маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый у мусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной з гал.паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейні яны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, у выніку б.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч.тэр. Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖРЭ́ЦТВА (ад стараслав. жрьти — прынесці ў ахвяру),
грамадская група, якая займалася выкананнем рэліг. культаў у стараж. рэлігіях (ахвярапрынашэнні, малітвы і г.д.). Складала вузка карпаратыўную касту, валодала багаццем і вял. уладай, у т. л. палітычнай. Члены касты (жрацы) павінны былі строга выконваць прадпісаныя ім адпаведныя правілы паводзін і заставацца «валадарамі» сіл прыроды; пры першых жа прыкметах слабасці цара-жраца ўмярцвялі, яго месца займаў маладзейшы. Ж. было цесна звязана з ін-там дзярж. улады і складала яго неад’емнае арганічнае звяно. Напр., брахманы. якія паходжаннем належалі да старажытнейшага саслоўя жрацоў, былі на працягу многіх стагоддзяў адной з самых высокіх кастаў у інд. грамадстве, валодалі зямлёй, вырашалі дзярж. пытанні. У адрозненне ад Стараж. Індыі ў Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Ж. не было замкнёным, вузка карпаратыўным саслоўем і не адыгрывала такой значнай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. У Грэцыі жрацоў і жрыц выбіралі на нар. сходах. Толькі ў Дэльфах, пры храме Апалона, існавала калегія жрацоў. Своеасаблівую арганізаваную супольнасць складалі і жрацы бога Асклепія, асн. абавязкам якіх было лячэнне хворых у асклепіях (свяцілішчах). Паводле Плутарха, пасада вярх. жраца (пантыфіка) у Рыме была ўстаноўлена царом Нумам Пампіліем. Вярхоўнага жраца выбіралі грамадзяне Рыма, ім мог стаць кожны свабодны грамадзянін. Вярх. жрэц узначальваў калегію пантыфікаў (гл.Пантыфікат), куды ўваходзілі вышэйшы жрэц (свяшчэнны цар), які ведаў ахвярапрынашэннямі, і тры старэйшыя фламіны (жрацы Юпітэра, Марса і Квірына). Старэйшых фламінаў таксама выбіралі з прадстаўнікоў знатных патрыцыянскіх родаў. Малодшыя фламіны, якімі маглі стаць і выхадцы з плебсу, у калегію пантыфікаў не ўваходзілі. Вярх. пантыфік узносіў малітвы, кіраваў урачыстымі ахвярапрынашэннямі. Яго памочніцамі былі жрыцы багіні Весты (вясталкі). У Кітаі Ж. (даосы) не адыгрывала вядучай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. Гэтую ролю выконваў культ канфуцыянства. З паяўленнем монатэістычных рэлігій (хрысціянства, ісламу, ламаізму і інш.) Ж. як сац.ін-т знікла і на змену яму прыйшло духавенства. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны абрады ахвярапрынашэння, але Ж. як самастойнага ін-та не існавала. Захавалася ў некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі.
Літ.:
Винничук Л. Люди, нравы и обычаи Древней Греции и Рима Пер с пол. М., 1988;
Фрэзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Исслед. магии и религии: [Пер. с англ.]. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́СТЫКА,
комплекс гуманітарных навук, што вывучаюць гісторыю, мову, літаратуру і культуру араб. краін і народаў. Ва ўсх. краінах арабістыка зарадзілася ў 8 ст., у Зах. Еўропе ў 16 ст. ў перыяд актывізацыі гандл. і дыпламат. адносін з Усходам і пранікнення ў гэтыя рэгіёны місіянераў Ватыкана. У 17—18 ст. цэнтрамі арабістыкі сталі Рым, Парыж, Лейдэн.
Ням. арабіст 18 ст. І.Я.Рэйске выступаў за вывучэнне гісторыі і культуры Усходу не толькі з тэалагічнымі мэтамі, а і як часткі сусв. гісторыі і культуры. Праблемы грамадска-эканам. развіцця араб. краін сталі даследаваць у новы час (франц. вучоныя Ж.Саважэ, Э.Леві-Правансаль, К.Каэн, ням. К.Бекер, англ. Д.Дэнет, Б.Льюіс, Г.А.Р.Гіб, ізраільскія А.Поляк, Д.Айялон і інш.), а сац.-эканам. і паліт. гісторыю — у найноўшы час: К.А.Наліна, Э.Росі (Італія), Г.Кампфмеер (Германія), Ч.Адамс, Дж.Хейварт-Дэн, Ш.Ісаві (ЗША), А.Хаўрані, С.Лонгрыг (Вялікабрытанія), Ж.Берк (Францыя) і інш. У 1930-я г. працы па сярэдневяковай гісторыі арабаў апублікавалі Ф.Хіці (ЗША), К.Брокельман (Германія), араб. гісторыкі Рашыд аль Бараві, Абдарахман ар-Рафі, Мухамед Сабры, Джавад Ілі, Ібрахім Абдо, Р.Хуры, аш-Шафіі, Каміл Айлд і інш. Новыя тэндэнцыі ў арабістыцы адлюстраваны ў 2-м выд. «Энцыклапедыі ісламу» (т. 1—3. Лейдэн; Парыж, 1954—69).
У Расіі арабістыка зарадзілася ў 19 ст. У яе развіцці актыўны ўдзел прымалі і беларусы. Бел. вучоны М.К.Баброўскі пасля падарожжа ў Зах. Еўропу (1817—22) зрабіў даклад пра араб. мовы і л-ры (надрукаваны ў час. «Вестник Европы»). Выпускнік Віленскага ун-та В.І.Сянкоўскі, здзейсніўшы ў 1819—21 навук. падарожжа ў Турцыю, Сірыю, Егіпет, прывёз цікавыя знаходкі, потым 25 гадоў загадваў кафедрай арабістыкі ў Пецярбургскім ун-це. Сав. школу арабістыкі ўзначальваў акад. І.Ю.Крачкоўскі. На Украіне ўсходазнаўствам і арабістыкай займаўся акад. А.Я.Крымскі (па бацьку з роду бел. татараў, што аселі ў Мсціславе, па маці — з дробнай шляхты з-пад Мінска). Бел.праф. У.П.Дзямідчык быў з 1954 арганізатарам арабістыкі ў Душанбінскім ун-це (Таджыкістан), дзе да 1987 узначальваў кафедру араб. філалогіі. На Беларусі пытанні вывучэння арабскіх краін распрацоўвае У.С.Кошалеў. Праблемы арабістыкі даследуюць у ін-тах Расійскай АН, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, Ін-це Афрыкі і інш.навук. і н.-д. установах Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, у т. л. ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда, Кембрыджа, Прагі, Рыма, Каіра, Багдада і інш.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;
Каверин В.А. О.И.Сенковский (Барон Брамбеус): Жизнь и деятельность // Собр. соч.М., 1966. Т. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),
выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл.Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв.фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.
Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г.бел. мастак Н.Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.Васняцова, Р.Гутуза, А.Дайнекі, Г.Клімта, Ф.Лежэ, І.Рабіновіча, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Б.Тальберга, М.Урубеля, Х.Эрні, архітэктара А.Гаўдзі і інш.
На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.Стальмашонак, В.Даўгала), «Інстытут культуры» (В.Чайка, С.Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.Самсонаў) і інш.
А.М.Пікулік.
Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.Да арт.Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.Да арт.Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),
Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах.ч. Індыйскага ак.Пл. 298 км². Нас. 290,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г.Мале.
Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.
Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб.выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28 °C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км². Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс.ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.
Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст. — англ. улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт.ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.А.Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.
М. — чл.ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн.дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс.т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс.га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн.шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн.дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.
А.А.Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГЕСТА́Н, Рэспубліка Дагестан,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх.ч.Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м.Пл. 50,9 тыс.км². Нас. 2067 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г.Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-растудз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.
Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст.н.э.Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст.паўн.ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл.Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л.Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. СаветДаг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн.прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.
Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц.нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.Асманаў, З.Гаджыеў, Н.Батырмурзаеў, З.Батырмурзаеў, А.Гафураў, Э.Капіеў, Р.Нураў, А.Аткай, А.Магамедаў, А.Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.Салаватаў (гераічная драма), М.Бахшыеў (раман), С.Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.Хапалаева, Гафурава, Б.Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасных сац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.Рашыдаў, М.Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, Э.Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.Колас, Я.Купала, А.Астрэйка, А.Бачыла, У.Караткевіч, Р.Няхай, А.Лойка і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц.арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц.арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.
Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш.Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.А.Абдулаеў, А.Абдурахманаў, Р.Аліханаў, П.Амірханава, Г.Магамедаў, Х.Мамаева, З.Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.Джэмал, Ю.Малаеў, М.Юнусілаў, скульпт. Х.Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.Аўгустовіч, В.Гаркоў, Х.М.Курбанаў, манументалісты Г.Камбулатаў, Ш.Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.Мурзабекаў, С.Салаватаў, А.Шарыпаў, скульпт. Г.Гейбатаў, А.Ягудаеў і інш.
Літ.:
Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;
Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.
Г.С.Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.У.Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Дагестан. Фрагмент вясельнага жаночага ўбрання. 1-я пал. 19 ст.Да арт.Дагестан. Хунзахскае плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.