ВАДАРО́Д,

гідраген (лац. Hydrogenium), H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў1H (протый, 99,98% па масе) і ​2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя ​3H ці Т (трытый) і вельмі няўстойлівы ​4H. У паветры колькасць вадароду 3,5·10​-6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл. Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.

Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Вада), галагенамі (гл. Галагенавадароды), азотам (гл. Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл. Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H​+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл. Вадзяны газ).

Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.

І.В.Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́Я,

геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло), раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.

Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.

Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.А.Любімава.

На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (П.П.Атрошчанка, Л.А.Цыбуля і інш.).

Літ.:

Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;

Geothermal Atlas of Europe. Gotha, 1991/92.

У.І.Зуй.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКАЛО́ГІЯ

(ад грэч. onkos пухліна + ..логія),

галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.А.Навінскі, М.М.Руднеў, ням. Р.Вірхаў, П.Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.М.Пятроў, П.А.Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.Ямагіва і К.Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.А.Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.

На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.М.Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.С.Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.А.Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.З.Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.Р.Жакаў, Г.У.Мураўская), хіміятэрапіі (Э.А.Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.А.Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.А.Машэўскі), анкагінекалогіі (К.Я.Вішнеўская), анкауралогіі (А.С.Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.М.Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.В.Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.М.Мураўёў, Л.Б.Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.В.Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).

Літ.:

Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;

Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;

Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.

Ц.А.Панцюшэнка.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)