форма выніковай праверкі ведаў па якім-н. вучэбным прадмеце. Бываюць вусныя і пісьмовыя; выпускныя, пераводныя (пачынаючы з 4-га класа) і прыёмныя (пры паступленні ў вышэйшыя, сярэднія спец. і інш.навуч. ўстановы); экстэрнам (за пэўны курс у навуч. установе без навучання ў ёй). У адрозненне ад залікаў веды на Э. ацэньваюцца адзнакай. Парадак правядзення Э. вызначаецца Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле яго пастановы (25.4.2001) выпускныя Э. праводзяцца ў школах агульнаадукацыйных у 9-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы, спец. агульнаадукацыйных (школах-інтэрнатах) — у 9(10)-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы. Тым, хто вытрымаў іх, выдаюць адпаведна пасведчанне аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы і атэстат аб сярэдняй адукацыі. У школах, прафес.-тэхн. навуч. установах у якасці адзнакі выпускнога Э. залічваюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па адпаведным прадмеце. Па выніках тэсціравання і алімпіяд, што праводзяцца ВНУ, абітурыентаў залічваюць у адпаведныя ВНУбез экзаменаў. У сістэме вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі існуюць курсавыя семестравыя і дзярж. выпускныя Э., да якіх дапускаюць пасля здачы ўсіх залікаў і семестравых Э. У ВНУ, вышэйшых каледжах замест дзярж. Э. па спец. дысцыплінах праводзіцца абарона дыпломных работ, праектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,
папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗО́К,
малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст.Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.Стральцоў, Ф.Янкоўскі, А.Карпюк, Я.Брыль, Б.Сачанка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ СЯЛЯ́НСКАЙ ЛЯВІ́ЦЫ «САМАПО́МАЦ»,
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская арг-цыя ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1928—31. Створана з членаў левага крыла партыі «Стронніцтво хлопске» і Незалежнай сял. партыі. Праграма змяшчала рэв.-дэмакр. і часткова сацыяліст. патрабаванні: зямля сялянам без выкупу, нацыяналізацыя прам-сці, дэмакр. правы, самавызначэнне прыгнечаным народам і інш. У маі 1931 аб’ядноўвала 12,5 тыс. членаў. Кіраўнікі А.Бомба, С.Вуйтовіч, М.Гвяздовіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Samopomoc chłopska» («Сялянская ўзаемадапамога»). Супрацоўнічала з левымі партыямі і арг-цыямі Польшчы. Забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),
падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКАНЯ́Н Арус Тыгранаўна (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),
армянская актрыса. Нар.арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж.т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.Сіманава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАЛО́ДАЧНІК (Oxytropis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.