ПАЛЕАЛО́ГІ (грэч. Palaiologoi),
апошняя дынастыя імператараў Візантыі ў 1261—1453. Род вядомы з 11 ст. Заснавальнік дынастыі — Міхаіл VIII [1261—82], б. імператар [1258—61] Нікейскай імперыі, які ў 1261 аднавіў заваяваную ў 1204 крыжакамі Візантыю. Інш. прадстаўнікі: Андронік II [1282—1328]; Андронік III [1328—41], Іаан V [1341—91], суправіцелямі якога былі ўзурпатары Іаан VI Кантакузін [1341—54], Андронік IV [1376—79] і Іаан VII [1390]; Мануіл II [1391—1425]; Іаан VIII [1425—18]; Канстанцін XI [1449—53]. Праўленне П. — перыяд паліт. і гасп. заняпаду імперыі, захопу (з пач. 14 ст.) яе тэр. туркамі-асманамі, якія ў маі 1453 узялі Канстанцінопаль, забілі Канстанціна XI і спынілі існаванне Візантыі. Пляменніца Канстанціна XI Зоя (Соф’я) — жонка маскоўскага вял. кн. Івана III, маці Васіля III.
т. 11, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ. Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАУ́РЫ,
грузінскія дваране. Вядомыя з 5 ст. Былі патомныя і служылыя, падзяляліся на царскіх, княжацкіх і царкоўных. Валодалі зямлёй, неслі абавязковую вайсковую павіннасць. З далучэннем Грузіі да Рас. імперыі (пач. 19 ст.) атрымалі правы рас. дваран.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАША́ (тур.),
тытул вышэйшых грамадз. і ваен. саноўнікаў у Асманскай імперыі. Пасля рэформ танзімату (сярэдзіна 19 ст.) — ганаровы тытул генералаў і міністраў. Скасаваны ў 1934. Захоўваўся некаторы час у Егіпце (да 1952) і Іраку (да 1958).
т. 12, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́Т-ДАЦЭ́Т (ням. Privatdozent ад лац. privatim прыватным чынам + docens які навучае),
вучонае званне і пасада пазаштатнага выкладчыка ва ун-тах і некат. інш. ВНУ у Рас. імперыі і ў шэрагу краін Зах. Еўропы. Адпавядае званню дацэнт.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія навуч. ўстановы паўвайсковага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 ст. для дзяцей дваран, пераважна афіцэраў. Утвораны ў 1863—65 на базе кадэцкіх карпусоў. У некаторыя ваенныя гімназіі прымалі юнакоў і недваранскага паходжання. Тэрмін навучання 6, з 1873 — 7 гадоў. Мелі агульнаадук. праграму, але захоўвалі традыц. для кадэцкіх карпусоў паўвайсковы ўклад і вайсковую форму. Выкладаліся Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, чыстапісанне і маляванне. У параўнанні з кадэцкімі карпусамі ў ваенных гімназіях была павялічана колькасць цывільных выкладчыкаў. У Рас. імперыі дзейнічала 18 такіх гімназій, у т. л. Полацкая. У 1882 ваенныя гімназіі зноў рэарганізаваны ў кадэцкія карпусы (існавалі да 1918).
А.Ф.Самусік.
т. 3, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Польшчы, Рас імперыі і БССР у 19—20 ст. Цэнтр — г. Аўгустаў. Утвораны ў 1807 з Дамброўскага і Бебжанскага пав. у складзе Варшаўскага герцагства. Пл. 1779 кв. вёрст, нас. 81,7 тыс. чал. (1897), з якіх 42,3% палякаў, 32,5% беларусаў, 5,3% рускіх. Падзяляўся на 12 валасцей, меў 1 горад і 3 пасады. У 1815 павет далучаны да Рас. імперыі. У 1837—66 у складзе Аўгустоўскай, з 1866 — Сувалкаўскай губ. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, затым у складзе Беластоцкага ваяв. Польшчы. З 1939 у складзе БССР, у Беластоцкай вобласці. У студз. 1940 павет скасаваны і ўтвораны раёны; у 1945 яго тэр. перададзена Польшчы.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт. арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв. т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр. газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н VI Кантакузін
(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),
імператар Візант імперыі [1341—54]. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЧУ́К-КАЙНАРДЖЫ́ЙСКІ МІР 1774.
Заключаны паміж Расіяй і Турцыяй 21.7.1774 у в. Кючук-Кайнарджа (каля г. Сілістра, Балгарыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1768—74. Ануляваў Бялградскі мірны дагавор 1739. Устанавіў граніцу Расіі на Паўн.-Зах. Каўказе па р. Кубань, прызнаў незалежнасць Крымскага ханства ад Асманскай імперыі, права рас. гандл. караблёў бесперашкодна плаваць па Чорным м. і праходзіць праз пралівы Басфор і Дарданелы, далучэнне да Рас. імперыі чарнаморскага ўзбярэжжа з крэпасцямі Керч, Енікале (побач з Керчу), Кінбурн, захаванне ў складзе Расіі Вял. і Малой Кабарды, аўтаномію княстваў Малдовы і Валахіі і пераход іх пад апеку Расіі. Паводле сакрэтнага дадатку да дагавора Турцыя абавязалася выплаціць Расіі 4,5 млн. руб. кантрыбуцыі.
т. 9, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)