ПТЭРЫДАСПЕ́РМЫ (Pteridospermae, або Cycadofilices),
насенныя папараці, падклас, па інш. сістэматыцы клас (Pteridospermopsida) стараж. вымерлых голанасенных. 6 парадкаў. Існавалі ў познім дэвоне — раннім меле. Узялі пачатак ад прагімнаспермаў. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі роду Archaeopteris (споры) выяўлены ў адкладах верхняга дэвону.
Былі прадстаўлены дрэвавымі, ліянападобнымі і травяністымі формамі. Мелі лісце папарацепадобнага тыпу (часам адбіткі лісця П. не адрозніваюцца ад лісця сапр. папарацей, пазбаўленых спарангіяў). У адрозненне ад большасці інш. голанасенных не мелі выразных муж. ці жан.стробілаў. Размнажаліся насеннем, якое размяшчалася па адным на канцах парасткаў. Розныя групы П., магчыма, далі пачатак бенетытам, цыкадавым, хвойным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАСЛО́ЎНАЕ ДРЭ́ВАў біялогіі,
філагенетычнае дрэва, дрэвападобная выява роднасных сувязей пэўнай прыроднай групы арганізмаў ці ўсяго арган. свету (гл.Філагенез). Адлюстроўвае сістэму арган. цел у выглядзе дрэва. Прапанаваў у 1766 вучоны П.С.Палас, які даказаў, што лінейнаступеньчатае размяшчэнне арганізмаў не адпавядае суадносінам паміж класамі жывёл. Гэта ідэя набыла папулярнасць пасля выхаду ў свет працы Ч.Дарвіна «Паходжанне відаў» (1859). Р.д. будуюць толькі для адлюстравання монафілітычнай карціны развіцця жывой прыроды (гл.Монафілія). Ідэю поліфілітычнага паходжання арган. свету ў выглядзе дрэва адлюстраваць немагчыма (гл.Поліфілія). Пры дапамозе двухмернага адлюстравання дэманструюць філагенетычныя сувязі прыблізна. Для больш дакладнага адлюстравання будуюць Р.д. ў 3 вымярэннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),
вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл.Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.
Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМІКУЛІ́Т (ад лац. vermiculus чарвячок),
мінерал з групыгідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe2+, Fe3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў; мова буратаў, што жывуць у Бураціі, Іркуцкай і Чыцінскай вобл. Расіі, на Пн Манголіі і ПнУ Кітая. Падзяляецца на 4 тэр.-дыялектныя групы: зах. (эхірыт-булагацкую), прамежкавую (алара-тукінскую), усх. (харынскую) і паўд. (цангола-сартульскую). У аснову сучаснай літ. бурацкай мовы пакладзены харынскі дыялект. Граматычны строй — аглюцінатыўны. Асаблівасці фанетыкі — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, а таксама дыфтонгаў, марфалогіі — 7 склонаў, адсутнасць уступальных і ўмоўных дзеепрыслоўяў; у лексіцы шмат запазычанняў з тыбецкіх, кіт., стараманг., цюрк., тунгуса-манчжурскіх і рус. моў. З канца 17 ст. бураты карысталіся стараманг. пісьменствам. З 1931 пісьменства на аснове лац., з 1939 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,
бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.К.Стэльмах), І.Ф.Бяляева і групысав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.С.Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер.асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АФРЫКА́НСКАГА АДЗІ́НСТВА (Organization of African Unity; ААА),
рэгіянальная міжурадавая арг-цыя незалежных дзяржаў Афрыкі. Засн. ў 1963 у Адыс-Абебе (Эфіопія). Уваходзіць 51 дзяржава (1991). Мэты — барацьба супраць каланіялізму ва ўсіх яго формах і праявах, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў кантынента, развіццё супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў у палітыцы, эканоміцы, абароне, навуцы, культуры і інш. Створаны Афр. банк развіцця, Ін-тэканам. планавання. 2-я Асамблея ААА (Кіпр, чэрв. 1964) абвясціла Афрыку бязатамнай зонай. Вышэйшы орган — штогадовая Асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, выканаўчы орган — Савет Міністраў, пастаянны адм. орган — Сакратарыят, дзейнічаюць пастаянныя камісіі, сакратарыят афр.групы дзяржаў пры ААН. Штаб-кватэра ў Адыс-Абебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́Н (лац. Argon),
Ar, хімічны элемент VIII групыперыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: 36Ar (0,337%), 38Ar (0,063%), і 40Ar (99,6%). У атмасферы 16∙1012т аргону, у зямной кары 0,165∙1012т, у вадзе 0,75∙1012т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЫЙ (лац. Barium),
Ba, хімічны элемент II групыперыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78∙103кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5∙10−2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЁКАТ (Hyoscyamus),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).
Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.