АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,

момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L​2 = ħ​2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГУ́ЦІКІ,

ніткападобныя рухомыя цытаплазматычныя вырасты цела ў жгуцікавых, многіх бактэрый, зааспор, сперматазоідаў раслін і жывёл. Служаць пераважна для перамяшчэння ў вадкім асяроддзі. У клетцы бывае 1—4 (зрэдку больш) Ж. Структура Ж. складаная: звонку тонкая мембрана (пелікула), за ўнутр. поласці цытаплазма. Падоўжная вось складаецца з 2 цэнтр. і 9 перыферычных (простых або падвойных) вельмі тонкіх ніцей (фібрыл). У аснове Ж. — 2 перпендыкулярныя базальныя цельцы. Рухаюцца пераважна хвалепадобна. Знаходзяцца з аднаго, абодвух бакоў або па ўсёй паверхні клеткі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРЫЁЛЬ,

пастаянная структура клетак усіх жывёл і некат. раслін; асн. ч. клетачнага цэнтра. Звычайна ў клетцы 2 або некалькі Ц., якія акружаны дыферэнцыраваным участкам цытаплазмы, што ўтварае цэнтрасферу.

Мае цыліндрычную форму. Удзельнічае ў дзяленні клеткі; пры дзяленні Ц. разыходзяцца да полюсаў клеткі, вызначаюць вось верацяна дзялення. Пры апладненні (мнагаклетачныя арганізмы) Ц. уносіцца ў зіготу мужчынскай палавой клеткай. У дыплоіднай клетцы знаходзяцца 2 пары Ц., у кожнай пары адна Ц. спелая, мацярынская, другая — няспелая, даччыная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАВА СПІРА́ЛЬ,

крывая, якую апісвае пункт пры руху з пастаяннай скорасцю па прамой, што раўнамерна паварочваецца ў плоскасці вакол аднаго са сваіх пунктаў. Названа ў гонар Архімеда. Калі пункт O лічыць полюсам, а прамую з выбраным на ёй напрамкам за палярную вось, то ўраўненне Архімедавай спіралі ў палярных каардынатах: ρ=αφ, дзе α = V/ω (V — лінейная, ω — вуглавая скорасці). Архімедава спіраль мае 2 галіны: суцэльную (φ > 0) і штрыхавую (φ < 0).

Архімедава спіраль: 1 — φ > 0; 2 — φ < 0.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РМАРА ПРЭЦЭ́СІЯ,

прэцэсія аднолькавых зараджаных часціц (напр., электронаў у атаме) у пастаянным аднародным слабым магн. полі. Апісана Дж.Лармарам у 1895. Пакладзена ў аснову класічнай тэорыі дыямагнетызму, тлумачэння Зеемана з’явы і магн. вярчэння плоскасці палярызацыі.

Абумоўлена ўздзеяннем на часціцы Лорэнца сілы; падобная на прэцэсію восі гіраскопа пад уздзеяннем сілы, якая імкнецца павярнуць вось вярчэння. Л.п. адбываецца вакол напрамку магн. поля з вуглавой скорасцю ωL (лармараўская частата), якая вызначаецца. па формуле ωL = qB/(2m), дзе q — зарад, m — маса і q/m — удзельны зарад часціцы, B — індукцыя магн. поля.

Л.​І.​Камароў.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́ЧЫНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТО́Й ТЭРЭ́ЗЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Шчучын Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1829 пры кляштары піяраў князем К.​Друцкім-Любецкім. Мураваны храм выцягнутай крыжова-купальнай кампазіцыі. Дамінуе высокі купал на светлавым васьмерыковым барабане над сяродкрыжжам. На гал. фасадзе паўкалоны і антаблемент ствараюць матыў дарычнага порціка. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і люкарнай на франтоне. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, аформлены рустам і завешаны антаблементам. У 1987—89 касцёл рэстаўрыраваны.

С.​Г.​Багласаў.

Шчучынскі касцёл святой Тэрэзы.

т. 17, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)