334 чал.); шпулечна-фанерная ф-ка ў Пінску (462 чал.); фанерна-лесапільныя з-ды ў мяст. Вярхуціна Бабруйскага пав. (400 чал.), на ст. Капцэвічы (236 чал.) і Мікашэвічы (231 чал.) Мазырскага пав.; лесапільныя з-ды ў в. Парэчча Ігуменскага пав. (118 чал.); ф-ка механічнай апрацоўкі дрэва ў Рэчыцы (138 чал.). У 1872 у Добрушы на папяровай ф-цы (1276 чал.) пачала працаваць папераробная машына, у 1886 завершана будаўніцтва кардоннай ф-кі ў Чашніках (з 1894 выпускала і паперу), у 1898 — папяровай ф-кі ў Шклове, у 1899 — кардоннай ф-кі каля Пухавіч, у 1902 — кардонна-папяровай ф-кі ў Нова-Барысаве. У 1913 дзейнічала 17 кардонна-папяровых прадпрыемстваў (3201 чал.), якія выраблялі 20,4% драўнянай масы, 44,8% запалкавай саломкі, 62,3% паштовай і 23,5% шпалернай паперы, 10,3% кардону агульнарас. вытв-сці.

Хуткаму развіццю лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай прам-сці ў Беларусі спрыяла наяўнасць эканамічна даступных і каштоўных лясных рэсурсаў, пашыранай сеткі водных і сухапутных шляхоў транспарту, таннай рабочай сілы, блізкасць зах.-еўрап. рынку. У 1913 на долю прадпрыемстваў Беларусі прыпадала 20,8% агульнарас. экспарту лесаматэрыялаў (дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, шпал, клёпкі). Доля лясной прам-сці Беларусі ў агульнарас. вытв-сці складала: хвойных піламатэрыялаў 26,8%, шпал дубовых 24,4%, прадукцыі каштоўных лісцевых парод 64,2%, клеенай фанеры 23,5%, гнутай мэблі 21,8%, запалкавай саломкі 44,8%.

Паспяхова развівалася лесахімічная прам-сць, якая вырабляла смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. У 1900 на тэр. бел. губерняў дзейнічала больш за 160 смалакурных і дзягцярных прадпрыемстваў, дзе працавала каля 700 чал. Найбольшы быў Выдрынскі з-д у Аршанскім пав., які даваў больш за 60% лесахім. прадукцыі Беларусі.

У гады 1-й сусв. вайны аб’ём лесапрамысл. вытв-сці значна скараціўся. У 1917 дзейнічала толькі палова лесапільна-фанерных прадпрыемстваў, 53,8% запалкавых, 35,3% кардонна-папяровых. У 1922—29 на базе дробных прадпрыемстваў створаны дрэваапрацоўчы з-д «Пралетарый» у Мазыры, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мінску і Мазыры, дрэваапр. камбінат і запалкавая ф-ка ў Барысаве і інш. У 1927 заснаваны каніфольны з-д у Нова-Беліцы, у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д, што стала пачаткам айч. вытв-сці жывічнай і экстракцыйнай каніфолі, якую раней імпартавалі.

У 1930-я г. будаваліся новыя і рэканструяваліся з-ды, якія дзейнічалі раней. Пабудаваны Бабруйскі і Гомельскі дрэваапр. камбінаты, Рэчыцкі лесапільны з-д. У 1932 на Добрушскай папяровай ф-цы пачалі рабіць цэлюлозу. У 1940 на Беларусі дзейнічалі 27 лесазаводаў, 3 лесакамбінаты, 5 мэблевых ф-к, 66 леспрамгасаў, 6 фанерных і 4 запалкавыя з-ды, 12 папяровых ф-к, каніфольна-шкіпінарны з-д, на якіх было занята 67 тыс. чал. і выраблялася 34,7% фанеры, 6,3% паперы, 4,7% піламатэрыялаў агульнасаюзнай вытв-сці. На долю лесапрамысловага комплексу прыпадала 8,9% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі.

За гады Вял. Айч. вайны разбурана 83,7% прамысл.-вытв. будынкаў, разрабавана 74,7% абсталявання лясной прам-сці. Пасля вайны пачалося аднаўленне лясной прам-сці. У канцы 1945 функцыянавалі 68 леспрамгасаў, 18 дрэваапр. прадпрыемстваў і 2 папяровыя ф-кі, якія давалі 23% прадукцыі адносна ўзроўню 1940. Да 1950 адноўлены дрэваапр. камбінаты ў Барысаве і Гомелі, лесазавод у Івацэвічах, камбінаты фанерна-дрэваапрацоўчы ў Бабруйску і фанерна-запалкавы ў Гомелі, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мазыры, Мінску, папяровыя прадпрыемствы ў Добрушы, Чашніках, Слоніме, Шклове. Усе яны працавалі на айч. драўнянай сыравіне. Вялася іх мадэрнізацыя, замест дробных прадпрыемстваў ствараліся буйныя: Маладзечанская мэблевая ф-ка(1954), Пінскі фанерна-запалкавы і Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы (1959) камбінаты, Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс» і Мінскае эксперым. канструктарскае тэхнал. бюро мэблі (1963), Барысаўскі папярова-лесахімічны з-д (1971), Гомельскі папярова-лесахімічны камбінат (1972, з 1976 — з-д). У 1976 пачаў працаваць Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.

Большасць прадпрыемстваў лясной прам-сці знаходзілася ў падпарадкаванні Мін-ва лясной і дрэваапр. прам-сці БССР (66% валавой прадукцыі лесанарыхтовак і дрэваапрацоўкі). З мэтай далейшай канцэнтрацыі вытв-сці на базе 70 прадпрыемстваў створаны 11 дрэваапрацоўчых і 8 лесанарыхтоўчых аб’яднанняў. Мінлеспраму перададзены прадпрыемствы і цэхі па вытв-сці буд. драўляных дэталей і канструкцый, на базе якіх створаны яшчэ 5 вытв. аб’яднанняў. Рэканструявана 13 механізаваных ніжніх складоў, пачалі працаваць 8 паўаўтам. ліній. На лесанарыхтоўках укараняліся сківічныя пагрузчыкі і інш. перспектыўнае абсталяванне. У сярэдзіне 1970-х г. здадзены ў эксплуатацыю цэхі драўнянавалакністых пліт у Віцебску, драўнянастружкавых пліт у Івацэвічах і Мастах, паркетнай дошкі ў Бабруйску і мэблевы ў Маладзечне; рэканструявана 19 цэхаў, у т. л. запалкавыя цэхі пераведзены на выпуск кардонных пачкаў. За гэты перыяд знята з вытв-сці 90 старых мадэлей мэблі і асвоены 93 новыя. На прадпрыемствах дрэваапрацоўкі ўкаранёна больш за 30 аўтам. і паўаўтам. ліній, 35 механізаваных установак і агрэгатаў.

У 1980-я г. лясная прам-сць развівалася па шляху тэхн. прагрэсу. На лесасечных работах укаранёны валачна-пакетаваныя машыны, бясчокерная тралёўка драўніны, механізацыя ачысткі ствалоў ад сукоў. У дрэваапр. прам-сці ўкаранялася новая тэхніка і мадэрнізавалася абсталяванне. У канцы 1980-х г. тэмпы росту і мадэрнізацыі галіны запаволіліся, а ў 1-й пал. 1990-х г. пачаўся спад вытв-сці. У 1995 нарыхтоўка дзелавой драўніны знізілася на 30%, вытв-сць піламатэрыялаў, драўняных пліт, клеенай фанеры, кардону скарацілася на 40—45%, паперы — на 85,4%. У 1991 Мін-ва лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці пераўтворана ў Бел. вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Шэраг прадпрыемстваў акцыяніраваны. Узніклі розныя формы ўласнасці канцэрна: рэспубліканская — 13,1%, камунальная — 19%, прыватная — 65,3%, з удзелам замежнага капіталу — 2,6%. З 1997 пачаўся паступовы рост аб’ёму вытв-сці. Аднак па выпуску асн. відаў прадукцыі ўзровень 1990 у 2002 яшчэ не быў дасягнуты (гл. табл.). Толькі часткова асвойваецца разліковая лесасека па гал. лесакарыстанні. Марудна абнаўляюцца вытв. фонды, знос якіх у 2002 склаў 60,9%.

На пач. 2003 на Беларусі было 308 прадпрыемстваў лясной прам-сці, аб’ём іх прадукцыі склаў 1264 млрд. руб., ці 5,1% валавой прадукцыі прам-сці краіны, а рэнтабельнасць — 10,6%. Экспарт драўніны і вырабаў з яе мае тэндэнцыю росту і ў 2002 дасягнуў 340 млн. дол., што склала 4,2% экспартнай прадукцыі краіны.

Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Базавымі яе прадпрыемствамі з’яўляюцца леспрамгасы, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўніны і вываз лесаматэрыялаў непасрэдна да шляхоў транспарту і на склады лесапільна-дрэваапр. прадпрыемстваў і інш. спажыўцоў сыравіны. Леспрамгасы разам з асн. вытв-сцю маюць дадатковую і пабочную (падсочка хвоі, здабыча пнёвага асмолу, шпалапілаванне, вуглевыпальванне і інш.). Лесанарыхтоўкі вядуць таксама Мін-ва лясной гаспадаркі і інш. ведамствы, якія валодаюць і карыстаюцца лясным фондам.

У пасляваенны перыяд (1945—65) 68 леспрамгасаў вялі прамысл. лесанарыхтоўкі ў аб’ёме, які перавышаў магчымасці штогадовай разліковай лесасекі ў 1,5—2 разы, што прывяло да вычарпання лесасыравіннай базы і парушэння аптымальнай узроставай структуры лясоў. У выніку аб’ём высечак гал. карыстання істотна скараціўся. У 1990—2002 агульны аб’ём лесакарыстання склаў 10—13 млн. м³, што менш за палову сярэдняга прыросту драўніны. Лесанарыхтоўкі ажыццяўляюць 15 леспрамгасаў канцэрна «Беллеспаперапрам», 94 лясгасы Мін-ва лясной гаспадаркі, інш. юрыд. асобы, якія маюць ліцэнзію на вядзенне такіх работ. У перспектыве да 2015 з паляпшэннем узроставай структуры лясоў аб’ём лесанарыхтовак будзе нарастаць і складзе 19—20 млн. м³.

Дрэваапрацоўчая прамысловасць — самая буйная галіна лясной прам-сці; на яе долю прыпадае 69,5% агульнага аб’ёму прадукцыі. Вырабляе піламатэрыялы, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, паркет, аконныя пераплёты, дзверы, буд. драўляныя канструкцыі, габляваныя матэрыялы, запалкі, драўляныя дэталі для вагона-, судна- і аўтамабілебудавання, мэблю, спарт. інвентар і інш. У структуры дрэваапр. прам-сці вядучая роля належыць мэблевай прам-сці, якая ў асноўным сканцэнтравана на 26 буйных спецыялізаваных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам». Найбуйнейшыя з іх: ААТ Бабруйская мэблевая ф-ка, «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Віцебскмэбля», «Гомельдрэў», Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс», Гродзенская мэблевая ф-ка, «Івацэвічдрэў», Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, «Мінскмэбля», «Мінскпраектмэбля», «Магілёўдрэў», «Мазырдрэў», «Мастоўдрэў», «Палатэск», «Рэчыцадрэў», «Слоніммэбля», «Слуцкмэбля»; ЗАТ «Бабруйскмэбля», «Маладзечнамэбля», «Пінскдрэў» і інш. Абнаўляецца вытв. база, пашыраецца асартымент, павышаецца канкурэнтаздольнасць мэблі. Значная частка мэблі экспартуецца.

Развіваецца лесапілаванне, вытв-сць фанеры і драўняных пліт. У лесапільнай вытв-сці за кошт комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў павышаецца вытв-сць піламатэрыялаў, у дрэваапрацоўчай — клеенай і габляванай прадукцыі. Асвойваюцца новыя ўстаноўкі для сушкі піламатэрыялаў з франтальнай загрузкай, якія аснашчаны камп’ютэрнай тэхнікай з праграмным кіраваннем тэхнал. працэсам, што дазваляе аптымізаваць рэжым работы ўстановак, расход цяпла і электраэнергіі, павысіць якасць прадукцыі. Удасканальваецца тэхналогія вытв-сці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт, што дазваляе атрымліваць канструкцыйныя матэрыялы новага тыпу, ужыванне якіх у мэблевай прам-сці павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешнім рынку. На фанерных прадпрыемствах ажыццяўляецца тэхн. пераўзбраенне на аснове ўкаранення высокавытв. ліній лушчэння і сячэння шпоны, абсталявання па зрошчванню, што пашырае асартымент фанеры і зніжае энерга- і матэрыялаёмістасць вытв-сці.

Для тэхн. пераўзбраення выкарыстоўваюцца інвестыцыі замежнага капіталу, арганізуюцца сумесныя прадпрыемствы («Беларуска-брытанскае прадпрыемства «Белпаркет» і «Белшпона», Беларуска-германскае «Сымона-плюс» і інш.), што павышае канкурэнтаздольнасць прам-сці на знешнім і ўнутр. рынках.

Цэлюлозна-папяровая прамысловасць спецыялізуецца на выпуску кардонна-папяровай прадукцыі. Яе доля ў структуры валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу ў 2002 склала 18,6%. Вырабляе цэлюлозу, кардон, паперу і прадукты іх перапрацоўкі (шпалеры, школьныя сшыткі, кардонную тару і інш.). Уключае ААТ: Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, «Гомельшпалеры», папяровыя ф-кі «Чырвоная зорка» ў Чашніках, «Спартак» у Шклове, «Герой працы» ў Добрушы, кардонныя фабрыкі маладзечанскую «Раёўка», у Пухавічах, УП папяровая ф-ка «Дзяржзнак» у Барысаве і інш. Для вытв-сці паперы і кардону выкарыстоўваецца як мясц. сыравіна (цэлюлоза, драўняныя балансы, макулатура, рыззё), так і прывазное, у асн. цэлюлоза, якая завозіцца з Расіі, ЗША і інш. Выпуск цэлюлозы ў 2001 склаў 51 тыс. т, паперы — 51,5 тыс. т, кардону — 165 тыс. т.

Прыярытэтны кірунак развіцця — стварэнне ўласнай вытв-сці сульфатнай беленай цэлюлозы, што дазволіць пашырыць наменклатуру кардонна-папяровай прадукцыі, павысіць яе якасць і канкурэнтаздольнасць, панізіць залежнасць ад імпарту цэлюлозы. Значная ўвага аддаецца развіццю вытв-сці па выпуску паўфабрыкатаў высокага выхаду (драўнянай масы), што пашырыць магчымасці выкарыстання нізкаякаснай драўніны розных дрэвавых парод. Намечана будаўніцтва 2-й чаргі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і ф-кі газетнай паперы ў Шклове.

Лесахімічная прамысловасць на Беларусі развіта параўнальна слаба і прадстаўлена ААТ «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахімічны з-д). На яго долю прыпадае 1,4% валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу. Вырабляе каніфоль, шкіпінар (тэрпенцінавае масла), дубільныя экстракты, каніфольныя кляі, лакафарбавую прадукцыю. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць пнёвы асмол, хваёвую жывіцу. Плануецца павелічэнне нарыхтоўкі жывіцы, каб атрымліваць больш жывічнай каніфолі, шкіпінару, пакосту, у т. л. на экспарт.

Літ.:

Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989;

Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;

Экономические проблемы развития деревообрабатывающей промышленности. Мн., 2002;

Экономическая история Беларуси. 2 изд., Мн., 2004.

А.​Д.​Янушка.


Выпуск важнейшых відаў прадукцыі лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1940 1960 1980 1990 1995 2000 2001 2002 2003
Вывазка дзелавой драўніны, млн. м³ 6,1 5,0 5,6 6,2 4,4 5,3 5,5 6,0 6,5
Піламатэрыялы, млн. м³ 1,6 3,0 2,9 3,1 1,7 2,3 2,1 2,2 2,3
Драўнянастружкавыя пліты, тыс. м³ — 7,3 377 524 283 295 311 316 375
Драўнянавалакністыя пліты, млн. м³ 0,7 3,0 30,1 42,4 26,4 44,6 49,7 52,2 58,2
Фанера клееная, тыс. м³ 253,9 169,7 212 192 94 126 138 168 —
Цэлюлоза, тыс. т — — 11,3 36,8 34,9 55,9 58,1 59,2 60,6
Папера, тыс. т 51,3 69,2 189 198 27 44 51 54 68
Кардон, тыс. т 9,8 32,4 192 219 106 176 165 165 174
Шпалеры, млн. умоўных кускоў — — 70 122 40 84 87 94 —
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.

т. 18, кн. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország), Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс. км², нас. 10 324 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).

Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-ра ліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.

Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.

Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав. Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.​Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л. Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв. нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг. вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д. партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг. Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.​Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг. Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту ​2/3 тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл. Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл. Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг. нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс. сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).

Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг. Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.​Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг. ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав. КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав. вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг. паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л. эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.​Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг. сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг. дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.​Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.​Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл. ААН (з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг. сацыяліст. партыя, Венг. дэмакр. форум, Венг. сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр. нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.

Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн. чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн. т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн. т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн. т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд. м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч. прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн. т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сць мінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр. прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн. т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн. м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс. т.

У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля ​2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс. га с.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн. т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.

Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс. км, у т. л. 29,9 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд. дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд. дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс. чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс. чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп. авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс. чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч. г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч. г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед. ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам. ін-т (з 1948), тэхн. ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж. б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг. АН, гар. б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Венг. АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).

Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг. л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.​Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.​Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.​Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.​Тынадзі, пропаведзі П.​Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.​Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.​Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.​Зрыньі і І.​Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.​Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.​Бешэньеі, вершы Я.​Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.​Казінцы. У паэзіі М.​Фазекаша, драмах І.​Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.​Кішфалудзі, паэзія М.​Вёрэшмарці і Я.​Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.​Этвеша, М.​Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.​Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг. літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.​Мадач, Я.​Вайда, Арань; празаікі М.​Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.​Бабіча і Д.​Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.​Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.​Гідаш, М.​Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.​Верэш, П.​Саба, Л.​Немет, Дз.​Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.​Касак, Т.​Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.​Добазі, Л.​Надзь, М.​Саба, Ш.​Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.​Эстэрхазі і Д.​Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.​Надзь, Ш.​Чоары, Дз.​Петры і Л.​Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Адамовіча, В.​Быкава, П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, П.​Глебкі, К.​Крапівы, А.​Кулакоўскага, А.​Куляшова, А.​Макаёнка, П.​Панчанкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка, В.​Таўлая. Т.​Хадкевіча, І.​Шамякіна.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.​Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.​Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.​Полак; партрэты і статуі скульпт. І.​Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.​Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.​Мункачы, Ш.​Біхары, І.​Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.​Паала, Л.​Медньянскі, П.​Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.​Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.​Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.​Холашы, К.​Ферэнцы, Я.​Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.​Торняі, І.​Коста, І.​Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.​Чок, І.​Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.​Кернштак, Б.​Пор, Р.​Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.​Уітц, Ш.​Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.​Сёньі, А.​Бернат, скульптары Ф.​Медзьешы, Ж.​Кішфалудзі-Штробль, П.​Пацаі, Ш.​Мікуш, Б.​Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.​Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.​Марціна, Т.​Дураі, Ф.​Салаі, І.​Барчаі, скульптура І.​Шомадзьі, А.​Макрыса, Т.​Вільта, графіка Б.​Кондара, А.​Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.​Чэрнуша, скульптура І.​Варгі, графіка А.​Гроша, Дз.​Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.​Керэньі, М.​Боршаш, І.​Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.​Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.​Ковача і І.​Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.​Фінты і інш.).

Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг. нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.​Тынадзі, 1554, і Б.​Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.​Біхары, Я.​Лаваты, А.​Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.​Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.​Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.​Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.​Ранкі, А.​Сёлёшы, Ш.​Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.​Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.​Петравіча («Сей

Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.​Келемен стварыў прафес. т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг. т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг. т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.​Моар, П.​Янча, Ж.​Сентпетэры, К.​Медзьеры, Р.​Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац. т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар. т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.​Мадача, імя К.​Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.​Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.​Маяр, Э.​Гелерт, З.​Варканьі, Л.​Маркуш, Е.​Руткаі, М.​Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.

Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.​Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.​Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.​Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.​Бан), «Карусель» (1955, З.​Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.​Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.​Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.​Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.​Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.​Месараш, З.​Хусарык, Дз.​Кабаш, П.​Явар, Е.​Руткаі, І.​Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.

Літ.:

История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;

Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;

Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;

Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;

Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;

Музыка Венгрии. Сб. ст.: [Пер. с венг.] М., 1968.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў, У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Венгрыі.
Да арт. Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.
Да арт. Венгрыя. Майстра М.​Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.
Да арт. Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.​Печы. 1803—21.
Да арт. Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.
Да арт. Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.
Да арт. Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.
Да арт. Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.​Штэйндль. 1884—96.
Да арт. Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.
Да арт. Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.​Расіна ў Тэатры імя К.​Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.​Вазарэлі.
Да арт. Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.
Да арт. Венгрыя. М.​Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.
Да арт. Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.
Да арт. Венгрыя. І.​Чок. Куток атэлье. 1905.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСЫ І КРЭДЫТ

Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж. бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.

Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж. бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.

Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.

У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж. сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж. бюджэт і бюджэт мясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел. рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел. с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш. Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн. руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.

Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.

Дзяржаўны бюджэт. Фарміраванне самаст. дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл. табл. 2).

Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за ​1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл. табл. 3).

Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:

Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.

Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.

Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.

Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел. рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.

Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.

2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.

Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.

Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.

У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.

У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.

Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.

У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.

Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.

Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).

Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.

Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).

Літ.:

Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;

Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;

Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;

Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;

Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.

Т.​У.​Сарокіна (дзяржаўны бюджэт), Т.​А.​Выразубава (падатковая сістэма, страхаванне), Ж.​Д.​Даніловіч (банкаўская сістэма), І.​Н.​Цішчанка (грашова-крэдытная палітыка).


Табліца 1
Структура даходаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь (без уліку фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у % да выніку)
Даходы 1998 1999 2000 2001 2002 2003
Усяго 100 100 100 100 100
у т. л.: падатак на прыбытак і падатак на даходы 12,7 13,9 13,8 12,7 9,0 11
падаходны падатак 10,4 8,5 8,7 9,3 9,0 8,4
падатак на дабаўленую вартасць 25,8 24,8 25,7 25,2 25,1 23,7
акцызы 11,1 9,4 8,0 7,7 6,9 6,9
падаткі і плацяжы за карыстанне прыроднымі рэсурсамі 0,3 0,3 0,2 0,3 0,3 0,3
падаткі за карыстанне ляснымі фондамі 0,2 0,4 0,3 0,2 0,2 0,2
надзвычайны падатак для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 2,6 2,3 2,3 2,7 2,5 2,2
падаткі на ўласнасць 3,8 1,7 2,9 4,1 4,5 6,0
даходы ад знешняга гандлю і знешнеэканам. аперацый 6,3 5,5 4,5 5,2 6,1 7,8
непадатковыя даходы і абавязковыя плацяжы, у т. л. паступленні ад прыватызацыі дзярж. маёмасці 7,6 6,6 4,6 5,4 9,6 4,9
даходы свабодных эканам. зон 0,0 0,3 0,4 0,3 0,3 0,3
даходы дзярж. мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў 15,7 16,7 18,5 18,0 17,0 17,9
іншыя даходы 3,5 9,9 10,1 8,9 9,5 10,4

Табліца 2
Структура расходаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь (без уліку фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у % да выніку)
Расходы 1999 2000 2001 2002 2003
Усяго 100 100 100 100 100
у т. л.:
дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне
2,6 2,7 2,8 2,9 3,0
нацыянальную абарону 2,6 2,8 3,1 3,0 3,0
праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі 4,8 5,1 5,5 5,3 5,1
навуку 1,2 1,1 1,1 1,1 1,1
галіны эканомікі 16,3 15,0 15,1 13,7 14,9
прадухіленне і ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый і стыхійных бедстваў 4,3 3,4 3,8 3,5 3,1
сацыяльна-культурныя ўстановы і мерапрыемствы па сац. абароне 34,6 36,7 39,0 41,8 38,5
капітальныя ўкладанні 6,9 5,3 4,2 3,7 4,5
расходы дзярж. мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў 14,2 17,2 16,5 15,6 15,5
іншыя 12,5 10,7 8,9 9,3 11,3

Табліца 3
Падаткі ў бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь
Паказчык 1995 1999 2000 2001 2002 2003
Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту 89,6 103,4 105,8 104,7 104,7 106,8
Рэальная падатковая нагрузка 42,6 40,5 42,1 41,5 39,7 40,1
Нядоімкі 4,6 0,3 0,5 0,9 0,9 0,7
Прамыя падаткі ў даходах бюджэту 34,0 25,6 27,9 28,1 26,2 24,9
Ускосныя падаткі ў даходах бюджэту 36,8 54,8 58,6 55,9 55,5 54,7
Доля падаткаў у даходах бюджэту 87,6 91,2 89,3 88,0 86,7
Будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Філіял «Беларусбанка». Браслаў.

т. 18, кн. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэлігія і царква

Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.

Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).

Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.

Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.

Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).

Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.

Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст. бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.

У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял. кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр. ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр. ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.

У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).

У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр. ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.

У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.

З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс. чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.

У канцы 14 ст. на тэр. ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).

З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.

Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс. чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля ​4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і ​1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.

З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.

Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр. БССР рэзка пагоршыліся.

8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр. БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.

У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.

Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.​Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр. Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.

У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел. царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.​Казлоўскага, А.​Адамовіча, Н.​Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.

У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.

Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.

Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).

У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.

Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).

У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.

Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.​С.​Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.

З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМ СССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦК КПСС М.​С.​Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.​С.​Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац. АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.

Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.​Свёнтак.

З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел. нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац. АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.

Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш. рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.​В.​Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.

Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.​Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр. зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.​Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.

З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.

У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.

На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.

На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.

У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.

Літ.:

Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;

Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;

Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;

Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;

История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;

Грыгаровіч II. Беларуская іерархія. Мн., 1992;

Короткая Т.Н., Прокошина Е.С., Чудникова А.А. Старообрядничество в Белоруссии. Мн., 1992;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;

Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;

Макарий (Булгаков). История русской церкви. Кн. 2. М., 1995;

Основные закономерности в религиозном сознании населения Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 1995;

Поспеловский Д.В. Русская Православная Церковь в XX в. М., 1995;

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мн., 1995;

Туронак Ю. Фарміраванне сеткі рымска-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387—1781 гг. // Наша вера. 1995. №1;

З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (Да 400-годдзя Брэсц. уніі). Мн., 1996;

Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: філас.-гіст. аналіз. Мн., 1998;

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;

Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;

Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст. Мн., 1999;

Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;

Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;

Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.

А.​У.​Верашчагіна, А.​В.​Гурко.

Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.​Сташчанюка па матэрыялах Э.​Ляўкова.
Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.
Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.
Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.
Жыровіцкі абраз Маці Божай.
Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.
Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.
Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.
Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.​Радзівіл (Чорны).
Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.
Сінагога ў Слоніме. 17 ст.
Мячэць у Іўі.
Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.​Лазінскі.
Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.
Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.
Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.
Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.
Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.

т. 18, кн. 2, с. 699

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ Старажытная, Элада (грэч. Hellas),

цывілізацыя, дзяржаўнасць і культура на тэрыторыі паўд. ч. Балканскага п-ва, астравоў Эгейскага м., зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія і інш. зямель у 2—1-м тыс. да н.э. (ад узнікнення першых грэч. гарадоў-дзяржаў да рым. заваявання ў 2 ст. да н.э.).

Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю Грэцыі на 2 вял. эпохі: мікенскую (крыта-мікенскую) палацавую цывілізацыю і ант. полісную цывілізацыю, а таксама на больш дробныя перыяды. У 1-ю эпоху (30—12 ст. да н.э.), якая прыпадае на бронзавы век, дагрэчаскае насельніцтва (пеласгі) выцеснена ўласна грэчаскім (ахейцы), сфарміраваліся крыта-мікенская культура з цэнтрам у Кносе, раннекласавае грамадства на чале з басілеямі, узніклі мараплаванне і пісьменства (гл. Крыцкае пісьмо). Канцом гэтай эпохі сталі Траянская вайна і перасяленне ў Грэцыю дарыйцаў. У прамежкавыя перыяды — субмікенскі (1125—1025 да н.э.) і гамераўскі (11—9 ст. да н.э., вядомы пераважна паводле эпасу Гамера, наз. таксама «цёмныя вякі») — адбыўся пераход да жал. веку, склаліся патрыярхальнае рабства і раннія полісы як асобая форма земляробскай абшчыны. Эпоха ант. поліснай цывілізацыі пачалася з архаічнага перыяду (8—6 ст. да н.э.), які па часе супаў з шырокай тэр. экспансіяй грэкаў (т.зв. вял. каланізацыя, з сярэдзіны 8 ст. да н.э.). У архаічны перыяд грэч. грамадства развівалася найб. інтэнсіўна. Адбылося станаўленне класічнага рабства і полісаў як гарадоў-дзяржаў, фарміраванне сістэмы грашовага абарачэння і рынку, мелі месца распрацоўка канцэпцый суверэнітэту народа і дэмакр. формы праўлення, гал. этычных нормаў і прынцыпаў маралі, эстэт. ідэалаў, зараджэнне асн. феноменаў ант. культуры — філасофіі і навукі, гал. жанраў л-ры, т-ра, ордэрнай архітэктуры, спорту. Каланізацыю, выкліканую пераважна недахопам с.-г. зямель (з-за гэтага ў полісах нярэдка адбываліся грамадз. войны і гвалтоўны перадзел зямлі) і імкненнем грэкаў устанавіць свой кантроль над гандл. шляхамі, першымі пачалі астраўныя гарады Халкіда і Эрэтрыя, потым Карынф, Мегары, малаазійскія гарады (асабліва Мілет) і інш. Каланізацыя развівалася ў 3 асн. кірунках: зах. (Сіцылія, Паўд. Італія, Паўд. Францыя, усх. ўзбярэжжа Іспаніі), паўн. (фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага м., раён праліваў з Міжземнага ў Чорнае м. і ўзбярэжжа апошняга) і паўд.-ўсх. (узбярэжжа Паўн. Афрыкі і краіны Леванта). У ходзе яе заснаваны ант. калоніі, у т. л. Сіракузы, Тарэнт, Візантый, Гаргіпія, Ольвія, Пантыкапей, Фанагорыя, Херсанес Таўрыйскі, Тыра; актывізаваўся грэч. марскі гандаль; рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі як самаст. галіна вытв-сці. Каланізацыя не поўнасцю спыніла сац. канфлікты, што ў 7—6 ст. да н.э. прывяло да зараджэння ў многіх грэч. гарадах, у т. л. Стараж. Афінах, ранняй формы тыраніі (у ліку першых тыранаў былі Пісістрат і Палікрат). Класічны перыяд (мяжа 6 і 5 ст. — 388 да н.э.) быў часам эканам., паліт. і культ. росквіту Грэцыі. Яго гал. знешнепаліт. падзеі — грэка-персідскія войны, Пелапанеская вайна, Карынфская вайна. Унутрыпаліт. развіццё было звязана з рэформамі Салона і Клісфена ў Афінах, законамі Лікурга ў Спарце і характарызавалася саперніцтвам у полісах дэмакр. і алігархічных (гл. Алігархія) сіл (найб. росквіту дэмакратыя дасягнула ў Афінах пры Перыкле), утварэннем дзяржаў федэратыўнага тыпу (найб. вядомыя Фесалія і Беотыя), паступовым узвышэннем Стараж. Македоніі. На пач. апошняга перыяду элінізму (канец 4 — апошнія дзесяцігоддзі 1 ст. да н.э.) крызіс класічных полісаў стаў прычынай усх. паходу (334—323 да н.э.) Аляксандра Македонскага. У ходзе грэка-македонскіх заваяванняў узнікла вял. імперыя, якая ахапіла Балканскі п-аў, астравы Эгейскага м., М. Азію, Егіпет, усю Пярэднюю Азію, паўд. раёны Сярэдняй Азіі і ч. Цэнтр. Азіі да ніжняга цячэння Інда. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) створаная ім імперыя ў выніку адсутнасці цесных унутр. сувязей і паўвекавых міжусобіц яго палкаводцаў (дыядохаў) распалася на шэраг эліністычных дзяржаў (Македонія, Грэка-Бактрыйскае царства, манархіі Селеўкідаў, Пталамеяў і інш.). Саперніцтва ўнутры Грэцыі паміж Македоніяй, Ахейскім саюзам і Эталійскім саюзам прывяло да аслаблення магутнасці краіны і ўмяшання ў яе справы Стараж. Рыма (з 197 да н.э.). Пасля роспуску рымлянамі Эталійскага (148 да н.э.) і Ахейскага (146 да н.э.) саюзаў Грэцыя фактычна страціла незалежнасць (канчаткова ў 27 да н.э. ў сувязі з ператварэннем Грэцыі ў рым. правінцыю Ахая).

Выхаванне і адукацыя. У Стараж. Грэцыі выхаванне разумелася як непарыўнае адзінства «гімнастычнага» і «мусічнага» (ад слова муза), як развіццё фіз. і разумовае адначасова. Сінтэзам гэтых элементаў павінна была стаць класічная раўнавага цела і духу, ідэал калакагатыі — гармоніі ў чалавеку прыгажосці і дабра. Пачатае з канкрэтнага ўяўлення аб прыгожым трэніраваным целе юнака «высакароднага паходжання», з цягам часу паняцце калакагатыі дасягнула вышыні абстракцыі, стала выражэннем грамадз. і этычных каштоўнасцей ант. грамадства, увасобленых у гарманічна развітой асобе.

У Стараж. Грэцыі сфарміраваліся 2 асн. тыпы выхавання: спартанскі і афінскі. У Спарце выхаванне фіз. развівалася за кошт выхавання інтэлектуальнага і эстэтычнага. У 7-гадовым узросце хлопчык пераходзіў пад апеку дзяржавы. Уключаны ў адзін з атрадаў (ілаў), пасля 4-гадовай падрыхтоўкі ён мог прыступіць да больш сур’ёзных заняткаў, якія завяршаў у 20-гадовым узросце ў якасці ірэна — сталага юнака. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі ад 7 да 14 гадоў) і эфебы (юнакі ад 14 да 20 гадоў). Ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў спартанцы праходзілі ваен. службу. Іх інтэлектуальная падрыхтоўка абмяжоўвалася ўменнем чытаць і пісаць, веданнем некалькіх ваен. і рэліг. песень, а таксама асобнымі звесткамі аб традыцыях, гісторыі, рэлігіі і абрадах Спарты. Загартоўка была суровая: развіццё ўпартасці і вынослівасці, здольнасці пераносіць нястачу, голад, холад, боль, выхаванне гатоўнасці да паходаў, валодання зброяй. Выхаванне дзяўчынак мала адрознівалася ад выхавання хлопчыкаў. На першым месцы былі фіз. сіла і вынослівасць дзяўчынак, будучых маці грамадзян-воінаў. Яны займаліся нароўні з хлопчыкамі гімнастыкай, бегам, кідалі дыск, дужаліся, а таксама вучыліся спевам і танцам. Гал. мэтай такой сістэмы было выхаванне людзей развітых фізічна, храбрых і дысцыплінаваных. Арганізацыя выхавання ў Спарце прыпісваецца Лікургу і апісана Плутархам у «Жыцці Лікурга».

У Афінах ідэалам выхавання было фарміраванне чалавека ўсебакова адукаванага. Ідэя калакагатыі рэалізоўвалася праз фіз. і мусічнае, або інтэлектуальнае, маральнае і эстэт. выхаванне. Мусічным выхаваннем хлопчыкаў ва ўзросце 7—14 гадоў займаліся прыватныя настаўнікі — граматысты і кіфарысты. Граматыст вучыў дзяцей чытанню і пісьму, даваў ім асн. паняцці пра лічэнне. Потым яны пераходзілі да вывучэння стараж. пісьменнікаў (Гамер, Эзоп), чыталі паэмы Гесіёда, вершы заканадаўца Салона, творы Феакрыта, развучвалі гімны ў гонар багоў. Кіфарыст даваў хлопчыкам навыкі ігры на ліры ці кіфары. Пад кіраўніцтвам педатрыба ў палестрах 15—16-гадовыя хлопчыкі спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданнях кап’я і дыска. Выхаванне інтэлектуальнае і фіз. працягвалася ў гімнасіях, якія ў эліністычную эпоху былі асн. тыпам публічнай сярэдняй школы. Заканчэннем выхаваўчага цыкла была 2-гадовая ваен. і грамадз. падрыхтоўка ў дзярж. эфебіях, створаных пасля 338 да н.э. Дзяўчынкі з усіх сац. слаёў атрымлівалі хатняе выхаванне. Тып афінскага выхавання перамог у эліністычным свеце і пазней адыграў значную ролю ў развіцці еўрап. педагогікі. У Афінах сфарміраваўся таксама тып вышэйшай школы, пачатак якой далі філас. школы і ў першую чаргу Акадэмія платонаўская.

Міфалогія і рэлігія. Стараж.-грэч. міфалогія прайшла ў сваім развіцці доўгі шлях, успрыняўшы некат. паданні народаў Стараж. Усходу (пераважна хетаў і фінікійцаў). З Усходу ў стараж.-грэч. пантэон трапілі асобныя божаствы і героі. Першапачаткова (перыяд матрыярхату) яна характарызавалася стыхійнымі, пачварнымі формамі, мела рысы хтанізму (ад грэч. chthōn зямля, якая, паводле міфалагічных уяўленняў, нараджала ўсе гэтыя пачвары). У першабытную эпоху ў міфалагічных рэліг. уяўленнях стараж. грэкаў вял. значэнне мелі татэмістычныя, фетышысцкія і анімістычныя ўяўленні аб неаддзельнасці духоўнай сутнасці ад іх саміх (бог Зеўс уяўляўся арлом, лебедзем, маланкай, Афіна — савой ці змяёй). У перыяд матрыярхату яшчэ не існавала вызначанай іерархіі багоў: мноства мясц. багоў шанавалася ў асобных абшчынах і не мела ўсеагульнага значэння. Паступовае афармленне алімпійскай міфалогіі адбывалася ў перыяд патрыярхату. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-грэч. міфалогія дасягнула свайго росквіту, канчаткова склаўся алімпійскі пантэон багоў, якія жылі на гары Алімп і падпарадкоўваліся ўладзе аднаго бога — Зеўса. Для алімпійскай міфалогіі характэрны яскрава выяўлены антрапамарфізм (багоў уяўлялі ў чалавечым абліччы, ад простых людзей яны адрозніваліся бяссмерцем і магутнасцю, але былі падобныя да іх сваімі паводзінамі, думкамі і пачуццямі). Замест б. паданняў аб пачварах з’явіліся міфы пра герояў (Геракл, Тэсей), якія змагаюцца з гэтымі пачварамі і перамагаюць іх. З разлажэннем абшчынна-радавых адносін, зараджэннем навук. ведаў наіўны міфалагічны антрапамарфізм знікае. У стараж.-грэч. паэтаў Гесіёда і Піндара Зеўс ператвараецца ў вобраз, які ўвасабляе прынцып сусв. справядлівасці; у Эсхіла Зеўс паказаны ў выглядзе сусв. дэспата, чалавеканенавісніка, прадстаўніка сляпых і неразумных сіл. У межах рабаўладальніцкай фармацыі міфалогія прайшла перыяд класікі, калі яна была носьбітам і выразнікам поліснай ідэалогіі, і эліністычна-рым. перыяд, калі яна ператварылася ў літ. і маст. прыём, у алегорыю або метафару. Побач з міфалогіяй развівалася і фарміравалася стараж.-грэч. рэлігія — вера ў звышнатуральную сілу багоў, замацаваная сістэмай культаў і абрадаў. Разам з афіц. дзярж. рэлігіяй у Стараж. Грэцыі былі пашыраны богаслужэнні, адкрытыя толькі для пасвячоных — містэрыі (у гонар Дэметры, Дыяніса і інш.).

Філасофія. Стараж.-грэч. філас. думка, якая дала пачатак еўрап. філасофіі, узнікла ў Іаніі — цэнтры грэч. культуры 7—6 ст. да н.э. У адным з найб. развітых яе полісаў — Мілеце, сфарміравалася натурфіласофія. Заснавальнік мілецкай школы (6 ст. да н.э.) Фалес, які лічыцца бацькам еўрап. філас. думкі, першы спрабаваў адказаць на пытанне, што з’яўляецца нязменнай першаасновай усяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё зноў вяртаецца. На яго думку, такой прасубстанцыяй з’яўляецца вада. Фалес не пакінуў пасля сябе ніводнага пісьмовага твора, а яго погляды (як і іншых дасакратыкаў) пераказаў Арыстоцель. Вучань Фалеса Анаксімандр упершыню выклаў свае погляды пісьмова ў творы «Аб прыродзе». У невял. урыўку, які захаваўся, ёсць квінтэсенцыя яго поглядаў: праматэрыяй усяго існага з’яўляецца «апейрон» (бясконцае). Анаксімен лічыў, што прасубстанцыяй было паветра, бо яно бязмежнае і ажыўляе свет, як душа (дух) ажыўляе жывыя арганізмы. Геракліт Эфескі сутнасць быцця бачыў у безупынных зменах, што адбываюцца паводле ўсеагульнага закону (логаса), у адзінстве і вечнай барацьбе процілегласцей. Дыяметральна іншых поглядаў прытрымліваўся заснавальнік элейскай школы (6—5 ст. да н.э.) Парменід, які выказаў ідэю адзінага нязменнага, нерухомага і непадзельнага быцця, пазнавальнага толькі шляхам дэдукцыі, незалежна ад вопыту і пачуццяў. Погляды свайго настаўніка абараняў Зянон, які, стоячы на пазіцыях адзінства і нязменнасці быцця, адзначаў супярэчнасці ў паняццях мноства, змянення і руху. Ён удасканаліў мастацтва вядзення спрэчак і лічыцца стваральнікам дыялектыкі, што знайшла шмат паслядоўнікаў сярод сафістаў (Горгій). Спробу прымірыць тэорыю нязменнага і незнішчальнага быцця элейцаў з заснаванай на вопыце карцінай зменлівай рэчаіснасці Геракліта зрабілі Эмпедокл і Анаксагор. Найб. дасканалай сістэмай, якая тлумачыла паходжанне і будову свету, у той час была атамістыка (Леўкіп, Дэмакрыт). Паводле атамістаў, свет складаецца з маленькіх непадзельных часцінак (атамаў), якія адрозніваюцца толькі формай і памерамі. Гэтым і абумоўліваецца розніца з’яў. Піфагарэйскі саюз, заснаваны Піфагорам (6 ст. да н.э.), меў характар рэліг. брацтва, якое імкнулася да ўдасканальвання сваіх членаў. Прадметам іх зацікаўлення былі астраномія, музыка і асабліва матэматыка. Першаасновай усяго існага для піфагарэйцаў быў лік і лікавыя адносіны. З дапамогай матэм. дэдукцыі яны прыйшлі да высновы, што Зямля мае форму шара. Новая карціна свету, пазначаная рысамі матэм. дакладнасці, зрабіла вял. ўплыў на Платона і стала адным з важнейшых элементаў яго філасофіі. Буйнейшымі прадстаўнікамі піфагарэізму на мяжы 5 і 4 ст. да н.э., былі Філалай, Архіт, Эўдокс. У канцы 1 ст. да н.э. піфагарэізм адрадзіўся як рэліг.-містычная сістэма і вядомы пад назвай неапіфагарэізм. У 5 ст. да н.э. ў Грэцыі дзейнічалі прафес. настаўнікі «мудрасці» — сафісты. Яны не стварылі асобнай філас. школы, але, вандруючы па гарадах і папулярызуючы філасофію, рыторыку, граматыку і стылістыку, грамадскія навукі, зрабілі вял. ўплыў на інтэлектуальнае і культ. жыццё Грэцыі. Выдатнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Фрасімах.

Новы перыяд стараж.-грэч. філасофіі пачаўся з Сакрата (5 ст. да н.э.), які перанёс свае даследаванні ў сферу маральнасці, імкнучыся знайсці ўсеагульнае і безумоўнае веданне не ў знешнім, а ў самім сабе. Яго паслядоўнікі заснавалі шэраг філас. школ: мегарская школа (Эўклід, Эўбулід, Алексін, Дыядор Крон) і эліда-эрытрэйская (Федон) развілі фармальную дыялектыку Сакрата, школы кінікаў (Антысфен) і кірэнаікаў (Арыстып) займаліся этычнымі праблемамі. Найвыдатнейшым вучнем Сакрата быў Платон, заснавальнік філас. школы, вядомай як Акадэмія платонаўская. Яго вучэнне — сінтэз усіх дасакратаўскіх філас. кірункаў. Арыстоцель, які на працягу 20 гадоў быў вучнем Платона, пасля яго смерці заснаваў уласную школу (Лікей). Гэта быў узорны даследчы інстытут, які сабраў лепшых вучоных ва ўсіх галінах ведаў. Вынікі іх даследаванняў паслужылі Арыстоцелю асновай для пабудовы філас. сістэмы, якая ахоплівала ўсё кола тагачасных ведаў аб прыродзе і грамадстве. У 4—3 ст. да н.э. сярод філас. школ найб. ўплыў мелі стаіцызм (заснавальнік Зянон), школа Эпікура і скептыцызм (заснавальнік Пірон). Вучэнне стоікаў і Эпікура адметнае пераважна ўвагай да праблем этыкі. Скептыцызм выступаў супраць усіх кірункаў, якія абвяшчалі магчымасць поўнага і аб’ектыўнага пазнання, і быў працягам вучэння сафістаў, асабліва Пратагора. Філас. сістэму, якая спрабавала прымірыць рэліг. думку Усходу з грэч. філасофіяй, стварыў Філон Александрыйскі (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Апошняй выдатнай філас. сістэмай старажытнасці быў неаплатанізм (3—6 ст. н.э., Плацін, Парфірый, Ямвліх, Прокл). У ім ідэалізм дасягнуў вышэйшай ступені свайго развіцця. Неаплатанізм значна паўплываў на хрысц. філосафаў (Арыген, Клімент Александрыйскі, Аўгусцін) і ням. ідэалістаў (Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель).

Прыродазнаўчыя навукі. Да канца 4 ст. да н.э. прыродазнаўчыя, паліт. і філас. погляды ў Грэцыі складалі адну непадзельную навуку; амаль усе філосафы былі прыродазнаўцамі. Радзімай першых вучоных Стараж. Грэцыі была Малаазійская Іанія, цесна звязаная з культурай стараж.-ўсх. свету, якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё ўсёй стараж.-грэч. навукі. Першыя геам. ўяўленні, выкарыстанне цыркуля, прадказанне сонечных зацьменняў, рэкамендацыі мараплаўцам арыентавацца па Малой (а не Вялікай) Мядзведзіцы звязаны з Фалесам і яго школай (7—6 ст. да н.э.), назіранні над жывёльным светам — з Анаксімандрам, які склаў і самую стараж. карту айкумены, зрабіў схему нябеснага скляпення для арыентавання па зорках. Думкі пра існаванне, апрача «вогненных» нябесных свяціл, «цёмных цел зямлістай якасці» (планет), належаць Анаксімену. Пачатак развіцця тэорыі лікаў, метадаў дакладнага вызначэння матэм. паняццяў і строгіх лагічных доказаў звязаны з Піфагорам і яго школай (6 ст. да н.э.). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. значнага развіцця дасягнула стэрэаметрыя: Анаксагор і Дэмакрыт заклалі асновы тэорыі перспектывы. Вял. значэнне мела адкрыццё ў гэты перыяд ірацыянальных лікаў, а таксама фармулёўка задач аб квадратуры круга, падваенні куба і трысекцыі вугла. На мяжы 5 і 4 ст. да н.э. Леўкіп і Дэмакрыт сфармулявалі асновы атамістыкі. Адна з самых стараж. мед. школ створана на мяжы 6 і 5 ст. да н.э. Алкмеонам, які першы пачаў праводзіць анатаміраванне жывёл і выявіў, што мозг з’яўляецца цэнтрам нерв. дзейнасці. Гіпакрат абагульніў практычны вопыт лячэння хворых, распрацаваў асновы дыягностыкі, склаў апісанне і метады лячэння многіх хвароб. У 4 ст. да н.э. Арыстоцель пабудаваў сістэму ўсіх вядомых на той час навук і прапанаваў іх класіфікацыю. У перыяд элінізму прыродазнаўчыя навукі паступова аддзяліліся ад філасофіі. Астраномія і звязаныя з ёй матэматыка і механіка далей развіты ў працах Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта, Гіпарха, Пталамея і інш.

Геаграфія. Першымі даследчыкамі Міжземнага м. і навакольных тэр. былі крыцяне (прадстаўнікі мінойскай культуры, 3-е — пач. 2-га тыс. да н.э.) і ахейцы (мікенская культура, 2-е тыс. да н.э.). У працэсе развіцця гандлю і ў час ваен. паходаў яны даследавалі ўзбярэжжа Балканскага п-ва і ўсх. ч. Міжземнага м., многія раёны Зах. Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. Самымі стараж. геагр. творамі былі перыплы (апісанні марскіх плаванняў уздоўж берагоў) і перыэгесы (апісанні плаванняў і сухапутных падарожжаў з пазначэннем адлегласцей паміж прамежкавымі пунктамі) у вершаванай форме для больш лёгкага запамінання. Падобнымі былі і апісанні падарожжаў багоў, герояў і інш. міфічных асоб, пра якіх расказвалася ў міфах і эпічных паэмах. Гамераўскі эпас разам з казачнымі падрабязнасцямі марскіх падарожжаў змяшчае апісанні як рэальных мясцовасцей (напр., в-ва Крыт), так і паўлегендарных і легендарных. Рэальныя межы гамераўскіх геагр. уяўленняў відаць са звестак пра раёны Афрыкі (да паўд. межаў Сахары), зах. ч. сучаснай Індыі, Паўн. Прычарнамор’е. Многія раёны Прычарнамор’я і Зах. Азіі ўпершыню апісаны ў цыкле міфаў пра арганаўтаў. Пазней з рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаў на берагах Эгейскага м. грэкі ў пошуках новых зямель і гандл. партнёраў пачалі т.зв. вялікую каланізацыю. Яны асвоілі ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага м., сабралі дакладныя звесткі пра больш далёкія землі (Пірэнейскі п-аў, Вялікабрытанія, зах. ўзбярэжжа Еўропы, тэр. на Пн ад Чорнага м., унутр. раёны Паўн. Афрыкі і інш.). Вельмі пашырыўся іх кругагляд у выніку паходаў Аляксандра Македонскага.

Паводле меркаванняў грэч. Географаў 7—6 ст. да н.э., Зямля ўяўляла сабой плоскі цыліндр (дыск), які плавае ў Сусветным акіяне. Частка плоскай верхняй паверхні гэтага цыліндра — айкумена з цэнтрам у Грэцыі («пуп» Зямлі» — камень «амфалос» у Дэльфах). Першую карту айкумены стварыў Анаксімандр (канец 7—6 ст. да н.э.). У цэнтры гэтай карты — Міжземнае м., айкумена падзелена на 2 роўныя часткі — Еўропу і Азію. У Гекатэя Мілецкага (6—5 ст. да н.э.) адзначана трэцяя ч. свету — Лівія (Афрыка). Лічылася, што рэкі Істр (Дунай) і Ніл цякуць паралельна ў шыротным напрамку, першая праз Еўропу, другая праз Лівію, абедзве ад берагоў Атлантычнага ак. У 6 ст. да н.э. ў піфагарэйцаў узніклі ўяўленні пра шарападобнасць Зямлі. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) ужо ставіў пытанне пра вымярэнне даўжыні зямнога мерыдыяна. Дыкеарх (на мяжы 4—3 ст. да н.э.) вызначыў даўжыню мерыдыяна ў 300 тыс. стадый, а ў канцы 3 ст. да н.э. Эратасфен у выніку параўнальна дакладных вымярэнняў пакараціў яе да 252 тыс. стадый (39 690 км супраць фактычнай даўж. 40 007 км). Калі ў даўготным напрамку на рубяжы 6—5 ст. да н.э. вядомая айкумена працягвалася ад Гібралтара да Індыі, то ў шыротным яна была вядома яшчэ мала. У 3 ст. да н.э. паўн. краем айкумены лічыўся в-аў Туле, які грэкі размяшчалі на Пн ад Альбіёна (Вялікабрытаніі), каля Палярнага круга. Далей гэтага вострава, па звестках Піфея з Масаліі, які ўпершыню плаваў у морах, што абмываюць Паўн.-Зах. Еўропу (4 ст. да н.э.), пранікнуць было немагчыма. Самым паўд. пунктам айкумены і пры Страбоне (першыя гады н.э.) лічыўся паўд. край Чырвонага м. Піфей вызначаў шырату вывучаных ім пунктаў адноснай працягласцю дня ў перыяд летняга сонцастаяння. Пазней гэты спосаб геагр. арыентацыі дазволіў Эратасфену правесці праз вызначаныя пункты даўготныя і мерыдыянальныя лініі, а Гіпарху (2 ст. да н.э.) падзяліць зямны шар на 360 градусаў, прыняўшы за даўжыню аднаго градуса 700 стадый (110,25 км супраць сапраўднай велічыні 111,1 км) і назваўшы гэтую велічыню «кліматам». Пталамей (2 ст. н.э.) нанёс на градусную сетку ўсе вядомыя геагр. аб’екты. Ваен. экспансія і развіццё гандл. сувязей ранняй Рымскай імперыі садзейнічалі таму, што на карце Пталамея стала магчымым паказаць абрысы а-воў Вялікабрытанія і Ірландыя, раёнаў Афрыкі да шыраты воз. Чад, в-ва Цэйлон у Індыйскім ак., а таксама плямёны сераў і сінаў (стараж. кітайцы) на У. На карце Пталамея, хоць і з недакладнасцямі, упершыню паказана тэр. паміж Чорным і Балтыйскім морамі, у т. л. і тэр. сучаснай Беларусі. Геаграфія Пталамея была вяршыняй і абагульненнем ведаў стараж. грэкаў у галіне геаграфіі. Вял. ўклад у геагр. апісанне многіх краін Еўропы, Азіі і Афрыкі зрабілі грэч. гісторыкі Герадот і Фукідыд.

Гістарычная навука. Першымі творамі гіст. зместу былі працы іанійскіх лагаграфаў, найб. вядомыя з якіх Гекатэй Мілецкі (на мяжы 6—5 ст. да н.э.; аўтар твораў «Кругасветныя падарожжы», «Генеалогія»), Ферэкід (2-я пал. 5 ст. да н.э.; аўтар твора ў 10 кнігах, вядомага пад назвамі «Гісторыя», «Генеалогія», «Мінулае Атыкі») і Геланік з Мітылены (5 ст. да н.э.). Падзеям грэка-перс. войнаў прысвечана «Гісторыя» Герадота (485—425 да н.э.), дзе выкарыстаны багаты міфа-генеалагічны, гісторыка-этнагр. і гісторыка-быт. матэрыял. Высокай ступенню аб’ектыўнасці вылучаецца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідыда (каля 460 — каля 393 да н.э.), які надаваў вял. значэнне практычнай праверцы паведамленняў, што траплялі ў яго распараджэнне. Паслядоўнікамі Герадота і Фукідыда былі: Ктэсій (мяжа 5—4 ст. да н.э., яго тв. «Persika» і «Indika», прысвечаныя гісторыі і геаграфіі Асірыі, Вавілона, Персіі і Індыі, вядомы толькі ва ўрыўках); Ксенафонт (каля 430 — каля 355 да н.э., аўтар «Грэчаскай гісторыі», ваен.-гіст. мемуараў «Анабасіс»); Эфор (4 ст. да н.э.» аўтар першай «Усеагульнай гісторыі Грэцыі» і заснавальнік т.зв. рытарычнага кірунку ў грэч. гістарыяграфіі).

Працы Тымея (каля 345 — каля 250 да н.э.), прысвечаныя гісторыі Сіцыліі і Паўд. Італіі, напісаны з выкарыстаннем вял. фактычнага гісторыка-этнагр. матэрыялу і вядомы толькі ў фрагментах. Звесткі пра дзярж. лад грэч. полісаў 4 ст. да н.э. ёсць у творах Платона («Дзяржава», «Законы») і Арыстоцеля («Афінская палітыя»). Гісторыя Грэцыі, Македоніі, М.​Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемнай сувязі ў перыяд з 221 да 144 да н.э. выкладзена Палібіем (каля 200—118 да н.э.) у яго «Усеагульнай гісторыі» ў 40 кнігах. Імкнучыся крытычна прааналізаваць прычыны і ход гіст. падзей, ён значна паўплываў на развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі. Працягам працы Палібія была «Гісторыя» Пасідонія ў 52 кнігах (каля 135 — каля 50 да н.э.), якая ахоплівала падзеі 145—82 да н.э. і зрабіла вял. ўплыў на рымскіх гісторыкаў (Салюстый, Тацыт). У перыяд рым. панавання гістарыяграфію развівалі Дыядор Сіцылійскі (каля 80 — каля 20 да н.э.; «Гістарычная бібліятэка» ў 40 кн.), Дыянісій Галікарнаскі (60—5 да н.э.; «Рымскія старажытнасці» ў 20 кн.), Плутарх (каля 50 — каля 120 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»), Арыян (каля 95—175 н.э.; гіст. трактаты пра Індыю, жыццё і паходы Аляксандра Македонскага), Паўсаній (каля 118—180 н.э.; «Апісанне Элады» ў 10 кн.), Дыён Касій (каля 155—235 н.э., «Рымская гісторыя» ў 80 кн.) і інш.

Літаратура Стараж. Грэцыі — найстаражытнейшая з л-р Еўропы. Разам са стараж.-рым. яна складае ант. л-ру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культ. арэалам Б. Усходу. Яна зрабіла вял. ўплыў на развіццё больш позніх л-р і сусв. мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літ. родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрап. л-рамі з захаваннем грэч. назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.). Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэч. міфалогіі, якая была асн. матэрыялам стараж.-грэч. л-ры на працягу ўсяго яе развіцця.

Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са стараж. часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна наз. гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э. Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э. гал. месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыят. тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў в-аў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Паліт. тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі хар. лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі грэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа. Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэч. л-ры. Духоўным запатрабаванням дэмакр. поліса найб. адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай маст. дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вял. ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э. Высокага маст. ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыт, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі паліт. пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вял. дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самаст. галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вял. ўплыў на эстэт. тэорыю і драматург. практыку Адраджэння і класіцызму.

Л-ра эліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і паліт. праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-быт. і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей. Пачынаючы з 3 ст. да н.э. л-ра развівалася пераважна ў новых культ. цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусв. цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэт. дзейнасць з філал. заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Радоскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у л-ру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (сатыр. сцэнак) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літ. афармленне набыла навела з гіст. і быт. зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай. У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага (гл. Грэчаская мова). Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рым. імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар ант. сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэч. л-ры перайшлі ў хрысціянскую. З 4—5 ст. н.э. развівалася візант. л-ра (гл. ў арт. Візантыя).

Л-ра Стараж. Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа маст. творчасці і філас.-эстэт. адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі стараж. бел. л-ры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэт. прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф.​Скарыны і М.​Гусоўскага. С.​Кашуцкі і С.​Будны цытавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялогу апіраўся А.​Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэч. міфалогіі і л-ры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М.​Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной л-ры на Беларусі ўваходзілі гіст. раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою» (гл. «Троя»), З грэч. мовы перакладалі Б.​Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды»), Ю.​Дрэйзін («Антыгона» Сафокла), Л.​Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла), А.​Клышка («Дафніс і Хлоя» Лонга).

Тэатр. Паходзіць ад культавых земляробчых гульняў у часы ўрачыстасцей у імя бога Дыяніса. Дыфірамбы і фалічныя песні, што выконваліся на святы, мелі элементы дыялогу і тэатр. дзеяння і, паводле Арыстоцеля, далі пачатак трагедыі і камедыі. Т-р займаў важнае месца ў грамадскім жыцці грэкаў. Спектаклі наладжвалі архонты, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Выдаткі на ўтрыманне і навучанне хору, які быў неад’емнай часткай спектакляў, ускладаліся на багатых грамадзян Афінаў — харэгаў. Паказы рабіліся на вольным паветры. Будынак складаўся з 3 асн. частак: архестры (круглая пляцоўка, на якой выступалі хор і акцёры), скены (месца, дзе пераапраналіся і адкуль выходзілі акцёры) і тэатрона (месцы для гледачоў, размешчаныя на схілах узгоркаў). Самы стараж. з вядомых тэатр. будынкаў — т-р Дыяніса ў Афінах (6—4 ст. да н.э.). Жаночыя ролі ў прадстаўленнях выконвалі мужчыны ў масках. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. паэт Феспід вылучыў з хору асобнага выканаўцу — акцёра (пратаганіста). Грамадскае, паліт. і духоўнае жыццё народа знайшло адбітак у творчасці драматургаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, якія стварылі т-р вял. ідэй і дасканалай маст. формы. Апрача трагедый і камедый ставіліся сатыраўскія драмы — вясёлыя п’есы міфалагічнага зместу, дзе хор складаўся са спадарожнікаў Дыяніса — сатыраў. У эпоху элінізму трагедыя заняпала, стараж. ант. камедыя перастала існаваць. Сюжэты новай ант. камедыі, вядомым прадстаўніком якой быў Менандр, звязаны пераважна з быт. адносінамі і асабістымі перажываннямі. Стабілізавалася колькасць вобразаў-масак. Паявіліся акцёры-прафесіяналы, акцёрскія т-вы, членамі якіх былі вольнанароджаныя мужчыны. З 5 ст. да н.э. ў Грэцыі паказвалі невял. быт. і парадыйна-сатыр. імправізацыйныя сцэнкі — мімы. Сярод выканаўцаў былі і жанчыны, маскі адсутнічалі. У эліністычную эпоху пашыраным быў і пантамім — мімічны танец на міфалагічны сюжэт. У паўд. Італіі і ў Сіцыліі ў 4—3 ст. да н.э. выконваліся фліякі — невял. камедыйныя сцэнкі з абавязковым выкарыстаннем маскі. Тэатр. культура Стараж. Грэцыі зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. тэатр. мастацтва.

Музыка. Першыя сведчанні пра песенна-танц. і інстр. мастацтва Стараж. Грэцыі адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У 8—5 ст. да н.э. старагрэч. музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і маст. («мусічных») гульняў. У 7—6 ст. да н.э. найб. развілася хар. і сольная лірычная песня, а таксама інстр. музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў). Ант. музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужч. харавыя унісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэч. і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады. Стараж. грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва Стараж. Грэцыі вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрап. і сусв. мастацтва. Маст. помнікі захаваліся на тэр. ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэч. паліт. і культ. ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у М.​Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў. Гісторыя мастацтва ўласна Стараж. Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля 23 ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маліі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкар. стыль. У гамераўскі перыяд (11—8 ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асн. тып жылога дома — мегарон. Да 7 ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль. У перыяд архаікі (7—6 ст. да н.э.) фарміраваліся полісы з характэрнай урбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандл. цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. Храмы будавалі з дрэва, з пач. 6 ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны 6 ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптэр (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш. Склалася класічная сістэма арх. ордэра. Ствараліся выразны, гарманічны арх. вобраз, суразмерныя чалавеку арх. маштабы. Пабудовы дарычнага ордэра: храмы Геры ў Алімпіі (канец 7 — пач. 6 ст. да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. 6 ст. да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. 6 ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордэра: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва 6 ст. да н.э.), малыя храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі. Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі. Фарміраваліся асн. тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратэр і інш. У 7 ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе размалёўку вызначаў расл. матыў. У вазапісе Карынфа (канец 7—6 ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Андакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтва гліптыкі.

У эпоху класікі (5—3-я чвэрць 4 ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй): прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар’іравалася ордэрная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўл. мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. 5 ст. да н.э. (Міран). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі паліт. і культ. цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — арх.-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найб. поўна і паслядоўна маст. прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. З пач. 4 ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (т-р у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец 5—2-я пал. 4 ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драм. напружанасць, Леахара — акад. халоднасць. У 2-й пал. 4 ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю. У перыяд элінізму (канец 4—1 ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культ. уплываў Стараж. Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), арх. ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніке Самафракійская, канец 4 ст. да н.э.). Найб. важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манум. скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Колас радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).

Літ.:

Античная Греция: Проблемы развития полиса. Т. 1—2. М., 1983;

Античная цивилизация. М., 1973;

Античность и Византия. М., 1975;

Древние цивилизации. М., 1989;

Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ. М., 1975;

Историография античной истории. М., 1980;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1890—93;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989;

Боннар А. Греческая цивилизация: Пер. с фр. М., 1995;

Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э. М., 1966;

Яе ж. Греческое общество второго тысячелетия до н.э. и его культура. М., 1976;

Яе ж. Из истории греческой интеллигенции эллинистического времени. М., 1983;

Яйленко В.П. Архаическая Греция и Ближний Восток. М., 1990;

Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982;

Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. [М.], 1992;

Walbank F.W. The Hellenistic World. London, 1981;

Snodgrass A. La Grèce archaïque. Le temps des apprentissages. Paris, 1985;

Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. М. 1992;

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—93;

Зелинский Ф.Ф. Древнегреческая религия. Киев, 1993;

Яго ж. Религия эллинизма. Томск, 1996;

Лосев А.Ф. Античная мифология в ее историческом развитии. М., 1957;

Nilsson M.P. Geschichte der griechischen Religion. 2 Aufl. Bd. 1—2. München, 1955—61;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. 2 изд. М., 1986;

Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;

Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;

Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр. М., 1988;

Томсон Дж. Исследования по истории древнегреческого общества: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1958—59;

Мамардашвили М. Лекции по античной философии. М., 1997;

Guthrie W. A history of Greek philosophy. Vol. 1—3. Cambridge, 1962—69;

Дильс Г. Античная техника: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Эллинистическая техника: Сб. ст. М.; Л., 1948;

Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;

Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;

Вандер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959;

Идельсон Н.И. Этюды по истории небесной механики. М., 1975;

Томсон Дж. История древней географии: Пер. с англ. М., 1953;

Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;

Torer H.F. A history of Ancient Geography. New York, 1964;

Jacoby F. Griechische Historiker. Stuttgart, 1956;

Bury J.B. Ancient Greek historians. New York, 1958;

История греческой литературы. Т. 1—3. М.; Л.,1946—60;

Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988;

Фрейденберг О.М. Миф и литература древности. М., 1978;

Поэтика древнегреческой литературы. М., 1981;

Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;

Варнеке Б.В. История античного театра. М.; Л., 1940;

Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;

Flichinger R.C. The Greek theater and its drama. 4 ed. Chicago, 1960: Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;

Виппер Б.Р. Искусство Древней Греции. М., 1972;

Колпинский Ю.Д. Великое наследие античной Эллады и его значение для современности. 2 изд. М., 1988;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984;

Кобылина М.М. Антическая скульптура VII—V вв. до н.э. М., 1953;

Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), Н.​К.​Мазоўка (выхаванне і адукацыя, філасофія, гістарычная навука), І.​Я.​Афнагель (геаграфія), С.​Дз.​Малюковіч (літаратура), Г.​С.​Глушчанка (музыка), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Да арт. Грэцыя Старажытная. Дыпілонская ваза. 9—8 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Ахіл з целам Гектара. Чорнафігурная гідрыя. 510-я г. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Міран. Дыскабол. Сярэдзіна 5 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Паліклет. Дарыфор. Каля 440 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Калоны храма Апалона ў Дэльфах. 6 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Парфенон на Афінскім акропалі. Арх. Іктын і Калікрат. 447—438 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Эрэхтэён. Порцік карыятыд. 421—406 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Фалос у Дэльфах. Арх. Феодар з Факеі. Пачатак 4 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Алтар Зеўса і Афіны з Пергама. Фрагмент фрыза «Гігантамахія». Каля 180—159 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Тэатр у Эпідаўры. Арх. Паліклет Малодшы. 2-я пал. 4 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Акцёры з маскамі. Размалёўка кратэра з валютамі. Дэталь. Канец 5 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Так званы коннік Рампіна. Мармур. Фрагмент. Сярэдзіна 6 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Грузавыя караблі (рэканструкцыя).

т. 5, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс. км². Нас. 22 219 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).

Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб. сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большая ч. тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд. ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс. м. Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах. ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд. т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн. ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-ра студз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр. ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э. тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл. Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл. Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл. Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж. пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора).

У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.​К.​Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш. араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш. араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял. эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб. сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд. дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн. т, у 1996—29,6 млн. т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд. кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сць тэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен. прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.

Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн. га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн. га, у т. л. 2,5 млн. га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн. т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс. т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн. га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс. км, аўтадарог — больш за 45 тыс. км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс. км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс. км і газаправоды даўж. 2,6 тыс. км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд. дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд. дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн. чал., у т. л. 450 тыс. узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс. чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс. чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс. чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.

Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э. на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт. Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб. л-ра найб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл. Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш. Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.​Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.​Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.​Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.​Т.​Фарман («Пяць галасоў») і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл. Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.

Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст. манум. буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст. буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.​С.​Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.​Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц. маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.​Хасан, Х. ад-Дурубі, М.​Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура).

Герб і сцяг Ірака.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.
Да арт. Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.
Да арт. Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.
Да арт. Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.
Да арт. Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА АД ВЫТОКАЎ ДА ПАЧАТКУ 20 ст.

Тэатр — адзін з найб. стараж. і распаўсюджаных відаў мастацтва на Беларусі. Яго вытокі ў міфалогіі, нар. рытуалах, карагодах, карнавальных шэсцях і гуляннях. Многія каляндарна-абрадавыя святы, звязаныя з гадавым кругаваротам сонца, утрымліваюць элементы драматургіі, славеснага і фізічнага дзеяння, гульнёвую імправізацыю, што ўласціва тэатр. мастацтву. Нар. святы, рытуалы, тэатралізаваныя гульні прымяркоўваліся да кожнай пары года: з вясенняга цыкла — гуканне вясны, Сёмуха, русаллі, з летняга — Купалле, зажынкі, дажынкі, з асенняга — Пакроў, Багач, з зімовага — Каляды, масленіца і інш. Асабліва вылучаліся сваёй яркасцю, багатай тэатралізацыяй Купалле і Каляды — час летняга і зімовага сонцастаяння. Купалле праводзілася на працягу толькі адной ночы, але па насычанасці драматургічнымі элементамі, гульнёва-тэатр. ігрой яго можна назваць вялікай нар. містэрыяй. Каляды адзначаліся на працягу 2 тыдняў і яшчэ больш звязаны са сцэн. дзеяннямі, выканальніцкай традыцыяй (выкарыстанне калядоўшчыкамі масак і грыму, пераапрананне ў мядзведзя, казу і інш., паказ драм. сцэн, выступленні з дыялогамі, маналогамі і г.д.). Другой крыніцай узнікнення і фарміравання фалькл. тэатра стаў «кругаварот» чалавечага жыцця. Рытуаламі, нар. абрадамі, магічнымі дзеяннямі, у якіх таксама ёсць выразныя элементы драм.-тэатр. ігры, адзначаюцца ўсе асн. жыццёвыя вехі чалавека: ад нараджэння (адведкі, хрэсьбіны) да памінання памерлага. Найвышэйшы іх узлёт — вяселле, якое складаецца з трох асноўных цыклаў: давясельнага (сватанне, агледзіны, заручыны), уласна вясельнага і паслявясельнага (працягваецца значны час). Яно суправаджаецца элементамі ігры, тэатр. дзейства. Цэнтр. яго частка — сам ход вяселля, дзе адбываецца акрэслены падзел на гледачоў (запрошаныя госці за сталом і незапрошаныя, якія назіраюць за падзеямі збоку) і непасрэдных дзеючых асоб абраду. Асн. персанажы, на якіх ускладаюцца кіраўніча-рэжысёрскія функцыі, — сват і свацця. Іншыя дзеючыя асобы, у т. л. жаніх і нявеста, таксама выконваюць прызначаныя ім ролі. Е.​Раманаў назваў бел. вяселле нар. операй.

На пачатку зараджэння сцэн. мастацтва не было відавочнага падзелу на выканаўцаў і гледачоў — усе маглі выконваць абедзве функцыі. З развіццём грамадства і дасягненнем пэўнага ўзроўню цывілізацыі ўзнікла патрэба ў адмысловых майстрах, спецыялістах сваёй справы. Так з’явіліся першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх пачынаецца з даўніх часоў. У залежнасці ад заняткаў іх называлі па-рознаму (гудцы, плясцы і інш.). З 11 ст. замацоўваецца тэрмін «скамарохі» (паводле галоўнага творчага занятку ўжываюцца таксама паняцці «бахары», «мядзведнікі»). Яны падзяляліся на вандроўных і аселых. Найб. распаўсюджанне і вядомасць набылі вандроўныя скамарохі, якія выступалі на кірмашах, плошчах і інш. людных месцах. Іх мастацтва, разлічанае на самыя шырокія нар. масы, вызначалася глыбокім дэмакратызмам, крытычнай скіраванасцю ў бок чалавечых заган і пануючых класаў, а ўмовы выступленняў вымагалі імправізацыйнасці, умення прыстасоўваць паказы да розных абставін. У рэпертуары — фалькл. і жыццёва рэальныя сюжэты пераважна камедыйна-фарсавага і сатыр. плана. Пазней, калі ў грамадстве склаліся пануючыя класы, узніклі аселыя скамарохі. Яны выступалі ў княжацкіх палацах, магнацкіх і панскіх маёнтках, абслугоўвалі гаспадароў і іх гасцей. Іх мастацтва мела ўвесяляльны характар, але вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам і культурай. Творчасць скамарохаў спалучала ўсе асн. віды сцэн. мастацтва — драм., муз., вакальнае, танцавальнае, цыркавое, эстраднае. Яны выступалі не толькі выканаўцамі, а вялі і арганізатарскую, пастановачна-рэжысёрскую працу. Дзейнасць аселых скамарохаў спынілася ў 19 ст., вандроўныя выступалі і ў пачатку 20 ст. З 16 ст. пашырыліся школьныя тэатры, створаныя на тэр. Беларусі пад уплывам краін Захаду. Яны існавалі пры духоўных навуч. установах (акадэміях, калегіумах, семінарыях, брацкіх школах). Спачатку — у каталіцкіх, а пазней ва уніяцкіх і правасл. вучэльнях, дзе выхаванцы авалодвалі сцэн. маўленнем і тэатр.-выканальніцкім умельствам. Драм. творы розных жанраў — літургічныя драмы, містэрыі, міраклі, маралітэ — ствараліся на сюжэты Бібліі, антычнай міфалогіі, тэмы гісторыі. Іх аўтарамі звычайна былі выкладчыкі навуч. устаноў. У галіне драматургіі працавалі Сімяон Полацкі (пазней ён пераехаў у Маскву, дзе стаў заснавальнікам школьнай драмы і тэатра ў Расіі), К.​Марашэўскі (асаблівую папулярнасць набыла яго «Камедыя», сюжэт і вобразы якой выкарыстоўваюцца і ў сучасным бел. сцэн. мастацтве), М.​Цяцерскі (найб. вядомы яго твор — «Доктар па прымусе» паводле Ж.​Б.​Мальера) і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ўстаўныя сцэнкі — інтэрмедыі, не звязаныя з асн. сюжэтам, пераважна камед. і сатыр. плана на тагачасныя свецкія і фалькл. тэмы. Іх аўтарамі выступалі самі шкаляры-навучэнцы. З найб. каларытных інтэрмедый — «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік», «Селянін і студэнт», «Селянін і студэнт-уцякач», «Літаратар, селянін і Самахвальскі», «Мужык», «Змітрок і Свірыд», «Селянін у касцёле», «Селянін на споведзі». Вобразы беларусаў з іх характэрнай лексікай выведзены ў асобных інтэрмедыях да школьных драм «Уладатворчы воблік», «Уваскрэсенне мёртвых», «Стэфанотакас», «Камічнае дзеянне», «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» і інш. Пастаноўшчыкамі спектакляў былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі, а выканаўцамі — навучэнцы. Спектаклі ставіліся паводле эстэтыкі сцэн. класіцызму са строгім захаваннем прынцыпаў і манеры выканання. У інтэрмедыях дапускаліся адступленні ад устаноўленых правіл, яны выконваліся больш у жыццёва-побытавым плане. Паказы школьных драм, часам з выкарыстаннем даволі складанай тэатр. машынерыі і дэкарацыйна-светлавой сістэмы афармлення, адбываліся ў вучэбных памяшканнях. Былі выпадкі, калі навучэнцы-шкаляры, каб атрымаць пэўны заробак, у час канікул вандравалі па розных населеных пунктах і разыгрывалі інтэрмедыйныя сцэны перад шырокай публікай. У розны час школьныя тэатры працавалі ў Полацку, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску. Яны праіснавалі да пач. 19 ст.

Самы папулярны від фалькл. сцэн. мастацтва — лялечны тэатр батлейка. Яго назва паходзіць ад польскай назвы г. Віфлеем — месца нараджэння Хрыста. Батлейка ўяўляла сабой маляўніча аздобленую драўляную скрынку ў форме хаткі ці царквы, падзеленую на 2 ярусы: верхні і ніжні. У падлозе кожнага з іх былі проразі, па якіх на шпянях батлейшчык вадзіў лялькі. Падзеі, што адбываліся ў батлейцы, асвятляліся свечкамі. Лялькавод знаходзіўся за шырмай, адкуль прамаўляў за дзеючых асоб інтанацыйна-індывідуалізаваны тэкст. Паказы суправаджаліся музыкай (звычайна скрыпкі, бубна). Яны складаліся з 2 аддзяленняў: рэліг. часткі, у якой паказвалася містэрыя «Цар Ірад» (апавяданне пра нараджэнне Хрыста і пра каварныя ўчынкі, якія здзяйсняў цар Ірад, каб утрымацца на троне), і свецкай, дзе разыгрываліся асобныя сцэнкі на быт. і фалькл. тэмы, не звязаныя з асн. тэкстам драмы. Падзеі 1-й часткі паказваліся на верхнім ярусе, 2-й — на ніжнім. Спектаклі былі сінтэтычныя, убіралі ў сябе драм., вакальна-муз., танцавальнае мастацтва. Асабліва шырока выкарыстоўваліся песні і скокі ў 2-й інтэрмедыйнай частцы паказу. Выканаўцамі напачатку выступалі шкаляры-семінарысты, пазней — рамеснікі, сяляне. Прафесія батлейшчыка нярэдка перадавалася з пакалення ў пакаленне па спадчыне. Мастацтва батлейкі спалучала ў сабе сярэдневяковыя містэрыяльную строгасць і ўзнёсласць з весялосцю і карнавальнай культурай. Паказы батлейкі, распаўсюджанай па ўсёй Беларусі, адбываліся на вуліцах, плошчах, інш. людных месцах, а найчасцей — у дамах, выконваючы ролю своеасаблівага хатняга тэатра. У сваім развіцці батлейка прайшла вялікі эвалюцыйны шлях — ад «Цара Ірада» да інтэрмедый, камедыйна-сатырычных па жанры і глыбока дэмакратычных па змесце, у якіх знайшла адлюстраванне нар. філасофія. Сярод інтэрмедый: «Вольскі — купец польскі», «Мацей і доктар», «Барыня і доктар», «Волжскі дваранін і Ванька», «Яўрэй і казак», «Цыган і цыганка», «Скамарох з мядзведзем». У Беларусі вядомы каля 40 лялек-персанажаў, увасоблены асн. тыпы тагачаснага грамадства і фалькл. вобразаў, дзякуючы чаму батлейка мела шырокія магчымасці для адлюстравання самых розных тэм і сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ставіліся спектаклі і без «Цара Ірада». Тады паказы адбываліся ў аднаяруснай скрынцы. Выступалі батлейшчыкі і ў жывым плане, у т.зв. батлеі. З пач. 20 ст. ў спектаклях часам адлюстроўваліся надзённыя падзеі той мясцовасці, дзе адбываліся паказы, і батлейка выконвала ролю своеасаблівай жывой газеты (напр., тэатр Патупчыка ў Докшыцах). Напр., у 1915 у Мінску 90 разоў быў наладжаны паказ такой жывой батлейкі. Мастацтва бел. батлейкі М. і І. Барашкі дэманстравалі ў 1923 у Маскве на сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы.

Вышэйшы этап развіцця фалькл. тэатр. творчасці — нар. драма, якая сінтэзавала дасягненні скамарохаў, батлейшчыкаў, выканальніцкае мастацтва школьных інтэрмедый, вядомая на Беларусі з 17 ст. Асноўны драм. твор — «Цар Максімілян» — меў шмат варыянтаў. Іншы раз яго замянялі «Цар Ірад» у жывым выкананні ці кантамінацыя абодвух твораў — «Трон». Як і ў батлейцы, у нетрах якой фактычна і сфарміравалася нар. драма, паказы падзяляліся на 2 часткі: сур’ёзную, дзе разыгрываўся асн. сюжэт (узыходжанне Максіміляна на царскі трон, яго барацьба з сынам Адольфам, смерць апошняга, пахаванне) і камедыйную, у якой разыгрываліся інтэрмедыйныя сцэнкі, нярэдка ў пашыраных і паглыбленых варыяцыях батлейкі. Асн. сюжэт і разрозненыя, не звязаныя адна з адной інтэрмедыі аб’ядноўвала агульная карнавальная накіраванасць і танальнасць, нар. «смехавая» культура, дзе прыніжалася высокаўзнёслае, а фамільярнасць трактавалася як нармальная форма зносін паміж людзьмі; смехам нішчыліся сац. няроўнасць, прыгнёт, чалавечыя заганы. Нар. драма наблізілася да мастацтва прафес. тэатра: паказы па працягласці часу былі прыкладна раўназначныя спектаклям, вяліся рэпетыцыі, выканаўцы завучвалі тэкст, распрацоўвалі мізансцэны, выкарыстоўвалі грым, спец. касцюмы, рэквізіт, які замяняў дэкарацыі. У якасці рэжысёра была сцэн. традыцыя. Нар. драма канчаткова сфарміравала і зацвердзіла прыёмы і манеру ігры ў фалькл. тэатры: сцэн. дэкламацыйнасць, гукавая ўзмоцненасць і напеўнасць маўлення, шырокія, узбуйненыя жэсты і рухі, знешняя кідкасць, падкрэсленая ўмоўнасць існавання ў вобразе, спец. выкарыстанне эфектаў, імправізацыйнасць, непасрэдная апеляцыя да гледачоў і інш. Нар. драма зрэдку ставілася аматарамі і ў 20 ст. (апошнія паказы вядомы ў 1963), выкарыстоўвалася і ў прафес. тэатры (1924, 1926).

Фалькл. сцэн. мастацтва — скамарохі, інтэрмедыі школьнага тэатра, батлейка, нар. драма — паўплывала на станаўленне і развіццё нац. прафесійнага тэатра. У 18 ст. створаны шматлікія прыдворныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, якія нярэдка з аматарскіх перарасталі ў прафес. калектывы. Напр., у Альбе пад Нясвіжам 13.6.1746 сыграна камедыя Ф.​У.​Радзівіл «Дасціпнае каханне» (на 10 гадоў раней, чым першы спектакль «бацькі рускага тэатра» Ф.​Волкава ў Яраслаўлі). Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, заснаваны ў 1746 Ф.​У.​Радзівіл, працаваў з некаторымі перапынкамі да 1791. У 1747—48 для яго пабудаваны спец. будынак, спектаклі ставіліся і ў інш. месцах. Для гэтага тэатра Ф.​У.​Радзівіл стварыла 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Сярод пастановак яе п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Убачанае не мінае» (1749), «Забава фартуны», «Суцяшэнне ў клопатах» і «Золата ў агні» (усе 1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751). Рэжысёрамі былі Ф.​У.​Радзівіл, Я.​Фрычынскі і інш. Разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі запрошаныя майстры. Сярод найб. вядомых выканаўцаў К.​Аўсінскі, Я.​Закжэўскі, М.​Лазанская, М.​Перажынская, В.​Ясінскі. Падзеяй стала пастаноўка 17.10.1784 оперы «Агатка, або Прыезд пана» (музыка Я.​Голанда, лібрэта М.​Радзівіла), прымеркаваная да прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тэатр. справу, пачатую Ф.​У.​Радзівіл, працягвалі інш. прадстаўнікі роду Радзівілаў. У 1751 Г.​Ф.​Радзівіл стварыў тэатр у Слуцку (спец. памяшканне для яго пабудавана ў 1765), дзе ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі; з выканаўцаў — Мараўскі, Ажэльскі, у пастаноўках удзельнічалі кадэты, падданыя Радзівіла. У 1769—80 працаваў Гродзенскі тэатр А.​Тызенгаўза, які набыў вядомасць высокім выканальніцкім майстэрствам. Ставіліся творы італьян., ням., франц. аўтараў. Трупа папаўнялася і запрошанымі з-за мяжы акцёрамі, і выпускнікамі мясц. муз.-тэатр. школы (у 1780 у ёй налічвалася больш за 70 чал.). Сярод найб. вядомых акцёраў М.​Адольская, А.​Бжазінскі, Е.​Валінскі, А.​Дарэўская, Р.​Лаўцэвіч, М.​Малінская, Д.​Пякарская-Сітанская, М.​Рымінскі, М.​Сітанская, М.​Чаклінская. У 1771—91 у Слоніме працавала прыдворная тэатр. трупа М.​К.​Агінскага. Спачатку яна існавала як «плывучы тэатр» (паказы наладжваліся на баржах на Агінскім канале), у 1780 пабудавана адмысловае шыкоўнае памяшканне, прыстасаванае для грандыёзных па маштабе спектакляў з вялікай колькасцю выканаўцаў і ў пышным маст. афармленні. Частка сцэны запаўнялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі, білі асветленыя бенгальскімі агнямі 2 фантаны, паказваліся розныя водныя феерыі з дапамогай піратэхнікі, баталіі коннікаў. Ставіліся оперы, балеты, муз. камедыі, трагедыі, у т. л. «Альзіра» і «Мар’яна» Вальтэра, «Зменены філосаф» і «Елісейскія палі» М.​К.​Агінскага. Філіялы Слонімскага тэатра працавалі ў г. Седльцы (Польшча) і мяст. Целяханы.

Маштабнасцю і пышнасцю паказаў вызначаўся Шклоўскі тэатр графа С.​Зорыча, які дзейнічаў у 1778—1800 (памяшканне пабудавана ў 1780). У ім выступалі замежныя гастралёры, навучэнцы кадэцкага корпуса, прыгонныя выканаўцы. Асабліва славіўся драм. акцёр П.​Мяшчэрскі, выканальніцкая манера і майстэрства якога паўплывалі на творчасць рэфарматара рус. сцэны М.​Шчэпкіна. Вядомасць набылі прыгонныя акцёры — сёстры П. і К. Азарэвічы, Г. і Р. Бекеры, К.​Буткевіч, М.​Бушынская, Г.​Максімовіч, Я.​Палітыка, К.​Скорабагаты, Н.​Соніна, Л.​Суворава, Я.​Чуцікаў, Ф.​Шамборскі, А.​Янкілевічава. Асабліва грандыёзнае тэатр. відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) наладжана 30.5.1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстр. імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор. Пашыранымі ў 18 ст. былі і маёнткавыя сцэн. калектывы. Сярод іх тэатры князёў Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах. У г. Магілёў працаваў тэатр графа З.​Р.​Чарнышова. Пры буйнейшых тэатр. калектывах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове) арганізоўваліся школы, якія рыхтавалі акцёраў, музыкантаў. Высокімі патрабаваннямі і дакладна арганізаваным навуч. працэсам славілася муз.-тэатр. школа Тызенгаўза ў Гродне. Выкладаць у ёй запрашалі замежных спецыялістаў, а таксама найб. таленавітых выхаванцаў уласных школ. Шэраг выпускнікоў з Гродна, Шклова пазней сталі вядучымі творцамі Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У канцы 18 ст. на Беларусі з’явіліся першыя прафес. антрэпрызы камерцыйных агульнадаступных тэатраў, якія сталі пашыранымі ў пач. 19 ст. У 1801 М.​Кажынскі ў Гродне арганізаваў оперна-драм. трупу, якая ў 1802—05 працавала ў Мінску, гастраліравала ў Маскве, Віцебску, Полацку, Бешанковічах і інш. У 1811—32 мінскую антрэпрызу ўзначальваў А.​Жукоўскі. У 1812 Я.​Ходзька з групай паліт. і культ. дзеячаў паставіў у Мінску сваю п’есу пра падзеі вайны 1812 «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». Даволі інтэнсіўным было тэатр. жыццё ў Гродне. З 1794 тут выступала трупа актрысы і антрэпрэнёра С.​Дэшнер. У 1802 яна атрымала дазвол мясц. улад на сталую арэнду памяшкання гар. тэатра. З 1806 гэты калектыў узначальваў Я.​Шыманскі. Сярод спектакляў «Зоська, ці Вясковыя залёты» М.​Каменскага, «Служанка-пані» Дж.​Паізіела, «Данос» В.​Капніста. З пач. 19 ст. арганізоўваліся тэатр. трупы ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Полацку, Слуцку, Шклове і інш., але працавалі яны не заўсёды стабільна. Сярод найб. вядомых кіраўнікоў тэатраў-антрэпрэнёраў К. і Я. Камінскія, Ю.​Мілеўскі, А.​Руткоўскі, Р.​Скібінскі, Я.​Хелмікоўскі. З пач. 19 ст. па 1861 на Беларусі працавала больш за 50 антрэпрэнёраў.

Самая маштабная постаць у бел. драматургіі і тэатр. мастацтве 19 ст. — В.​Дунін-Марцінкевіч, які заклаў асновы нац. тэатра. У пач. 1840-х г. ён ствараў драм. творы і ўдзельнічаў у іх пастаноўках: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (выканаў ролю Іагана Бенатана), «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Сялянка» (апублікавана ў 1846). З 2-й пал. 1840-х г. В.​Дунін-Марцінкевіч вёў мэтанакіраваную працу па стварэнні прафес. нац. тэатра, які адкрыўся 9.2.1852 у Мінску спектаклем «Сялянка» (рэж. В.​Дунін-Марцінкевіч, музыка С.​Манюшкі, К.​Кжыжаноўскага і інш.). Пастаноўка сінтэзавала драм., вакальна-муз. і танц. мастацтва. Акрамя выканаўцаў роляў (у складзе трупы было больш за 20 чалавек), удзельнічалі хор і аркестр. Найб. поспех меў В.​Дунін-Марцінкевіч — выканаўца цэнтр. ролі Навума Прыгаворкі. У спектаклі выступалі яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Кжыжаноўскі, Лопат, Ляўданскі, Кабылінскі, Прушынскі і інш. Спектакль вызначаўся маштабнасцю і сцэн. маляўнічасцю, наследаваў традыцыі нар. фалькл. і прафес. тэатр. мастацтва. Пасля першага паказу «Сялянкі» дзейнасць тэатра забаронена ўладамі. Нелегальныя паказы адбываліся да 1856 у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Пазней В.​Дунін-Марцінкевіч працягваў тэатр. дзейнасць у фальварку Люцынка (каля г. Івянец) разам з вучнямі ў створанай ім школе. Сярод яго драм. твораў, якія захаваліся, — фарсы-вадэвілі «Пінская шляхта» (1866), «Залёты» (1870). Пачынанні В.​Дуніна-Марцінкевіча ў драматургіі працягвалі Я.​Баршчэўскі (рамант. драма «Жыццё Сіраты», 1849), П.​Шпілеўскі (п’еса «Дажынкі», 1857), Г.​Марцінкевіч (камедыя «Аказія пры Палкоўніцах», паст. ў Віцебску ў 1862), А.​Вярыга-Дарэўскі (драма «Гордасць», камедыя «Гнеў», лібрэта камедыі-оперы «Грэх», усе ў 1863 канфіскаваны), Ядвігін Ш. (камедыя «Злодзей», 1892). Аднак царскай цэнзурай яны былі забаронены да пастаноўкі, і большасць з іх не захавалася.

У пач. 20 ст. разгарнуўся інтэнсіўны рух за адраджэнне бел. тэатра. У 1902 без дазволу цэнзуры, нелегальна пастаўлена п’еса «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага ў Радашковічах і маёнтку Карлсберг пад Радашковічамі, у 1906 — у Пятроўшчыне пад Мінскам. У 1909 у в. Кленікі на Гродзеншчыне ўвасоблена п’еса «Разумны і дурань» І.​Карпенкі-Карага. У 1910-я г. набылі папулярнасць бел. вечарынкі, на якіх ставіліся драм. спектаклі, чыталіся творы бел. пісьменнікаў, выконваліся нар. песні і танцы. Найб. значнай стала Першая бел. вечарынка ў Вільні, праведзеная 12.2.1910. У ёй удзельнічалі 3 калектывы: драм., створаны Ф.​Аляхновічам (паказана п’еса «Па рэвізіі», выканаўцы роляў А.​Бурбіс, Ч.​Родзевіч, Ф.​Мурашка, У.​Арлоўскі, Г.​Корсак, Ф.​Аляхновіч); харавы пад кіраўніцтвам Л.​Рагоўскага, які праспяваў «А хто там ідзе?» (музыка Л.​Рагоўскага на словы Я.​Купалы), бел. нар. песні; танцавальны на чале з І.​Буйніцкім. Удзельнічала каля 100 выканаўцаў, прысутнічала каля 1 тыс. гледачоў. Трыумфальна праведзеная вечарынка стала штуршком і асновай для стварэння нац. прафес. тэатра — Першай бел. трупы І.​Буйніцкага. Калектыў, арганізаваны І.​Буйніцкім у 1907 у в. Палівачы, быў папоўнены новымі выканаўцамі, у т. л. і ўдзельнікамі вечарынкі ў Вільні, і ўжо як прафес. тэатр — Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — летам 1910 выехаў на гастролі па Беларусі. У аснову дзейнасці тэатра быў пакладзены прынцып бел. вечарынак: у адзін вечар ставілася п’еса, хор выконваў нар. песні, паказваліся танцы, выступалі дэкламатары з чытаннем бел. вершаў. Тэатр быў вандроўны, праводзіў маст.-асветную работу і карыстаўся ў гледачоў вялікім поспехам. Выступаў у Мінску, Полацку, Дзісне, Слуцку, Нясвіжы, Смаргоні, Капылі і інш. гарадах і мястэчках Беларусі, у Пецярбургу (1911, 1912), Варшаве (1913). Сярод пастановак: «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава. У спектаклях удзельнічалі І.​Буйніцкі, А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч), Воінаў, Карскі, Карповіч і інш. У 1913 тэатр з-за матэрыяльных цяжкасцей і цэнзурнага ўціску спыніў сваю дзейнасць. Справу Буйніцкага прадоўжыў Ф.​Ждановіч. З прафес. акцёрамі і аматарамі Мінска ён падрыхтаваў спектакль «Паўлінка» Я.​Купалы і летам 1913 паказаў яго ў Радашковічах. Нягледзячы на поспех спектакля, Ф.​Ждановіч не атрымаў дазволу на адкрыццё ў Мінску новага тэатра — Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Адкрыццё тэатра адбылося значна пазней — 23.4.1917. На сцэне Мінскага гар. тэатра былі паказаны «Паўлінка» і «У зімовы вечар». Пазней Першае таварыства бел. драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.​Ждановіча працавала ў клубе «Беларуская хатка», у т. л. ў складаных умовах германскай і польскай акупацыі (1918—20). Упершыню тут былі пастаўлены «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота. Побач з вопытнымі акцёрамі [Ф.​Ждановіч і Ф.​Аляхновіч, якія займаліся і рэжысёрска-адміністрацыйнай дзейнасцю, Г.​Грыгоніс, К.​Міронава, П.​Мядзёлка, А.​Ліпніцкая, А.​Крыніца (сапр. А.​Ждановіч)] у тэатры працавалі і пачаткоўцы (І.​Ждановіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, С.​Станюта), якія пазней сталі выдатнымі майстрамі сцэны.

Значны след у гісторыі тэатр. мастацтва пакінуў Бел. музычна-драм. гурток у Вільні, які распачаў дзейнасць 19.5.1910 пастаноўкай Ф.​Аляхновічам п’есы К.​Каганца «Модны шляхцюк». Афіц. адкрыццё адбылося 31.3.1911, калі быў зацверджаны статут. Гурток упершыню даў сцэн. жыццё «Паўлінцы» Я.​Купалы (27.1.1913, рэж. А.​Бурбіс, у ролі Паўлінкі — С.​Маркевіч) і «Залётам» В.​Дуніна-Марцінкевіча на музыку М.​Ячыноўскай (25.1.1915, рэжысёры А.​Бурбіс і М.​Ячыноўская, у ролях К.​Душэўскі, А.​Бурбіс, З.​Бядуля). Калектыў ставіў «Міхалку» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.​Валодзьскага і інш. З-за акупацыі герм. войскам Вільні дзейнасць гуртка спынілася, але ўжо 1.6.1916 быў адкрыты Бел. клуб, у якім разгарнула працу Бел. драм. дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Тут пастаўлены яго п’есы «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «Чорт і Баба», сцэн. фантазія «У купальскую ноч», а таксама «Паўлінка», «Антось Лата» і інш. У 1918 калектыў, рэарганізаваны ў Нар. тэатр, узначаліў А.​Бароўскі. На яго аснове меркавалася стварыць у Вільні Бел. дзярж. тэатр, але задума засталася няздзейсненай.

т. 18, кн. 2, с. 677

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia), Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia),

дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн. км². Нас. 18 млн. чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г. Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).

Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.

Прырода. Гл. ў арт. Аўстралія і Тасманія.

Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс. чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн. чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².

Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.

Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.​Янсзан (1606) і А.​Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.​Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.​Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г. англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн. чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст. англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.

Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд. ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш. міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.

Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд. т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд. т (штат Вікторыя), нафты 279 млн. т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс. т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд. т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд. т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн. т, нікелю 2,1 млн. т, свінцу 15,9 млн. т, цынку 26,3 млн. т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн. т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд. м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн. кВт, выпрацоўка 150 млрд. кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс. т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн. т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс. т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн. т. Харч. прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс. т, сыру 176 тыс. т, цукру 3,6 млн. т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн. гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс. т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн. т у 1990, 9,6 млн. т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс. т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс. т. Улоў рыбы 227,3 тыс. т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс. км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс. км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд. Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд. Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш. Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.

Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс. чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс. чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс. чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс. чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.

Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст. Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.​Харпур, Г.​Кендал, А.​Л.​Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.​Э.​Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.​Колінз, М.​С.​Франклін, К.​С.​Прычард, В.​Э.​Палмер, Б.​К.​Пентан, Ф.​Харды, Э.​Д.​К’юзек, А.​Маршал, М.​Брэнд, Р.​Лоўлер і інш.; паэзія — Б.​О’Даўд, М.​Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.​А.​Райт, Д.​А.​Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.​Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.​Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.​Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.​М’юды, Р.​Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.​Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.​Уокер, Дж.​Дэйвіс, празаік К.​Джонсан і інш.).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.​Х.​Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер. арх. У.​Б.​Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.​Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.​Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.​Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.​Л.​Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.​Т.​Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.​У.​Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.​У.​Робертс, А.​Стрытан, Ф.​Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.​Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.​Добела, Дж.​Р.​Драйсдэйла, Н.​Куніхана, скульптара Л.​Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.​Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.

Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.

Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.​Хіл, Э.​Хатчэсан, Э.​Трумэн і інш.). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.​Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.​Антыл (балет «Каробары», 1946), К.​Дуглас, Э.​Л.​Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.​Вердэр, М.​Уільямсан, Р.​Міл, Л.​Сіцкі, А.​Бенджамін, Р.​Эдвардс, Д.​Уільямс, А.​Болт, М.​Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.​Хейнцэ, піяністаў — Э.​Хатчэсан, Р.​Вудвард; спевакоў — Дж.​Сазерленд, з абарыгенаў — Х.​Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.

Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.​С.​Копін, Д.​Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес. аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.​Хіберт, Дж.​К.​Уільямсан, А.​Бура, Б.​Хемфрыс і інш. Гал. тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац. ін-т драм. мастацтваў (Мельбурн).

Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.​Р.​Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал. нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал. ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.​Борэсфард, Т.​Берстэл, К.​Хенем, М.​Тэрнхал, П.​Бенет, акцёры С.​Таўл, Х.​Гібсан, Л.​Хант і інш.

Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел. нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл. бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».

Літ.:

Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;

Австралийская литература: Сб. статей. М., 1978;

McConnel U. Myths of the Munkan. Melbourne, 1957;

Strehlow T.G.A. Aranda traditions. Ch. 1. Melbourne, 1947;

Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;

Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка), В.​В.​Халіпаў (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).

Герб і сцяг Аўстраліі.
Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.
Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.
Аўстралія. Даліна Бараса.
Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.
Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.
Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.
Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.
Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.
Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.
Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.

т. 2, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)