военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЖАМ’Я́РАЎ (Куддус Хаджам’яравіч) (н. 21.5.1918, с. Кайназар Энбекшыказахскага р-на Алма-Ацінскай вобл., Казахстан),
казахскі кампазітар, педагог; заснавальнік уйгурскай прафес. музыкі. Нар.арт. Казахстана (1973). Нар.арт.СССР (1987). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951, клас Я.Брусілоўскага), з 1953 выкладае ў ёй (у 1957—67 рэктар, з 1965 праф.). Сярод твораў: оперы «Назугум» (паст. 1956), «Залатыя горы» (з Н.Тлендыевым, 1960), «Садырасілак» (1975), балет «Чын Тамур» (1969); араторыя «Квітней, Сямірэчча» (1970); кантата «Радзіма» (1986); вак.-сімф. паэмы (1982, 1984); 5 сімфоній (1971—87), 8 сімф. паэм (1950—88); 4 канцэрты для інструментаў (1973—86) і голасу (1988) з арк.; камерна-інстр. ансамблі, хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Казахстана 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Эмануэль дзю Плесі
(du Plessis; на рас. службе Эмануіл Восіпавіч; 14.9.1766, Парыж — 17.5.1822),
французскі і рас.дзярж. дзеяч, герцаг. У пач. Франц, рэвалюцыі эмігрыраваў (1789) у Расію. У 1790 удзельнічаў у Крымскай кампаніі на чале з А.В.Суворавым, атрымаў чын ген.-лейтэнанта. У 1793—94 у складзе кааліцыйных войск ваяваў супраць рэв. Францыі. З 1803 граданачальнік Адэсы, у 1805—14 ген.-губернатар Новарасійскага краю. Садзейнічаў гасп. асваенню і засяленню Паўн. Прычарнамор’я. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў з 1814 у Францыі; першы міністр ва ўрадзе Людовіка XVIII (1815—18, 1820—21). Пры падтрымцы рас. імператара Аляксандра І дамогся некат. змякчэння на карысць Францыі Парыжскага мірнага дагавора, скарачэння памераў кантрыбуцыі і колькасці (у 1817) акупацыйных войск у Францыі. На Ахенскім кангрэсе «Свяшчэннага саюза» (1818) дамогся поўнага спынення акупацыі Францыі. У г. Адэса яму пастаўлены помнік (1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Польскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВА́Т ЮЛА́ЕЎ (16.6.1752, в. Цякеева, цяпер Салавацкага р-на, Башкортастан —8.10.1800),
башкірскі нац. герой, паплечнік Е.І.Пугачова ў час сялянскай вайны 1773—75, паэт-імправізатар. У кастр. 1773 мабілізаваны на барацьбу з Пугачовым, але каля г. Арэнбург перайшоў на яго бок на чале атрада башкіраў (2 тыс.чал.). Сабраў атрад у 10 тыс.чал., змагаўся пад Арэнбургам, Кунгурам, у 1774 заняў Краснаўфімск. Пугачоў надаў яму чын брыгадзіра. 5.12.1774 С.Ю. узяты ў палон, пасля пакарання бізунамі і клеймавання ў кастр. 1775 адпраўлены на вечную катаргу ў крэпасць Рогервік на Балтыйскім м. (цяпер г. Пальдыскі, Эстонія), дзе памёр. Вершы С.Ю. (ствараліся і перадаваліся ў вуснай форме) заклікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі, апявалі прыгажосць роднага краю, каханне. У гонар С.Ю. названы г. Салават у Башкортастане, яго вобраз адлюстраваны ў творах л-ры і мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКЕ́ВІЧ (Ян Праспер) (Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),
падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.І.Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая I на чале рас.дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт.Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.