ВАЛАНТЭ́ ((Volonté) Джан Марыя) (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),

італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ДА ((Abbado) Клаўдзіо) (н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.​Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО (Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),

італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.

Літ.:

Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.​Берніні і Ф.​Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.

К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.

т. 9, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТА ((Natta) Джуліо) (26.2.1903, г. імперыя, Італія —2.5.1979),

італьянскі хімік-арганік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1955). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1924), дзе працаваў у 1925—33 (з 1927 праф.) і з 1938. Навук. працы па хіміі палімераў. Адкрыў метад стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (1954), мадыфікаваў каталізатары, прапанаваныя К.В.Цыглерам (каталізатары Цыглера—Н.). Сінтэзаваў стэрэарэгулярныя палімеры і ўстанавіў тыпы стэрэарэгулярнасці. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1970). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з Цыглерам).

Дж.Ната.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л., 1967.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),

італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.​Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.

Л.Гальвані.

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБЕ́РЦІ ((Gioberti) Вінчэнца) (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬДЖЫ ((Golgi) Каміла) (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),

італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).

К.Гольджы.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КСІ ((Craxi) Беціна) (Бенедзета; н. 24.2.1934, г. Мілан, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП; з 1952), яе ЦК (з 1957) і кіраўніцтва (з 1965), ген. (паліт.) сакратар ІСП (з 1976). Прыхільнік ідэй рэфармісцкага сацыялізму. Чл. муніцыпальнага савета Мілана (1960—70). Дэп. парламента (з 1968). Старшыня Савета Міністраў Італіі ў 1983—87. Прыцягваўся па справе аб карупцыі, у 1993 адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар працы «Сацыялізм ад Сант’яга да Прагі» (1976) і інш. гіст. твораў.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)